Зноў над ракою чаплі сівыя
Зноў над ракою чаплі сівыя
Ў плаўны палёт, як калісь, паплылі…
Шчасце маё і раны былыя
Гускай і лотаццю параслі.
Рэкі вярнуліся да вытокаў.
Тая, што сонцам была ў жыцці,
Недзе далёка, далёка, далёка,
Так далёка, што лень ісці.
Ды і нашто? У задушнай кватэры
Кволыя думкі ў сшытак пісаць?
Ў бога хлусні і нажывы верыць?
Трохсотгадовыя транты збіраць?
Нават на самую лепшую ў свеце,
Нават на цёплыя вусны яе
Я не змяняю вільготны вецер,
Што ў сітнягах над Дняпром пяе.
Сумны свой век няхай дажывае
З іншым, з другім, пакінуўшы мне
Рукі сяброў, жураўліныя зграі,
Стрэльбу і рэк асенніх свінец.
Упершыню — У кн.: Мая Іліяда.
Аўтограф — у аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ, Ф. 11, воп. 1, адз. зах. 7, с.64 [1962 г.?].
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 176, 177.