Трасцянец
Суайчыннік, стань!
Тут знішчалі людзей.
Суайчыннік!
Запомні навек:
Тры гады па сто трыццаць сем у дзень,
І ў гадзіну – па шэсць чалавек.
Гэта значыць, што кожныя дзесяць хвілін
Тут навекі чарнеў небакрай.
Попел сэрцаў нашых ракоча ў зямлі:
Памятай…
Памятай…
Памятай!!
Нам свяціў далёкага шчасця маяк,
Мы любілі свой край залаты…
З нас кожны быў, як маці твая…
Як каханая жонка… Як ты…
Час адной папяросы – і попел густы
Асядаў на бяроз галлё…
І таму не верце спакою, браты,
Пакуль лётае ноч над зямлёй.
Мы – прах. Толькі сэрцы грымяць, як мячы.
Каб цемра не ўпала на край,
Мы гарэлі паходнямі ў лютай начы…
Па-мя-тай!
Па-мя-тай!
Па-мя-тай!!!
Упершыню — «Ніва», 1966, 13 сакавіка; Дзень паэзіі. Мн.: Маст. літ., 1966.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 139.