Сэрца гары

Між скалаў вугальна-чорныx
Ля вогнішча мару адзін,
І мыс, што спусціўся ў мора, —
Вастраносы, пачварны дэльфін.
Мора цьмянае, мора шырокае,
Ціха хлюпае хлопчык-прыбой,
І зорка, як вышняе вока,
Сочыць з вышынь за мной.
І ў душы маёй сум і радасць.
Я — у ракавіне скалы,
Быццам маг на вялізнай эстрадзе
Перад тварам ночы і мглы.
І, як гэта належыць магу,
Чарадзействую я ля агню,
Спяваю гімн Карадагу
І яго неспакойнаму сну.
Ты змагаўся з небам без жаху.
Сек нябесны цябе ятаган,
І расколіна Гяур-Баха,
Быццам шнар на табе, тытан.
Спіш? Не веру. Пагрозным валам
Ты ўзмятнуўся над злым і гнілым.
Часам гул: шматтонныя скалы…
Толькі кроплі… А што, як валы?..
Мы падобныя. Радасна, мусіць,
Лаву-кроў да кроплі праліць
Дзеля роднай маёй Беларусі,
Дзеля ўсіх народаў зямлі.
Душыць змрок, і густа і глуха,
І ў чаканні далёкай зары
Я, прыпаўшы да каменя вухам,
Чуйна слухаю сэрца гары.

Упершыню — У кн.: Мая Іліяда.
Аўтограф — у аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ, Ф. 11, воп. 1, адз. зах. 8, с.43, з прысвяч. Васілю Зуёнку і паметай: 27 — 29 красавіка 67 г.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 214.

Яндекс.Метрика