Ўкруг месяца туманнае гало

Ўкруг месяца туманнае гало.
Мароз ступае адубелым садам.
Самотным дрэвам сняцца май і радасць,
А мне — маё забытае святло.
Ты чуеш? Ноччу кожнаю яшчэ,
Самотай зрынута нечалавечай,
Цалую я твой горды лоб і плечы
І светаў сотні ў бездані вачэй.
Цалую рукі — люльку добрых сноў
І да грудзей-сумётаў прыпадаю,
І гіну ў полымі. І паміраю,
Бо згаснула ў снягах даўно яно.
Што мне да тысячы начных свяціл?
Ў дарэмным маранні аб згаслым сонцы
Начным ваўком гляджу ў тваё ваконца, –
Яно — за трыста міль.
Яно — ў былым жыцці.

Упершыню — У кн.: Мая Іліяда.
Аўтограф — у аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ, Ф. 11, воп. 1, адз. зах. 8, с. 5, з паметай: 5 лютага 1966 г., Рагачоў.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 167.