Слова беларускай бярозы

Міхасю Рудкоўскаму

Столькі год я гляджу на палеткі і весі
Ў іх сцюдзёнай і чыстай асенняй расе,
Закалела, ўзмакрэла на золкім узлессі,
Як старая жанчына, што пасвіць гусей.

Валасы мае чэша вятрыска і трусіць,
А ў халодных травах туды і сюды
Валуны на пашы, як белыя гусі,
Што гані не гані, а не йдуць да вады.

Ад вясёлай Друці да нетраў Падляшша,
Ад палескіх імхоў да асвейскіх крыніц –
Валуновая паша, гранітная паша,
Камяні, камяні, камяні, камяні.

І хоць мох на каменнях сівее ад гора,
А ў галіны мае б’юць шалёна грамы, –
Ўсё ж нам добра глядзець на лугі і разоры,
На зямлю, для якой паслужылі і мы.

Бо тады, калі праўду хацелі павесіць,
А над хатамі курчыўся змей агнявы,
Мы хавалі людзей на падбегах да лесу –
Я і гусі мае сярод стылай травы.

Людзі краю майго, мы зрадніліся з вамі,
Куля ў кожнага з вас наша сэрца праб’е,
Бо з адзіным вы сэрцам, адвечным, як камень,
І пяшчотным, як добрыя косы мае.

Упершыню — «Беларусь», 1966, № 2.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 152.