Спуск з гор

Набягае на колы заснежаны шлях,
Ля дарогі дубняк адубеў,
Але рукі твае у маіх руках,
Але ў сэрцы — гарачыя — радасць і жах,
Што знайшоў, што страчу цябе.
Кожны звіў дарогі ў абдымкі мне
Так уладна, з пяшчотай такой
Пасылае цябе. І, здаецца, канец,
І здаецца, памрэш ад шчасця, бы ў сне,
Калі неба кранеш рукой.
Побач ты. І не дзіва, што чэзне туман,
Што народжаная ўначы,
З павароткаю кожнай адходзіць зіма,
Пасля студзеня ўладна прыходзіць май,
Гучна звонячы ў сонечны шчыт.
Вырываецца сэрца з вузкіх цяснін,
І раптоўны абшар, нібы ўдар.
О, якое мора гарачыні
Сінім сном аж да самага неба сніць
У нірване любоўных мар!
Што такое? Хто гімны сонцу пяе,
Хто хістае ружовую даль?
Мо салодкі вецер у сэрца б’е,
Можа, лебедзі ўскінулі крылы свае
Або проста цвіце міндаль?
Або проста цвіце кізіл залаты, —
Дыхні і бяссмерце прыдбай!
О, якое шчасце, што побач ты!
Што каханне!.. Мора!.. Водар густы!..
Май!..
Май!..
Май!..

Упершыню — У кн.: Мая Іліяда.
Аўтограф — у 3-й папцы асаб. арх. пісьм. (аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ), з паметай: сакавік 67 — 15 крас. 68, Перавал — Брэст.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 194, 195.