Раманс аб расстраляным каханні

Ах, якое грознае гора!
Ах, якая журба ў світанні:
На вачах у нябёсаў чорныx
На расстрэл адводзяць каханне.

І міндаль палыхае, як лава,
І персікаў белыя крылы,
Як каханню бялюткі саван,
Як вянок на яго магілу.
А яно адыходзіць, праклятае,
А яно нават жыць не хоча…
Сябры, затрымайце катаў,
Сяброўкі, закрыйце ім вочы.

Прыйдзе, можа, часіна злая,
Калі згасне крывавы месяц,
І, магчыма, мяне расстраляюць,
І, магчыма, мяне павесяць.

Але я й на пласе прыпомню:
Ў небе ранішнім — водсвет лёду,
Ў тумане — кіпарысы цёмныя.
А цябе… адводзяць… адводзяць…

Пад апошнімі цьмянымі зорамі
Труп кахання, як труп каханай…
Ах, якое бязмежнае гора!
Якая крывавая рана!

Упершыню — У кн.: Мая Іліяда.
Аўтограф — у аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ, Ф. 11, воп. 1, адз. зах. 8, с.38, з паметай: 29 сакавіка 67 г., Ялта.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 210, 211.