Прыпадзі да мяне, прыпадзі
Прыпадзі да мяне, прыпадзі,
Як да глебы сухой вада,
Быццам яшчарка да сцяны,
Быццам ластаўка да гнязда,
Быццам горны алень Яйлы
Да яе вясенніх лугоў,
Быццам цяжкае грона шаслы
Да разнога ліста свайго.
І цябе я так абаўю,
Каб не ведала іншых зліў,
Іншых гнёздаў, кветак і дрэў,
Іншых лозаў і іншай зямлі.
Упершыню — У кн.: Мая Іліяда.
Аўтограф — у лісце да Ю. К. Гальперына ад 03.01.1959; аўтограф — у аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ, Ф. 11, воп. 1, адз. зах. 7, с.15, з паметай: сак. — 5 кастрычніка, Ялта — Мінск [1968 г.?].
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 201.