Сумесь Бураціна з Аэлітай

Сумесь Бураціна з Аэлітай,
Зорка незгасальная ў акне,
Сумная, прыгожая, забытая,
Ўвечар ты прыходзіш да мяне.
Смешная і нібыта заспаная,
Пад пяшчотаю маёй маўчыш,
А пасля аддана і рахмана
Засынаеш на маім плячы.
І малю я сонца, неба, корсту:
Хай яны палаюць над табой,
Над тваёй былою крыўдай жорсткай,
Вечныя — пяшчота і любоў.
Хай не будуць да цябе суровыя,
На ласкавы пакладуць пясок,
Горы вечныя ўзнясуць ў галовах,
Ўспеняць мора добрае ля ног.
Нагадуюць цёплай ласкі хлебам,
Сцішаць успамінаў злых прыбой.

І тады я стану вечным небам,
Сінім вечным небам над табой.

Упершыню — У кн.: Мая Іліяда.
Аўтограф — у аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ, Ф. 11, воп. 1, адз. зах. 8, с.21, з паметай: 19 сак. 67 г., Ялта, Сонечныя горы.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 200.

Яндекс.Метрика