Таўрыдзе

Тут мяне, бы ўвесь сусвет, кахалі,
А пасля ў руін нябыт звялі…
Што ж забыў я ў гэтых голых скалах?
Што рабіць мне на тваёй зямлі?
Але ўсё ж за шнары новых ранаў,
За прыбой марскі ў начной журбе,
За пяшчоту, здраду і адданасць
Я, Таўрыда, дзякую табе.
Апускаю зноў сваё забрала…
Вечнай будзь… Мінай цябе канец
За любоў,
што ты ў мяне забрала,
За любоў,
што ты вярнула мне.

Упершыню — У кн.: Мая Іліяда.
Аўтограф — у аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ, Ф. 11, воп. 1, адз. зах. 7, с.3, з паметай: май — 26.VІІ.67, Кабыльнік.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 217.

Яндекс.Метрика