Падымаюць жоўтыя галовы
Уладзіміру Лучуку
Падымаюць жоўтыя галовы
Над вадой гарлачыкі ў Падкове —
Старарэчышчы маёй ракі.
Вечар спаць рыхтуецца у дрэвах.
Тысячамі ходзяць на сугрэве
Маціцова-сінія малькі.
Кветкі, памаліцеся, з прадонняў
Працягнуўшы жоўтыя далоні.
Бачыце, над плынямі Дняпра,
Поўнае пяшчотнай дабрынёю,
Сонца павісае над вадою:
Ўсіх гарлачыкаў старэйшы брат.
І, як той гарлачык над вірамі,
Човен мой дрыжыць у цэнтры храма,
І бягуць палосы на лазе:
Светлыя адбіткі на зялёным
Ў час, калі аддзячаць мне праклёнам,
Не ўпаду, згадаўшы гэты дзень.
Упершыню — У кн.: Мая Іліяда.
Аўтограф — у аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ, Ф. 11, воп. 1, адз. зах. 7, с.35, з паметай: 10 жніўня 64, Падкова — Чырвоная Гара.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 219, 220.