Туман

Сёння ноччу туман зоры ясныя вымеў,
І прачнулася раніца ў флёрах сівых:
Нават мёртвыя жэрдкі здаюцца жывымі
З-за жамчужных зіхоткіх гірляндаў на іх.
Але ўсё ж праз туманна-дрыжачыя слёзы,
Бы з карцінкі зводнай у тонкіх руках,
Бачны жоўтыя павесмы ніцай бярозы
І чароды на сумных асенніх лугах.
А ў далёкім горадзе зараз таксама
Навісае туман ад спрэчак дурных,
Ад машынных выхлапаў, ад зітханняў,
Ад мільёнаў учынкаў і словаў людскіх.
І праз хмары не можа прабіцца ранне,
І не можа сэрца глядзець на свет…
Як у гэтум сляпым халодным тумане
Адшукаць мне каханай зманлівы след?

Упершыню — У кн.: Мая Іліяда.
Аўтограф — у аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ, Ф. 11, воп. 1, адз. зах. 7, с.68 [1961 г.?].
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 189.

Яндекс.Метрика