Па-над шчыраю Шчарай

Міколу Грынчыку

Па-над шчыраю Шчарай, над шчодраю Шчарай,
Па-над плынню чырвонай і рыжай травой
Плачуць чорныя цені на фоне пажару,
Моляць кані аб кроплі вады дыжджавой.
Майскі дзень, засынаючы, сніць аб світанні,
І ў цішы, чорным ценем на стужцы зары,
Моляць белыя, белыя, белыя кані,
Плачам думаюць з небам сябе памірыць.
І плыўкі нашы ў зарыва адплываюць,
І ў імгле, той, што скончыцца ўсё-такі днём,
Верыць можна ў зару і святло, што чакаюць
Нават там, за апошнім дубовым крыжом.
Можна верыць. А жыць? Як там жыці, о дружа,
Калі ведаць і там, што бяжыць збажына,
Што барвее на поплаве дзікая ружа,
Шчара плешча — без нас, кані плачуць — без нас?
Не! О не! Збыць анёльства і стаць чалавекам,
Доўга, цяжка пакутваць пакутай жывых, —
Толькі б майскай часінай давеку, давеку
Над вячэрняю Шчарай цвілі паплавы.
Сыты быў бы, здаецца, паветрам духмяным,
А п’яны — ад празрыстай расінкі адной,
І любіў бы, і вымаліў людзям і каням
Дараванне, світанне, любоў і спакой.

Упершыню — У кн.: Мая Іліяда.
Аўтограф — у аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ, Ф. 11, воп. 1, адз. зах. 8, с.51, з паметай: 24.V.67 г., Мінск.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 232, 233.

Яндекс.Метрика