Штыль

Якая прыгажосць! — Самкнёны веі.
Якая цішыня! — Вады не чуць…
І ветразі абвіслыя на рэях,
Нібыта ў сне, не дрогнуць, не дыхнуць.
Паміж нябеснай і марскою смагай
Над караблём, што да змярцвення звык,
Арол на мёртвых рэбрах Аю-дага,
Як джала, сонцу высунуў язык.
Праплысці б рэкамі радзімы ранняй,
Пачуць хаця б на міг прызыўны звон:
Радзімы кліч, кліч буры, кліч кахання,
Якім чужыя штыль, спакой і скон.

Упершыню — У кн.: Мая Іліяда.
Аўтограф — у аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ, Ф. 11, воп. 1, адз. зах. 8, с.42, з прысвяч. А. А. Назарэўскаму і паметай: 13 чэрвеня 67 г., Ялта — Мінск.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 213.

Яндекс.Метрика