Песня Мехмета

Ўсё набегі, войны, пажары.
Ўсё наперад — ханскі загад.
Не было такога абшару,
Дзе не стала б наша нага.
Хан сказаў! Іначай — магіла.
І вялі мы няшчасны палон,
І чужыя аулы палілі
На вуголле, на попел, на тло.
Мы забылі сябе і бога,
Разлілі акіяны зла.
Не хацеў я крыўдзіць нікога,
Ды заложніцай — ты была.
І было мне адзінаю ўцехай
На няшчаснай чужой старане
Чуць твой голас — далёкае рэха,
Ведаць — ты чакаеш мяне.
Верыў, ведаў хвілінай кожнай,
Што калісь прыскачу ў Кок-Цюбе,
І, як меч спачывае ў ножнах,
Так і я адпачну ў табе.
Мёртва ў саклі… Хочаш — паслухай?
Толькі стогн мой ды храп каня.
Ханскі сын, шчанюк жаўтавухі,
Праязджаў… Убачыў… Адняў…
Як я мог не адчуць: ты скутая?
Не пачуць здалёк: ты ў бядзе?
І нашто былі нашы пакуты
І пакуты вакольных людзей?
Справядлівасць і вера стаптаныя!
Хай ў крыві пад васкрылляў звон —
Не на простых — на голаў хана
Цяжка рухне народаў праклён!

Голых, бедных, палонных, без хлеба…
Вось крычыць вязь на ножнах крывых:
«Не вымай без вялікай патрэбы,
Не хавай без вялікай крыві!»

І, жыццё за сабой адсякаючы,
З сілай кідаю ножны ў дрок,
І ў руках, як змяя крывая,
Ртуццю ззяе стары мой клінок.
Сцеражыся, палац бязбожны.
Я іду. І праўда — мой шчыт.
Што мне гэты клінок без ножнаў?
Не схаваеш — то трэба сячы!

Упершыню — У кн.: Мая Іліяда.
Аўтограф — у аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ, Ф. 11, воп. 1, адз. зах. 8, с.32 — 33, з паметай: задумаў у сакавіку — 28 студзеня 68 г., Бахчысарай — Мінск.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 206, 207.

Яндекс.Метрика