Беларускі Вальтэр Скот — Аркадзь Русецкі
Павага да мінулага — вось рыса, якая
адрознівае адукаванасць ад дзікасці.
А. Пушкін
У адным са сваіх інтэрв’ю, адказваючы на пытанне, якія гістарычныя асобы і перыяды сусветнай гісторыі яго найбольш цікавяць, У. Караткевіч зазначыў: «Ключавыя эпохі (а Беларусі ў гэтым сэнсе пашанцавала, яна ўся з гэтых эпох), калі вырашаецца лёс Краю, лёс Чалавека з вялікай літары. І людзі такія цікавяць. Якія адстойваюць у сабе Чалавека нягледзячы ні на якія абставіны і хлусню (асабліва)».
У гэтых словах, на наш погляд, можна знайсці ключ да разумення як асобных твораў У. Караткевіча (рамана «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», аповесцей «Сівая легенда», «Цыганскі кароль», «Ладдзя Роспачы», легенды «Маці ветру», рамана «Каласы пад сярпом тваім»), так і яго гістарычнага мыслення. Вызначыўшы для сваёй гістарычнай прозы зыходны рубеж шаснаццатым — дзевятнаццатым стагоддзямі, спалучыўшы рэальна— фактычнае з інтуітыўна-творчым, У. Караткевіч даў чытачам магчымасць зазірнуць у «сівую мінуўшчыну», правёў іх па гераічных і трагічных старонках беларускай гісторыі, паказаў, што родны народ не страціў нацыянальнага аблічча, не згубіў сваёй багатай душы. Як аднойчы зазначыў Н. Гілевіч, ён наш першы пераважна і галоўным чынам гістарычны пісьменнік, які шчасліва спалучыў у сабе мастака і вучонага-гісторыка. У творах У. Караткевіча гісторыя кажа сама за сябе, гістарычныя персанажы, падзеі, дзеючыя асобы не засланяюцца аўтарскімі разважаннямі, яны думаюць і дзейнічаюць у суадносінах з часавымі і прасторавымі параметрамі, без прыхарошвання думкамі і імкненнямі сённяшняга часу.
Чытаем У. Караткевіча: «Выхоўваць любоў да нацыянальнай культуры можна адным толькі спосабам: выхаваннем у чалавеку гордасці за свой народ і яго дзеянні ў гісторыі. І — у сучасным — працай, часам непасільнай, па асвеце моладзі, па абуджэнні ў ёй глыбокіх ведаў аб сваіх людзях і сваім краі. Калі ўсе будуць працаваць над гэтым на грані сваіх магчымасцей — грамадства здолее ўсё» (VІІІ, кн. 2, 436).
Менавіта гэтай вось мэце — пазнанню «свайго народа» і «свайго краю» — прысвяціў сваё жыццё і творчасць У. Караткевіч. І таму словы, выказаныя ім пра Максіма Багдановіча, якога пісьменнік лічыў узорам чалавека і грамадзяніна, могуць з поўным правам быць адрасаваны ў яго асабісты адрас: «…Гэты чалавек ніколі не зведаў кампрамісаў, ніколі не дапусціў сваё сумненне да згоды, не пісаў таго, чаго не думаў, цвёрда ішоў па адзіна магчымым для чалавека шляху, шляху годнасці і сцвярджэння права на сваю адметную, незалежную думку. Без гэтага называцца чалавекам не мае права ніхто…
…Ён бараніў годнасць чалавечую, клікаў да гуманізму і на гэтай дарозе адступленняў не ведаў.
…Быў наскрозь гістарычным паэтам, у тым сэнсе, што абуджаў у народзе гістарычнае мысленне, а значыць, і гонар. Вось аб гэтым, апошнім, і хацелася б сказаць. Атрымалася так, што за многія і многія дзесяцігоддзі бяспраўя з людзей выбілі памяць. Здавалася, маўчалі вякі, здавалася, у нас не было мінулага, а значыць, не было і акрэсленай будучыні.
І вось з’яўляецца юнак і, падобна летапісцу з уласнага верша, раптам дае гэтай спячай памяці першы штуршок:
«Падымі галаву! За табою — веліч! За табой — барацьба! Ты не бязбацькавіч! У цябе ёсць продкі, якімі можна і трэба ганарыцца!» (VІІІ, кн. 2, 304 — 305).
Паспрабуем сфармуляваць зыходныя пазіцыі для даследавання гістарычнай прозы У. Караткевіча. На наш погляд, яны могуць быць вызначаны, па-першае, рэалістычным падыходам да адлюстравання роднай гісторыі праз праўдзівы аналіз фактычнага матэрыялу, шырокае выкарыстанне гістарычных дакументаў, летапісаў, хронік, вуснай народнай творчасці, увядзенне ў тканіну мастацкага твора падзей і імён рэальна існаваўшых людзей; па-другое, даследаваннем народнай псіхалогіі, пошукам вытокаў вальнадумства і нацыянальнай самасвядомасці беларусаў, імкненнем да раскрыцця глыбіннай сувязі мінулага з сённяшнімі і нават заўтрашнімі праблемамі роднай зямлі праз спалучэнне гуманістычных ідэй з народнымі формамі лірычнага і эпічнага пачатку літаратурнай творчасці; па-трэцяе, свядомай гераізацыяй жыцця і змагання беларусаў, стварэннем рамантычных вобразаў народных заступнікаў, якія ў складаных сацыяльных абставінах выяўляюць разуменне неабходнасці барацьбы з прыгнятальнікамі, праяўляюць у ёй мужнасць, гераізм, высокую самаахвярнасць; па-чацвёртае, уменнем аўтара праз паказ тыповых карцін жыцця беларусаў у познім сярэднявеччы стварыць своеасаблівую мастацкую энцыклапедыю побыту народа, яго этнаграфіі, народнай паэтычнай творчасці, прымножыць багатыя антырэлігійныя і атэістычныя традыцыі роднай літаратуры; нарэшце, імкненнем абудзіць у сучаснікаў інтарэс да вывучэння роднай гісторыі, мовы, культуры, сфармуляваць у іх устойлівую цягу, патрэбу, нават неабходнасць у штодзённым развіцці гістарычнай свядомасці і гістарычнага мыслення.
Багацце думак i шматпланавасць апавядальніцтва, множнасць i цякучасць форматворчасці У. Караткевіча сфармуляваны ім у адным з адступленняў у рамане «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», дзе ён характарызуе сябе як «генія стылю, генія мовы, генія хітрай іроніі і сонечнага гумару».
Асабліва трэба падкрэсліць уменне У. Караткевіча выкарыстоўваць адметныя прыёмы для вырашэння канкрэтнай літаратурнай задачы. У «Пароме на бурнай рацэ» — гэта стварэнне своеасаблівай эмацыянальнай атмасферы, у «Каласах пад сярпом тваім» — захапленне гераічнымі характарамі тых беларусаў, хто падняўся супраць царскага самаўладдзя ў 1863 годзе, у «Сівой легендзе» — рамантычная ўзнёсласць, у «Цыганскім каралю» — з’едлівая іронія. А калі аналізаваць раман «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», то ў ім знойдзеш усе гэтыя прыёмы, з’яднаныя ў адзінае непарыўнае цэлае. Праз iронію i здаровы саркастычны смех, гумар i весялосць пісьменнік парушае нашы прывычныя ўяўленні аб літаратурным творы (таму i ёсць у нас параўнанні «Хрыстоса…» з «Гарганцюа i Пантагруэлем» Ф. Рабле i «Тылем Уленшпігелем» Ш. дэ Кастэра), збліжае далёкае i сучаснае, час i прастору. Успрыманне «Хрыстоса…» патрабуе ад чытача перабудовы яго мастацка-ідэалагічнага мыслення, адмаўлення ад стэрэатыпаў у адносінах да літаратуры, перагляду падыходаў, а галоўнае — глыбокага пранікнення ў сутнасць творчай манеры пісьменніка, якая выступае неадназначнай i нязвыклай.
Гістарычную прозу У. Караткевіча можна ўмоўна раздзяліць на дзве часткі: першая — творы, прысвечаныя асэнсаванню жыццядзейнасці беларусаў у познім сярэднявеччы (раман «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», аповесці «Сівая легенда», «Цыганскі кароль», «Ладдзя Роспачы»); другая — творы, якія адлюстроўваюць барацьбу роднага народа супраць царскага самаўладдзя ў ХІХ стагоддзі (раман «Каласы пад сярпом тваім», аповесці «Зброя», апавяданне «Паром на бурнай рацэ» — своеасаблівы ўступ да рамана «Нельга забыць»). Менавіта такога плана будзе прытрымлівацца аўтар у даследаванні азначанай праблемы.
Адно з галоўных правіл літаратуразнаўства сцвярджае, што кожны мастацкі твор вызначаецца сваімі сюжэтам і кампазіцыяй, сваімі тэмай i ідэяй. Так, гэтыя і іншыя адметныя характарыстыкі адрозніваюць адзін твор ад другога. Аднак пры даследаванні літаратуры i мастацтва (філасофскім, сацыялагічным i інш.) даволі часта ўзнікае неабходнасць абстрагавацца ад канкрэтнага, знайсці сутнаснае, агульнае для шэрагу твораў, тое, што дазваляе разглядаць ix у адзіным, напрыклад, часавым цi прасторавым вымярэнні. Вызначыць, выдзеліць не асаблівыя, адметныя характарыстыкі, а той інтэгральны пачатак, які звязвае разам творы таго або іншага перыяду, той ці іншай тэматычнай накіраванасці, значыць знайсці адказ на галоўнае пытанне: «У чым філасофская сутнасць творчасці мастака?»
Хто ён ёсць, беларус?.. Імкненне зразумець самому i дапамагчы зрабіць гэга чытачам праводзіць У. Караткевіча па складаных шляхах беларускай гісторыі, цяжкай i трагічнай, заглыбляючы яго ў культуру i побыт, перапляценні падзей i характараў, супярэчнасці грамадскага і духоўнага развіцця беларускага сярэднявечча. У ХVІ стагоддзі ён вандруе са шкаляром Юрасём Братчыкам і яго спадарожнікамі па дарогах i гарадах Прынёманскага краю i апявае авантурныя подзвігі рагачоўскага двараніна Гервасія Вылівахі, у ХVІІ — з паўстанцамі Рамана Ракутовіча змагаецца з прыгнятальнікамі пад Быхавам на Магілёўшчыне, у XVIII — жыве на Гродзеншчыне ў валоданнях Якуба Знамяроўскага, цыганскае каралеўства якога было афіцыйна прызнана польскім каралём Станіславам Аўгустам.
Патрэбны былі энцыклапедычныя веды, каб у творах, прысвечаных кожнай з азначаных часін, не толькі стварыць пераканаўчыя, рэалістычныя карціны жыцця i побыту беларусаў, спасцігнуць ідэалогію сярэднявечча з яе аскетызмам i рэлігійным уціскам, але i ўзбагаціць беларускую літаратуру вобразамі гераічнымі, трагічнымі, запамінальнымі. На старонках гістарычных твораў дзейнічаюць рэальныя гістарычныя асобы і выдуманыя персанажы, змагары за народнае шчасце, якія не жадаюць мірыцца з сацыяльным і рэлігійным уціскам, і душыцелі волі людской — божыя служкі — цемрашалы і хціўцы. Праўда, ёсць яшчэ адна група літаратурных персанажаў — пра іх патрэбна сказаць асобна. Гэта — галоўныя героі аповесцей «Цыганскі кароль» і «Ладдзя Роспачы» Якуб Знамяроўскі і Гервасій Выліваха. Сучасныя літаратуразнаўцы ўсё часцей вядуць размову пра жыццёвасць авантурнага рамана і яго герояў. Выдзяляецца французскі, англійскі, нарэшце, рускі авантурны раман. Мабыць, адзначаныя аповесці У. Караткевіча і не поўнасцю адпавядаюць патрабаванням такога рамана, але іх галоўныя героі — спараджэнне У. Караткевіча-сатырыка — гэта, на наш погляд, сапраўдныя авантурнікі. Як іначай можна ацаніць Выліваху — двараніна з-пад Рагачова, які і на гэтым, і на тым свеце ніяк не можа ўтаймаваць сваю кіпучую «энергію». «Хобаль, залётнік, піяка, задзіра, біток, бабздыр несамавіты» — так характарызуе свайго героя У. Караткевіч. Толькі і працы ў Гервасія і яго сяброў было, «што цягацца па корчмах і шынкарках ды па навакольных замках, калі гаспадара няма дома, піць віно, як Дняпро п’е Друць, ды дзярбаніць на лютнях і кімвалах багамерзкія песні» («Ладдзя Роспачы». II, 130 — 131). На духоўным судзе сарамаціў кампанію Вылівахі біскуп, яго выхаваннем займалася каралева Бона, жонка каралеўскае ягамосці Цыкмуна (польскага караля Жыгімонта), дыскусіравала і нават прайграла яму шахматную партыю сама Смерць. Але ўсё перамагла цяга да прывычнага жыцця, у якім галоўнай мерай для героя выступаюць заліхвацкая адвага, цяга да авантурных учынкаў, адсутнасць страху перад Богам і смерцю, перад жыццёвым злом.
М. Дабралюбаў неяк адзначыў, што менавіта ў гэтым — «унесці ў гісторыю свой вымысел, але вымысел гэты заснаваць на гісторыі, вывесці яго з самага натуральнага ходу падзей, непарыўна звязаць з усёю ніткай гістарычнага расповеду і ўсё гэта ўявіць так, каб чытач бачыў перад сабой, як жывыя, асобы, знаёмыя яму ў гісторыі і адлюстраваныя тут у чароўнасці паэзіі, з боку іх прыватнага побыту і ўнутраных патаемных дум і імкненняў — …задача гістарычнага раманіста».
Юрась Братчык — галоўны герой рамана «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» — не проста творчая фантазія аўтара. Гэта перш за ўсё вынік пільнай увагі У. Караткевіча да гісторыі роднага народа, вьвучэння летапісаў, хронік, паданняў, наогул, усёй гістарычнай літаратуры. «…І на пачатку панавання таго Жыгімонта Першога быў нейкій… который з лёгкосці якой умысліў або рачэй з роспачы імя i зверхность Хрыста Господа собе прыпісаў і прівлашчаў» — словы гэтыя змешчаны ў якасці эпіграфа да рамана i ўзяты пісьменнікам з «Хронікі Белай Русі…» каноніка жамойцкага Мацея Стрыйкоўскага.
Сам У. Караткевіч так aпісвае сваё імкненне да літаратурнага асэнсавання гісторыі: «Думку аб ім (рамане — А. Р.), жаданне напісаць яго ажыўляе, часцей за ўсё, нейкі асобны факт, вычытаны ў хроніцы ці старажытным акце. Для мяне гістарычная рэч пачынае жыць з анекдота (не ў нашым сэнсе, а ў тым, у якім разумелі яго продкі год дзвесце назад: трагічны або вясёлы, але заўсёды сюжэтны i арыгінальны факт з жыцця рэальнай гістарычнай асобы). Для мяне мой «Хрыстос у Гародні» пачаўся з урыўка з «Хронікі Стрыйкоўскага…». На нашу думку, гістарычны твор у Караткевіча (дарэчы, як і ў вядомага рускага раманіста Ю. Тынянава) пачынаецца там, дзе канчаецца гістарычны дакумент. Прычым даволi часта замест дакумента пісьменнік абапіраецца на легенды, фальклор, «памяць народную». Ужо першае знаёмства з раманам пераконвае ў грунтоўнасці гістарычных падыходаў У. Караткевіча да асэнсавання сярэднявечнай, хранікальнай, рэлігійнай літаратуры. Кожны радок, кожны эпіграф нясе вялікі ідэйна-эмацыянальны сэнс. Яны выкарыстаны менавіта там, дзе ім трэба быць, даволі часта ўжо ў ix праглядаецца філасофскі сэнс таго або іншага раздзела рамана, у сціслай прытчападобнай форме перадаюць змест напісанага. Кола выкарыстаных пісьменнікам твораў, гістарычных дакументаў, іншых матэрыялаў даволі шырокае. Тут вершы Гесіёда, Дантэ, Дж. Бруна, Генры Лангфела, Гётэ, творы Скарыны, Рабле, Чосера, сярэднявечны беларускі апокрыф, загад аб прытворшчыках, тут — нямецкія балады, лацінскія эпіграмы, кодэкс рыцарскай праўды, фарс аб анафеме рыжаму кату, казанні Крыштофіча, «Маленне Данііла» пра жанчын, егіпецкае паданне, гэльская песня, тут — беларускія казкі, песні, прымаўкі, прыказкі, тут, нарэшце, вытрымкі з Апокрыфаў, Апакаліпсіса, Евангелляў ад Лукі, Іаана, Мацея, Першай кнігі Царстваў, Другога паслання Карынфянам, паслання Рымлянам, паслання апостала Іуды i інш.
Адзначаныя творы прыведзены невыпадкова. На наш погляд, яны павінны падвесці чытача да разумення той духоўнай, маральнай, псіхалагічнай атмасферы, у якой жылі i дзейнічалі гepoi рамана «Хрыстос прызямліўся ў Гародні». Тым больш што многія месцы ў рамане, асабліва тыя, дзе Іуда i Багдан Роскаш — людзі, якія нібыта самі былі сведкамі гародзенскай Хрыстовай «адысеі», стварылі асабісты летапіс аб яго цудах («Слова двух сведкаў»), палемізуюць з летапісцам Андронікам Лагафілам з Буйнічаў Магілёўскіх ды Варламам Аршанскім, цалкам вытрыманы ў стылі славянскіх хронік i летапісаў.
Спрыяе такому разуменню i майстэрскае апісанне У. Караткевічам сярэднявечнага мясцовага каларыту — побыту, традыцый, аксесуараў, архаічных стыляў паводзін і думак. Вось што такое, паводле Караткевіча, зброя таго часу. «Елянцовыя — палескія, цісавыя — заходнія i страшныя беларускія лукі з двух змацаваных рагоў шэрага ляснога быка, калчаны-тулы, пішчалі; гіганцкія, у чалавечы рост, двухручныя мячы з хвалепадобным або прамым лязом, без піхваў, бо з ix немагчыма выцягнуць самому лязо такой даўжыні; мячы сярэдняй даўжыні i кароткія корды. Азіяцкія, прамыя, як меч, шаблі i шаблі булатныя, змеепадобныя; персідскія, вузкія, як аер, i вострыя, як джала; турэцкія ялмані (шаблі, пашыраныя i часам уцяжараныя на канцы) cа сталлю, якая ідзе блакітнымі зорачкамі; ятаганы, падобныя на сярпы i прызначаныя, як i сярпы, для ўдару ўвагнутым бокам; прыдняпроўскія беларускія дзіды паўтарачнай даўжыні i таму прызначаныя для кідання нагой, з пад’ёму ступака, i беларускія ж іклы, кароткія мячы з лязом шырокім i тоўстым, як каровін язык, і даўжынёю ў дваццаць пяць дзюймаў, з месяцападобным канцом рукаяці, для ўпору ў жывот або грудзі, калі кідаешся на ворага, i двума ўпорамі для рук, іклы, прызначаныя для смяротнай рукапашнай у цеснаце. I на ўciм гэтым — рабізна залатых карбовак, эмалі, золата, рубінаў, ажурных накладак. А над yciм гэтым, пад шышакамі, арабскімі зярцаламі, кальчужнымі сеткамі i булатнымі шаломамі — вочы, якія i хвіліны не задумаюцца над тым, ужыць гэтую сталь або не ўжыць» («Хрыстос прызямліўся ў Гародні». VI, 13 — 14).
Як сапраўдны мушкецёр, пісьменнік апісвае мушкетную стральбу: «Ступі! Стой! Мушкет да бока! Фіціль — з курка! Фіціль — на месца! Мушкет да рота! З брамкі здзьмухай! Набой бяры! Мушкет уніз! Порах на брамку — сып! Утрасі! Брамку зачыні! Страсі! Здзьмухай! Мушкет да левага бока! Порах i кульку — у мушкет! Клак — на брамку! Забойнік бяры! Кульку і клак дабі! Забойнік на месца ўсунь! Правай рукой мушкет падымі! Левай падсошак рыхтуй! Мушкет на вілкі! Гатоўся!» («Сівая легенда». II, 31).
А апісанне беларускага касцюма незалежна ад таго, ці ён шляхецкі, ці сялянскі, — усё накіравана на тое, каб узмацніць сацыяльную характарыстыку дзеючых асоб, паказаць ix адносіны да розных груп насельніцтва. Вось назвы адзення заможных людзей: кунтуш, жупан, сурдут, кафтан, намітка, магерка (усе яны даюцца з азначэннямі, характарызуючымі сацыяльную дыферэнцыяцыю насельніцтва) i простага народа — світкі, кажухі, намёткі, кашулі i інш. Пры гэтым устарэлыя лексемы (найменні адзення) пісьменнікам твора пераасэнсаваны i надаюцца ім у залежнасці ад аўтарскай задумы і вырашэння.
Яшчэ адно апісанне — вячэра цыганскага караля Знамяроўскага: «Пачалі піць і закусваць. Пaдaвaлi піва чорнае i белае, настойку „тройчы дзевяць“, кюмель i мёд. Госці, што сядзелі ля Знамяроўскага, елі мядзведжыя шынкі, хрыбтавіну асятровую, смажанага лебедзя i іншыя далікатэсы. Загонавая шляхта — боршч з cacicкaмi, разварную ялавічыну, палаткі, гарох са свінінай; сотнямі знішчалі гарачыя, як агонь, наперчаныя біткі. Нягледзячы на тлустую ежу, усе хутка ап’янелі, бо пілі так, як нават Яноўскаму не даводзiлacя бачыць… А тут на стол усё цягнулі i цягнулi бутэлькі: „мядзведзікі“, „удовы“, маленькія бочачкі. Бутэлькі былі розныя: пузатыя, доўгія, пляскатыя з „таліяй“ (каб зручна было трымаць у п’янай руцэ). „Мядзведзікі“ былі ў выглядзе мядзведзяў, бараноў, ільвоў — гарэлка біла ў ix з ратоў. Але цікавей за ўсё былі „ўдовы“, бутэлькі ў выглядзе абаранка. Удовамі ix звaлi таму, што такія бутэлькі i сапраўды часцей за ўсё ўжываліся ўдовамі… Стрыжнем вячэры была вялікая чаша, у якую ўваходзіла пяць бутэлек віна i яшчэ тры ў накрыўку. Сапраўдны пітун павінен быў піць не глытаючы, каб віно проста пералівалася ў горла. Таму з накрыўкі дазволена было піць толькі адным глытком, а самы келіх — у два прыёмы. I нікога не мінала горкая чаша сія» («Цыганскі кароль». II, 89 — 90).
Звязаўшы ў адзінае цэлае рэалістычныя карціны жыцця народа, нязвычныя, выключныя, але рэальныя ўчынкі герояў, надуманыя сцэны, неверагодныя, часам фантастычныя, падзеі, У. Караткевіч — тут нельга не пагадзіцца з Адамам Мальдзісам і Алай Сямёнавай — стварыў праўдзівую, нечаканую і ўражліваю карціну беларускага сярэднявечча, пераканальна, мастацкімі сродкамі паказаў яго рэзкія сацыяльныя кантрасты — цемрашальства, абскурантызм рэлігіі, раскошу і маральную распусту яе служкаў, багацце кіруючай вярхушкі і беднасць, голад і бяспраўе гарадскіх і сялянскіх мас, фізічнае вынішчэнне непакорных і барацьбу супраць прыгнятальнікаў. Тут трагічнае суседнічае з камічным, высакароднае — з пачварным, узвышанае — з агідным, філасофія з гісторыяй. Усе гэтыя гістарычныя напластаванні па-майстэрску пранізваюцца, апаясваюцца, цэментуюцца ідэямі сусветнай мастацкай культуры — з аднаго боку, і беларускай народнай смехавай культуры — з другога, надаючы творам адметнасць, займальнасць, пераканаўчасць. Адзначым, што смех у Караткевіча адначасова і адмаўляе, і сцвярджае, ён не прэтэндуе на цеплыню і сардэчнасць гумару. Праз антыфеадальнае, сатырычнае джала ён дапамагае чытачу спасцігнуць сутнасць жыцця ў шаснаццатым стогоддзі. Сатырычны пачатак у пісьменніка цесна звязаны з народнай першапачатковай прыродай камічнага як вясёлага і весялячага. Аб «Хрысце…» У. Караткевіч у сваёй аўтабіяграфіі выказваўся наступным чынам: гэта «не камедыя і не трагедыя, а трагікамедыя, смех праз слёзы, народная драма, калі хочаце» (VIII, кн. 2, 10).
Пісьменнік знайшоў той адметны прыём, які робіць творы, прысвечаныя паказу жыцця беларусаў у XVI — XVIII стагоддзях, яшчэ больш уражлівымі. Гэта — падарожжы галоўных герояў: Юрася Братчыка па Гародзеншчыне, Гервасія Вылівахі — у царства Смерці, Міхала Яноўскага — у цыганскае каралеўства. І не толькі карціны жыцця, побыту, роднай прыроды праходзяць перад чытачом. Дзякуючы пісьменніку, ён заглыбляецца ў гісторыю народа — прыгадвае аб заваяванні Полацка кіеўскім князем Уладзімірам і яго здзеках над палачанамі, Рагнедай, князем Рагвалодам («Ладдзя Роспачы»), успамінае пра бітвы з татара-манголамі пад Крычавам і Крутагор’ем, з’яўляецца сведкам вялікага голаду, які ахапіў Гародзенскую зямлю ў XVI стагоддзі («Хрыстос прызямліўся ў Гародні»). Трагічнае падарожжа чакае чытача ў «Сівой легендзе». Правільней, не падарожжа, а яго пачатак, калі Раман Ракутовіч і яго каханая Ірына пасля жорсткага пакарання ( яму адсеклі пальцы рук, «дабы падступнага мяча не ўздымалі», яе асляпілі, каб не чарадзейнічала) ад’язджаюць у выгнанне: «Заляскатаў воз. Моўчкі павалілі па абодва яго бакі людскія гурты.
І на непакрытыя галовы падалі нясцерпна рэдкія ўдары звана. Расхлябаныя колы воза па самыя восі гразнулі ў вязкім, набрынялым вадою сакавіцкім снезе…
Страшны твар і сляпая галава плылі над натоўпам, усё аддаляючыся і аддаляючыся…» (II, 71 — 72).
Драматычны, часцей за ўсё трагічны быў лёс змагароў супраць прыгнятальнікаў. Але гэта былі кроплі ў моры трагедыйнага жыцця ўсяго народа ў той далёкі час. У беларускай літаратуры не знойдзеш іншага твора, які так аб’ектыўна, так шматпланава адлюстраваў бы жыццё беларусаў у сярэднія вякі, як раман У. Караткевіча «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» — своеасаблівае філасофска-эпічнае палатно аб Беларусі XVII ст.
Рэальныя карціны сярэнявечча і постаці, народжаныя фантазіяй аўтара, спалучэнне біблейскіх вобразаў і сюжэтаў з рэаліямі гародзенскага побыту даюць чытачу ўяўленне пра складанасці часу, узаемаадносіны і канфлікты самых розных слаёў насельніцтва — сялян, гарадзенскіх мяшчан, сярэднявечных асветнікаў і вучоных, а таксама магнатаў і духавенства. З аднаго боку, доўгая чарада смешных, а часам і жудасных прыгод Братчыка з сябрамі, з другога — жорсткасць феадалаў, класавы эгаізм маёмаснай верхавіны гарадоў, ілжывасць і цемрашальства, распуста, бесчалавечнасць гарадзенскага кардынала Лотра, другіх служкаў царквы, для якіх Бог, вера, мараль — толькі шырма ў іх эгаістычнай празе ўлады над простымі людзьмі; з аднаго боку, рамантычны матэрыял, выключнасць сюжэта, вастрыня канфлікту, з другога — канкрэтны мясцовы каларыт, гістарычныя і побытавыя рэаліі; з аднаго боку, мяккі гумар, смехавае афармленне бытавых сцэн, з другога, востры сарказм, гратэск, сатыра. Усё гэта, па-мастацку знітаванае аўтарам, уражвае чытача гістарычнай праўдзівасцю ў раскрыцці супярэчлівага вобраза Часу, мастацкім асэнсаваннем заканамернасцей грамадскага развіцця. І яшчэ. Твор гэты — глыбока нацыянальны і народны, бо ў аснове яго ляжаць беларуская старажытная кніжнасць (хай і абагачаная біблейскімі матывамі), фальклор і народны характар (і галоўнага героя рамана Юрася, і тых народных персанажаў, якімі так багата насычана кніга).
Адметнай рысай рамана выступае насычанасць яго філасофскімі разважаннямі, лірычнымі адступленнямі, сімволікай, зваротамі да чытача. «Але, можа, найбольшая вартасць кнігі, — як адзначае В. Быкаў, — у яе выразна праяўленых гуманістычных і выкрывальніцкіх тэндэнцыях, асабліва ў адносінах да ўсяго, што датычыцца „власть предержащих“, якія ў сваім імкненні да ўлады не грэбуюць ні крывёй, ні зладзейскім падманам, ні фальшывасцю высокіх слоў».
«Хрыстос прызямліўся ў Гародні» — гэта нешта своеасаблівае, нават для творчасці Караткевіча. Калі ў яго іншых празаічных творах чытач знаходзіў філасофска-эстэтычнае асэнсаванне ўзаемаадносін Асобы і грамадства ў пэўны гістарычны час, нейкі своеасаблівы літаратурны злепак з гістарычнай матрыцы, то «Хрыстос…» вылучаецца паспяховай спробай мастацкага прачытання такога сусветна вядомага рэлігійна-духоўнага помніка, як Евангелле. Толькі талент Караткевіча, якому не падуладны правілы, прынцыпы, стрыманасць, толькі ён мог рашыцца на такую «звышзадачу»; толькі яму было пад сілу «сягаць у забароненае», за абсягі канкрэтнай рэчаіснасці, дзе пачынае ўладарыць дух, дзе гаворка ідзе аб незвычайным, крохкім, вельмі і вельмі далікатным«. У выніку такога вось спалучэння фантазіі і рэальнасці, філасофіі і гісторыі, свецкага і рэлігійнага, зямнога і сакральнага і нарадзіўся нетрадыцыйны для беларускай літаратуры твор, нарадзілася «караткевічаўскае Евангелле» (В. Шынкарэнка).
Галоўны герой рамана Юрась Братчык (ён жа Гервасій Выліваха, ён жа Кала Бруньён, ён жа Тыль Уленшпігель) — гэта выключная асоба для той далёкай пары. Духоўны патэнцыял, душэўная актыўнасць, незвычайнасць паводзін гэтага чалавека вылучаюць яго сярод іншых. Мірскі шкаляр, для якога ў пачатку рамана вызначальным быў шлях авантурных прыгод, пад уздзеяннем сацыяльных абставін не толькі пачынае разумець сваю ролю ў жыцці народа, але і становіцца змагаром за яго шчасце. Спачатку бунтарства, а потым і спасціжэнне сутнасці свабоды, разуменне яе як найвялікшага зямнога шчасця, робяць Юрася ўпэўненым у сваіх дзеяннях, магутным і самаахвярным, здольным на рашучыя дзеянні, нават на самаахвярнасць, у імя свабоднага існавання простых людзей, якія жывуць побач з ім.
Усе вандраванні, прыгоды, «цудадзеянні» Братчыка-Хрыста не мелі б, на наш погляд, сэнсу, калі б побач з ім і яго апосталамі не было людзей з народа, не віравала жыццё ва ўсіх яго нягодах і радасцях. Менавіта народ стаў на шляху папскіх нунцыяў-лотраў, калі яны вялі гвалтоўнае акаталічванне беларусаў, менавіта простыя людзі, а не епіскапская гвардыя разбілі ўшчэнт атрады крымчакоў Марлора-хана, якія рабавалі беларускую зямлю, нарэшце, просты люд беларускі ўзняў паўстанне, захапіў Гародню і, хоць на некаторы час, зрабіў яе справядлівым горадам. Выпадковасць, падрыхтаваная голадам, нашэсцем, хцівасцю багатых і моцных, — зазначае У. Караткевіч, — зрабілася раптам заканамернасцю і прынесла праз некаторы час свой страшны, крывавы і велічны плён. Разуменне непарыўнай еднасці з народам выспявае ў Юрася Братчыка не адразу. Праходзіць пэўны час (ад выпадковай ролі Хрыста, часова дазволенай яму царквой, да вынашанага, асэнсаванага права быць мужыцкім богам), калі ён у размове з дамініканцам Басяцкім заявіць: «…Я галадаў іхнім голадам, і прагнуў, і мёрз, і памыляўся, і грашыў, і свят быў… Я не хачу быць ні з кім, акрамя гэтага народа, цяпер навекі майго. Я заслужыў гэтае права… Я гэта ўсё за іх… І калі яны — народ, то я — таксама. Вось апошняе слова» (VI, 376).
Для пісьменніка народ — гэта не бязлікая, статычная маса, якая толькі і падпарадкоўваецца стыхіі ды здольная на неабдуманыя дзеянні. Ёсць рамеснікі, ёсць сяляне, вучоныя-вальнадумцы, якія сваім разумным словам, сваім разуменнем сітуацыі, сваімі шляхамі пошукаў існасці чалавечага жыцця надаюць стыхійнасці зусім акрэслены, мэтанакіраваны напрамак. У першую чаргу — гэта гараджане: разьбяр па дрэве Кляонік, каваль Кірык Вястун, мечнік Гіаў Турай і яго сын Марка, залатых спраў майстар Ціхон Вус, кіраўнік ваўкавыскіх мужыкоў, былы прыёр (настаяцель) маленькага францысканскага кляштара брат Альбін з Арэхвы, а ў ранейшым жыцці Альбін-Рагвал-Алёйза Крыштофіч з Дубатыння, юнак Кашпар Бекеш, асуджаны, як і Крыштофіч, членамі Святога трыбунала (менавіта яны, як піша У. Караткевіч, стварылі ў той час славу Гарадзенскай зямлі). Калі апошнія — людзі адукаваныя і свядома змагаюцца з рымска-каталіцкай навалаю, — чаго варта прамова-пярэчанне Альбіна Крыштофіча кардыналу гарадзенскаму Лотру: «Будзьце вы праклятыя, хлусы! Здохніце ад паганых хвароб, як здыхаеце, гніль! Вы, зводнікі чыстых! Вы, каты сумленных! Манастыры вашы — патомнікі садамітаў і могілкі неахрышчаных душ. Праклён вам, начныя грамілы, вечныя скажальнікі ісціны, каты чалавека! Ідзіце да такой матары… ды не, жанчыны не імуць граху, калі ў свеце існуеце вы, ідзіце да д’ябла, мярзотнікі! Дармаеды, паразіты, Садом і Гамора, рабаўнікі, забойцы, садаміты, зладзеі. Спапялі вас гнеў божы і чалавечы». І звяртаючыся непасрэдна да Лотра: «У мяне толькі слова маё. Зразумела люду, часам грубае, часам нават пахабнае. Але мы паглядзім, чыя зброя мацней! Божа, ці ёсць недзе на свеце цвердзь, дзе вас няма? Калі няма гэтай цвердзі — ачысцім ад вас сваю!» («Хрыстос прызямліўся ў Гародні». VI, 366), то словы, выказаныя Кляонікам — гэта ўжо выяўленне народнага вальнадумства, непрымання народам рэлігійнага падману.
«Няма багоў, — сказаў Кляонік, — і не трэба тамлення і марэння духу па іх. Няма і не трэба аніякай улады Адамава сына над гэткім жа сынам Адамавым. Няма і не трэба лепшых і горшых у дзяржаве, цыркве і касцёле, і ў багацці.
…Не павінна быць розніцы ў законе, розніцы між каралём і народам, між тым, хто царуе, і тым, хто арэ, між плебеем і шляхціцам, а павінна быць усё для ўсіх, агуьнае і роўнае, і воля павінна быць і на зямлі, і на небе, а веруй, як хто хоча» (VI, 51, 52).
Сумняваецца ў ісціннасці (сапраўднасці) і правільнасці жыцця селянін Зянон, вольны мужык з навакольнай гарадзенскай вёскі Занямонне: «Увесь час яго абганялі вазы з ільняным насеннем, соладам, хмелем, бочкамі піва, вапнай, футрамі ў звязках, жалезнымі паробкамі і, галоўнае, хлебам. І мужык не мог не думаць, чаму гэта так, што вось у яго няма і бязмена хлеба, як амаль ва ўсіх, а вазы цягнуцца, цягнуцца, і ўсіх іх хутка паглыне нясытая зяпа Старога рынку, а потым замежныя землі. Нешта тут усё было не тое» (VI, 38).
Так, гэта былі тыя людзі, словы якіх былі знічкамі сумнення, абуджаючымі свядомасць забітых нядоляй, уціснутых рэлігійным дурманам людзей, спрабавалі разбудзіць у кожным з іх чалавечую годнасць, паказаць, што найвышэйшае ў Чалавеку належыць менавіта яму — творцу матэрыяльнага і духоўнага дастатку, а не «Богам выбраным», «власть имущим» і гэтак далей. Іх дапытвалі ў катоўнях, спальвалі на крыжах святой інквізіцыі, але іх слова — буйное, справядлівае, ісціннае — зноў клікала людзей на барацьбу, адстойванне свайго нацыянальнага сумлення, чалавечай годнасці. Мабыць, усё гэта і не было б такім уражальным, калі б пісьменнік не выкарыстаў умела і дакладна стылёва-кампазіцыйныя формы — філасофскія разважанні, лірычныя адступленні, складаную ўмоўнасць, сімволіку, звароты да чытача, нават неадэкватную таму часу лексіку («мазахізм», «ад тэорыі да практыкі перайшлі» і інш.). Вось, напрыклад, аўтарскае лірыка-публіцыстычнае адступленне пра родную беларускую мову: «Мяркую, што ў нашай краіне не адзін я з’яўляюся аматарам нашай старажытнай беларускай мовы, яе чароўнага, лаканічнага і трохі наіўнага стылю. Таму я не магу не парадаваць астатніх, адступаючы сям-там ад майго няскладанага шматслоўя і даючы словы чалавеку, які сам бачыў гэта і расказваў аб гэтым залатой па сціпласці, народнасці і гумару тагачаснай мовай» (VI, 336).
На такім вось рэалістычна-рамантычным палатне (А. Мальдзіс) У. Караткевіч разгортвае панараму барацьбы Юрася Братчыка-Хрыста — прытворшчыка, селяніна, Бога — і яго спадзвіжнікаў-апосталаў з сацыяльным, нацыянальным і рэлігійным уціскам Лотра, Басяцкага, Камара, Балвановіча, Жабы і іншых адкрытых і тайных служак царквы і афіцыйных улад. І гэта не проста барацьба проціпастаўленых адзін аднаму літаратурных персанажаў (Братчык — Лотр), гэта барацьба двух светапоглядаў — рэлігійнага і стыхійна-матэрыялістычнага, дзвюх ідэалогій — абскурантысцкай (правячых класаў) і гуманістычнай, вальнадумнай (прыгнечаных і прыніжаных), дзвюх мараляў — царкоўнай і свецкай. Ідэйная перакананасць народнага Хрыста-Братчыка выяўляецца ў змаганні з ідэямі «властвующих», што прыгнятаюць волю людзей з дапамогай дзяржавы, царквы, інквізіцыі, рознага роду атлусцелых, цёмных і брудных, нават фізічна, асоб, якія не маюць адназначнага, асабістага пачатку і існуюць толькі дзякуючы свайму становішчу. У эгаістычным імкненні да неабмежаванай улады над чэрню яны выкарыстоўваюць усё, што магчыма, — Бога, веру, хрысціянскую мараль. Для Юрася і яго спадзвіжнікаў галоўнае ж — чалавек. Таму і Бог у іх набывае чалавечыя якасці — багаты, хто жадае чалавеку дабра, бачыць людзей роўнымі і шчаслівымі.
Кожная з сутычак Братчыка з Лотрам ператвараецца У. Караткевічам ва ўслаўленне гуманізму і выкрыванне тых, хто ў сваёй сквапнасці да ўлады і багацця не спыняецца ні перад зладзейскім падманам, ні перад фальшам высокіх слоў, ні перад фізічным вынішчэннем нескароных.
Параўнаем характарыстыкі, якія дае У. Караткевіч сваім героям. Лотр, Басяцкі, Камар усё сваё існаванне, усе свае ідэі, нават Бога накіроўваюць на барацьбу з чалавечнасцю. Інстынктыўна яны адчувалі, што планаванне Калумба і выданне Скарынай Бібліі нясе для царкоўнікаў небяспеку, «баламуціць, непакоіць, што гэта асвятляе бязлітасным і смертаносным святлом тую ўтульную і цёмную гнойную жыжку, у якой яны кішэлі… Яны былі проста дзеці свайго часу, няшчаснага, хворага, гнойнага, сагнутага, калі чалавек быў амаль жывёлай і толькі сям-там выбіваліся наверх парасткі скарлючанага, але ўпартага і моцнага жыцця.
Яны былі гной, але няма такога гною, які не лічыў бы, што ён — вышэйшая субстанцыя, і не лічыў бы з’яўленне на ім зялёных парасткаў з’явай ніжэйшага парадку. І супраць гэтага жыцця яны змагаліся насмерць…» (VI, 23).
Як вяршыла людскія справы гэта «вышэйшая субстанцыя», бачна з гратэскна-саркастычнага апісання сцэны «святога суда» кардынала Лотра над мышамі, што запалонілі Гародню. Вышэйшы суд загадвае «асудзіць тых на баніцыю (выгнанне), выгнаць тых мышэй за межы слаўнага княства, да ерэтыкоў, — няхай ведаюць. А паколькі яно высокае, наша правасуддзе, — выдаць ім ахоўную грамату ад катоў і варон». А кардынал дадаў: «Думаю, не павінны мы забываць аб літасці, аб чалавечнасці, а ў гэтым выпадку — аб анімалізме. Трэба даць два тыдні спакою маткам з малымі мышатамі…» (VI, 46 — 47).
А вось Братчыкавы прытворшчыкі, незадоўга да таго, як стануць разам з Юрасём «самымі святымі» на Гародзеншчыне: «І наперадзе ішоў у прывязной барадзе і вусах адзіны хоць трохі самавіты чалавек з усёй гэтай кампаніі. Ішоў і нёс на плячах вялізны крыж. Ішло за ім яшчэ дванаццаць, усе ў радне, і на тварах іхніх было ўсё, што душа зажадае, толькі не святасць. Былі на гэтых тварах адбіткі галодных і халодных начэй пад дажджом і другіх начэй, ля карчомнага агню і ў хаўрусе з глякам віна. Было жыццё, якое сяк-так падтрымлівалася падманам… Ішоў, калі разабрацца, самы сапраўдны зброд: аматары выпіць, пад’есці, пераначаваць у чужой адрыне, калі гаспадара няма дома. Ішлі камедыянты, махляры, круцялі, лабатрасы, дагоднікі свайму чэраву, гарэзнікі, насмешнікі. На тварах іхніх былі посныя, добрапрыстойныя, набожныя міны — і гэта было недарэчна і смешна. …а перад імі ішоў чалавек.
З цярновым вянцом на лбе» (VI, 66).
Дзве характарыстыкі: адна з’едліва-саркастычная, другая — іранічная, агульная, без дэталёвай канкрэтызацыі, з добрым дамешкам гумару. Здавалася б, першыя ніколі не могуць змірыцца з прысутнасцю другіх. Яно так бы і атрымалася ў жыцці. Тыя, хто меў бязмежную ўладу, ніколі б не згадзіліся з існаваннем прытворшчыкаў-вальнадумцаў, якія толькі блюзнерылі ды здзекаваліся са служкаў царквы, баламуцілі людзей. Але якое можна было знайсці выйсце, што было рабіць з народам, якога ў той цяжкі год ахапілі пошасць, голад, мор і ў асяродках якога пачынаў спець бунт супраць багацеяў? І святыя служкі царквы знаходзяць рашэнне (яшчэ больш блюзнерскае, чым прытворства Братчыка) — выдаюць Юрася і яго паплечнікаў за Хрыста і апосталаў, якія павінны выратаваць Гарадзенскі край ад усіх бед і напасцей. Юрась становіцца Хрыстом, Багдан Роскаш — апосталам Фамой, былы рыбак Лявон Конаўка — апосталам Петрай, іудзей Іосія Бен Раввуні — апосталам Іудай, астатнія прытворшчыкі былі нарачоны апостальскімі імёнамі Якуба, Яна, Піліпа, Мацея, Варфаламея, Тадэя, Сымона, Андрэя. І пачаліся цуды, якія павінны былі падняць аўтарытэт царквы, зняць у народзе сацыяльную напружанасць. То Хрыстос «корміць» хлебам усіх галодных, то «зводзіць» мышэй з Гародні, то «ажыўляе» п’янага Лазара, то развенчвае «святасць» індульгенцый, што распаўсюджваліся манахамі — служкамі папы рымскага. Але кожнае такое «цудадзейства» ўсё больш і больш набліжала Хрыста-Братчыка не толькі да разумення несправядлівасці, духоўнага і нацыянальнага ўціску, але і неабходнасці барацьбы з імі. У яго душы крышталізуецца пачуццё чалавечай годнасці, неабходнасці змагання за шчасце простага чалавека. Паступова знікаюць, раствараюцца ў народным горы шкалярская зухаватасць, безадказнасць, абыякавасць, іх месца займаюць разважанні пра лёс роднага краю, роднай беларускай зямлі, яе пакуты, пра сваё месца ў акаляючым жыцці. Братчык разумее, што шлях да шчасця народнага будзе і доўгім і цяжкім, магчымы ў барацьбе з цемрашальствам паразы і страты, а можа, нават і смерць. Тым не менш ён змагаецца за набліжэнне далёкага і пакуль яшчэ прывіднага шчасця.
«Голад. Чорная гразь на дарозе. Чорныя хаты. Чорныя сады. І ля кожнай хаты сядзелі дзеці, падобныя на старых. Безнадзейна праводзілі вачыма прахожых апосталаў. Не прасілі. Толькі глядзелі» (VI, 220) — такая карціна штодзённа была перад вачыма Юрася Братчыка. І павёў ён галодных на Гародню. «Людзі, — ціха сказаў ён. — Дзецюкі! Народ мой! Адна ў нас дума, і няма больш сілы маёй трываць, як няма яе ў вас. Цяпер — да канца.
…Хлеб у Гародні. Але я не хачу думаць, што ідзём мы па адзіны хлеб. Не хлеб яны ўзялі ў свой Вавілон, у кубло гадзючае, а хлеб дабрыні вашай, літасці, даверу. Не толькі той кавалак, што нясеце ў рот, а той, які далі б жабраку, суседу, у якога вымерзла ніва, брату з суседняй весі, брату, што прыйшоў з зямлі, на якой голад. Няма ім за гэта даравання, дзе б ні схаваліся — у доме рады, у зборні, у кляштары, у царкве ці касцёле. За абражаную веру ў дабрыню чалавечую — няма даравання. Вы яшчэ зразумееце гэта. За тое, што кожны дзень там распінаюць чалавека, даравання няма» (VI, 352).
Паўстанне гарадзенскага люду закончылася трагічна — у імя Бога былі знішчаны сотні і тысячы невінаватых старых, жанчын, дзяцей. Сеча гэтая ўвайшла ў гісторыю як Ноч Белых Крыжоў, папоўніўшы ганебны спіс сіцылійскіх вячэрняў, тырольскіх ютраняў і начэй на святога Баўтрамея.
Паражэнне гарадзенскага паўстання, суд над Хрыстом «святога сінедрыёна» — Лотр, Басяцкі, Жаба абвінавацілі Братчыка ва ўсіх смяротных грахах: і што «імя Госпада нашого собе прыпісаў і прыўлашчыў, і святую царкву ў зман увёў», і мог «заразіць скажонымі, няправільнымі, памылковымі думкамі, якія — ад д’ябла» («святы суд» пры гэтым не цураецца агавораў, ілжывых паказанняў і проста паклёпу багатых гандляроў і магнатаў, а «яны трындзелі, што ён хацеў разбурыць храм божы, што падрываў гандаль, што замахнуўся на шляхту, магнацтва, царкву і парадак»), — сталі для Братчыка галоўным выпрабаваннем на мужнасць і грамадзянскасць. Гэты экзамен Юрась Братчык вытрымаў з годнасцю. Яго не зламалі ні царкоўнікі, ні каты, не спакусіла прапанова бурмістра Юстына ўцячы цішком, затаіцца, выжыць. Размова з Юстынам — гэта і споведзь чалавека, які праз кроў і слёзы прыйшоў да разумення сутнасці Чалавека, і ўпэўненасць, што толькі чалавек можа вызваліць сябе ад прыгнёту, здзекаў, цемрашальства. «Разумееш, Юстын, — сказаў Братчык, — быў і я накшталт бязгрэшнага анёла. Глядзеў на ўсё цялячымі вачыма і ўсміхаўся ўсяму. Не разумеў. Пасля махляром быў. Такой свіннёй мяне зрабілі, — ды не, і сам сябе зрабіў! — успомніць страшна. Бог ты мой, якія бяздонні, якое пекла я прайшоў! Але цяпер я в е д а ю! Гляджу на неба, на зоры так, як і раней глядзеў, але толькі ўсё памятаю, усё ведаю. І в е д а н н я свайго ніколі не аддам» (VI, 452).
І гэта не паказальнасць, гэта перакананне, непахісная ўпэўненасць Братчыка: за праўду, за Чалавека патрэбна змагацца: «умацуйся ў мужнасці сваёй, сурова сей пасеў свой, не давай яго затаптаць, не спадзявайся, што лёгка аддадуць праўду. Чакай кожную хвіліну бойкі і плахі. Вось — вера. А іншай няма» (VI, 454).
Братчык-Хрыстос, спасцігнуўшы бяздонне несправядлівасці, заганнасць рэлігійнага і нацыянальнага ўціску, пакутнасць народа, заяўляе сябрукам аб сваёй неадрыўнасці ад Белай Русі, яе людзей, іх лёсаў: «Што яны ведаюць, тыя смаркулі, аб нашых безданях? Ды яны і тысячнай долі таго нават не зазналі, што мы ў княстве Беларуска-Літоўскім. Раз ужо я з’явіўся на зямлю — я стану тут. Біцца буду не на жыццё, а на смерць. Казаць буду пра тое, што ёсць чалавек і якое месца яго на Зямлі і ў Сусвеце, дзе пэўна ёсць шчаслівейшыя. Пра Мужнасць, пра Здзек, пра Беды, пра Доблесць казаць буду, а не пра тое, што „Лаўра ўпала ў Луару“. Ах, жах які! Ах, слёзы!.. …А святой службы яны не нюхалі? А вынішчаў? А тысяч замучаных не бачылі? …Гонар тут, цяжар тут, значыцца, і жыццё тут. Іншага народа дзеля мяне цяпер няма» (VI, 409).
Трансфармацыя поглядаў Юрася, яго разуменне акаляючага жыцця вельмі пераканальна занатаваны ў казані нагорнай, выказанай Братчыкам у апошнюю ноч перад паўстаннем у Гародні: «Блажэнны вялікія і добрыя духам, якія б малыя яны ні былі… Блажэнны тыя, што плачуць па сваёй зямлі, няма ім суцяшэння… Блажэнны тыя, хто ахвяруе людзям кроў сваю і свой гнеў, таму што на рахманых ездзяць… Блажэнны міратворцы, калі не прыніжаны чалавек… Блажэнны выгнанцы за праўду… Блажэнны, калі выходзіце са зброяй за просты, бедны люд і падаеце… Таму што тады вы — соль зямлі і святло свету. Любіце і мірыцеся. Але і ненавідзьце тых, хто замахваецца на вас і вашу любоў. Мячом, занесеным над моцнымі, над хцівымі, над забойцамі праўды, дайце ўсім мір. І як спытаюць, нашто прыйшлі, адкажыце: адпусціць злучаных на свабоду, рабоў — з ланцугоў, бедных — з халуп, мудрых — з турмаў, гордых — з ярма» (VI, 382 — 383).
Адзначым і тое, што папулярнасці рамана «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» ў значнай ступені спрыяла багацце моўных сродкаў, выкарыстаных празаікам. «Я не магу абакрасці вас, зрабіць вас бяднейшымі, адабраўшы ў вас гэтую маленькую жамчужыну, згубленую ў старай пыленай кнізе. І адначасова гонар мой не дазваляе мне выдзерці кавалак з „Кронікі Белай Русі“ і паднесці яго вам як сваё. Таму буду казаць я, а там, дзе слабы будзе мой язык, я дам слова летапісцу, які наблытаў і сям-там нахлусіў, але застаўся геніем стылю, геніем мовы, геніем хітрай іроніі і сонечнага гумару» (VI, 337). Аўтарскае моўнае майстэрства ў спалучэнні з мовай эпохі, біблейскай фразеалогіяй і афарыстычнасцю, мовай царкоўных кніг, апокрыфаў, летапісаў, балад, казак і паданняў, прыгожым пісьменствам розных краін далі твор, які ўпэўнівае ў тым, што праз вякі будзе гучаць, «як музыка, пяшчотная і цвёрдая, прыўкрасная, вечная, неўміручая беларуская мова.» (VI, 467).
У. Караткевіч завяршае свой раман сімвалічнай сцэнай: «…сейбіты падымаліся на вяршыню круглага пагорка, як на вяршыню зямнога шара. І першым ішоў насустрач нізкаму сонцу Хрыстос, мерна размахваючы рукамі. І, гатовае да новага жыцця, падала зерне ў цёплую, мяккую зямлю. Выйшаў сейбіт сеяць на нівы свая» (VI, 490). Так на акрываўленую гарадзенскую зямлю падалі зярняты Надзеі, Волі, Чалавечнасці, якія абавязкова прарастуць насустрач сонцу.
Сяўба гэта сімвалічная. Таму што падала на зямлю не проста зерне. Было тое зерне крупінамі адзінай Вялікай ісціны, да разумення якой Юрась Братчык прыйшоў у барацьбе з царкоўнымі і феадальнымі прыгнятальнікамі і якую пасля ўсіх нягод і катаванняў ён не меў права лічыць толькі сваёй. Таму сяўба працягвалася, сяўба свабодалюбства, чалавечай годнасці, нянавісці да ўсякага прыгнёту.
Глыбокае веданне гістарычных рэалій, высокамастацкае асэнсаванне падзей тых далёкіх часоў, суаднясенне беларускай мінуўшчыны з агульнагістарычным працэсам дазволілі пісьменніку не толькі намаляваць у рамане тыповую карціну народнага жыцця сярэдзіны ХVІ стагоддзя, але і стварыць твор, прасякнуты пафасам услаўлення чалавекалюбства, патрыятычнай вернасці роднаму краю, адданасці народу, пастаяннай гатоўнасці змагацца за яго шчасце і справядлівасць.
Неяк Анатоль Франс так выказаўся ў адрас герояў рамана Ф. Рабле «Гарганцюа і Пантагруэль»: «Пра лёс чалавецтва клапаціліся пантагруэлісты, і аракул адказаў ім: піце, прыпадзіце да крыніцы пазнання, вывучайце чалавецтва і сусвет, спасцігайце законы фізічнага і духоўнага свету… піце веды, піце ісціну, піце каханне». Мяркую, што словы гэтыя з поўным правам можна аднесці і да дзеянняў Братчыка і яго «апосталаў», якія, як пантагруэлісты, мараць пра сялянскую справядлівасць, дастатак, магчымасць прыкласці да разумнай справы чалавечыя рукі.
Паказу жыцця і гераічнай барацьбы беларусаў у ХVІІ стагоддзі — трагічным для Белай Русі часе, калі пасля Люблінскай уніі праваслаўе стала актыўна выцясняцца каталіцтвам, а беларуская мова і культура захлыналіся ў палоне паланізацыі (рэакцыяй на ўсё гэта сталі стыхійныя выступленні простага люду супраць прыгнятальнікаў і іх наймітаў. «Напэўна, нясцерпным стала жыццё» — так ацэньвае сітуацыю на Беларусі адзін з замежных наймітаў), У. Караткевіч прысвяціў аповесць «Сівая легенда», якая для чытача стала новым сведчаннем адметных падыходаў аўтара да спалучэння «легендарна-бытавога матэрыялу з канкрэтна-гістарычнымі фактамі, народнага гераічнага эпасу з рамантычнай плынню» (В. Локун). У цэнтры аповесці вобраз рэальнага чалавека — нобіля Рамана з Ракутовічаў, пад кіраўніцтвам якога быхаўскія сяляне змагаліся з уціскам магнатаў і іх прыслужнікаў. Рэальнымі з’яўляюцца і іншыя героі — Леў Сапега, Дэспат-Зяновіч, князь Друцкі, канкрэтна абазначана і месца дзеяння — Быхаў, Кісцяні, Магілёў. Адметна тое, што жыццё і змаганне Рамана Ракутовіча (так яго назвалі людзі, і такім яго абрысоўвае пісьменнік) падаецца ў цеснай сувязі з сацыяльнымі і маральна-этычнымі канфліктамі таго часу. Праўда, некаторыя даследчыкі творчасці У. Караткевіча спрабавалі звесці сацыяльныя аспекты аповесці да канфлікту паміж двума нобілямі — Ракутовічам і Кізгайлам, у аснове якога ляжаць асабістыя амбіцыі Ракутовіча. А як тады быць з аўтарскай пазіцыяй У. Караткевіча? Ён сведчыць: першае, задоўга да таго, як Ракутовіч з паўстанцамі з’явіліся пад сценамі замка Кізгайлы, яны ўзялі замак у Рагачыку, знішчылі шляхту ў наваколлі Зверына; другое, у сварку паміж двума нобілямі чамусьці замешаны канцлер Сапега; трэцяе, адзін за адным падалі шляхецкія замкі, і шляхта Магілёўшчыны мусіла аб’яднацца (не для абароны Кізгайлы) для процістаяння Ракутовічу; нарэшце, чацвёртае, судзяць Рамана не як забойцу Кізгайлы, а як бунтара, зачынальніка смуты супраць магнацтва — нездарма ж суддзям быў выдадзены універсал караля, згода яго рэляцыйнага суда на любое рашэнне шляхты аб нобілю Ракутовічу. Мяркую, што гэтых доказаў дастаткова для развянчання такога пункту гледжання.
Радзіма — Народ — Чалавек — гэтыя паняцці для пісьменніка непадзельныя. Таму і кіраўніцтва паўстаннем прыгонных шляхціцам Ракутовічам ёсць глыбокая дыялектычная ўзаемасувязь паміж грамадзянскім абавязкам, неадрыўнасцю ад народа і разуменнем сваёй асабістай ролі ў жыцці і барацьбе працоўнага люду. І ў гэтым галоўная рыса, галоўная асаблівасць «Сівой легенды». А тое, што побач з лініяй змагання і непрыняццем насілля пісьменнікам развіваецца лінія шчаслівага і непадзеленага кахання Рамана, лінія Ірыны і Любкі Кізгайла, — гэта толькі надае твору эмацыянальнасць, пачуццёвую насычанасць, жыццёвасць. Таксама, як і аўтарскія адступленні (праз роздум і меркаванні швейцарца Канрада Цхакена) аб Беларусі, яе народзе.
Дзевяць год пражыў на Беларусі Канрад Цхакен, «часам пачынаў нават думаць па-беларусінску», а не пераставаў здзіўляцца, усё больш і больш спасцігаючы беларусаў: «…крый божа, калі сярод іх з’явіцца першы паэт — яны затопяць вершамі ўвесь свет і нікому не дадуць спакою…
Яны ўмудрыліся, седзячы ў гэтых быдлячых загонах (Цхакен мае на ўвазе невялічкія старыя крэпасці ў Смалянах, Воршы, Магілёве. — А. Р.), адбіцца ад татар і сто год, абяскроўленыя, супраціўляліся Літве — гэтага досыць» («Сівая легенда». ІІ, 6).
«А гэтыя (беларусы. — А. Р.) паміраюць спакойна — за іх заступаецца божая маці, — так спакойна, быццам у іх шчырыя сяброўскія адносіны і з Богам, і з чортам. І мне здаецца, што яны не вераць у тое і ў другое…
Я не бачыў больш незласлівага, лагоднага і кампанейскага народа. Я не бачыў горшых паноў, чым тыя, што стаяць над ім. Яны ўзялі горшае ў Літвы і шляхты, не паквапіўшыся на іх дабрачыннасці і згубіўшы свае…
Тутэйшым людзям мала трэба: толькі штодзённая луста хлеба з салам, гарэлка на свята. І яшчэ дабрата. Калі з імі добры — яны зробяць усё. Нават калі не будзе сала і гарэлкі, толькі павага» (ІІ, 25).
Падкрэслю: гэта словы іншаземца. Але як глыбока яны раскрываюць сутнасць народа, як пераканана характарызуюць яго лепшыя якасці — дабрыню, смеласць, адданасць справе, павагу да іншых людзей, наогул, усё тое, што складае адно ёмкае паняцце — Чалавечнасць!
І як гнеўна гучаць словы пра беларусаў (дакладней, тую іх частку, што забылася пра родны народ, прыкрываючы свае здзекі над ім высокімі паняццямі шляхецкае чэсці і гонару) з вуснаў Рамана Ракутовіча: «Мужык — станавы хрыбет усяму. А вы яго ў пекла ўвергнулі… Ты ці многа разумееш у гонары? — грымеў голас Рамана. — Ваш гонар у Варшаве Жыгімонту пяткі лізаў. Ваш гонар адзінаверцаў маскоўскіх пад Воршай разграміў і пакуты ім чыніў смяротныя. Ваш гонар сваіх беларусаў на прэнг вешае. Да чаго вы народ русінскі, божы народ, давялі ў подласці сваёй? Дзеў на чужацкі ложак шпурнулі. Краіну ўсю! Слёзы яе вам сэрца не абцяжарваюць?! Веру змянілі, хрыстапрадаўцы! Народ прадалі, гандляры! Сваімі рукамі пятлю на яго звілі ды самі і надзелі. Ва ўніжэнні, ва ўціску ён небу вапіе, а вы лікуеце!
І захрыпеў горлам:
— Я дваран здрадзіў, а ты здрадзіў край. Мне гарэць, а табе пакі. Ды мне, можа, яшчэ і даруе Пан Бог, бачачы, што скроні ў мяне ад мучэнняў сівеюць. А табе — няма літасці» (ІІ, 43).
У прамове, як бачна, няма месца асабістым пачуццям Рамана Ракутовіча. Яе сэнс у выкрыцці здрадніцтва, халуйства, гандлю нацыянальным гонарам і інтарэсамі простых людзей, з аднаго боку, і ў сцвярджэнні ідэі вернасці народу, вернасці бацькаўшчыне — з другога.
У вобразе Рамана Ракутовіча пісьменнік увасобіў лепшыя чалавечыя якасці, якія выпісаны ў векавых традыцыях славянскага гераічнага эпасу, ён прынцыповы ў адносінах да ворагаў, хоць і ведае, што панствам за кіраўніцтва паўстаннем «на смерць асуджаны»; гуманны ў адносінах да Любкі Кізгайла — жанчыны, якая, па сутнасці, стала віноўніцай усіх яго нягод; клапатлівы ў адносінах да паўстанцаў (здаецца шляхце пры ўмове, што яго паплечнікаў адпусцяць); мужны ў час пакарання (кат адсек яму правую руку вышэй кісці, а на левай пакінуў толькі мезены і безыменны пальцы); нарэшце, верны ў каханні да Ірыны, аслепленай па загаду князя. Здзекі і катаванні аказаліся бяссільнымі перад каханнем. «І яна працягнула да чалавека на возе рукі, быццам да святла нябачнага.
— Раман, вазьмі мяне.
Чыясьці рука падхапіла яе, дапамагла падняцца. І там, наверсе, яе з трапяткой прагнасцю, пяшчотна і асцярожна схапілі яго абрубкі, прыцягнулі да грудзей» (ІІ, 70). Цяпер ужо неразлучныя, знявечаныя фізічна, але не зламаныя духам, яны накіроўваліся ў высылку з роднага краю. «І вецер гуляў грывай валасоў, гладзіў твар чалавека і сляпыя вочы той, што прыпала да яго» (ІІ, 72).
«Сівая легенда» — гэта не гістарычная аповесць у традыцыйным сэнсе. Для яе характэрны эпічны размах, узвышана-рамантычнае бачанне пісьменнікам народнага жыцця, эмацыянальны напал, своеасаблівая манера апавядальніцтва, у якой спалучаюцца моўная стыхія старадаўніх часоў і сучасная літаратурная мова, героіка-эпічная аснова з гіпербалізаванай рамантызацыяй, «сказавасць» з рамантычным прыёмам паэтызацыі. Твор з’яўляецца пераканальным сведчаннем таго, што для У. Караткевіча даследаванне гістарычных з’яў і падзей не з’яўлялася самамэтай. Для яго галоўнае — у мастацкім асэнсаванні гістарычнага працэсу, разуменні гісторыі як школы, што дазваляе паглыбіцца ў чалавеказнаўства, зразумець таямніцы чалавечага быцця, аснову ўзаемаадносін людзей з навакольным светам, насыціць творы высокім патрыятычным пафасам.
Пранікненне ў жыццё беларускага сярэднявечча з яго рэзкімі сацыяльнымі кантрастамі, дзе трагічнае існавала побач з камічным, жахлівае са смешным, пачварнае з будзённым, дае пісьменніку вострыя сюжэты, якія ўвесь час трымаюць чытача ў напружанні. Ён яскрава бачыць тыя далёкія падзеі, так даносіць іх да чытача, што той верыць аўтару нават там, дзе ён расказвае неверагоднае.
Як, напрыклад, у аповесці «Цыганскі кароль», у якой лідскі шляхціц і п’яніца Якаў (у Караткевіча Якуб) Знамяроўскі воляй караля Станіслава-Аўгуста быў зацверджаны каралём над усімі цыганамі, меў цыганскую сталіцу ў Эйшышках і адпаведныя каралеўскія прывілеі. Вядомы даследчык жыцця беларусаў А. Кіркор сведчыць, што гэты Якуб «властвовалъ деспотически над всеми цыганскими таборами въ уъездах Лидскомъ, Виленскомъ, Трокскомъ и Ковенскомъ… В 1789 г. вспыхнуло восстание Цыганъ против Знамеровского. Его обвиняли въ разныхъ злоупотребленияхъ, несправедливых приговорахъ и излишнихъ поборахъ». Дзеля важнасці гэты цыганскі кароль спачатку стварыў сабе мудрагелісты тытул: «Літасцю Бога кароль Якуб Першы. Кароль цыганскі, вялікі намеснік Ліды, уладар Мацыевіцкі і Беларускі, гаспадар усіх мясцін, дзе ступаў капыт цыганскага каня, гаспадар егіпцян беларускіх, падляшскіх, абедзвюх Украін і Егіпта, Якуб-кароль» (ІІ, 77 — 78). Ды на ўездзе ў сваё каралеўства паставіў слуп, упрыгожыўшы яго дошкай з сілуэтам каня і надпісам: «Знамяроўскае каралеўства, Бог хай літуе яго. Душ русінскіх два ста, егіпецкага племя — ад зямлі ўсёй весі. Халупы, Жыдзішкі, Чэрнеў брод. Пры іх зямля ворная і пасавіска. Урочышчы Альховы востраў і Княгініна, а таксама тэж балота Недабыліха. Не торкайся з табунамі, калі гонар беражэш і не хочаш на смерць прыправіцца» (ІІ, 75).
Пісьменнік паспяхова выкарыстоўвае прыёмы гратэскавага рэалізму, даючы з’едлівыя характарыстыкі і каралю, і яго прыбліжаным. Вось якім паўстае перад Міхалам Яноўскім — каралеўскім пляменнікам — сам кароль у час першай іх сустрэчы: «…у дзвярах ужо стаяў сам кароль, заспаны, азызлы, і моцна соп носам. На ім была кашуля да пупа і на галаве срэбны абруч. Якуб нагадваў Апалона, калі богу было пад сорак год і ён густа зарос дрымучымі валасамі.
Ніводнай сівінкі ў патлах, нізкі лоб, шырокія грудзі, доўгія магутныя рукі, караткаватыя для тулава ногі, што моцна стаялі на зямлі. І твар гэты быў вельмі азызлы ў шчоках» (ІІ, 78). Такімі ж трапнымі словамі абрысоўвае У. Караткевіч бліжэйшых паплечнікаў караля. Каралеўскі мітрапаліт меў «патройны падбародак і валасатыя рукі», «частыя спатканні з зялёным зміем». Лейб-медыкус «быў худы і жоўты. Вочы, якія надта блізка сядзелі адно ад другога, глядзелі разумна і іранічна з-пад калматай чупрыны; нос быў аж празрысты ад бледнасці…» (ІІ, 81).
Якуб Знамяроўскі «паспяхова» абараняў правы сваіх цыганскіх васалаў у польскім сейме, чыніў там знешнюю палітыку сваёй цыганскай дзяржавы. Але галоўным заняткам былі паборы з сваіх падначаленых (кожны дзесяты конь, кацёл, талер, усё, што належыць цыганам, з’ўлялася яго здабыткам), гулянкі ды камедыйныя судзілішчы. З’едлівую характарыстыку ілжэпафаснай атмасферы ў цыганскай дзяржаве, яе «воінскай» славе дае каралеўскі Медыкус: «Мы цяпер, літасцю нашай шляхты і добранькага Пана Бога, зрабіліся такім народам, што ў нас цыганскае каралеўства — вялікая дзяржава, а бойка на палявой мяжы — знешняя палітыка» (ІІ, 85). Штучнасць сваёй дзяржавы, забітасць і пакорлівасць яе жыхароў і пэўную незадаволенасць такім станам разумее і сам кароль. Разумеючы нікчэмнасць усяго і ўсіх, хто яго акружае, ён у п’яным гневе крычыць: «Вы — падлы, вы — шчанюкі, п’янюгі, нахабнікі. Дзевак ім, віна! Дзе слова, дзе моц, дзе воля, дзе веліч?! Сны ўсё!!! Сны!!!
Мерцвякі вы! Людзей вы толькі распінаеце! І я распінаю, і я б’ю! Дзярмо — людзі! Руку, што б’е, — ліжуць! Хоць бы хто, хоць бы хто мне па мордзе даў у адказ. Гной прымушу вас есці — будзеце жэрці. Хоркну ў твар — у зад пацалуеце. Шляхта! Соль зямлі!» (ІІ, 110).
Цягнулася такое гадоў з дзесяць, пакуль не ўзбунтаваўся люд цыганскі і, захапіўшы на нейкі час уладу, не наладзіў суд над каралём, прыгаварыўшы яго «пугай адсцябаць». Урок гэты пайшоў на карысць. Кароль Якуб Першы выправіўся і, не прыгнятаючы цыганоў, правіў імі да самай сваёй смерці.
Асаблівы каларыт аповесці надае пэўнае суаднясенне гісторыі і фантазіі, спалучэнне рамантычнасці з іроніяй і гумарам, блізкая да раблезіянскай гіпербалічнасць і мудрагелістасць. Чаго варта апісанне адной з самых «славутых» войнаў якія вёў кароль Якуб Першы: «Вялікую славу здабылі ў ёй усе мужныя змагары. Але і страты былі вялікія: адзін шляхцюк адбіў пячонкі, упаўшы з воза; два захлынуліся віном у склепе; пяць чалавек абпіліся да смерці. Яны загінулі за радзіму. Забітых агнястрэльнай і халоднай зброяй не было. Параненых было шэсць. Кантужаных атынкоўкаю — тры. Акрамя таго, „кароннаму суддзі“ вышэйпамянёная свіння ад’ела вуха. Свінню за гэта раніцаю прысудзілі да страты і з’елі пад чорнай падліваю. Нарабілі брыдкасцей і насваволілі — у ахвоту» (ІІ, 105).
Калі б у «Цыганскім каралі» развівалася толькі адна сюжэтная лінія — сатырычнае выкрыццё камедыйнага каралеўства Знамяроўскага, то ўжо за гэта аповесці быў бы наканаваны шчаслівы лёс.
Але для У. Караткевіча галоўнае было не толькі ў выкрыцці здзекаў і гвалту. Сутнасць твора, на наш погляд, трохі іншая — выхад на сацыяльныя праблемы. І, у першую чаргу, на тэму гістарычнага развіцця беларусаў, тэму нацыянальнай годнасці беларускага народа. Не шляхты, пра якую быццам пра соль зямлі разважае Міхал Яноўскі. А менавіта простага народа, не халопа па сваёй першароднай якасці, а нескаронага змагара, які быў вялікі «пад Крутагор’ем, Піленамі, Грунвальдам, падчас вялікай мужыцкай вайны семнаццатага стагоддзя». «І што шляхта зрабіла для яго?» — пытаецца ў Яноўскага медыкус. І сам жа адказвае: «Мы спудзіліся яго сілы, калі ён разбіў татар. У той час мы прадалі нашы вольныя княствы Літве: яна, маўляў, падтрымае нас супраць нашых сярмяжных братоў. Добра, мы асімілявалі Літву, мы пачалі набірацца сілы дзякуючы народу. І тады мы пайшлі на другую здраду: прадалі свой край палякам, адракліся ад веры, мовы, самастойнасці, шчасця, першародства дзеля чачавічнай поліўкі, дзеля ўлады, дзеля ганебных грошай. Злоснаму ворагу прадалі» (ІІ, 85 — 86). Меркавалі, што гэта будзе ўраўнаванне правоў Літвы і Беларусі з каронаю, а на справе адбылося ўраўнаванне ўсіх перад тварам галоднай смерці, вынішчэнне мілай, паўнагучнай, як поплаў, блакітнай беларускай мовы, пышнымі кветкамі расцвіла пагарда да мужыка, наогул, усяго беларускага народа, яго традыцый і звычак. «Па ўсёй зямлі маўчыць хлоп. Жонку яго цяжарную сцёгаюць — ён пану ручкі цалуе, галаву яму прабілі — ён крычыць: «Бацька наш, каралеўская кроў, вядзі» (ІІ, 106). Але ж наступіць час, калі народ абудзіцца, зразумее сваю ролю і годнасць, ды й знойдзе такога абаронцу, якім на Вялікай Русі быў Сцяпан Пугачоў, а на Белай Русі — Раман Ракута. Прыходзіць да такога вываду і Міхал Яноўскі. Доўгія гутаркі з вальтэр’янцам Медыкусам фарміруюць яго асабістую ўпэўненасць: «Ён (народ Беларускі. — А. Р.) устане, ён выпрастаецца. І ён пакажа ўсім, якая ён сіла, як ён умее працаваць, ствараць, спяваць…» (ІІ, 128).
Спалучэнне сатырычна-выкрывальнага пачатку (дэспатычнай улады, хай і ў бутафорным цыганскім карлеўстве) з сацыяльна-аналітычнай распрацоўкай надзённых нацыянальных і духоўных праблем развіцця грамадства робіць «Цыганскага караля» творам актуальным, жыццёвым, сацыяльна значным, у якім мастацкая «рэканструкцыя» рэчаіснасці падаецца пісьменнікам як аснова для маральнага ўдасканалення асобы, раскрыцця яе творчых магчымасцей, яе грамадскага разумення адказнасці за ўсё, што адбываецца навокал.
У аповесці «Ладдзя Роспачы» (у першых выданнях жанр твора вызначаны як легенда) У. Караткевіч зноў заглыбляе чытача ў далёкае шаснаццатае стагоддзе. «Жыў сабе год чатырыста назад у беларускім горадзе Рагачове небагаты, але добрага роду дваранін па прозвішчы Гервасій Выліваха» — такімі адназначнымі часавымі і прасторавымі характарыстыкамі пачынае пісьменнік свой распавед. Тут, праўда, няма проціборства багатых і бедных, прыгнятальнікаў і прыгнечаных. Сутнасць аповесці — філасофскае асэнсаванне праблемы «чалавек і смерць». Здавалася б, цяжка парушыць адвечныя, дыялектычныя законы прыроды, і асабліва такі, як адмаўленне адмаўлення. На змену старой заўсёды прыходзіць новая якасць, якая паступова старэе, уступаючы месца больш новай і г.д. і г.д., адбываецца вечны кругаварот у жывой прыродзе.
Да месца будзе прывесці ўспаміны Р. Барадуліна аб тым, як стваралася «Ладдзя роспачы». «А вандраванне рукапісу „Ладдзі роспачы“ мае як не дэтэктыўную гісторыю. Напісаў Караткевіч сваю найталенавіцейшую рэч. Чытаў і прысвяціў мне (Р. Барадуліну. — А. Р.). Рукапіс мне падарыў. А паколькі „Ладдзя роспачы“ і не мела намеру прыставаць да берага сацыялістычнага рэалізму, дык не друкавалі нідзе. Васіль Сёмуха пераклаў на рускую мову. Даў у „Нёман“. Праз нейкі час з’явілася надзея надрукаваць у арыгінале. Перадрук недзе згубіўся. Рукапісу Уладзмір не мог дашукацца. І ўзнікла ў аўтара ідэя перакласці на беларускую мову сваю рэч з Сёмухавага перакладу. Ды выручыў выпадак. У Вушачы пераглядаю паперы — рукапіс „Ладдзі роспачы“. Прывожу. Адзначаем падзею, што знайшлася прапажа. Назаўтра спахопліваецца шчаслівы аўтар: а дзе ж рукапіс? Зноў шкуаем. І, урэшце, за газавай плітою ў маёй кватэры на Рэспубліканскай знаходзіцца рукапіс. Нясём перадрукоўваць у некалькіх экземплярах. Мне Уладзімір вяртае рукапіс, яшчэ раз падпісаўшы. Зусім нядаўна сказаў пра такія прыгоды „Ладдзі…“ Васілю Сёмуху. Узрадаваўся болей, як Уладзімір Караткевіч, калі рукапіс аб’явіўся, бо аўтар пад гарачую руку ўпікаў перакладчыка, нібыта ён згубіў рукапіс, а пасля не сказаў яму пра знаходку».
Герой аповесці Гервасій Выліваха ідзе на двубой са Смерцю і пры гэтым, здаецца, парушае звычныя філасофскія каноны. Яго ўлюбёнасць у жыццё, трываласць і вера ў чалавечыя магчымасці дазваляюць не проста перамагчы Смерць, але і прымушаюць яе прызнаць сілу жыццялюбства беларусаў. «Больш за ўсё, — гаворыць Смерць Гервасію па дарозе ў пекла, — я не люблю прыходзіць да такіх, як ты. …Яны такія прагныя да жыцця, што я пачынаю думаць: ці не памылілася я са сваёй работай. І яны так любяць гэтую зямлю, што я ў сваіх пячорах пачынаю на хвіліну зайздросціць ім» (ІІ, 139). Менавіта гэтая цяга да жыцця, неўтаймавальны гумар, жадане быць самім сабой да канца паядынку са Смерцю і яе прыбліжанымі дазваляюць Гервасію выйграць шахматую партыю (хай з невялічкім падманам), у якой стаўкай было жыццё самога Вылівахі і яго новых сяброў па пякельным царстве. Смерць, з усімі яе захадамі не ўстаяла перад чалавекам, які носіць з сабой сваё неба і для якога кветка шыпшыны, адвечная, як зямля, як жыццё, за якое трэба пазмагацца. Кветка гэта, услаўляючы Беларусь-Бацькаўшчыну, гарыць-цвіце «ўсё лета, каб ніхто не застаўся без роднай кветкі, калі прыйдзе час адыходзіць з нашай добрай зямлі, каб у кожнага была кветка» (ІІ 167). І вось Выліваха, гэты «брахун, п’янюга, бабнік, бязбожнік, ерэтык, злачынец, абжора, пудзіла ўсіх добрых людзей», чалавек з шыпшынай выйграе паядынак у самой Смерці, таму што «дзёрзка рве панылае наканаванне і плюе на „спрадвечны“ закон» (ІІ, 162), таму што змагаецца да канца.
І вяртаецца Гервасій Выліваха зноў на родную зямлю, каб прадоўжыць род чалавечы з той адзінай, якую ён выцягнуў са смяротнага пекла. Неадольная цяга да жыцця, каханне да язычніцы Бярозкі, жаданне змагацца за яго нават з самой Смерцю, вера ў чалавечыя магчымасці ў барацьбе са злом — гэта не толькі лейтматыў невялічкай філасофскай аповесці, але і сведчанне веры пісьменніка ў ідэалы дабра і справядлівасці, бясконцасць жыцця і чалавечага існавання.
У рамане «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», аповесцях «Сівая легенда», «Цыганскі кароль», «Ладдзя Роспачы» У. Караткевіч прадэманстраваў не толькі сапраўднае пісьменніцкае майстэрства, але і грунтоўнае філасофска-эстэтычнае мысленне. Ён змог у сівой мінуўшчыне знайсці і выбраць тыя духоўныя, маральныя каштоўнасці, якія не губляюць сваёй значнасці ў наш час і выступаюць багатай спадчынай для будучых пакаленняў. Легендарна-паэтычнае асэнсаванне гістарычных рэалій, выдатная здольнасць передаць мясцовы каларыт у шырокім разуменні гэтага паняцця, моцная эмацыянальная насычанасць мовы, вера ў родны народ і Чалавека, у сілу і вялікасць яго творчага патэнцыялу надаюць гістарычным творам пісьменніка вялікі гуманістычны сэнс, выхоўваюць дух павагі і любві да родных мясцін, Айчыны, Маці-Беларусі.
Неяк Бальзак так выказаўся пра творчасць Вальтэра Скота: «Вальтэр Скот падняў да філасофскага значэння гісторыі раман… Ён укладваў у яго дух старажытных часоў, ён аб’ядноўваў у ім адначасова драму, дыялог, партрэт, пейзаж, апісанне; ён уводзіў у яго цудоўнае і рэальнае, гэтыя элементы эпапеі, і ўвязваў з паэзіяй самую простанародную і «низменную» мову. Ёсць усе падставы суаднесці такую ацэнку з творчасцю У. Караткевіча. Мяркую, што з гэтым пагодзяцца і чытачы, і тыя літаратурныя крытыкі, якія неаднойчы параўноўвалі гістарычныя творы У. Караткевіча з творчасцю Вальтэра Скота.
Звязваючы разам узаемавыключнае, асвячаючы «таямнічае» чыста рэалістычнымі фарбамі, парушаючы сваімі творамі звыклыя ўяўленні, У. Караткевіч стварыў своеасаблівую літаратурную гісторыю Беларусі — драматычную, трагічную, гераічную, напоўненую прыкладамі вялікай мужнасці і ахвярнасці яе лепшых сыноў у барацьбе з прыгнятальнікамі народных мас. Тыя яго творы, што данеслі да чытача складанасць жыцця беларусаў у далёкім сярэднявеччы, як цяпер бачна, з’явіліся важкім этапам, нават асновай, для стварэння вялікага літаратурнага палатна на матэрыялах айчыннай гісторыі.
І гэтым творам стаў раман «Каласы пад сярпом тваім» (першы беларускі гістарычны раман у поўным сэнсе гэтага слова — С. Андраюк, Г. Кісялёў, А, Сямёнава і інш.).
У 1968 годзе беларускія чытачы змаглі пазнаёміцца з першай і другой часткамі гістарычнага рамана У. Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім», праца над якім вялася на працягу дваццаці гадоў (паралельна з мастацкай распрацоўкай тэмы за гэты час былі напісаны і надрукаваны вершаваныя (напрыклад, «Нявесце Каліноўскага») і публіцыстычныя творы («Гэта было 10 сакавіка 1864 года», «Горад паўстае» (1863-1864 гг.). Збылася нарэшце задума юначай пары — увасобіць у мастацкай форме нарастанне рэвалюцыйнай сітуацыі на Беларусі ў 50 — 60-х гадах мінулага стагоддзя, прасачыць шляхі, якімі ішлі да паўстання 1863 года яго ўдзельнікі, стварыць высокамастацкія вобразы кіраўнікоў паўстання, у тым ліку і вобраз Кастуся Каліноўскага.
«Задума, — расказвае У. Караткевіч аб стварэнні рамана, — з’явілася яшчэ тады, калі я быў студэнтам Кіеўскага універсітэта. Замест таго каб хадзіць на лекцыі, сядзеў у бібліятэцы над старымі кнігамі. Паступова перад маімі вачымі паўставалі прываблівыя постаці маіх продкаў — мужных, свабодалюбівых людзей. І сярод іх — паўстанцы 1863 года, якія не шкадавалі жыцця, змагаючыся за „нашу і вашу свабоду“. Ведаючы толькі тое паданне (сямейнае паданне аб расстраляным у 1863 годзе паўстанцу. — А. Р.), я напісаў свой „Паром на бурнай рацэ“ (толькі пазней, праз некалькі год, я знайшоў судовую справу ягоную ў Віленскім архіве, усё, як выявілася, было так, як расказвалі мне). А потым дзядзька паказаў мне на Дняпры мясціны, дзе адбываліся тыя падзеі. Руіны гаўптвахты, дзе расстрэльвалі людзей, і конскія могілкі, дзе іх потым закопвалі. Паступова ў мяне расло жаданне расказаць пра іх подзвіг, зберагчы памяць. Пачаў вывучаць архіўныя дакументы, запісваць мясцовыя паданні (сучаснікі У. Караткевіча сведчаць, што пісьменніка вельмі ўразіла апакрыфічная малітва ратнікаў, пачутая ім ад роднага дзядзькі. Малітву гэтую ратнікі чыталі толькі раз, перад смерцю. Яны прасілі ў Бога сілы памерці з годнасцю, як паміраюць каласы пад сярпом жняі, каб потым зрабіцца хлебам). Спачатку падзеі рамана былі лакалізаваны толькі ў Прыдняпроўі. Потым прыйшлося пашырыць рамкі, перакінуць з Прыдняпроўя „мосцікі“ ў Вільню, Пецярбург, Варшаву». І як аказалася потым, «мосцікі» гэтыя былі для аўтара аб’ектыўнай неабходнасцю. Яны не толькі не знізілі ідэйна-эстэтычны ўзровень рамана, а, наадварот, зрабілі яго больш маштабным, пераканальным, дапамаглі пісьменніку спасцігнуць і адлюстраваць дух эпохі.
Вядомы беларускі літаратуразнавец В. Івашын дае раману такую ацэнку: «…самая вялікая каштоўнасць рамана Караткевіча ў тым, што яго мастацкая канцэпцыя грунтуецца на канкрэтным гістарызме ў адлюстраванні рухаючых сіл паўстання 1863 года, прычын яго слабасці, матываў сацыяльных паводзін і псіхалогіі яго ўдзельнікаў».
Сацыяльна-гістарычны раман У. Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» — гэта бадай што першы ў сучаснай беларускай літаратуры буйны шматпланавы, нават панарамны, твор пра гістарычнае мінулае беларускага народа. Аднаўляючы для чытачоў падзеі больш чым стогадовай даўнасці, перыяд, калі неабходнасць сялянскай рэформы дыктавалася самім жыццём, У. Караткевіч імкнуўся гістарычна падыходзіць да асвятлення падзей 1863 года. Ён аналізаваў іх сацыяльна-эканамічную сутнасць, іх гістарычнае значэнне для лёсу беларускага народа, іх уплыў на далейшае развіццё нацыі. Пры гэтым характэрнай асаблівасцю твора выступае аўтарскае разуменне гісторыі як працэсу, у якім дыялектычна ўзаемазвязаны гісторыя, філасофія, эстэтыка і публіцыстыка. Менавіта такая сувязь стала асновай, на якой У. Караткевіч сфармуляваў законы і правілы гістарычнай раманістыкі (тым больш што сур’ёзны гістарычны раман на той час у беларускай літаратуры адсутнічаў), абазначыў межы жанру і перспектывы яго далейшага развіцця.
Сваю ўвагу пісьменнік канцэнтраваў на наступных асноўных напрамках. Па-першае, гэта мастацкі аналіз побыту, сацыяльна-палітычнай атмасферы жыцця прыдняпроўскага дваранства, перадавых (Вежа) і рэакцыйных (Кроер) яго плыняў, якія ў многім вызначалі і поспехі, і няўдачы паўстаўшых сялян: па-другое, гэта прыход да паўстання 1863 года прадстаўнікоў перадавога беларускага і польскага дваранства (сюжэтная лінія прадстаўлена Загорскім, Каліноўскім і Серакоўскім); па-трэцяе, перарастанне неасэнсаваных стыхійных выступленняў сялян у арганізаваную барацьбу супраць прыгнятальнікаў (распрацоўка вобразаў тут вядзецца па лініі Кагуты — Корчак); па-чацвёртае, паказ жыцця высокіх палітычных колаў (галоўныя дзейныя асобы Валуеў, Мураўёў). Народ і гісторыя, народ і асоба, народнасць і патрыятызм, іх вытокі, карані і роля ў фарміраванні нацыянальнай самасвядомасці, вызвольны рух, яго рухаючыя сілы, змест і неаднароднасць — усё зліваецца пад пяром аўтара ў цэласнае панарамнае мастацка-гістарычнае палатно.
«Пісьменнік, — піша балгарскі крытык Сімяон Уладзіміраў, — раскрывае ўсю складанасць падрыхтоўкі паўстання, паказвае барацьбу дзвюх плыняў — шляхецкай і народнай, якую ўзначальвае Кастусь Каліноўскі. Але побач з вобразам Каліноўскага, які для беларускага народа такі ж блізкі, як для балгараў вобраз Леўскага, У. Караткевіч стварае і вельмі цікавы вобраз Алеся Загорскага (асобы і гістарычнай, і малавядомай), плён пісьменніцкай фантазіі, увасабленне душэўнай чысціні, патрыятызму, самаадданасці».
У. Караткевіч ішоў да паўстання 1863 года праз даследаванне шляхоў сталення галоўнага героя, яго асабістых адносін да прыгоннага сялянства, мясцовых дваран, яго інтымнага жыцця. Дзіцячыя гады Алеся Загорскага ў сялянскай сям’і Кагутоў (дарэчы, расказ пра выхаванне дзяцей прыдняпроўскіх дваран у сялянскіх сем’ях з мэтай спазнання сапраўднай цаны працы, хлебу — адна з тых малавядомых старонак, што заўсёды выклікаюць цікавасць у чытача), доўгія размовы з непрадказальным вальтэр’янцам Данілам Вежай, вучоба ў гімназіі і Пецярбургскім універсітэце, знаёмства з Тарасам Шаўчэнкам, Вінцэнтам Дуніным-Марцінкевічам, Станіславам Манюшкам, братамі Каліноўскімі, нарэшце, кіраўніцтва падрыхтоўкай паўстання ў Прыдняпроўі, — усё гэта штрыхі да стварэння вобраза героя прывабнага, цэласнага, здольнага на гераізм і ахвярнасць у імя народа. Тут, напэўна, будзе мэтазгодным звярнуцца да асабістых разважанняў пісьменніка, звязаных з раманам «Каласы пад сярпом тваім». «У параўнанні з тым варыянтам, які друкаваўся ў „Полымі“, у рукапіс унесены вялікія змяненні. Прыйшлося пагадзіцца з некаторымі заўвагамі. Вядома, не ўсімі. Сёй-той з рэцэнзентаў хацеў, каб у цэнтры рамана аб паўстанні 1863 года я паставіў не князя Алеся Загорскага і яго сяброў, а селяніна, накшталт Корчака. Але ж гэта супярэчыла б гістарычнай праўдзе. З новых прац рускіх, беларускіх, літоўскіх і польскіх гісторыкаў — для прыкладу назаву прозвішчы Смірнова, Кісялёва, Кяневіча — бачна, што рухаючай сілай паўстання ў Беларусі была якраз шляхта. Не мог я згадзіцца і з тымі заўвагамі, дзе мне прапанавалася „абяліць“ некаторых прыгоннікаў, накшталт Кроера, зрабіць іх менш жорсткімі».
Алесь Загорскі, а яго вобраз з’яўляецца найбольш цэласным, — натура паслядоўная, бескампрамісная і дзейсная, яскравы прадстаўнік прагрэсіўнай беларускай шляхты, якая аб’ектыўна ацэньвала тагачаснае становішча Расіі і адзіны выхад бачыла ў адмене прыгонніцтва. (Лепш за ўсё пісьменнікам у якасці прадстаўніка гэтай групоўкі выпісаны дваранін Загорскі-Вежа.) Апавядаючы свайму ўнуку Алесю Загорскаму пра вынікі дваранскага сходу, які павінен быў вырашыць пытанне аб адмене прыгонніцтва, ён узрушана, рэзка выказваецца: «А што ў іх за душою? Польшча ў іх за душою?! Свая зямля?!
Польшчу яны прапілі. Расея для іх — чорналапатніца, свая зямля ім — мачыха. Сволач пан, кругом сволач… Ваські Вашчылы на іх мала, Ямелькі Пугача, Ромкі Ракутовіча на іхнія паскудныя шыі!» («Каласы пад сярпом тваім». ІV, 240).
Запалі такія словы ў душу юнага Алеся. Усё часцей і часцей у яго ўзнікаюць пытанні аб сутнасці царызму, аб прыгонніцтве, аб шляхах грамадскага развіцця. Добра ведаючы акаляючае яго жыццё, супярэчнасці, ганьбы, Алесь разважае: «Я мужык. Я князь, але я і мужык. Магчыма, мяне тым дзедзькаваннем (адзін з прыёмаў выхавання, калі дваранскіх дзяцей на гады аддавалі ў сялянскія сем’і) няшчасным зрабілі. Але я таго няшчасця нікому не аддам. У ім маё шчасце. Яно мяне відушчым зрабіла. Вярнула да майго народа. Да гнанага, да абрэханага кожным сабакам. І я цяпер з ім, што б ні здарылася» (V, 11).
На вобраз Алеся Загорскага праектуецца не толькі ідэйны сэнс рамана, але і ў пэўнай ступені сацыяльна-гістарычны змест эпохі, яе супярэчнасці і прагрэсіўныя тэндэнцыі. Яго прыход да кіраўніцтва паўстаннем — гэта заканамерны вынік выспявання класавай і нацыянальнай самасвядомасці перадавой часткі дваранства, фарміравання ў яго сапраўдных патрыятычных пачуццяў. Неаднойчы задумваўся Алесь над цяжкай сялянскай доляй. «Палі. Палі. Палі. Безліч разоў амытыя сялянскім потам і мужыцкай крывёю. Няма на іх месца, на якім не ступіла б нага мужыка, над якім не прасвісцеў яго серп, не заспявала б каса, не сцёбнуў бізун. «А ў мяжу, жнейкі, у мяжу. А ў мяжы прыганяты».
Жоўцю мужыцкай, злосцю мужыцкай дыхаеш ты, здранцвелы абшар палёў. Чаму гэта так? Хто закляў цябе? Дакуль будзеш ты рабыняй, зямля?!«(ІV, 159).
І не проста разважае, а ўгаворвае бацьку адпусціць на волю Кагутоў, яшчэ задоўга да рэформы, даруе вольную для таленавітай актрысы Гелены, якая пазней верне Алеся да жыцця, дзе «зоры сталі зорамі, свет светам, а чалавек чалавекам» (V, 76).
Разуменне неабходнасці аб’яднання ўсіх заняволеных нацый у барацьбе з прыгнятальнікамі, інтэрнацыяналізм Загорскага асабліва ярка праяўляецца ў спрэчках з прадстаўнікамі «белых», той часткай польскіх дваран, што выступалі за «адзіную і непадзельную Польшчу». «Наш трыумф у яднанні, — фармулюе сваю думку Загорскі. — Яднанні з левымі элементамі, якой бы нацыі яны ні былі: палякі, украіцы, рускія, літоўцы, курляндцы…» (V, 173).
Сталая грамадзянская пазіцыя Алеся Загорскага, яго патрыятызм, адданасць ідэі нацыянальнага вызвалення яскрава праявіцца ў публічнай крытыцы панславізма прафесара Руніна: «…Мы патрыёты больш за вас. Але мы не хочам велічы за кошт іншых народаў. Бо ўсе людзі зямлі — браты. І ўсе яны падобныя адзін на аднаго і на нас. На свеце няма горшых народаў… А калі ёсць, то іх робяць толькі такія, як вы» (V, 190).
Разумее Загорскі і ўсю недарэчнасць царскага маніфеста 1861 года аб скасаванні прыгону. Фармальна народу давалі волю, а на самай справе адзін від эксплуатацыі замяняўся другім, больш вытанчаным. «Бедныя, бедныя людзі! — думаў Алесь, слухаючы тэкст маніфеста. — Як каласы, як травы пад сярпом тваім, грубая сіла. Ну што ж, калі твая «неабходнасць» не можа даць ім палёгкі, і волі, і шчасця — тым лепей. Тады па сваёй «неабходнасці» яны стануць каласамі пад сярпом волі, радзімы, паўстання, бітвы, каласамі, якія памруць, магчыма, але памруць, каб вырасла новая рунь. Гэта будзе скора. Нядоўга чакаць! (V, 384).
Знаходзіць у сваім рамане аўтар месца і для таго, каб паказаць высокую духоўнасць Алеся Загорскага праз яго каханне да Майкі Раўбіч. Прывядзём у якасці прыкладу наступны эпізод з іх адносін. «Ведаю, — сказаў ён, нейкім шостым пачуццём адгадаўшы, што яна думае. — Трэба назваць дзве гэтыя зоркі ля Воўчага Вока. Іх жа ніхто не бачыць (Алесь і Майка назіраюць зоркі. — А. Р.). Дык мы дамо адной тваё імя, а другой — маё. І гэта будзе наша таямніца. І нашы імёны будуць вечныя, як тыя зоркі. Заўсёды.
— Заўсёды-заўсёды, — сказала яна. — Нават калі нас не будзе… праз тысячу год… Зорка — Майка і зорка — Алесь» (ІV, 252).
Здавалася, у юнацкім узросце якіх-небудзь складанасцей паміж ім і ёй не павінна быць. Але насцярожваюць ужо тыя абставіны, што паміж Загорскімі і Раўбічамі адносіны сталі настолькі абвостранымі, што набылі характар варожасці. Вядома, гэта наклала свой знак і на адносіны паміж Алесем і Майкай. То яны становяцца адкрытымі — маладым людзям падаецца, што гэта і ёсць сапраўднае шчасце, то гэтыя адносіны аказваюцца на мяжы разрыву — ад залішняга дваранскага гонару ці юнацкай пакрыўджанасці. Але, магчыма, у гэтым і мае рацыю У. Караткевіч: трэба перажыць, адчуць і ў каханні ўсе складанасці жыцця, выбіраючы сваю адзіную і жаданую. І як справядліва зазначыў Я. Гарадніцкі, «каханне існуе ў рамане не для знешняй займальнасці, яно з’яўляецца неабходнасцю, без якой наогул не ўяўляецца жыццё».
Свядомы прыход да арганізаванай барацьбы з царызмам, далучанасць Алеся да вырашэння гісторыі народа прадстае як рэалізацыя асабістай мары, «повязь, яго шчаслівага, з усім жывым» (ІV, 212). Адчуванне супрычаснасці з гістарычным працэсам «давала змогу яму, Алесю, любіць усіх людзей, як самога сябе, бо ўсе былі адно, і над гэтым адным не было ўлады часу» (ІV, 213). Цяпер «нават немагчымае належала Алесю. Ён быў гаспадаром часу, вякоў, абшараў, бо ўсе людзі вялікай ракі, і ўсе Л ю д з і, увесь Р о д — гэта ён, а ён — яны» (ІV, 214).
У Загорскага, як і ў многіх іншых рэвалюцыянераў 60-х гадоў мінулага стагоддзя, адметна бачны моцныя і слабыя бакі тагачаснай рэвалюцыйнасці: непрыняцце гвалту і эксплуатацыі і імкненне да барацьбы — з аднаго боку, і цьмянасць ідэалаў і невыразнае ўяўленне пра канчатковыя мэты гэтай барацьбы — з другога.
Але менавіта вобраз Алеся Загорскага хваляваў пісьменніка. Пра гэта сведчыць аповесць У. Караткевіча «Зброя», якую пісьменнік называў адгалінаваннем рамана «Каласы пад сярпом тваім». У яе аснове — выкананне Загорскім даручэння К. Каліноўскага: закупіць зброю для паўстанцаў (чытачы, спадзяюся, памятаюць, што размова пра гэтую акцыю ішла ў адным з пісьмаў у канцы рамана «Каласы пад сярпом тваім»).
Назва твора, сведчыць У. Караткевіч, сімвалічная. «Зброя» — гэта значыць, што так нельга жыць далей грамадству, у якім жыве Алесь, што настаў час мяняць самадзяржаўны лад, што народ прыйшоў да гэтага і рыхтуе сваю зброю«.
У сваёй прадмове да аповесці пісьменнік растлумачыў, як нарадзіўся твор: «Шчыра кажучы, нечакана. І таму я павінен сказаць пра гэта некалькі слоў. Спачатку павінен быў быць невялікі раздзел трэцяй кнігі рамана. Менавіта аб тым, як пэўная колькасць рук атрымала зброю. І раптам, як гэта часта бывае, героі пачалі сваволіць, выломлівацца са свайго асяроддзя, а значыць, і з тканіны рамана».
І вось у лютым 1862 года аўтар выправіў будучага камісара паўстанцаў Ніжняга Прыдняпроўя князя Алеся Загорскага са сваімі паплечнікамі за зброяй у Маскву. Адначасова ён павінен быў вырашыць і другую праблему — паспрабаваць вызваліць Андрэя Кагута, асуджанага на пажыццёвую высылку за тое, што спяваў на кірмашы песню, напісаную рукой Загорскага.
Выпадковасць зводзіць Загорскага са стараабрадцам Чыўіным. І з яго дапамогай ён знаёміцца з тагачаснай Масквой, дзікімі норавамі яе дна (многія пытанні вырашаліся якраз тымі людзьмі, што ўжо былі выкінуты грамадствам у тую смярдзючую клааку), такімі, якія, паводле слоў У. Караткевіча, і самому Гіляроўскаму не сніліся. Гэта было абсалютна чужое, «незразумелае яму асяроддзе, дзе можна прыгразіць і забыць, дзе на словах можна дараваць, але да смерці помніць зло і пры зручным выпадку ўдарыць. Адным словам, дзе законы такія: хочаш выжыць — умей хітрыць, выкручвацца, хлусіць».
І ён яшчэ раз адчуў, як прыніжаецца чалавечая годнасць «власть имущими».
Загорскі выконвае абедзве задачы.
Аповесць чытаецца на адным дыханні. І дзякуючы рамантычнай фабуле і нават больш таму, што чытачам прапануюцца каларытныя карціны Масквы шасцідзесятых гадоў мінулага стагоддзя, якія робяць не менш жывое ўражанне, чым у вядомай кнізе У. Гіляроўскага «Масква і масквічы». Але цяпер перад намі чалавек, які выбраў адзіны для сябе шлях — шлях барацьбы з царызмам, шлях сумленнага чалавека, які далей не можа «цярпець гэта гнілое, душнае ліхалецце, хлусню, разважанні кроераў, мусатавых, корвідаў, дэмбавецкіх — усёй гэтай навалачы» («Каласы пад сярпом тваім». V, 414). І яго дзеянні па набыццю зброі не выклікаюць пачуцця неверагоднасці і надуманасці.
Алесь Загорскі яшчэ раз прадстане перад чытачом — у двух раздзелах з другой кнігі рамана «Каласы пад сярпом тваім». Пад назвай «Брань» яны былі надрукаваны ў кнізе твораў (проза, драматургія, публіцыстыка) У. Караткевіча, якая выйшла з друку ў 1996 годзе, як бы падводзячы вынік шматгадовай рабоце рэдакцыйнага калектыву «Мастацкай літаратуры» над найбольш поўным васьмітомным выданнем.
Калі ў «Зброі» Алесь знаходзіцца ў пастаянным руху і пастаянных сувязях з самымі рознымі людзьмі, то ў «Брані» абставіны і ўмовы яго жыцця некалькі іншыя. Кола персанажаў, якія акружаюць Алеся, даволі вузкае (тры царскія чыноўнікі — Ісленьеў, Беклемішаў і Мусатаў, загоршчыцкія мужыкі ды… спаніель Алма і шалёны воўк), невялікі і часовы прамежак (толькі месяц, калі Алесь знаходзіўся пад хатнім арыштам пасля мужыцкага бунту ў Гарыпяцічах). Тым не менш гэта не перашкодзіла пісьменніку зноў праявіць сваё ўменне аналітычнага даследавання складаных грамадскіх і асабовых філасофска-этычных праблем. І галоўная з іх — завяршэнне сацыяльнага і маральнага сталення характару Алеся Загорскага. Не, яно адбылося не тады, калі герой на жандарскіх допытах выгароджваў сялян-бунтаўшчыкоў, і не тады, калі ён сам-насам са сваімі думкамі сядзеў у палацы, не выходзячы да сяброў і не прымаючы іх у сябе. Момант гэты, як прасвятленне, як боская іскра, як катарсіс наступіць зусім у іншых умовах — на паляванні, нават не на ім, а калі Алесь, пасля адсідкі ў палацы, усё ж рашыўся з ружжом і сабакам прайсціся па ваколіцах. Развязка, на наш погляд, пададзена ў караткевічаўскім стылі: адбываецца сустрэча Алеся з шалёным ваўком (гэта не проста звер, але тое шалёнае грамадства, якое акружае Алеся і яго сяброў!), адной драпіны якога хопіць для знішчэння жывой істоты. Калейдаскоп думак узнікае і мітусіцца ў галаве Алеся пасля яго сустрэчы са страшным зверам: «Ці трэба? Калі не, дык што рабіць? Можа, лепш абысці?..»
Зусім кароткі час цягнуўся роздум («А што ў гэты момант было ў душы?»). «Сліна набягала ў роце. Алесь паспрабаваў глынуць і адчуў, што не можа, быццам гэта пачыналася ўжо». І усё ж рашэнне адзінае прымаецца адназначна: вынішчыць заразу. Ён не проста забіў шалёнага звера, ён перамог сябе, ён, нарэшце, усвядоміў, што, не вынішчаючы шаленства царскага самаўладдзя, у жыцці нічога не зробіш. І тады Алесь «зразумеў са страшнай палёгкай, што гэта ўсё, усё. Зразумеў, што ён перамог нешта такое, пасля чаго ён ніколі не будзе баяцца, бо страшнейшага не было, і не будзе, і не можа быць у жыцці. Зразумеў, што ён перамог і сябе, …што там, дзе трэба, ён перамог і абет, дадзены маці ў яе смяротны час».
І над такім вось выбарам асабістага рашэння, асабістай Свабоды лунае сімвал Ракі (Дняпра), якая, збіраючы ў сваё ўлонне «галасы здранцвелай зямлі», у адзін момант магла скалануць берагі, разарваць путы, вырвацца на шырокі прастор і зайграць усімі колерамі Волі… Напэўна, такімі б былі і жыццё і ўчынікі Алеся Загорскага, але чытачам гэта яго далейшае жыццё лёс пісьменніка прадставіў дапісаць самім.
У вобразе А. Загорскага (дзеля справядліваці адзначым — і трохі зарамантызаваным і ідэалізіраваным) пісьменнік вельмі ўдала спалучыў мастацкую біяграфію выдуманага героя і гістарычны змест і сэнс часу. Яшчэ адно спалучэнне супрацьлегласцей, што дазваляе пісьменніку быць больш пераканальным у даследаванні жыцця героя і тагачасных сацыяльна-палітычных праблем. Гэта надзяленне Алеся Загорскага рысамі рэальнай асобы (у той ступені, у якой ён выяўляе грамадскія патрабаванні і тэндэнцыі часу) і ідэальнымі якасцямі (увасабленне ў ім не толькі таго, што было, але і таго, што павінна было быць і чаго хацелася, каб было).
Сярод рэальных асоб, што дзейнічаюць у рамане «Каласы пад сярпом тваім», адметнае месца належыць Кастусю Каліноўскаму (аб імкненні пісьменніка спасцігнуць усю шыр, моц і глыбіню свайго героя сведчыць і тое, што партрэт кіраўніка пастання 1863 — 1864 гг. заўсёды вісеў над яго рабочым сталом). «Шляхецкія рэвалюцыянеры, — пісаў У. Караткевіч, — якія ўзнялі паўстанне, рэвалюцыйныя дэмакраты, накшталт Каліноўскага, былі, калі карыстацца вядомым ленінскім вызначэннем, прамымі папярэднікамі марксізму». Праўда, у першых дзвюх кнігах рамана вобраз К. Каліноўскага падаецца пісьменнікам эпізадычна — праз успрыманне іншых герояў, праз яго пісьмы, сустрэчы з рознымі людзьмі. Вось першая сустрэча К. Каліноўскага з Алесем Загорскім, калі ён смела назваўся беларусам; вось пісьмо Каліноўскага пра тое, што ён едзе вучыцца ва універсітэт у Маскву і хацеў бы па дарозе сустрэцца з Алесем; і яшчэ адно пісьмо, цяпер ужо з Пецярбурга; вось спрэчка паміж прадстаўнікамі «чырвоных» і «белых», Серакоўскім і Каліноўскім; вось разуменне ім складанага пытання аб нацыянальнай годнасці. У спрэчцы з князем Данілам Вежай К. Каліноўскі адстойвае розніцу поглядаў на нацыянальнае паходжанне і рэлігійнае веравызнанне. «Прашу прабачэння, — даказвае ён, — заўтра я ахрышчу вас у касцёле — і вы не станеце з гэтай прычыны палякам. А я перайду ў магаметанства і не стану туркам. Будзе беларус магаметанскага веравызнання і беларус веравызнання каталіцкага» (ІV, 315); нарэшце, пісьмо да Загорскага з парадамі, як рыхтаваць паўстанне: «…Будзем збіраць сілы на будучае. Сваіх пакуль што стрымлівай ад непажаданай гарачкавасці. Пашырай арганізацыю і думай аб зброі. Я таксама не марную часу… Арганізацыя ёсць, вось што галоўнае. Тэрмінова напішы, ці можаш паслаць дзве тысячы рублёў. Ёсць магчымасць танна купіць партыю зброі. Крадзеная інтэндантамі яшчэ ў вайну і таму танная. Праўда, дубальтоўкі, а штуцэраў няшмат, але і тое добра. Жадаю поспеху, браце» (V, 390 — 391). Розныя моманты з жыцця Кастуся Каліноўскага, апісаныя ў рамане, усё ж даюць чытачу ўяўленне пра яго як пра чалавека дзейснага, для якого адзіна правільны шлях — гэта барацьба за вызваленне народа ад прыгоннага ўціску і самавольства царскага самаўладдзя («Нельга больш цярпець, інакш страцім апошняе: душу сваю жывую» (ІV, 323). Менавіта ў ім, як у фокусе, канцэнтруюцца ўсе перадавыя ідэі тагачаснай рэвалюцыйнай Беларусі.
Задачу паўстання сялян (праўда, аб гэтым у рамане размова не вядзецца. Словы гэтыя будуць выказаны ў трагедыі «Кастусь Каліноўскі», якая раскрывае дзейнасць К. Каліноўскага ў ролі кіраўніка паўстання ў перыяд з мая 1863-га да сакавіка 1864 года.) К. Каліноўскі тлумачыць наступнымі словамі: «…Мы, чырвоны ўрад, гаворым: зямлю — браць. Паноў лютых — вешаць. І благаслаўляем вас на гэта. Белыя здрадзілі — выспятка ім. Затое мы — за вас. Да канца» (VIII, кн. 1, 15). І ўсімі сваімі дзеяннямі К. Каліноўскі сцвярджае гэтыя словы. Ён займае непахісную пазіцыю ў спрэчках з «белымі» аб мэтах і задачах барацьбы, прынцыповы ў адносінах да людзей, якія здраджваюць агульнай справе, бязлістасны ў адносінах да ворагаў, верны ў сваім каханні.
Пасля арышту К. Каліноўскага граф-вешальнік Мураўёў прапануе захаваць яму жыццё. Праўда, цаной адмовы ад галоўнай справы, цаной здрады сабе, таварышам, каханай. Як вядома, кіраўнік паўстання не прыняў такую прапанову і быў асуджаны на пакаранне смерцю.
Аднак Мураўёў велікадушна замяніў расстрэл на павешанне. Запаветам простаму люду гучаць словы К. Каліноўскага з яго апошняга ліста: «Браты мае родныя, мужыкі! З-пад… шыбеніцы прыходзіцца мне вам пісаць. І, можа, у апошні раз. Горка пакінуць родную зямельку і цябе, дарагі мой народзе. Застогнуць грудзі, забаліць сэрца, але не шкада загінуць за тваю праўду…» (VIII, кн. 1, 91).
Звернемся зноў да рамана, у якім пісьменнік яскрава паказвае лепшыя якасці беларусаў. Памяркоўнасць, духоўнае здароўе Кагутоў, добрае сэрца Кірдуна, неўтаймавальная нянавісць да паноў Корчака, высокая чалавечнасць дзеда Данілы Вежы, нескаронасць царскім уладам Чорнага Войны, высакароднасць прыгоннай актрысы Гелены даюць абагульнены вобраз народа — прыгнечанага, але не скоранага, таленавітага.
Вось некалькі радкоў з размовы Чорнага Войны з Раўбічам, які калісьці выратаваў старога інсургента ад царскіх жандараў і з якім зрэдзь часу сустракаецца Чорны Война.
"— Баішся? — іранічна спытаў Раўбіч, скідаючы на лаву плашч.
— Сцерагуся, — сказаў Война.
…Раўбіч сядзеў насупраць, і яго твар ажыўляля іранічная ўсмешка. Вялікія, зусім без райка, цёмныя вочы спакойна назіралі, як пальцы Войны ламалі курыную нагу. (Ідзе вячэра ў лазні Раўбіча. — А. Р.)
— Згаладаўся ты, браток…
— І так дваццаць год, — сказаў ён. — Божа мой, колькі пакут! І, галоўнае, дарэмна. Увесь час спаць адным вокам. Увесь час недаядаць.
— Лепей недаесці, як ястраб, чым пераесці, як свіння" (IV, 144).
У гэтых словах Войны — і гордасць за чалавечую нескаронасць несправядлівасці (усе дваццаць гадоў стары чалавек верыць у праўду паўстання 1831 года), і трапнае выкарыстанне народнай мудрасці, і, нарэшце, асабістыя сімпатыі пісьменніка да людзей моцных воляй і духам. Дарэчы, і сам партрэт Чорнага Войны выпісаны У. Караткевічам у «суровых рэмбрантаўскіх» фарбах.
Прадстаўніком народнага бунту, выбуху «шалёнага гневу і радасці» (У. Караткевіч) у рамане прадстае Корчак — чалавек працы, чалавек ад хлеба і зямлі, але і змагар, які не можа цярпець здзек «да скону» свайго. Яму больш даспадобы мірнае жыццё, жаданне расціць хлеб і верыць у яго, як у залог сялянскага шчасця: «… ён верыў хлебу. Ад хлеба жыццё і ад хлеба адужанне. Ад хлеба не можа не быць адужання. Ён нясе чалавека, і чалавек жыве дзеля яго, памагае яму стаць хлебам, і той за гэта дае чалавеку частку самога сябе. І гэтым хлеб вышэй за чалавека, бо чалавек аддае яму ўсяго сябе» (ІV, 131). І ў той жа час Корчак прапануе спаліць маёнткі і Юры Загорскага, і старога Вежы…
А вось як з’едліва-саркастычна малюе пісьменнік аблічча Мураўёва-вешальніка. «Яны маўчалі. (Размова ідзе пра гутарку саноўніка Валуева з Мураўёвым, які тады быў міністрам дзяржаўных маёмасцей. — А. Р.) Ні ў кога Валуеў не бачыў такіх разумных, непрыемна разумных вачэй. А можа, гэта здавалася па кантрасту з абліччам міністра.
Гэта было — нібы выпаўзла з зямлі, з апраметнай абрыдлівая і страшная пачвара, уся яшчэ слізкая ад свайго ходу пад зямлёй. І раптам узняла цяжкія, бы ў Вія, павекі і зірнула, нечакана да жаху, неверагоднымі чалавечымі вачыма.
Твар гэты здаваўся яшчэ больш страшны, бо выступаў, як на карцінах Рэмбранта, жаўтавата-аранжавай плямай з цемрыва. І блікі агню скакалі па ім. Як сякерай высечаны, тлусты і па-старэчы ўжо друзлы, шырокі, з цяжкім падбароддзем, тупым носам і грубым вялікім ротам, твар. Жорсткія бачкі, металічна-шэрая скура, нізкі лоб з жорсткімі, як конскае грэбла, валасамі над ім.
Цяжка, як у сабакі, звісалі ніжэй сківіцы брылы шчок. І на гэтай абрыдлівай масцы свяціліся пранізліва-разумныя вочкі, адзіна чалавечае, што на ёй было» (V, 362 — 363).
У рамане «Каласы над сярпом тваім» У. Караткевіч даволі шырока выкарыстоўвае вуснапаэтычную творчасць, традыцыйныя сімвалічныя вобразы, народныя абрады. І гэта робіцца, на наш погляд, не толькі дзеля паказу сваёй азнаёмленасці з багаццем гістарычных, маральных, этычных, эстэтычных звычаяў і традыцый. Вось толькі два такія прыклады. Першы, з якога пачынаецца сам раман, — апісанне вясковай грушы.
«Груша цвіла апошні год.
Усе галіны яе, усе вялікія расохі, да апошняга пруціка, былі ўсыпаны бурным бела-ружовым цветам. Яна кіпела, млела і раскашавалася ў пчаліным звоне, цягнула да сонца сталыя лапы і распасцірала ў яго ззянні маленькія, кволыя пальцы новых парасткаў. І была яна такая магутная і свежая, так утрапёна спрачаліся ў яе ружовым раі пчолы, што, здавалася, не будзе ёй зводу і не будзе канца.
І, аднак, надыходзіла яе апошняя часіна» (ІV, 7).
Так і ўсё ў гэтым жыцці: цвіце, развіваецца, нават ведаючы, што калісьці ўсяму гэтаму будзе канец. Але такая ўжо логіка жыцця — згіне штосьці ў адным месцы, з такой жа неабходнасцю яго апошні пасыл узнікне ў новым месцы, каб надалей працягнулася існаванне жывога.
І другі: добры напамін усім нам, як трэба ставіцца да народных звычаяў, як трэба берагчы іх, гэта злучальнае звяно паміж мінулым і будучым, паміж тымі, хто жыў і ствараў духоўнае багацце народа, і тымі, каму патрэбна гэтае багацце памнажаць у новых часінах. «…А потым наведалі палац сяляне з казою. З тварамі, намазанымі сажай, у вывернутых кажухах, у дзівосных „турэцкіх шапках“ — яны прынеслі з сабой мароз, гукі дуды, цымбал і бубна.
Каза была ў шэрым ваўчыным футры з вяхотным хвастом, у сушанай авечай масцы. Замест барады ў яе быў пук каласоў. Каза мэкала і спявала дураслівым голасам.
Гэта была ўжо не забава, а важная справа. Бо ад казы залежаў наступны ўраджай. Усім вядома, што душа нівы, каму пашанцавала яе ўбачыць, падобная на спрытную казу, якая бегае на задніх ножках. Такая ўжо істота. Спачатку ёй добра жыць, але потым жніцы жнуць жыта — і ўсё менш і менш застаецца месца, дзе магла б схавацца душа нівы. У адчаі яна хаваецца ў апошнюю жменю каласоў, — гэта і ёсць барада казы. Апошнюю жменю зразаюць асцярожна. Яна ляжыць пад абразамі і выходзіць з хаты толькі на Каляды, прывязана да галавы „казы“. Тут яна радуецца і вырашае зрабіць, каб людзям было добра.
І людзі не кідаюць яе.
Людзі трымаюць „душу“ да вясны, а вясной выносяць і асцярожна „адпускаюць“, кладуць у высакаватыя зялёные ўсходы.
І зноў душа насяляе сваё царства, не даючы загінуць ніводнай расліне, а сама вольна ходзіць на задніх ножках па ўсіх абшарах прыдняпроўскіх ніў» (ІV, 250 — 251).
Адзначым, што насычэнне рамана фальклорным багаццем народа не пярэчыць прынцыпу гістарызму, а, наадварот, умацоўвае, абагачае яго, знітоўваючы ў адзінае цэлае, «адзяваючы» гістарычныя рэаліі ў «адзенне» народнай традыцыі, шматаблічнай духоўнай спадчыны, насычанага высокай маральнасцю жыцця беларусаў. З другога боку, выкарыстанне такога прыёму робіць больш рэальнымі ідэйна-эстэтычныя пазіцыі аўтара, у аснове якіх ляжаць як прынцып філасофскага абагульнення, так і выдзяленне больш канкрэтных маральных рэалій такіх, як любоў чалавека да радзімы, яго павага да сваёй гісторыі, гатоўнасць і здольнасць устаць на абарону і нацыянальнай, і Чалавечай годнасці.
Раман «Каласы пад сярпом тваім» не толькі аб пярэдадні паўстання 1863 года. Прасякнуты ідэяй гуманізму і патрыятызму, ён даследуе працэс абуджэння нацыянальнай свядомасці беларускага народа, раскрывае тэму пошукаў чалавекам свайго месца на зямлі, яго ролі ў гістарычным працэсе, паказвае неадрыўнасць мінулага ад сучаснасці і будучыні.
«Несумненна прамая сувязь рамана, — адзначае Г. Кісялёў, — з лепшымі традыцыямі шматнацыянальнай савецкай гістарычнай рэалістычнай раманістыкі. У той жа час перад намі глыбока арыгінальны твор, у якім адчуваюцца характэрныя для пісьменніка рамантычныя тэндэнцыі. Апрача знешніх аксесуараў рамантызму, якія прысутнічаюць часам у творы, рамантычны метад накладвае свой адбітак і на лепку некаторых вобразаў. Гэта тлумачыцца як асаблівасцямі таленту аўтара, так, магчыма, і некаторымі аб’ектыўнымі прычынамі».
У беларускай гістарычнай прозе не было свайго «вальтэрскотаўскага» перыяду. Сталася так, што беларускі народ толькі цяпер па-сапраўднаму адкрывае для сябе сваю гісторыю, бурна засвойвае сваю культурную спадчыну. З’явілася неабходнасць у творах пра мінулае рэалістычна-праўдзівых, рамантычна-яркіх, філасофскі глыбокіх. Такім у цэлым уяўляецца нам і раман «Каласы пад сярпом тваім». Зусім каротка, як бы канцэнтруючы ўсе ацэнкі, выказваецца А. Верабей: «Раман „Каласы пад сярпом тваім“… з’яўляецца ўзорам мастацкай дасканаласці і па шырыні паказу грамадства, і па тонкаму веданню людзей, і па майстэрству кампазіцыі».
Тэма 1863 года моцна «трымала» У. Караткевіча. Сведчаннем таму два творы, што былі напісаны ў 50 — 60-х гадах, — апавяданне «Паляшук» і пралог да рамана «Нельга забыць», вядомы пад назвай «Паром на бурнай рацэ». Перыяд дзеяння: канец лета — восень 1863 года, гэта значыць той час, калі паўстанне ішло да заняпаду. «Белыя» спрачаліся з «чырвонымі», беларусы абураліся шавінізмам «белага жонду». Успыхвалі, затухалі і зноў выбухалі ачагі абурэння палітыкай цара. Паўсюдна «выпаўзала на свет тое, што раней старанна хавалі: здрада, падлога і мярзотны жах. Усе падонкі людства пачалі сваю мышыную вазню ля гожага нават зараз трупа Паўстання. Махровымі кветкамі ўзраслі лжывыя даносы, шантаж, правакацыя» («Паляшук». ІІ, 170).
І вось у гэтых умовах праходзяць выпрабаванне не на храбрасць у барацьбе з бяззбройнымі «інсургентамі», а на сумленне афіцэры Пора-Леановіч і Гораў («Паром на бурнай рацэ»), Румянцаў і Ратч («Паляшук»). Два апошнія да вечара таго дня зразумелі ўсю недарэчнасць расстрэлу палешука, якога яны затрымалі ў лесе і прылічылі да паўстанцаў. Перапіўшыся, афіцэры кідаюць адзін аднаму ў твар абвінавачванні ў бязмэтнасці ўчынку, зробленага ці то ад злосці, ці ад спакусы да грошай палешука. Праўда, у спрэчцы азначаны сумненні афіцэраў у мэтазгоднасці жорсткіх захадаў — маўляў, яны толькі выклікаюць нянавісць… Аднак тут канфлікт лакальны, ён не атрымлівае аўтарскага развіцця.
Іншая справа — узаемаадносіны Пора-Леановіча і Горава. Адна ноч высветліла маральную сутнасць герояў — высакароднасць, сумленнасць, душэўнасць Горава і прадажнасць, кар’ерызм, чэрствасць Пора-Леановіча, чалавека, жыццёвае крэда якога менавіта ў тым, што для дасягнення асабістай мэты прыдатны ўсе сродкі і нават тыя, што вядуць праз трупы людзей. Спрабуючы вызваліць сябе ад усякай маралі, Пора-Леановіч аказваецца ў палоне самых эгаістычных, чалавеканенавісніцкіх этычных нормаў. Для яго ў жыцці нічога не існуе, апрача асабістага існавання. Бурлівая жнівеньская ноч 1863 года «высвеціла» ўсе гэтыя якасці Пора-Леановіча. Ён мог дапамагчы асуджанаму Усяславу Грынкевічу, аднаму з камандзіраў атрада паўстанцаў, яго жонцы, наогул, ад яго залежала пакаранне смерцю Грынкевіча. Аднак ён усё зрабіў, каб уладарыла Зло, як яго жыццёвы прынцып.
Але гэты самы прынцып прывёў афіцэра да трагічнага фіналу — ён гіне на дуэлі з Горавым. Напэўна, гэта было адзінае выйсце для такога чалавека — вызваліць яго ад такога жудаснага маральнага падзення магла толькі смерць. У той суровы час пад сярпом царызму гінулі не толькі каласы волі, да якой імкнуліся беларусы, літоўцы, палякі, але душэўна і фізічна гінулі і тыя, для каго гэта жніво было гібеллю іх ідэалаў, маральным і духоўным спусташэннем.
«Паром на бурнай рацэ», «Паляшук», «Зброя», паэтычныя і драматычныя творы У. Караткевіча разам з раманам «Каласы пад сярпом тваім» складаюць адзіны, цэласны, шматпланавы твор аб гераічнай і трагічнай барацьбе беларусаў за сваю годнасць, сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне.
Ведучы размову пра асэнсаванне У. Караткевічам гісторыі роднай Беларусі, нельга не спаслацца на думку такога спецыяліста па беларускай літаратуры, як балгарскі крытык Сімяон Уладзіміраў — адзін з вядомых даследавальнікаў беларускай літаратуры. У прадмове да балгарскага перакладу кнігі У. Караткевіча «Паром на бурнай рацэ» ён піша: «І да Караткевіча ў беларускай літаратуры былі творы на гістарычныя тэмы. (Не забывайце, што гісторыя гэтага народа вельмі багатая. Менавіта беларусы разбілі татараў ля Крутагор’я і спынілі іх нашэсце на Еўропу; беларусы былі адной з галоўных сіл у Грунвальдскай бітве). Творы У. Караткевіча канчаткова зацвердзілі гэты жанр у беларускай літаратуры. Пісьменнік не проста любіць гісторыю, яго творчая мэта — уваскрасіць мінулае свайго народа, і ажыццяўленню гэтай мэты ён аддае ўвесь свой талент і нястрымную фантазію. У апавяданні „Барвяны шчыт“ ён развівае ідэю аб тым, што чалавек не можа жыць толькі ў рамках вызначанага яму прыродай часу, які абмежаваны датамі яго нараджэння і смерці. Чалавек жыве і тым, што засталося яму ад дзядоў, і — чым прасякнута ўся яго свядомасць, і тым, што прыйдзе пасля яго і што здзейсніць яго мары».