Нашы бярозы

Танкі з крыжам ляцелі на лес празрысты.
Дым мяшаўся з зямлёю. Сцяліўся пажар.
Палала бярозка, танюткая, чыстая,
Без стогну,
Як Жанна д’Арк.
У дрэўцы, кволенькім, як мімоза,
Цякла зямлі маёй мужная кроў…
Я знаю, як гінуць нашы бярозы:
Без плачу.
Шапкі далоў!

Упершыню — У кн.: Мая Іліяда.
Аўтограф — у аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ, Ф. 11, воп. 1, адз. зах. 7, с.75 [1965 г.?].
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 231.