Спіш? Я прыйду, пагушкаю

Спіш? Я прыйду, пагушкаю.
Вечар нейкі дзікі і злы,
Як лёс, няўмольныя птушкі
Чорна сыплюцца з нізкай імглы.

З гор яна напаўзае —
Птушкі крыкам крычаць: “Р-ратуй!”
І палёт іх, як сець, як вязанне
Між лаўраў, магнолій і туй.
Гэты крык і святла кананне
Навісаюць пагрозным мячом
Па-над нашым вялікім звітаннем:
Над каханнем тваім, дзяўчо.

Што шукаеш у гэтым спакоі?
Што табе твой адвечны лёд?
Дай стрымаць мне ўладнай рукою
Твой няўмольны, дурны адыход.

Калі спіш — я прыйду, пагушкаю.
Калі не — абаўю, як хмель.
Слухай мудрых, мая папялушка.
Слухай добрых, мой дзікі бружмель.

Упершыню — У кн.: Мая Іліяда.
Аўтограф — у аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ, Ф. 11, воп. 1, адз. зах. 8, с.22, з паметай: 22 красавіка 67 г., Ялта.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 199.

Яндекс.Метрика