Мужныя мятлушкі

Дождж.
І ў дажджы гэтым пух таполяў,
Ветрам узняты з зямлі і з дрэў, —
Ўгору ўзлятае з чорнага долу
Пад безупынны грымотаў напеў.

Сэрцу здаецца: праз хмарныя патлы,
Праз бліскавіцы, што б’юць у крыло,
Не хлапякі, а белыя мятлушкі,
Мужныя мятлушкі цягнуць на ўзлёт.

Мужны народ у прыцемку чорным,
Белы народ, што не хоча змаўчаць,
Смела ірвецца ўгору і ўгору,
Проста насустрач пагрозным мячам.

Упершыню — У кн.: Мая Іліяда.
Аўтограф — у аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ, Ф. 11, воп. 1, адз. зах. 7, с.22, з паметай: 7 чэрвеня 66 г. 10 веч. Дождж. Таполевы пух.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 218, 219.