Таўры

В. Б. В-ч

Таўры жылі, як і ўсе народы:
Ваявалі,
Кахалі,
Гарэлку пілі.
Мудравалі,
Зліваліся з маці-прыродай…
Насваволілі,
Навершавалі,
Пайшлі.
Але так,
Без слядоў,
Нішто не знікае.
І дасюль,
Па абшарах сваёй стараны,
Між людзей,
Непазнаныя, таўры блукаюць
І не ведаюць самі,
А хто яны?
На муры, што нязнанымі продкамі ўзведзены,
Пазіраюць, як козы на новы плот:
«Ані д’ябла пра вас мы, браточкі, не ведаем.
Што вас несла ў горы?
Унізе ж — цяпло!»
Дрэмле Кошка-гара,
Дрэмлюць таўраў руіны.
Я стаю і ўяўляю,
Што я не ізгой,
Не паэт з беларускіх узгоркаў сініх,
А апошні таўр
Народа свайго.
О, якая ганебнасць у гэтых згадках!
О, які атрутны бяспамяцтва дым!..
Крый нас божа, калі і на нас
Нашчадкі
Паглядзяць,
Як мы
На таўраў
Глядзім.

Упершыню — У кн.: Мая Іліяда.
Аўтограф — у аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ, Ф. 11, воп. 1, адз. зах. 8, с.31, з прысвяч. В. Б. В. [1967 — 1968 гг.?].
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 205.

Яндекс.Метрика