Час. Народ. Асоба — Аркадзь Русецкі

Даволі значны след як мастак, як філосаф і гісторык пакінуў У. Караткевіч у беларускай драматургіі. Пры гэтым адметна тое, што яго вядомасць вызначаецца не колькасцю напісаных твораў. Іх якраз няшмат, усяго шэсць. (Праўда, п’еса «Трошкі далей ад месяца» яшчэ не друкавалася. Таму мы будзем весці размову аб пяці, з якімі змог пазнаёміцца чытач). Гэта хроніка XVII стагоддзя «Званы Віцебска», трагедыі «Маці ўрагану», «Кастусь Каліноўскі», драмы «Млын на Сініх Вірах» і «Калыска чатырох чараўніц». Як нам здаецца, аўтарытэт і вядомасць Караткевіча-драматурга вызначаюцца своеасаблівасцю аўтарскага разумення п’есы як сродку, лепш за ўсё дазваляючага «схапіць», зафіксаваць у канкрэтных асобах і падзеях асаблівасці часу, складанасці і рух гістарычнага працэсу, узбудзіць думкі і эмоцыі чытача, гледача не толькі словам, але і гукам, колерам, канкрэтнымі ўчынкамі і дзеяннямі герояў. Умелае манеўраванне складанымі драматургічнымі канструкцыямі, глыбокае пранікненне ў дыялектыку гісторыі, гуманізм у спалучэнні з талентам і адкрытасцю эмоцый дазволілі У. Караткевічу стварыць надзвычай цэльныя і гарманічныя творы. Такія, напрыклад, як «Маці ўрагану» і «Кастусь Каліноўскі».

У адным кніжным раздзеле, безумоўна, цяжка, бадай немагчыма зрабіць грунтоўны, усебаковы аналіз драматургічнай спадчыны У. Караткевіча. Пазбегнуць спакусы «абняць неабдымнае» — з аднаго боку, і ўсё ж паспрабаваць спасцігнуць разнапланаваць і шматпраблемнасць драматургічных твораў — з другога, на наш погляд, можна толькі пры адной умове — разглядаць іх як з’яву комплексную, як адзіны эпічны твор з узаемаўвязанымі складовымі часткамі. Пры гэтым кожная п’еса разглядаецца як частка агульнага твора, аб’яднанага адзінай ідэяй з умоўна адзінымі дзейнымі асобамі, прасторавымі і часавымі параметрамі.

Паспрабуем азначаную тэзу падмацаваць канкрэтнымі характарыстыкамі. Для вялікай, панарамнай п’есы У. Караткевіча пра жыццё беларускага народа, яго збіральны вобраз, на наш погляд, могуць быць наступныя:

Месца дзеяння — Бацькаўшчана, родная Беларусь.

Час дзеяння — XVII-XX стагоддзі.

Галоўныя дзейныя асобы — беларускі народ і яго лепшыя прадстаўнікі розных класаў і сацыяльных груп, якія найбольш выразна выяўлялі істотныя рысы народный душы і народнага духу — Сцяпан Пасіёра (завадатар паўстання 1623 года ў Віцебску), Васіль Вашчыла, Агна, Васіль і Васка Ветры (кіраўнік паўстання ў Крычаве і Крычаўскім старостве ў 1743 — 1744 гадах), Кастусь Каліноўскі (кіраўнікі паўстання на Беларусі і ў Літве ў 1863 годзе), будучы пясняр беларускага народа Янка Купала, кіраўнікі аднаго з партызанскіх атрадаў на Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Ідэя — імкненне беларускага народа да свабоды і незалежнага існавання, непрыманне якога б ні было гвалту і ўціску — феадальнага ці рэлігійнага, царскага ці фашысцкага, абуджэнне і развіццё нацыянальнай самасвядомасці беларусаў, барацьба за права " людзьмі звацца«.

Тэма — галоўным чынам, рэальныя падзеі беларускай гісторыі, якія дазваляюць спасцігнуць найбольш характэрныя рысы характару і псіхалогіі роднага народа.

Літаратурна-крытычны аналіз драматургічнай канцэпцыі У. Караткевіча можна было б правесці ў традыцыйным плане, зыходзячы перш за ўсё з храналогіі напісання п’ес — ад першай — «Млын на Сініх Вірах», створанай у сярэдзіне 50-х гадоў, да апошняй — «Маці ўрагану», надрукаванай ужо пасля смерці пісьменніка. І, напэўна, такі падыход быў бы слушны, бо ён дае мачымасць чытачу прасачыць працэс фармавання майстэрства аўтара, які, ствараючы кожны наступны твор, крок за крокам, нібы па прыступках творчай лесвіцы, падымаецца да вышыняў драматургічнага мастацтва, сцвярджаючы вызначальную думку, што толькі нацыянальная самасвядомасць, адчуванне неадрыўнасці героя ад народнай масы нараджае сапраўднага грамадзяніна-патрыёта.

У гэтым нарысе ў аснову даследавання пакладзены не час напісання твора ці з’яўлення яго ў друку, а адлюстраванне У. Караткевічам поступу гісторыі з пачатку XVII аж да XX стагоддзя, калі ў агні Вялікай Айчыннай вайны выпрабоўваліся ідэйная і духоўная перакананасць беларусаў, грунтоўнасць іх патрыятычных якасцей, нацыянальнай самасвядомасці. Менавіта таму як прадмет даследавання драматургічныя творы, на наш погляд, могуць быць размеркаваны наступным чынам — трагедыі «Званы Віцебска», «Маці ўрагану», «Кастусь Каліноўскі» і драмы «Калыска чатырох чараўніц» і «Млын на Сініх Вірах».

Гісторыя беларускага народа… А хто з нас добра ведае? Добра?! Ну, гэта ўжо занадта — ці многа такіх, хто ведае хоць самыя адметныя, самыя галоўныя вехі на доўгім гістарычным шляху беларусаў? Практыка сведчыць, што вынікі сацыялагічных даследаванняў на гэтую тэму часцей за ўсё прыносяць толькі засмучэнне, незалежна ад таго, у якім асяроддзі яны праводзяцца — сярод маладых рабочых, калгаснікаў, студэнтаў ці школьнікаў старэйшых класаў. Часцей за ўсё называюцца падзеі дваццатага стагоддзя, некалькі вядомых прозвішчаў гістарычных дзеячаў, кіраўнікоў рэспублікі, герояў Вялікай Айчыннай вайны, дзеячаў навукі і мастацкай культуры. Сёй-той яшчэ назаве прозвішчы Францыска Скарыны і Кастуся Каліноўскага ды яго паплечнікаў — кіраўнікоў паўстання супраць царызму на Беларусі і ў Літве ў 1863 годзе.

Чаму так адбываецца? Зразумела, што для тлумачэння можна знайсці ўсякія прычыны, як аб’ектыўныя, так і суб’ектыўныя. Нельга не адзначыць тую акалічнасць, што пакаленне 60 — 80-х гадоў вывучала гісторыю Беларусі, галоўным чынам, па кнігах «прафесара ад гісторыі» Абэцэдарскага, якія не толькі не давалі цэласнага ўяўлення пра жыццё народа, але, наогул, тлумачылі яго гісторыю адвольна, часам прымітыўна, не толькі не прытрымліваючыся марксіцка-ленінскай метадалогіі, але і праўдзівасці і логікі самога гістарычнага працэсу. Але, як кажуць, гэта адзін бок медаля. Уражвае і тое, што маладыя людзі, асабліва вучнёўская і студэнцкая моладзь, не імкнуцца самі, без усякага прымусу, па запатрабаванні сэрца да спазнання вытокаў роднага краю, яго доўгага і цяжкага шляху да шчаслівай долі, жыцця і змагання за гэтую долю лепшых людзей беларускага краю. Нават цяпер, калі пасля забарон застойнага перыяду ў гісторыі савецкага грамадства адкрыты доступ да кніг і аўтараў, раней забароненых, дзяржаўных, гістарычных і іншых архіваў, адчувальных змен у імкненні моладзі да дэталёвага вывучэння роднай гісторыі пакуль што не адбылося. За апошнія пяць-шэсць гадоў не так ужо і шмат чытачоў галоўнай бібліятэкі рэспублікі цікавіліся працамі беларускіх гісторыкаў і краязнаўцаў

М. Доўнар-Запольскага, Я. Карскага, У. Пічэты, У. Ігнатоўскага, а таксама кнігамі вядомага даследчыка жыцця і побыту беларусаў А. Сапунова. Амаль такая ж сітуацыя і з унікальнымі кнігамі па гісторыі беларусаў, што захоўваюцца ва Урадавай бібліятэцы імя А. М. Горкага. Чакаюць сваіх чытычоў, даследнікаў «Литовский статут в московском переводе-редакции» — выданне рукапісу перакладу «Статута вялікага княства Літоўскага», зробленага са старабеларускай мовы на памежжы XVI — XVIII стагоддзяў, «Исторические судьбы Полоцкой епархии с древнейших времен до половины XIX века», " Оршанский гербовник«, «Собрание древних грамот городов минской губернии, православных монастырей, церквей и по разным предметам», «Описание городов, местечек Могилевской губернии», «Сказки и рассказы белорусских полешуков» з прадмовай А. Сержпутоўскага, шматлікія дарэвалюцыйныя працы па культуры беларускага народа А. Багдановіча, Д. Даўгялы, М. Нікіфароўскага і інш.

Але вернемся да драматургіі У. Караткевіча. Галоўная тэма даследавання — лёс народа, найбольш яркія, гераічныя моманты яго гісторыі з кульмінацыямі ў выглядзе бунтаў, паўстанняў беларусаў за справядлівасць, супраць сацыяльнага, нацыянальнага і духоўнага прыгнёту. Любімыя героі пісьменніка — людзі гераічнага складу характару і трагічнага лёсу, народныя заступнікі, абаронцы, якія не ведаюць хістанняў і кампрамісаў у барацьбе са злом і якія ў такой барацьбе на алтар народнага шчасця аддаюць усё, не шкадуючы нават асабістага жыцця. Яго разважанні пра тое, што беларусы «выпакутавалі Каліноўскага і Купалу», тлумачаць чытачу сэнс яго перадувагі гэтым вобразам: яны з большай сілай, з разуменнем сутнасці гісторыі, у больш яркай форме, чым іншыя людзі, дэманструюць разуменне народных інтарэсаў, задум, здзяйсненняў. Жыццё ў імя свабоды — вось лозунг і сэнс іх учынкаў, дзеянняў, змагання. Нават смерць для такіх, як Агна Вецер, яе сын Васіль і нявестка Надзея («Маці ўрагану»), Ропат, Волька, Багуся («Званы Віцебска»), Каліноўскі, Вастравух, пан Заруба («Кастусь Каліноўскі»), Чаховіч («Калыска чатырох чараўніц»), Андрэй і Марыся («Млын на Сініх Вірах»), не вядзе да роспачы і гаравання, а як бы падагульняе пройдзены шлях сумлення і змагання за чалавечае шчасце.

Аднак аўтарскія сімпатыі аддаюцца не толькі ім. Знаходзіць У. Караткевіч яскравыя рысы, трапныя словы, адметныя выразы, каб абмаляваць простых людзей, герояў з натоўпу, якія ствараюць той сацыяльна-псіхалагічны фон, што робіць асабліва рэльефнымі і ўражлівымі дзеянні, учынкі галоўных герояў сваіх драматычных твораў. Адметна і тое, што, ствараючы вобразы прадстаўнікоў эксплуататарскіх класаў ці людзей прадажных, схільных да здрады, пісьменнік не паддаўся спакусе падаць іх у гратэскным, сатырычным стылі. Наадварот, кожнага з іх ён малюе выразнымі рэалістычнымі фарбамі — яны і разумныя, і жорсткія, і перакананыя ў адстойванні інтарэсаў «пануючых класаў». Вось, напрыклад, сам арцыбіскуп Кунцэвіч. Гэта асоба мэтанакіраваная ў сваіх намерах, цвёрдая ў выкананні прынятых рашэнняў, жорсткая ў адстойванні мэты сваёй дзейнасці. Яго інтарэсы ідуць далёка. З асабістых пазіцый

Кунцэвіч не супраць бачыць сябе магутным князем, а то і каралём, з пазіцый каталіцкай царквы поўнасцю аддае сябе знішчэнню беларускай мовы і культуры, вытраўленню ў свядомасці беларусаў усяго, што звязала іх з рускімі людзьмі. У адным з пісем да пастаноўшчыка «Званоў Віцебска» В. Мазынскага У. Караткевіч патрабуе адказацца ад спрошчанага падыходу рэжысёра да асобы Кунцэвіча і тлумачыць так: «…А вось ад песень Кунцэвіча трэба адмовіцца. Ён мог сам-насам з сабою паспрабаваць адпусціць каленца, але спяваць мірскія песні пры чужых — не стане. Ён не страшнаваценькі злодзей (ён — злодзей, ды страшны). Ён не Яромка з „Вражьей силы“. Ён — біскуп. І гэта перш за ўсё» (VIII, кн. 1, 586 — 587).

Цікавасць у адзначаным плане выклікаюць і заўвагі У. Караткевіча, надрукаваныя ўпершыню ўжо пасля яго смерці. «І яшчэ адно, — адзначае пісьменнік, — крый божа рабіць дурнямі ворагаў. Мураўёў, магчыма, нават разумнейшы за Кастуся (іначай перамога не далася б яму так параўнаўча лёгка), але гэта ганебны розум бліскучага адміністратара дзяржавы катаў, розум, не сагрэты ні дабрынёю, ні вераю ў людзей. І, аднак, Мураўёў чалавек. Яму нельга дараваць, але яго можна зразумець» (VIII, кн. 1, 574).

Галерэю людзей, для якіх галоўным, вызначальным пачаткам жыцця выступае асабістае, меркантыльнае, а ў рэшце рэшт, здрада агульнай справе, страта не толькі элементарнай чалавечнасці, але і грамадзянскай адказнасці складуць у драмах У. Караткевіча Поп з Бесавічаў («Маці ўрагану»), Марыя Грэгатовіч і Вітаўт («Кастусь Каліноўскі»), Марыя Гладышэўская («Калыска чатырох чараўніц»), камсамольскі важак Віктар Сміхальскі («Млын на Сініх Вірах») і інш. Дзякуючы п’есам У. Караткевіча, чытачы і гледачы ўсведамляюць глыбокую думку пра тое, што край беларускі — гэта не толькі спрадвечная дабрата, «каўтун у валасах» ды бязмежнае чалавечае гора, гэта яшчэ шматпланавасць народнага жыцця, багацце народнай мудрасці, шчодрасць беларускай душы.

Адзначым перш за ўсё наступную акалічнасць. На наш погляд, пры аналізе п’ес У. Караткевіча нельга весці размову пра завязку, кульмінацыю і іншае ў звычайным, агульнапрынятым значэнні гэтых слоў. Інакш нам прыйшлося б разважаць пра мноства завязак, развязак, бясконцую колькасць новых сюжэтных ліній. Адбываецца гэта таму, што аўтар пераносіць на сцэну гісторыю жыцця беларусаў у тых формах і сувязях, якія ён лічыў найбольш выразнымі для перадачы далёкага мінулага.

«Званы Віцебска» — хроніка XVII стагоддзя. Твор, які з’яўляецца зыходным пунктам нашага даследавання і які мае шэраг адметных характарыстык. Па-першае, гэта адзін з нямногіх у беларускай драматургіі выпадкаў «сацыяльнага заказу», які напаткаў «шчаслівае» сцэнічнае жыццё, прызнанне гледачоў, тэатральнай грамадскасці і крытыкі. П’еса была напісана У. Караткевічам на заказ віцяблян да 1000-годдзя роднага горада. Не затрымаўшыся ў партфелі тэатра, яна адразу ж была ўзята ў работу. Рэжысёр-пастаноўшчык спектакля «Званы Віцебска» Валерый Мазынскі — у той час студэнт-дыпломнік рэжысёрскага аддзялення Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута — успамінае: «І вось я трымаю таўшчэзную кнігу. Столькі аркушаў у п’есах было толькі ў Караткевіча — «дасведчаныя» ў тэатры людзі заўсёды пішуць старонак 60, не больш, а тут — 124! Рэжысёраў гэта страшэнна палохае. Тое самае здарылася і са мной, хоць рэжысёрам я тады яшчэ і не быў. Гэта быў мой пачатак. Мая першая сапраўдная сустрэча з таленавітым чалавекам, успамін пра якога і сёння кранае душу. Ён шмат у чым зрабіў мяне рэжысёрам.

Прачытаў я «Званы Віцебска»… Па-першае, твор мне спадабаўся ўвесь, ды толькі ад п’есы там было мала. Гэта быў… нейкі «п’есны раман». Божа! Чаго толькі там не было! Усё — і нават кінематограф! Пазней ён скажа: «Я табе напісаў «Барыса Гадунова», дык ты стаў і не прыдумвай, а не хочаш, дык ідзі … !

…Кажуць, тэатр можа ўсё. Гэта праўда! Але не ўсякі рэжысёр гэта «ўсё» адолее. Я не адчуваю ў сабе такой сілы, бо калі п’еса не кладзецца на маю «індывідуальнасць», рашыць мне яе вельмі цяжка. Тут быў іншы выпадак. Твор хваляваў, вабіў, спакушаў — і я пачаў прыдумваць. Потым усё, што было дадумана, вылецела, спектакль ішоў нармальна і без прыдумак, а пакуль у мяне з’явіліся папа рымскі і кароль Сігізмуд. Ні больш ні менш. Яны прывялі мяне да Караткевіча.

…Чым больш доўжылася сустрэча, тым больш адчуваў я напружанасць атмасферы, напоўненай водарам кавы ці то па-турэцку, ці то па-грэчаску.

Нарэшце ён сказаў: «Паслухай, даражэнькі, што ты там выдумваеш. Я табе напісаў…»

Прывядзём гэты ліст поўнасцю. І не толькі таму, што ён падае чытачу больш поўную карціну работы над п’есай і спектаклем «Званы Віцебска», але і прыадкрывае для ўсіх нас творчую лабараторыю У. Караткевіча.

«Паважаны Валерый Яўгенавіч!
Адразу па атрыманні Вашага варыянта (у якім з сім-тым згодзен, у чым і Вы пераканаецеся) напісаў быў Вам ліст, але раздумаў яго адпраўляць. Калі захочаце — дам пачытаць па прыездзе.
Аддаў у перадрук трэці варыянт, зроблены ў Ялце і ўхвалены ўсімі кіраўнікамі семінара1. Калі не памыляюся, недзе ў канцы месяца павінна быць нарада па тэатру… на якой Вы будзеце мець магчымасць выслухаць і пазітыўныя і негатыўныя водгукі пра маю працу.
Для мяне той варыянт, які мне даслалі, — не прымальны. Папы, каралі, цытаты з «Беларусі ў эпоху феадалізму». Можаце мне верыць, што яны падабраны кампаніяй Л. Абэцэдарскага тэндэнцыйна. А я ніколі не плёўся ў хвасце ні ў яго, і ні ў каго іншага. Не раю і Вам, калі хочаце быць самастойным і значным рэжысёрам. Значыцца, дамовімся так. Або прымаецца мой варыянт, або я — з надзвычайным жалем — вымушаны буду адмовіцца ад супрацоўніцтва.
У такім выпадку я (а і Вы таксама, за мяне) папрашу прабачэння ў гаркома, гарвыканкома і ва ўсіх тых людзей, якія так добра гаварылі са мной і якім я даў слова, што зраблю да гадавіны горада ўсё магчымае.
Значыць, у маё апраўданне застанецца толькі эсэ аб горадзе ў адпаведным нумары «Маладосці». Так і перадайце.
А на будучае я — дзеля сябе — улічу, што мне (пра другіх не кажу) супрацьпаказаны кінастудыі і тэатры.
Таму што я выхаваны на павазе да аўтарскага права, да слова, да мазка, да думкі творцы, хай бы то быў пісьменнік, мастак або рэжысёр. Я ніколі не дазволіў бы сабе ўмяшацца ў Ваша рэжысёрскае бачанне рэчы. Я мог бы толькі недзе ў сяброўскай бяседзе з Вамі, мастаком або акторам спытацца: «А як Вы думаеце, а можа, лепей было б ТАК!» — і не болей. Такія адносіны, па-мойму, і павінны быць між людзьмі ў мастацтве.
Я хачу, каб была пастаўлена МАЯ рэч. Без лабавога націску, без бурных вонкавых эфектаў. Думаю, што на гэтым полі ёсць дзе праявіць сябе і мне, і Вам. Іначай не варта гарадзіць гарод.
І яшчэ адна, апошняя мая парада.
На мой погляд, і Чайкоўскаму, і Тасканіні хопіць на гэтай зямлі славы, калі кожны з іх праявіць на сваёй ніве, у сваёй галіне агульнай сатворчасці самастойнасць і талент. І падмяняць друг друга яны не павінны.
З павагай да Вас.
Уладзімір Караткевіч«.

Як бачна, першая размова аўтара п’есы і аўтара спектакля не атрымалася. Не атрымаўся і другі дыялог. «Унутрана падрыхтаваўся да сур’ёзнай размовы і прыехаў у Мінск, — успамінае В. Мазынскі. — Націскаю на кнопку званка… Адказалі не адразу. Уладзімір Сямёнавіч падышоў да дзвярэй і запытаў: „Хто? — а праз паўзу. — Папа і кароль засталіся?“ „Засталіся“, — выціснуў я. Чую цяжкія крокі — і цішыня… Потым зноў крокі і зноў яго голас: „Валерый! Выкінь гэта! Я не хачу сварыцца з Ватыканам!“ Я прамаўчаў, і зноў — крокі, і цяпер я зразумеў, што больш ён да дзвярэй не падыдзе.

Мяне апанаваў мярзотны настрой: і крыўда, і адчуванне сваёй непаўнацэннасці. І зусім мне не патрэбныя былі тыя кароль і папа, хоць я і не ведаў, як вырашыць апошнюю сцэну, якая ўсё-такі павісае…» Сёння цяжка сказаць, хто быў больш правы — пачатковец-драматург У. Караткевіч ці пачатковец-рэжысёр Валерый Мазынскі. Відавочна адно. У выніку творчай дыскусіі скарбніца беларускага мастацтва папоўнілася новымі арыгінальнымі творамі як у драматургіі, так і ў тэатры.

Аднак — «Званы Віцебска». Адметнай асаблівасцю твора з’яўляецца тое, што яго аўтар упершыню ў беларускай драматургіі так глыбока «апусціўся» ў нетры народнай гісторыі. Ён не толькі зрабіў прадметам свайго мастацкага даследавання такі складаны гістарычны перыяд, як барацьба беларусаў супраць уніяцтва, супраць рымска-каталіцкай навалы, але і напісаў твор гістарычна праўдзівы і мастацка-пераканаўчы. Сам У. Караткевіч так ацэньваў п’есу: «Ніколі — амаль! — дагэтуль усходнеславянскае існаванне не знаходзілася пад такою пагрозай. Пагрозай смерці.

У тым, што такое не адбудзецца, — заслуга і гонар многіх. Але аднымі з першых узнялі свой голас — Віцебскія званы.

Некалькім дням горада, якія, аднак, увабралі ў сябе цэлую эпоху, і прысвечана п’еса.

Горад, на які навалілася ледзь не ўся эра, ледзь не ўся Еўропа, знайшоў у сабе сілу ўстаць і на ўвесь свет заявіць аб павазе да Чалавека і Чалавецтва. Менавіта таму ён і можа быць прылічаны да Вялікіх Гарадоў.

Мала таго, што ён не сцярпеў пагарды, не сцярпеў таго, што трупы гараджан выкопвалі з магіл і кідалі псам. Гэтага не цярпелі многія. Ён — адзін з нешматлікіх гарадоў сярэдневякоўя — высунуў пазітыўную праграму: «роўнасць людзей перад Богам і законам» (VІI, кн.1, 584 — 585).

Ужо з першых старонак хронікі перад чытачом паўстаюць вобразы герояў — асоб рэальных, мужных, перакананых у справядлівасці сваёй справы. Перакананы ў неабходнасці барацьбы з рэлігійна-духоўным прыгнётам завадатар паўстання Сцяпан Пасіёра і віцебскі бурмістр Сымон Неша (іх прозвішчы неаднаразова згадваюцца ў афіцыйных матэрыялах следчай камісіі Льва Сапегі, які расследаваў забойства Кунцэвіча); перакананы, нават апантаны, у сваёй уніяцкай дзейнасці сам арцыбіскуп Полацкі і Віцебскі Іасафат Кунцэвіч (дарэчы, гэта таксама адметная асаблівасць твора — і адмоўныя вобразы падаюцца У. Караткевічам такімі, якімі яны былі ў жыцці, — хітры, значыць, хітры; разумны, значыць, разумны). Такімі ж праўдзівымі з’яўляюцца вобразы паплечнікаў галоўных герояў, хоць у гістарычных дакументах тых гадоў яны і не ўпамінаюцца, — гараджан Неўсці Ярамяшэвіч-Сквершы, Васкі Матыса, папа Ілі, бабы Абдзярыхі, дачкі аднаго з віцебскіх радцаў Багусі Данель, напаўюродкі Еўгі Бабук, спадзвіжнікаў Кунцэвіча — архідыякана Дарафея, галавы біскупскай «гвардыі» Палікара Абрагімовіча і інш. Сваімі заўвагамі, меткімі слоўцамі, дзеяннямі, учынкамі яны ствараюць той псіхалагічны фон, на якім асабліва ўражлівай з’яўляецца дзейнасць галоўных герояў Караткевічавай хронікі.

Вось урывак з першай карціны першай дзеі, у якой аўтар падводзіць чытача да разумення прычыны Віцебскага паўстання:

«Навум Воўк. Здохні, біскуп Іасафат!
Матыс. Здохні, кунцэвічаўскае адроддзе! Не Марына… было… імя тваёй маці, а сука!
Абдзярыха. Антыхрыста спарадзіла!
Зуліся. Не Гаўрыла-шавец яе за падол хапаў, а чорт!
Вальгіна. Божухна! Гэта ж цяпер, якраз перад сяўбою, і каласочкі пасвяціць недзе! Не ўзыдуць зярняткі!
Плач
Гэта ж ён, падла уніяцкае, на арабіну, на кроў сына яе, святой вадою пырснуць не хоча.
Зуліся. Бацька ягоны боты псаваў, а гэты псуе душы.
Абдзярыха (накрываючы дзежку з калдунамі). Каб табе, піндзюр, не толькі маіх, на свеце лепшых, калдуноў не паспытаць, каб табе — ніякіх.
Іля. Ідзіце адсюль, людзі, ідзіце да мяне ў шалаш, у Задзвінне. А гэтымі — няхай іхнія ж дзеці ў голад давяцца.
Абдзярыха. Каб табе, гнідзе, у Дзвіне захлынуцца! Каб табе столькі язваў было, як гронак на арабінках гэтых!
Еўга. Язваў, як гронак! Язваў, як гронак! А там яго прыпякуць, прыпякуць! Галава рассядзецца, на азадак будзе падобная!» (VIII, кн. 1, 100).

На такую вось глебу падаюць словы Пасіёры Сцяпана, які ўзначаліў урэшце паўстанне віцяблян.

«…Уніты прыйшлі. Хай рассыпецца слава наша — жарам. Ім — усё адно…
Плач коціцца ад Узгорскага пасада і да Задунаўскага, і ўсёй вуліцай Вялікай, ад канца да канца. Воўк драпежны прыйшоў у Віцебск. Біскуп уніцкі Ізахват. Школы зачыненыя, цэрквы запечатленыя. Якія уніты не аднялі, і ў тых — корчмы і дамы распусты.
…І родную нам мову ў казанях. Тую, з якой нас Бог у свет пусціў. Але пастыры-ваўкі загадваюць адарваць сэрца ад родных нам крыніц і мову сваю — забыць, стаўшы лацінянамі…
Цяпер яны, сыраядцы, захацелі пазбавіць нас апошняга, беднага, але нашага свята. Спакон вякоў на Прачыстую свяцілі нашы людзі каласы. І вось яны захацелі, каб Маці, паміраючы, не блаславіла і на ўваскрасенне» (VIII, кн. 1, 101 — 102).

Слухаюць Пасіёру цэхавы збраяроў-мечнікаў Марцыян Ропат, бурмістры Віцебска Навум Воўк і Сымон Неша, гараджане Неўсця, Матыс, другія людзі. І словы гэтыя, як гаручыя іскры, падаюць у іх знявечаныя душы, распальваючы агонь нянавісці і змагання за сваю свабоду, чэсць, хрысціянскую веру і чалавечую годнасць. Затое ў біскупскіх памочнікаў, таго ж Палікара, словы гэтыя выклікаюць яшчэ большае азлабленне, яшчэ большае жаданне «ў іхнія свінячыя галовы кіем убіць… братнюю любоў цэркваў» (VIII, кн. 1, 107).

Далёка не адназначны і віцебскі люд. Ёсць сярод гараджан і тыя, хто ў такі складаны і цяжкі для роднага краю час спадзяецца на нейкае прымірэнне з уніятамі, не бачыць і не разумее ўсёй згубнасці гвалтоўнага акаталічвання сваіх землякоў. Залатых спраў майстар Антоні-Лар Вольха на пачатку віцебскіх падзей не толькі не верыць у праўдзівасць і неабходнасць пачатае справы, але і проста-напраста абвінавачвае сваіх таварышаў у непавінавенні: «Вунія — гэта мір з Польшчай, мір з каралём, мір з Рымам. Яны хрысціяне і людзі, як мы. Няўжо вам войны не абрыдлі? Няўжо ты, Ропат, не хочаш, каб скутая табою зброя мірна драмала, аж пакуль не нападуць на твой дом? Каб са шкуры, якую ты, Васка, вырабіў, не рабілі ножны, а рабілі вокладкі для кніг? А ты, Неўсця, няўжо хочаш, каб у тваіх катлах варылі ваякі апошнюю карову абяздоленага селяніна? І ты ж, Сцяпан, хочаш, каб у скрынях, што ты робіш, не вецер свістаў, а ляжала багацце, што людзі сабралі работай і сумленным гандлем? Чаго вы лезеце? Няўжо вы не прагнеце пасля войнаў, паўстанняў, плах — спакою?! …Ну змірыцеся з уладай папы, і ўсё» (VIII, кн. 1, 103 — 104). А калі ўжо і браць доўбню ў рукі, дык за шчасце горада, не за Белую Русь, а за сваё асабістае шчасце, за чэсць сваёй каханай Багусі.

Праўда, адметныя ад іншых выказванні Вольхі, яго спрэчкі з гражданамі наконт мэтазгоднасці ўзброенага выступлення супраць уніятаў можна зразумець. І вось, на наш погляд, чаму. Ён не толькі творца, як залатых спраў майстар, ён творца душэўнага настрою людзей. Паводле словаў таго ж Кунцэвіча, «ён паэта. Можа, другі на Беларусі пасля вялікага Міколы з Гусава» (VIII, кн. 1, 114). І менавіта таму Вольха да пэўнага часу супраць кровапраліцця. З прадстаўнікамі віцебскага магістрата ён ідзе з прашэннем да Іасафата Кунцэвіча, мяркуючы ўсё ж, што будзе дасягнута паразуменне: «Мы молім цябе выслухаць нас. Выслухаеш — згодныя быці з табою… Не — глядзі» (VIII, кн. 1, 116). На пачатку размовы з арцыбіскупам словы гэтыя яшчэ не пагроза. Гэта папярэджанне езуіту пра тое, што чаша народнага цярпення ўжо перапоўнена і што менавіта ад яго залежыць, будзе яна разліта ці не.

Не робіць свайго кроку насустрач гараджанам арцыбіскуп Полацкі і Віцебскі Іасафат Кунцэвіч. Не хоча, а галоўным чынам, ужо не можа. Так далёка зайшоў ён у нянавісці, жорсткасці, усёй сваёй дзейнасці па насаджэнні уніяцтва на беларускіх землях. Два сведчанні пераканальна пацвярджаюць гэты вывад. Першы — афіцыйны — пісьмо літоўскага канцлера Льва Сапегі Іасафату Кунцэвічу ад 12 сакавіка 1622 года: «…вы злоўжываннем сваёй улады, сваімі ўчынкамі… запалілі тыя небяспечныя іскры, якія ўсім нам пагражаюць згубным і ўсёзнішчальным пажарам… ваша правялебнасць вырашылі прыводзіць людзей да яе (уніі. — А. Р.) такімі гвалтоўнымі сродкамі… чуваць галасы, што яны лепей жадаюць быць у турэцкім падданстве, абы не цярпець гэтакі ўціск…»

Другі — літаратурны — словы духоўніка Кунцэвіча, езуіта Станіслава Касінскага з хронікі «Званы Віцебска»: «…ты адкрыта пачаў паўсюль усё знішчаць, а нясхільных катаваць пакутамі і прыўлашчываць манастыры воўчым правам. І спадарожнікам трэцяга твайго кроку была нянавісць. Нават многія уніяты заразіліся ёю і адышлі. Але цябе не абразуміла і нянавісць. Ашранцы цябе ў Дняпры ўтапіць хацелі. Магілёўцы гарматы навялі, а пасля ім галовы секлі і прымусілі заплаціць дваццаць тысяч злотых. Інакі цябе ў Кіеве забілі б, каб не ўцёк. Так, уцёк ад пакутніцкага вянца. Ведаеш, што ён азначаў бы?» (VIII, кн. 1, 119).

Калі задаволіцца толькі фармальным зместам, то можна бачыць, што і ў першым, і ў другім выпадку ў адрас Кунцэвіча як бы выказваюцца абвінавачанні за перавышэнне рэлігійных паўнамоцтваў, прыцясненне, здзек над людзьмі, гвалтоўнае насаджэнне сярод беларускага насельніцства веры каталіцкай. Можа нават скласціся ўражанне, што і Сапега, і Касінскі праяўляюць пэўную заклапочанасць і ўвагу да лёсу тысяч беларусаў. Яно так, праяўляюць. Але не ў сэнсе абароны іх інтарэсаў, іх жыцця і веры. А ў тым, каб уся палітыка акаталічвання вялася не з пазіцыі гвалту, грубай сілы, а метадамі больш вытанчанымі, псіхалагічнымі, маральнымі. Патаемны сэнс «дыпламатыі» Сапегі У. Караткевіч раскрывае ў трэцяй дзеі сваёй «Хронікі», калі вялікавяльможны канцлер прыехаў вяршыць суд у Віцебску над забойцамі Кунцэвіча. Што датычыць заўвагі духоўніка Касінскага, то, на наш погляд, яна мае вельмі добра прыхаваны падтэкст. Чаму Касінскі не выказаўся такім чынам да сустрэчы Кунцэвіча з дэпутацыяй віцяблян? Не мог ён уявіць, што арцыбіскуп Кунцэвіч можа даць, а потым стрымаць сваё слова, што ён не кране ўдзельнікаў сустрэчы ў сваім палацы. А калі гэта адбылося і завадатары смуты былі адпушчаны, езуіт Касінскі (ён добра разумеў, што менавіта ад гэтых разумных і мужных людзей можна чакаць вялікіх бед) вырашыў псіхалагічна «завесці» Кунцэвіча, «націснуць» на эмацыянальны бок справы, выкарыстаўшы індывідуальныя, эгаістычныя якасці арцыбіскупа: маўляў, у сваім палацы ты вольны дзейнічаць як хочаш, а ў Віцебску уніяцкую справу будзеш весці так, як таго патрабуе Ватыкан.

Сцэна сустрэчы ў арцыбіскупскім палацы адыгрывае ў творы У. Караткевіча вальмі значную ролю. Яна пераканаўча раскрывае працэс палярызацыі сіл напярэдадні віцебскага паўстання 1623 года. Як сведчаць падзеі, яго можна было б прадухіліць, калі б езуіты прыслухаліся да голасу народа, пайшлі на некаторыя ўступкі ў насаджэнні уніяцтва. Але так не адбылося. Лозунг Кунцэвіча: «Або падпародкоўвайся, або смярдзі ў гнаі, як тое падла» выкрывае сутнасць езуіцкай палітыкі на Беларусі. Асабліва калі ўлічыць, што магнацтва, апрача нямногіх, здрадзіла простаму народу, перакінулася на бок уніятаў. «Яны цяпер, — выказваецца Сцяпан Пасіёра, — па-чужынску цвэнкаюць, усе гэтыя тышкевічы, агінскія, валовічы, сангушкі, сапегі, браніцкія, аскеркі, храбтовічы і іншыя, імя іх — легіён. Ім ужо мова Кірылы з Турава, Скарыны і Цяпінскага — грубая, як калі ў жываце бурчыць. Псы. Ледзь не адны мы засталіся, мы, просты народ…» (VIII, кн. 1, 123).

Дыялектыка адносін Кунцэвіча і яго паплечнікаў да гэтага вось простага народа адназначная: няма месца для «так і так», ёсць толькі «або — або». Ясна, што з такой пазіцыяй шлях, магчымасці да кампрамісаў адрэзаны. Ёсць толькі адна дарога — да яшчэ большай канфрантацыі, яшчэ большага размежавання сіл.

Паверыўшы ва ўсёдазволенасць, Кунцэвіч і яго памагатыя не грэбуюць нічым: спрабуюць сілай разагнаць віцяблян, якія сабраліся каля праваслаўнай царквы-шалаша ў Задзвінні, потым спальваюць гэту царкву. Хапаюць і кідаюць у кухаварню для катаванняў папа Ілю, нарэшце, сам Кунцэвіч вырашае сілай выдаць замуж за свайго падручнага Палікара вольную гараджанку Багусю, дзяўчыну, якую кахаюць Ропат і Вольха.

Дарэчы, сцэна размовы арцыбіскупа Кунцэвіча з Багусяй адна з самых напружаных у творы. Для Кунцэвіча і тут галоўнае — дэманстрацыя сілы. Сказана ім — значыць, так і будзе. А пажаданні Багусі, яе довады і разважанні — гэта ўсё для «святога айца» хімера і абраза. Лагічнасць і праўдзівасць выказаных ёю меркаванняў яшчэ больш раз’юшыла арцыбіскупа. Ён аддае загад «агнём і мячом» вынішчыць усё, што працівіцца каталіцкай царкве, а Багусю кінуць у падзямелле да катаў. Але і гэта не зламіла вольную гараджанку, не спакусілася яна на абяцаныя Кунцэвічам багацце і райскае жыццё. Урэшце раздзеліць яна свой лёс з тым, каго кахае — з паэтам Вольхам. Яна будзе побач з ім у самыя вырашальныя і самыя трагічныя моманты паўстання. І тады, калі Вольха, выконваючы волю народа, расправіцца з Кунцэвічам, і тады, калі будзе абвешчаны смяротны прысуд ім самім, як забойцам арцыбіскупа. Па загаду Палікара яны будуць замураваныя жывымі.

У вобразе Багусі Данель — гэта, бадай што, адзін з самых цікавых вобразаў жанчын-змагарак у беларускай гістарычнай драматургіі — знітаваны ў адно і ўменне пастаяць за жаночую годнаць, і вернасць каханню, якое не вымяраецца багаццем і прымусам, і вялікае пачуццё прыналежнасці да свайго народа, вера ў справядлівасць і правільнасць абранага ім шляху барацьбы з езуітамі.

Ідзе назапашванне сіл і ў лагеры гараджан. На дапамогу ім прыходзяць людзі з Оршы, Полацка, Вільні і «шляхецкія падданыя» — сяляне з бліжэйшых да Віцебска вёсак — прыгнёт каталіцкі паўсюль жорсткі і нясцерпны. Невялікая сцэна з трэцяй карціны «Званоў Віцебска», калі ўсе разам — віцябляне, аршанцы, вільняне, палачане — прымаюць канчатковае рашэнне аб выступленні супраць Кунцэвіча.

«Пасіёра. Людзі некалі слаўнага места Віцебскага! Бедныя! У шалашы загнаныя, у норы, як зверы! Думаеце, адны вы так? Вось з’явіліся з загонамі людзі. Пятро Васільевіч, палачанін, з сынам Васілём, Ладысь — аршанец, Васіль — магілёвец ды Авянір, а прасцей, Вінусь — вільнянін. Прыйшлі раіцца, як далей быць, як жыць, як дыхаць.
Палачанін. Наконт нас і казаць няма чаго. Усе ведаюць, як ён нас прыціснуў. Ведаючы, якія беды нас чакаюць, проста хоць дзяцей не раджай…
Аршанец. У нас за тое, што мы яго тапіць хацелі, усе грамадскія лазні на Дняпры зачыніў перад праваслаўным Вялікаднем. І ў каго сваей не было — тыя да суседзяў хадзілі і набіваліся, як салоная рыба ў бочку…
Вільнянін. Вільня кіпіць. Вялікая грамада. У замках і па слабодах і дамах шляхцецкіх хоча паўторна бунтавацца…
Пасіёра. Ад Вільні да Магілева куюць людзей у жалезы, кідаюць у цямніцы. Людзі ў Барысаглебскім манастыры адзінаццаць дзён трывалі асаду. Толькі полацкая замкавая варта агнём іх узяла» (VIII, кн. 1, 122 — 123).

І раптам Вольха (той самы паэт, які яшчэ не змог вызначыць сваю лінію паводзін): «Мы, мяшчане, у законе выраслі, звыклі паважаць закон. Мо напішам каралю ды пацерпім крыху яшчэ…» (VIII, кн. 1, 123).

Воклічы абурэння, крык, нездаровы гул у натоўпе выклікалі гэтыя словы Вольхі. А самыя нецярплівыя, як, напрыклад, Ропат, нават гатовы накінуцца на паэта са зброяй у руках: «Не пойдзеш — галаву развалю. До цярпець! Воўк перарэжа ўвесь статак…» (VIII, кн. 1, 124).

Эмацыянальная напружанасць, высокі напал людскіх страсцей: «За што змагацца?» І раптам спакойныя разважлівыя словы папа Ілі: «Не толькі вера. Праўдзівей, не столькі вера. Справа на тое пайшла, ці быць, ці заставацца нам у вякі вякоў — і давеку — тым, чым мы ёсць. І пра гэта вы і думайце перш за ўсё» (VIII, кн. 1, 126).

Гэтыя словы — не проста эмацыянальны ўсплеск аднаго з герояў хронікі. Гэта, на наш погляд, лейтматыў і «Званоў Віцебска» і, наогул, усіх твораў У. Караткевіча, прысвечаных змаганню беларусаў супраць усякага прыгнёту — сацыяльнага, нацыянальнага, рэлігійнага. Так, не толькі за праваслаўную веру, не за лепшага арцыбіскупа змагаліся віцебскія паўстанцы ў 1623 годзе, як не толькі супраць арандатараў і дрэннай адміністрацыі Крычаўскага староства былі скіраваны сялянскія хваляванні на Магілёўшчыне ў 1743 — 1744 гадах, адлюстраваныя ў трагедыі «Маці ўрагану». Праўда, калі разглядаць кожнае хваляванне, выступленне, паўстанне беларусаў супраць прыгнятальнікаў як асобны, не звязаны з іншымі, выключны эпізод, тады будуць прыклады з воляй адной вёскі ці аднаго невялікага рэгіёна, з добрым панам і добрым царом.

Але ж, зыходзячы з навуковай метадалогіі аналізу гісторыі, мы павінны бачыць не толькі асобныя эпізоды і падзеі, якія хай і атрымалі рэзананс у гісторыі народа, а імкнуцца ахапіць увесь працэс у цэласнасці і непарыўнасці, бачыць не толькі адно звяно, а ўвесь ланцуг гістарычных падзей, асоб, катаклізмаў, змены ў якім вызначаюцца агульначалавечымі законамі грамадскага развіцця.

І тады зусім лагічна ў адзін рад выстройваюцца Пасіёра і поп Іля са «Званоў Віцебска», Вашчыла і Васіль Вецер з «Маці ўрагану», Юзэфа Яневіч і Кастусь Каліноўскі з «Кастуся Каліноўскага», Чаховіч і Янка Луцэвіч з «Калыскі чатырох чараўніц». Можна, канечне, засяродзіць увагу на тым, што кіраўнікі народных выступленняў (і ў «Званах Віцебска», і ў «Маці ўрагану» ды і ў пэўным сэнсе ў «Кастусю Каліноўскім») часта інтуітыўна вызначаюць сродкі і формы барацьбы з прыгнятальнікамі, не могуць пераканаўча для людзей выснаваць матывы і задачы паўстання; шмат выпадкаў, калі ў барацьбе верх бяруць эмоцыі, а не цвярозы разлік і розум. Так, у шматвекавой, крывавай барацьбе з прыгнётам было ўсё — і памылкі, і расчараванні, і здрада. Але галоўнае, вызначальнае мы павінны бачыць не ў гэтым. Галоўнае, што людзі, якія станавіліся на чале таго ці іншага руху, сваёй мэтай (можа, і не заўсёды акрэсленай рэльефна так, як нам бы цяпер таго хацелася) бачылі волю, волю беларусаў, волю палякаў, усіх іншых людзей, якія штодзённа адчувалі жорсткасць сацыяльнага, нацыянальнага, духоўнага прыгнёту.

Часцей за ўсё яны ведалі, які лёс чакаў іх у канцы змагання. Тым не менш, нават сваю смерць, сваю пагібель яны хацелі ператварыць, вобразна кажучы, у своеасаблівы каталізатар, які не даў бы згаснуць у народзе знічцы надзеі на волю, марам пра шчаслівую будучыню. Такая ўпэўненасць і адданасць абранай справе, неадольная вера ў сілы народныя надавала ім мужнасць і трываласць у барацьбе, што яшчэ больш раздражняла прыгнятальнікаў. Нібы навыперадкі адзін перад адным, яны пачыналі шукаць самыя вытанчаныя, адмысловыя метады расправы над «вінаватымі», запалохвання, прыніжэння чалавечай і нацыянальнай годнасці. Слуга езуіта Кунцэвіча Палікар Абрагімовіч, караючы ўдзельнікаў віцебскага паўстання, напрыклад, загадвае жывымі замураваць яго актыўных удзелькаў Вольху і Багусю («Званы Віцебска»), князь Радзівіл, упіваючыся сваёй уладай, вырашае кіраўнікоў Крычаўскага паўстання Івана Карпача, Васіля Ветра, Лаўрэна Каўбасу і Васку Ветра зашыць у мядзведжыя шкуры і разарваць сабакамі на галоўнай плошчы Крычава. Але далей за ўсіх пайшоў «вешальнік» Мураўёў. Ён устройвае гандаль, прапануе Кастусю Каліноўскаму захаваць жыццё, адмяніць смяротны прысуд, калі той адмовіцца ад сваіх ідэй і поглядаў, стане ў рады «паборнікаў парадку і магутнасці айчыны». «Жыццё або ідэя» — такі вось зневажальны для чалавечай годнасці гандаль…

Зневажаецца не толькі асабістая годнасць людзей. Імкненне прыгнятальнікаў накіравана на тое, каб знішчыць усё (і духоўнае, і матэрыяльнае), што садзейнічае іх еднасці, чэсці і нацыянальнай годнасці. У «Званах Віцебска» У. Караткевіч падае нам унікальны прыклад такой расправы:

«Палікар. …Перш чым зляціць твая галава, яна ўбачыць, як будуць караць ганьбаю і смерцю званы. Яны ж крычалі тваім голасам? Ну вось, быць нямымі ім, і табе…
Памрэш і ты.
…Але раней убачыш, як мы заторкнем глотку твайму гарладзёру. Як адхвошчам яго гнойнымі бізунамі. Як вырвем язык.
Падручныя пачынаюць наводмаш хвастаць звон бізунамі… Кат дачырвана разжаранымі клешчамі вырывае звону язык…
Званар. Вы яго мацней, мацней. Гэх, не ўмееце. Ану — я. (Выдраў бізун з рук падручных і — пад абураны ўздых натоўпу — аперазаў звон, які раптам адказаў трывожным гулкім уздыхам. І яшчэ. Яшчэ.) Бачыш, ён крычыць, толькі калі б’юць свае. (Кінуў бізун Палікару, які машанальна падхапіў яго.) Бачыш, калі трэба, мы крычым і без языка…
Сапега. Хто прыдумаў камедыю з хвастаннем звона?
Корвін. Дарафей і… гэты… Касінскі. Духоўнік» (VIII, кн. 1, 150, 151).

Так, для вялікага канцлера Сапегі, які па загаду папы рымскага Урбана прыехаў чыніць суд у мяцежны Віцебск, пакаранне гарадскіх званоў — гэта камедыя: для нескароных у яго прызапашаны другія, больш жорсткія меры расправы — шыбеніцы, катаванні, пазбаўленне горада і гараджан усіх правоў, што з даўніх часоў былі наданы ім польскімі каралямі. Не адмаўляе ўсяго гэтага і вытанчаны езуіт Касінскі. Але ж імкненне да волі, паводле яго разумення, павінна быць зломана не толькі страхам, але — ідэйна і духоўна. Людзі павінны пераканацца, што іх сімвал волі, іх вольналюбівыя званы, як завадатары паўстання, пакараны навечна. Так сімвалічны рытуал гібелі званоў павінен, паводле Касінскага, аблегчыць мэту уніятаў — прывесці да векавой пакорнасці людзей, звярнуць віцяблян у веру каталіцкую.

Жорстка распраўляўся Ватыкан са сваімі праціўнікамі. Пераконваючы польскага караля Жыгімонта III не пакідаць без пакарання жыхароў Віцебска, папа Урбан у сваім лісце да яго пісаў: «…Жорсткасць забойцаў не павінна заставацца беспакаранай. Там, дзе такое жорсткае зладзейства патрабуе бічоў помсты Божай, хай пракляты будзе той, хто ўстрымае меч свой ад крыві. І так, дзяржаўны кароль, ты не павінен устрымацца ад мяча і агню».

Зразумела, што прыняць пракляцце ад самога папы не захацелі ні кароль польскі Жыгімонт III, ні вялікі канцлер Леў Сапега. Атрымаўшы аўтарытэтнае папскае блаславенне, Сапега з актыўным удзелам каталіцкай царквы агнём і мячом наводзіў парадак у горадзе над Дзвіной.

Сапега. «…Разгледзеўшы абвінавачанні капітула, выслухаўшы скаргі тых, што знаходзіліся побач з блажэнныя памяці біскупам, камісарскі суд вінаваціць усіх мяшчан Віцебска і шматлікіх з Оршы, Магілёва, Полацка і Вільні ў тым, што наводзілі на дзяржаўную здраду народ. Што склалі змову супраць уніі яшчэ ў лютым 1621 года. Што, не жадаючы падпасці суду, узяліся за камяні і, скінуўшы на знак змовы і мяцяжу шапкі ў адну кучу, абразілі ў асобе войта яго каралеўскую вялікасць…
…Усё разрабавалі, і ўбытку ад таго 3079 злотых… Напала каля тысячы чалавек, і разам з простым народам бурмістры Навум Воўк, Сымон Неша, Сцяпан Пасіёра, і ратманы, і лаўнікі многія. Таму ўсіх іх, колькасцю да ста чалавек, асудзіць завочна на смерць, дзе б толькі ні адшукалі… (на самай справе было пакарана смерцю 120 чалавек і больш 100 пасаджана ў турму. — А. Р.)
Тых жа, хто ў закаранеласці не ўцёк і каго, папаймаўшы, страж адправуем, у вязеню маючы: Навума Воўка, Сымона Нешу — бурмістраў, Яна Гугнішчава — які біў у ратушны звон… (Пералічваецца больш пятнаццаці прозвішчаў. — А. Р.) Пятра Васільевіча, палачаніна, — пакараць смерцю — праз адсячэнне галавы на плошчы перад былой ратушай бясслаўнага места Віцебскага. Прысуд выканаць неадкладна…
…Маёмасць усіх канфіскаваць… Увесь Віцебск прызнаць вынаватым, Майдэборскага права і ўсіх увогуле правоў пазбавіць. Ратушу, у якой склалася змова, разбурыць… разбурыць да грунту… Зняць вечавы звон — знак прывілеяў і волі горада… Саборную Прачысценскую царкву, пры якой зроблена злачынства, зламаць, а замест яе пабудаваць для уніятаў, за кошт гараджан, новую, у большым памеры і велікапышнасці. І на званіцу яе павесіць звон, адліты з былых званоў, з вечавога звона і тых, якія білі ў набат падчас мяцяжу. А на ім зрабіць надпіс, што змяшчае кароткую аповесць пра забойства» (VIII, кн. 1, 146 — 148).

Пакаранню было падвергнута ўсё беларускае насельніцтва краіны. Усе праваслаўныя цэрквы былі перададзены ў рукі уніятаў.

Вось яны, дзеянні паўнамоцнага каралеўскага пасланніка, вось яны, сапраўдныя справы «асцярожнага канцлера», які яшчэ за год да Віцебскага паўстання так палымяна заклікаў Кунцэвіча не выкарыстоўваюць гвалтоўныя сродкі, ісці на кампраміс у сваёй міратворчай дзейнасці. Крыж Кунцэвіча, меч Сапегі зліліся ў адно, калі толькі справа дайшла да здушэння волевыяўлення віцяблян, да спробы захаваць сваю нацыянальную годнасць, сваю веру і звычаі.

Аднак ні фізічнае вынішчэнне кіраўнікоў і актыўных удзельнікаў паўстання, ні маральныя здзекі над горадам і гараджанамі не зламалі, не маглі зламаць іх галоўнага імкнення — імкнення да волі, да свабоднага нацыянальнага развіцця. Нескаронасцю, глыбокай верай у сілу народа прасякнуты апошнія словы Марцыяна Ропата, засуджанага да пакарання смерцю: «…Ніякім розумам, ніякім гвалтам нельга дасягнуць таго, каб у Віцебску не было Віцебска, каб на нашай зямлі не было нашай зямлі. Гэта сказаў паляк. Гэта ж гаворым сваёй смерцю і мы. Вам не заглушыць Віцебскага набата. Вам не заглушыць званоў нашай зямлі» (VIII, кн. 1, 151).

Такім вось арыгінальным, патрыятычным, глыбока нацыянальным стаўся твор, напісаны У. Караткевічам па «сацыяльным заказе». Незвычайнасць гістарычнай сітуацыі, яскравыя характары, запамінальныя вобразы — у гэтым, на наш погляд, і заключаюцца тыя адметныя характарыстыкі «Званоў Віцебска», што сталі асновай для стварэння яшчэ аднаго цікавага твора, але цяпер ужо ў тэатральным мастацтве. Дзелавое супрацоўніцтва з аўтарам, улік яго заўваг і пажаданняў дазволілі рэжысёру Валерыю Мазынскаму, мастаку Аляксандру Салаўёву, кампазітару Сяргею Картэсу разам з трупай Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра імя Якуба Коласа знайсці пераканальны сцэнічны эквівалент Караткевічавай хронікі. «Цяжка прыпомніць за апошні час, — адзначаў на сваіх старонках „Віцебскі рабочы“, — іншы спектакль коласаўцаў, дзе так арганічна зліўся б у адно „малюнак“ падзей, мастацкае афармленне і музыка». Нельга не адзначыць, што творчая работа тэатра атрымала станоўчую ацэнку рэспубліканскай і ўсесаюзнай прэсы. У жалобным слове ў сувязі з дачаснай смерцю У. Караткевіча Мазынскі пісаў: «Як патрэбен яго максімалізм. Яго ўпартасць. Яго настойлівасць, з якой ён стукаўся ў нашу свядомасць. У кожным ягоным радку гучыць настойлівае — „не здрадзь!“. Не здрадзь сабе, чалавек! Не здрадзь зямлі, на якой нарадзіўся. Як ён быў заклапочаны, каб мы зразумелі свае вытокі…»

Доўгія гады не сходзіў гэты твор з рэпертуарнай афішы коласаўскага тэатра. Тысячы людзей сталі сведкамі гераічнай барацьбы беларусаў за волю і лепшую долю. На іх прыкладзе сучаснікі спасцігалі сутнасць лепшых чалавечых якасцей — патрыятызму, дружбы, кахання, вернасці…

Глыбокая ўвага У. Караткевіча да лёсу роднага народа, трагічных старонак яго гісторыі, імкненне глыбока разабрацца ў матывах народнай барацьбы супраць усякага гнёту знайшлі сваё развіццё ў трагедыі «Маці ўрагану» (на жаль, яна стала апошнім драматургічным творам У. Караткевіча).

У сярэдзіне ліпеня 1740 г. у Крычаўскім старостве пачалося ўзброенае паўстанне, у якім супраць прыгнятальнікаў аб’ядналіся прыгонныя сяляне, гарадская бедната, а таксама «сваявольныя людзі», якія збеглі на Беларусь з Расіі. Кіраўніком паўстання стаў войт з вёскі Селішча Васіль Вашчыла.

Мясцовыя ўлады не змаглі справіцца з паўстанцамі, да якіх далучаліся новыя і новыя вёскі Крычаўскага, а таксама Аршанскага паветаў. Асабліва абвастрылася барацьба супраць феадалаў летам 1743 года, а ўжо да восені гэтага ж года ўсё Крычаўскае староства фактычна знаходзілася ў руках паўстанцаў. Вашчыла пад свае сцягі запрошваў усіх, хто змагаўся за волю.

У пачатку 1744 года барацьбу з паўстанцамі ўзначаліў князь Радзівіл. А ўжо ў канцы студзеня адбыліся дзве бітвы паўстанцаў з войскамі Радзівіла. Першая, калі паўстанцы напалі на Крычаў, але былі разбіты і адкінуты ад горада, і другая, калі палкоўнік Пястжэцкі раптоўна напаў на лагер паўстанцаў. Захопленыя знянацку, сяляне і гараджане не змаглі аказаць колькі-небудзь арганізаванага супраціўлення. У лагеры паўстанцаў пачалася паніка, якая яшчэ больш абвастрыла сітуацыю. У час бою паўстанцы панеслі вялікія страты.

Васіль Вашчыла разумее, што паўстанцы хутчэй за ўсё будуць разбіты войскамі Радзівіла і загінуць. «Ды бывае так, — разважае ён, — што трэба гінуць. Мы зараз як жабяняты, якіх нават зайцы палохаюць… Памяць іхняя каціная… Хутка забылі, як ад жаху скавыталі перад намі. Трэба ім напомніць, каб асцерагліся чапаць нас» (VIII, кн. 1, 222).

Для трагедыі «Маці ўрагану» У. Караткевіч абраў перыяд з восені 1743-га года да зімы 1744 года, гэта значыць, самыя кульмінацыйныя і самыя трагічныя моманты Крычаўскага паўстання.

Працягваючы галоўную лінію на літаратурнае асэнсаванне гераічнага мінулага беларусаў, твор гэты адрозніваецца ад папярэдніх (не толькі «Званоў Віцебска») шэрагам акалічнасцей.

Па-першае, «Маці ўрагану» з’яўляецца тым творам, які спадарожнічаў У. Караткевічу амаль што на працягу ўсяго яго творчага жыцця. Яшчэ ў 1955 годзе ў перапісцы з Максімам Танкам можна знайсці такія радкі: «Абрабляю народную легенду, якую назаву „Маці Ветра“ (з часоў паўстання Вашчылы)». У гэтым жа лісце: «…Мару яшчэ напісаць пра Вашчылу нешта сапраўднае, толькі не ведаю што. Аповесць, драму або сцэнарый. Усё прываблівае». У лісце да таго ж адрасата ў 1956 годзе Караткевіч зноў двойчы звяртаецца да размовы пра «Маці ўрагану» (тут яна, праўда, называецца «Маці Ветра»). «Пасылаю таксама легенду „Маці Ветра“. Яе калісьці распавядаў мне дзед, але я запамятаваў толькі канву і сеё-тое з выразаў. За „Маці Ветра“ т. Вялюгін, напэўна, зноў будзе мяне лаяць…» У. Караткевіч піша, што А. Вялюгін, які тады быў рэдактарам «Маладосці», рабіў яму заўвагі наконт дрэннай літаратурнай мовы. «Уласна, я хацеў спытаць у Вас, ці вартая ўвагі гэтая „Маці Ветра“, што я пасылаў, Анатолій Сцяпанавіч (Вялюгін. — А. Р.) таксама нічога мне не сказаў наконт яе…»

Цяпер, калі гэта легенда з’явілася ў друку — яна змешчана ў зборніку не друкаваных пры жыцці пісьменніка твораў (гл.: Караткевіч У. Творы: проза, драматургія, публіцыстыка. Мн., 1996) можна адназначна сказаць, што яна сапраўды «вартая ўвагі». Шкада толькі, што яна не з’явілася ў друку тады, калі была напісана (а менавіта ў сакавіку 1956 г.).

Па-другое, «Маці ўрагану» тварыў чалавек, за плячыма якога ўжо былі доўгія гады творчых пошукаў і поспех у розных галінах літаратурнай дзейнасці. Нельга не пагадзіцца з А. Мальдзісам, што ў трагедыі «Маці ўрагану» — «…шматфарбным палатне аддаленага ў часе народнага быцця, яскрава ўвасоблены шматгранны талент У. Караткевіча — трагедыйны (фінал твора), камедыйны (сцэны ў радзівілаўскім палацы), паэтычны (велічныя канты), аналітычна-даследніцкі (грунтоўныя ўступныя тлумачэнні)». Дарэчы, і сама трагедыя, і асабліва аўтарская прамова да яе чытаецца як сталы гістарычны раман.

Па-трэцяе, У. Караткевіч выкарыстоўвае больш выразныя драматычныя сродкі, чым, скажам, у «Званах Віцебска». У першую чаргу, у выбары галоўных герояў, спасціжэнні іх характараў, дыялектыкі іх узаемаадносін з супярэчлівым рэальным светам таго далёкага часу.

Кіраўнікі паўстання — Вашчыла, Іван Карпач, Васіль Вецер, поп Антох Крапіла — «гэта не звычайныя сярэднія сяляне, гэта сялянская эліта, людзі пісьмовыя і сяк-так абазнаныя ў падзеях, што робяцца ў свеце, на Беларусі і ў старостве» (Маці ўрагану. VIII, кн. 1, 172). І адносіны іх да адміністрацыі староства і арандатараў прымаюць выразную сацыяльную афарбоўку. Гэтыя людзі не схільныя былі адбрэхвацца «байкамі аб райскай канюшыне», ведалі, што шчасце павінна быць у чалавека і пад гэтымі зямнымі стрэхамі. Разумелі яны, што Зло — не вечная з’ява. Як піша У. Караткевіч, «у падтрымку сваім мяцежным парафіянам яны высунулі прынцып, што Сатана створаны Богам, ужо тым самым ніжэйшы за яго і таму неадменна павінен быць калісь пераможаны разам са сваімі паслугачамі, «сільнымі і магутнымі людзьмі розных народаў» (VIII, кн. 1, 173).

Свядома яны выбіраюць шлях змагання, свядома ідуць на смерць за лепшае і шчаслівейшае жыццё землякоў. Іх выбар можна і трэба ацаніць, як духоўны акт, як духоўны подзвіг (А. Сідарэвіч). Таму літаратурнае адлюстраванне Васіля Ветра, Васіля Вашчылы, Івана Карпача, Агны Вецер атрымалася ўражлівым, праўдзівым, запамінальным. Вобразы кіраўнікоў Крычаўскага паўстання значна пашырылі галерэю гераічных народных заступнікаў, якая, па сутнасці, была пачата і пастаянна расшыралася самім У. Караткевічам.

Адметнасць трагедыі «Маці ўрагану» яшчэ ў адным вобразе (на наш погляд, менавіта ён у большай ступені, чым іншыя, надае твору своеасаблівую драматургічную важкасць). Гэта вобраз Агны Вецер, маці Васіля Ветра, жанчыны вялікай душы і трагічнага лёсу (яе мужа, панцырнага баярына Ветра, знішчылі «маршалак і шатны са шляхтай», а яе, паўжывую, выцягнулі з палаючага замка), якая не хоча новай крыві. Тым больш што яе сын Васіль у радасці і шчасці жэніцца з харашуняй Надзеяй.

Яна імкнецца растлумачыць камісару і арандатарам Іцкавічам, Гдалю і Шмуйлу, што каралю і князю ўсё заплочана да апошняга шэлега і ім не трэба шукаць вінаватых, ды, урэшце, і няма чаго рабіць на сядзібе Ветраў. А калі ў іх ёсць жаданне паспрабаваць вясельную чарку, то гаспадары ім не адмовяць. У размове з няпрошанымі гасцямі паводзіць сябе прыстойна (як і належыць удаве панцырнага баярына), з пачуццём высокай чалавечай годнасці, нават на кпіны і задзіркі арандатараў адказвае разважліва, спрабуе абразуміць іх, звярнуць гутарку ў мірны, разважлівы кірунак, паўстрымаць ад неабдуманых учынкаў: «Сцеражыся, Гдаль. Устануць людзі. І адказваць за твае паскудствы будуць тыя з тваіх супляменнікаў, што грошай у вочы не бачаць, што не вінаватыя. Ты ўцячэш, я ведаю. А тыя?» Аднак калі трэба «даць здачы» нахабным «гасцям», яна знаходзіць трапныя словы. Урэшце, арандатара Гдаля яна «ахрысціць» як д’яблавага вырадка, сына «кабана і сукі».

Але тая ж Агна Вецер не можа змірыцца з пазіцыяй роднага сына Васіля, калі той, аслеплены асабістым каханнем, разважае аб усеагульным шчасці і міры: «…Я проста не магу зараз, пакахаўшы, праліваць кроў… Я шчаслівы і добры, як ніхто… Я люблю жыццё і не хачу ліць крыві» (VIII, кн. 1, 232), і спрабуе адгарадзіцца ад здзекаў над родным народам, ад ганаровай прапановы Вашчылы ўзначаліць барацьбу з прыгнятальнікамі. Разумеючы Васіля, Вашчыла не адвяргае яго думкі, ён проста надае ім іншы паварот: «Правільна. І адзін такі, што даў сабе распяць за нас, сказаў: «Няма любові большай за тую, як нехта душу сваю паложыць за друзі свае» (VIII, кн. 1, 230). Але перад гэтым Вашчыла ў запале кідае Васілю наступныя словы: «…Але хапіла бабы і… (у сувязі з жаніцьбай Васіля. — А. Р.). Я не думаў, што можа быць чалавек, які ціскае жонку, калі ягоных братоў ціснуць кляшчамі. Які глядзіць у неба, а народ ягоны ў гэты час глядзіць у вочы катам і думае апошнімі думкамі, хто яшчэ тыцне яму пікаю ў бок» (VIII, кн. 1, 230). Васіль пакуль што не прымае гэтых довадаў. Такую пазіцыю сына маці Васіля расцэньвае як ганьбаванне самой яе, хаты Ветраў і ўсяго іх роду. Роспаччу ад таго, што не атрымліваецца размова з сынам, што ён не хоча зразумець маці, прасякнуты яе словы: «Ратуючы ад хваробы, не ўратавала ад ганьбы. Шкада… Ветры — пасмешышча зямлі» (VIII, кн. 1, 233).

Хай інтуітыўна, але Агна Вецер разумее, што аддзяліцца ад народа, яго пакутнага існавання, адгарадзіць свой шчаслівы, вольны і незалежны сямейны астравок у вялікім моры людскіх бед і нягод — справа нерэальная. Яна імкнецца пераканаць сына, што шчасце і годнасць іх адной сям’і тады будуць рэальнымі і сапраўднымі, калі такімі ж шчаслівымі і вольнымі будуць усе людзі. І тут У. Караткевіч уводзіць у трагедыю вобраз Чалавека, вобраз трагічны, абагульнены, філасофскі. Адрынуты грамадствам, загнаны ў зямельную пячору — гэты пракажоны чалавек не зламаўся. Несуперак волі Іцкавічаў, якія спалілі яго сям’ю і хату, ён жыве як немы дакор прыгнятальнікам, сімвалізуючы ўвесь, аб’яўлены імі пракажоным, беларускі народ. Размова з Чалавекам, еднасць з ім (Вецер не збаяўся павячэраць і па-чалавечаму, паклаўшы руку на плячо, развітваецца) стала тым душэўна-маральным учынкам, які сваё асабістае шчасце змог суаднесці са шчасцем народа і які свядома выбраў свой далейшы шлях: «Але нават праказа не забароніць мне ўсе гэтыя гады біць, душыць, рэзаць, паліць гэтых мярзотнікаў. Нішто не шкодзіць і пракажонаму загінуць як след. Бо лепей загінуць нават у катоўні, нават у агні, чым згнісці жыўцом» (VIII, кн. 1, 239).

Зразумела, што такое рашэнне сына разбурыла адчужанасць паміж Агнай і Васілём. Якім пафасам, якім блаславеннем на барацьбу гучаць словы маці: «…Мы для гэтага зашмат пакутавалі. Мы пакутамі купілі права на гэта (на барацьбу. — А. Р.). І калі іншыя ў бунце могуць быць проста ветрам, то шэлег табе цана, Вецер, калі ты не будзеш ураганам» (выдзелена У. Караткевічам. — А. Р.) (VIII, кн. 1, 240).

Такой жа патрыятычнасцю і эмацыянальна-маральнай глыбінёй напоўнены словы Агны Вецер (цяпер не проста маці, а па вызначэнні яшчэ аднаго з кіраўнікоў паўстання Івана Карпача — «Маці нашага ўрагану», «Маці ўрагану»), калі яна выпраўляе Васіля і Надзею, цяпер ужо з атрадам паўстанцаў, на смяротную барацьбу з прыгнятальнікамі: «Бывайце, дзеці. Не заклінаю вас ад стрэлу чужынскага, ад сухоты агнявой, ад корда, і шаблі, і пісталета, і доўбні, і ад стралы. Калі вам і мне суджана памерці — мы памрэм іначай. Але на ворага вашага перад бітвай нападзе трасенне ступіц і жылы падкаленнай, і нядужасць рукі, і цемра ў вачах, і жах смяротны…» (VIII, кн. 1, 246).

Высокія чалавечыя якасці Агны Вецер — нязломнасць Волі, цвёрдасць Характару, велічнасць Духу — дасягаюць апагея ў сваім развіцці ў фінале п’есы. Паўстанне пацярпела паражэнне, закатаваны захопленыя жывымі яго ўдзельнікі, засуджаны і пакараны жудаснай смерцю кіраўнікі сялянскага бунту (былі зашыты ў мядзведжыя шкуры і кінуты на разарванне сабакам) — Радзівіл і яго падручныя «ўпіваюцца» ўладай. Губернатар староства Павал Цялецкі абвінаваціў кіраўнікоў паўстання «ў арганізацыі бунтаў на працягу чатырох гадоў, у час якіх не жадалі прызнаваць універсалаў Радзівіла, прымалі іх за выдуманыя, выганялі з староства губернатара, камісараў і падстараст, некаторых з іх збівалі, адымалі ў іх маёмасць, збівалі з забівалі арандатараў, купцоў і іншых мяшчан, забіралі ўсе іх багацці і, нарэшце, са зброяй у руках двойчы выступалі супраць войск самога Радзівіла».

Здавалася, усё скончана. Перамагло і ўладарыць Зло. І ў гэты самы момант духоўна нязломная маці ўрагану кідаецца да прыслужнікаў Радзівіла, цалуе ім рукі, просіць злітавацца над яе сынам: «Злітуйцеся з яго, злітуйцеся з іх. (Цалуе рукі ўсім, акрамя Радзівіла.) Паночкі. Паночкі…» (VIII, кн. 1, 303). Знешне ўчынак (ніхто, акрамя самой Агны Вецер, не ведае яго сапраўдных матываў) маці ўрагану выглядае як духоўнае здрадніцтва, як адмова ад самой ідэі барацьбы з прыгнятальнікамі.

«Карпач. Апамятайся! Праклянем!
Лаўрэн. Маці, што ты робіш?!»

Нарэшце «Радзівіл (прыняў зухаватую паставу). А я што казаў? Аблізала ўсіх. Няма меры іхняй нізасці. Пайшла прэч» (VIII, кн. 1, 303).

Вось ён, перадсмяротны маналог Агны Вецер, які дае нам разуменне яе слоў і ўчынкаў на Радзівілавым двары: «…Я ўсе гады насіла таму пракажонаму ежу, а апошнія месяцы дакраналася да яго, і — чым жа ён вінен, што адзін? — я закрыла яму вочы, апускаючы ў магілу. Сын не мог яшчэ захварэць. Затое я (раздзірае на плячы сарочку)… Бачыце белую пляму? Як матыль… Праказа… Белы матыль смерці… Ён, Васіль, не атрымаў хваробы. Хвароба — гэта маё. А цяпер і ваша. Ну так, я ж аблізала ўсе вашы рукі, як прыніжаная валачашчая сука. І ты, князь, яшчэ казаў, што няма меры нашай нізасці. (І завыла.) Ну так, я сука. У мяне аднялі майго шчанюка» (VIII, кн. 1, 307 — 308).

Ужо гэтыя словы прымусілі адхіснуцца ад Агны ўсіх, хто стаяў побач. А праз некалькі імгненняў усіх ахапіў страх, над галовамі навісла «несамавітае, жывёльнае выццё і рык: «Дыму!», «Жару!», «Абпячы рукі!», «Запаліць!», «Гарэлкі!», «Спірытусу сюды!» (VIII, кн. 1, 308).

Агна гаворыць з ледзяным спакоем: «І сука ашалела. І перакусала вас усіх. Чаго вы шарахаецеся? Чаго кідаецеся? Позна. Ну так, ваша смерць не будзе такая хуткая, як у яго. І яна будзе лягчэйшая, я вам не хлусіла, я праўду казала. Праказа ж не баліць. Проста ў вас будзе адгніваць аблічча, нос, вушы, шчокі. Пальцы рук не будуць адчуваць болю — як ён адчуваў — і нават апёкаў — як балелі яны яму. А пасля, паступова, адгніюць і яны. А паслая ногі і іншае. Вы зажыва згнілі душою — цяпер згніеце і целам. Вузлаватая праказа цягнецца дзевяць год. Гладкая — васемнаццаць. Я не скажу вам, якая яна ў вас. Бо нават той, каму пашанцавала не заразіцца зараз, будзе дзевяць, а то і васемнаццаць год чакаць лянівай смерці. І ў кожную хвіліну дрыжаць ад жаху. Будзе засынаць і прачыннацца з думкай аб ёй. І кожную раніцу першая думка будзе: „Божа, вось няўжо сёння… Бо-о-о-ожа, ратуй. Вось… Вось здаецца… Вось-вось…“ А людзі і ўласныя дзеці будуць цурацца вас. Не, я не назапасіла вам лёгкай смерці. Будзь спакойны, сынок. (Узвысіла голас.) Яны памруць. Яны — памерлі ўжо» (VIII, кн. 1, 308).

У канцы маналога — зварот да князя Радзівіла: «Не торгайся, князь. Сука не лізала цябе. Табе будзе горш. Я ж, акрамя ўсяго, і ведзьма, прарочыца — ты не ведаў? Табе будзе нават горш за іх. Богам і зямлёй сваей клянуся, што ўсё гэта збудзецца. Вось што будзе з табой. Адна жонка, з Сапегаў, ужо ўцякла ад цябе. Жанчыны любяць тыранаў, але толькі не скупых, не халодных і не нудных, як свіная чума. Уцячэ і другая. І трэцяя. І ўсе — з вялікаю ганьбай для цябе, напладзіўшы табе сотні ворагаў. Ты будзеш пасмешышчам нават у вачах бяссілых і садамітаў. І ні ад адной бабы ў цябе не будзе дзяцей, бо бог пракляне чэрава кожнай жанчыны на час, калі яна з табой. Не ведаю, ці хопіць у цябе сілы абгардзіцца ў чацвёрты раз?! І нішто з таго, што ты задумаў, не споўніцца. І ўсе будуць бегчы ад цябе, як бягуць з дома — нават калі дом гэты замак — пацукі ад пацука, якога злавілі, вымазалі дзёгцем і выпусцілі. І ты будзеш блукаць, адзін бясконцымі замкавымі калідорамі і сутарэннямі, дзе шкілеры замучаных, і ніхто не падасць вады. Блукаць і смярдзець пры святле месяца. І ніводнай роднай душы… А мой хлопчык загінуў страшна, але сярод родных і любоўных. Бо мой хлопчык — Чалавек, а ты — пацук…

Сустрэчы з табою… шукаць стану… Сэрца… яно такое вя-лі-кае…» (VIII, кн. 1, 308 — 309).

Такая яна, Агна Вецер, маці ўрагану. Спачатку засцеражэнне, спроба зберагчы сям’ю ад навалы, потым бласлаўленне сына і яго каханай на барацьбу з прыгнятальнікамі, нарэшце, самаахвяраванне (скажам, вынашанае ў душы і сэрцы і абранае свядома), каб пакараць калі не ўсіх, дык найбольш жорсткіх прыгнятальнікаў сялян на Крычаўшчыне. Вось яны: Патрыятызм, Чалавечнасць, Грамадзянскасць.

На жаль, межы нарыса не дазваляюць паглыбіцца ў іншыя, вельмі важныя для разумення гэтага твора праблемы. Такія, напрыклад, як

— стаўленне служкаў царквы да народа (ці то прадажнасць — поп з Бесавічаў, ці сапраўднае разуменне народных інтарэсаў — поп Антох Крапіла);

— нацыянальныя дачыненні і асабліва жыдоўская лінія (Іцкавічы, якія бяруць з беларусаў усё магчымае і немагчымае, і каваль Мендл Кеймах, які адбіў рукі, выконваючы просьбы такіх жа бедных, як ён, беларусаў);

— дзеянні князя Радзівіла і яго памагатых (з аднаго боку — прэтэнзія на чалавечнасць, як у выпадку з пасламі з Крычаўшчыны, з другога — «бязмерная амбіцыя», «неўшанаванне законаў боскіх і людскіх», распуста, здольнасць да зверства і жорсткасці);

— удзел іншаземцаў у задушэнні сялянскіх хваляванняў, іх стаўленне да беларусаў;

— мова твора, яго насычынасць вуснай народнай творчасцю і інш.

Літаратурны поспех «Маці ўрагану», на наш погляд, менавіта ў тым, што У. Караткевіч, следуючы лепшым традыцыям айчыннай літаратуры, змог перадаць дыханне эпохі, падышоў да асэнсавання гістарычных падзей з глыбока рэалістычных пазіцый, яшчэ раз сцвердзіўшы вядомае палажэнне марксізму аб неабходнасці праўдзівага паказу тыпічных характараў у тыпічных абставінах. З другога боку, заглыбленне ў гісторыю, дэталёвы аналіз крычаўскіх падзей 1743 — 1744 гадоў у «Маці ўрагану» дазволіў яму больш рэальна асэнсаваць і па-мастацку ўвасобіць у беларускай драматургіі — у трагедыі «Кастусь Каліноўскі» — такую значную ў гісторыі Беларусі з’яву, як народная барацьба супраць царызму ў 1863 — 1864 гадах.

Творчая гісторыя п’есы, як сведчаць звесткі з асабістага архіва У. Караткевіча, няпростая. Было напісана каля 10 варыянтаў. Адзначым і такую дэталь. Адзін з ранніх варыянтаў п’есы вядомы пад назвай «Руна пра Кастуся» і мае своеасаблівы аўтакаментарый да п’есы, надрукаваны пад назвай «Заўвагі для акцёраў». Іх каштоўнасць у тым, што «Заўвагі…» дапамагаюць глыбей зразумець аўтарскае бачанне гісторыі, характару дзеянняў і ўчынкаў герояў. Па-сутнасці, у «Заўвагах…» сфармулявана эстэтычнае крэда Караткевіча-драматурга. Напрыклад, аўтар выказваецца пра жанравую спецыфіку руны, больш глыбока аналізуе характар Кастуся, дае сваё разуменне характару станоўчых і адмоўных герояў і інш.

У цэнтры трагедыі вобраз кіраўніка паўстання Кастуся Каліноўскага. Праз яго жыццё, характар, стаўленне да людзей У. Караткевіч уводзіць чытача ў складанае перапляценне эканамічных, сацыяльных, духоўных праблем таго часу, паказвае мужнасць народа, раскрывае тонкасць, узвышанасць і жорсткасць пачуццяў людзей, што акружаюць Каліноўскага. Таму зусім заканамерным будзе падпарадкаваць логіку крытычнага аналізу трагедыі У. Караткевіча «Кастусь Каліноўскі» самой аўтарскай канцэпцыі і ўнутранай структуры твора.

Дык якім жа паўстае перад чытачамі і гледачамі (у рэпертуары Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра імя Я. Коласа доўгі час значыўся спектакль) Кастусь Каліноўскі?

Не будзе памылкай, калі ў якасці вызначальнай рысы яго характару назавём ідэйную перакананасць у справядлівасці той справы, на якую падняліся беларускі, літоўскі і польскі народы. «Людзі, вось што галоўнае, — адзначае сам У. Караткевіч. — Розныя: дрэнныя, добрыя або проста цёпленькія, дурныя ці разумныя, людзі, скутыя адным ланцугом. …людзі, якія жылі сто год назад, але якіх мы разумеем, магчыма, лепей, чым сучаснікаў. Устаюць, кахаюць, ствараюць, гінуць. Адных з іх катуюць і гоняць — а значыць, яны маюць права на наша спачуванне, на наша сэрца. Вось і ўсё. Адны з іх больш любяць людзей (а значыць, і мы любім іх), другія — фальшывую ідэю велічы — не веліч дзяржавы, якая даўно не дзяржава, а турма, і спакою, які не спакой, а застой. Таму першых мы любім, а другіх ненавідзім, але разумеем» (VIII, кн. 1, 574 — 575).

Выдзелім тры галоўныя сферы чалавечых узаемаадносін, дзе найбольш яскрава выступае азначаная якасная характарыстыка асобы К. Каліноўскага. Гэта сустрэчы і гутаркі з простымі беларускімі сялянамі (для распаўсюджвання ідэй паўстання ў іх асяроддзі была спецыяльна створана газета «Мужыцкая праўда»), з якімі герой пастаянна сустракаецца і раіцца і якія часцей за ўсё не ведаюць і мала разумеюць сутнаць змагання. Гэта яго ідэйныя спрэчкі з кіраўнікамі Чырвонага і Белага жонду. Гэта, нарэшце, ідэйная цвёрдасць у перадсмяротнай гутарцы з Мураўёвым-вешальнікам.

Вось першая карціна першага акта трагедыі. Сяляне з Бахарэвіч, што на Гродзеншчыне, затрымалі двух «сейбітаў» — Вастравуха і Зарубу (так У. Караткевіч выдзяляе сярод дзейных асоб трагедыі кіраўнікоў паўстання і людзей блізкіх да іх). Ужо недалёка да самасуду: маўляў, цар мужыку долю даў, а знайшліся такія вось, што супраць цара. Раптам на пень, абраны для таго, каб адсекчы галовы затрыманым, устаў Падарожны: "Я — вярхоўны ваявода паўстанцаў Гродзенскай губерні, Кастусь Каліноўскі.

Адхіснуўшыся, ахнуў натоўп.

…Ах-х, якая ж вы яшчэ цемра, якая слепата, калі — свае! — сваім галовы сячэце… (І пасля гэтых слоў, звяртаючыся да мужыкоў. — А. Р.) Самі бачыце… Людзей з хворым сумленнем, дзяцей, якія зразумелі падман быцькоў, вы — сякерай. А падман будзе, калі яны не перамогуць. На вас будзе вісець! На дзецях вашых!.. (Паказаў на маладзіцу, якая гадуе грудзямі дзіця). Падман чыноўнікаў будзе вісець і над ім. Будзе ён расці, твой сын, Яўхімаў, мой, цароў брат. Будзеш ты яго макам паіць, каб не вякаў, не перашкаджаў жаць чужое поле…

А далей пачне яго ўрад вучыць, як жыць. Затлуміць галаву, навучыць паляваць на розум, на цябе, маці. А захоча праўды — павязуць туды, дзе бабы бялізну мыюць, а пранікі на неба кладуць. Маці прымусяць забыць, сумленне, свой народ… А потым за ўсю працу — крыж струхнелы. І канец… Мы ўсё аддаём. Мы часам знемагаем. І я прашу вас, мужыкі Бахарэвічаў, калі не хочаце самі паўставаць — хаця не перашкаджайце, не дапамагайце свайму і нашаму ворагу…

А колькі мужыкоў ідзе з намі! І тут, і на Магілёўшчыне, і паўсюль. І паўсюль, дзе перамагае іхняя сіла, — у мужыкоў зямля, воля, мова, слава. І няма над імі ніякай улады, акрамя іхняй справядлівасці. Няма ўжо ні чыноўніка, ні пана, ні хама. Ёсць — Людзі" (VIII, кн. 1, 12 — 13).

І вось за тое, каб гэтыя людзі сапраўды сталі Людзьмі, падняліся на бой з царызмам лепшыя прадстаўнікі Беларусі і Літвы. Менавіта яны склалі тую частку сярод кіраўніцтва паўстаннем, якая найбольш паслядоўна выступала за рэалізацыю рэвалюцыйнай праграмы паўстання і якая ў народзе і гісторыі вядома пад назвай Чырвонага жонду. Яго мэты і задачы К. Каліноўскі тлумачыць сялянам наступным чынам: «Паўстанцы таксама розныя. Тыя, што вучылі вас пакоры, раілі вам не чапаць зямлі, — гэта людзі Белага жонду, а па— нашаму — урада. Яны толькі што ўцякалі з Вільні, спалохаліся» (VIII, кн. 1, 14 — 15).

Каліноўскі цвёрда перакананы, што без апоры на мужыкоў, на сялян паўстанню будзе наканавана паражэнне. Насуперак Варшаўскаму Беламу жонду з яго забаронай «рабіць стаўку на хамаў», ён патрабуе ад сваіх паплечнікаў абапірацца на сялянскія масы, пераконваць іх, абуджаць да свабоды, прыцягваць да актыўнага змагання. Пры сустрэчы з прадстаўніком Варшавы, які імкнецца навязаць кіраўніцтву паўстаннем на Беларусі і ў Літве свае шляхецкія мэты («Мы не дазволім вам ставіць вашы беларускія інтарэсы вышэй інтарэсаў вялікай Польшчы: да Смаленска і Кіева… Толькі з намі — іначай мы вам…» (VIII, кн. 1, 24), Кастусь Каліноўскі адназначна і ўпэўнена заяўляе: («…Перадайце Беламу жонду, што мы забараняем ім нават нос торкаць у справы паўстання. А торкнуць — будзем расстрэльваць… як здраднікаў» (VIII, кн. 1, 28).

Не адмовіцца К. Каліноўскі ад сваіх поглядаў, не здрадзіць абранай справе і свайму народу і тады, калі яму, ужо засуджанаму на расстрэл, граф Мураўёў прапануе захаваць жыццё ў абмен на згоду праняць царскую і яго, Мураўёва, міласць («Хачу, каб вы сталі членам дзяржаўнага савета ў пяцьдзесят год» (VIII, кн. 1, 89). Кастусь добра зразумеў графа: «Калі за вас парадак, то чаму сярод вас столькі нягоднікаў? Чаму з пакалення ў пакаленне лепшае — гіне, а ўсё адно ідзе да нас, да „сволачы“? Я вам скажу чаму. Кожны раз чалавецтва бліжэй да шчасця… на вышыню нашых магіл. З крывёю, са зрывамі на дно прорвы, яно, здыхаючы, пойдзе да праўды» (VIII, кн. 1, 89). Адмятаючы прапанову Мураўёва, К. Каліноўскі дае старому інтрыгану і карніку свой апошні ўрок высокай грамадзянскасці: «Я зразумеў вас. У вас дагэтуль смыліць і пячэ ў сэрцы, калі вы параўноўваеце сваё жыццё з чужой чыстай смерцю… Вы… нібы хочаце перавешаць пакаленне, што бачыла ўсю вашу непрыглядную галізну… Бачыла пяць пакутнікаў на верках Петрапаўлаўкі і вас… вось такога… жывога… Праўда?.. Праўда. (Мураўёў устае і ўдарае ў дзверы. На яго страшна глядзець.) Я думаў, вы больш мужны… Я разумею, я проста першы, хто зразумеў вас да самага нутра. Да таго, у чым вы самі, можа, толькі аднойчы, у дрымоце, калі воля ўжо спіць, прызналіся сабе. (Паўза.) Рэнегат. Вам трэба для заспакаення рабіць другіх падобнымі на сябе… Але я гэтага… апошняга… вам не падару… граф-вешальнік» (VIII, кн. 1, 90 — 91).

На такі адкрыты і жорсткі маральны прысуд у Мураўёва хапіла толькі аднаго «мужнага» рашэння. Ён прапанаваў ваенна-палявому суду замяніць для К. Каліноўскага «растрэл — павешаннем» (да гэтага ён аказаў такую «міласць» другому кіраўніку паўстання — С. Серакоўскаму).

Аб тым, наколькі галоўны герой трагедыі быў чалавекам глыбока перакананым у справядлівасці абранага шляху, духоўна мужным і стойкім у змаганні, сведчыць і апошняе пісьмо-зварот К. Каліноўскага да беларускіх сялян з-пад мураўёўскай шыбеніцы:

«Бывай здаровы, мужыцкі народзе!
Жыві ў шчасці, жыві ў свабодзе
І часам спамяні пра Яську свайго,
Што згінуў за праўду для дабра твайго.
І калі слова пяройдзе ў дзела,
Тагды за праўду станавіся смела…

Ты, аднак, народзе, не чакай і з чым можаш ідзі ваяваць за свайго Бога, за сваё права, за сваю славу, за сваю бацькаўшчыну» (VIII, кн. 1, 91).

Адзначым, аднак, што ў трагедыі У. Караткевіча Кастусь Каліноўскі не проста рэвалюцыянер-аскет, для якога, апрача ідэі, нічога не існуе. Гэта таленавіты арганізатар, паэт, публіцыст, адукаваны, тонкі, вялікага таленту і розуму (нават паводле ацэнкі самога Мураўёва-вешальніка: «Гэта ўтрапёны фанатык, чалавек каменнай волі, вялікага розуму, таленту». «Ён таленавіты арганізатар, ваявода, публіцыст. Ён любіць сваю ідэю». Вершы яго — гэта не пушкінскія вершы, «але кожны нумар яго газеты — выбух»). У сэрцы яго знаходзіцца месца для разумення просьбаў і даверу іншым людзям (хоць яго паплечнікі, якія не вельмі давяраюць амбіцыйнаму двараніну Вітаўту Парафіяновічу, і супраць, ён усё ж вырашае менавіта Вітаўта накіраваць у Мінск са шрыфтамі для падпольнай друкарні) — даверу, што вядзе да трагедыі, — той жа Парафіяновіч на першым жа допыце прадасць царскім уладам К. Каліноўскага, назваўшы яго явачную кватэру і фіктыўнае прозвішча. Ён можа быць жорсткім, калі размова ідзе аб пакаранні Зла (суд над царскім палкоўнікам Цапліным, абвінавачаным у незлічоных ліхадзействах і расстрэлах як паўстанцаў, так і мірных людзей). Ён не цураецца і кахання, чыстага, узвышанага да свайго «сланечніка» Караліны Яцыны. Узрушанасцю і лірызмам прасякнуты яго словы да Караліны ў сцэне іх прызнання ў каханні:

«Ты мне — дождж яснавокі над полем і борам.
Без цябе я ні дыхаць, ні жыць не магу.
Ты мне сонца і зоры,
Ты мне — цёплае мора,
Ты мне ветрык, што з майскай лістотай гаворыць.
Ты мне — зорныя іскры на мурагу…

…Паўсюль — ты. Спявае жаўрук — і гэта твой смех… Стонг б’е ў патоку — і гэта твой гнеў. Вясёлка гарыць у расе — і гэта калі ты смяешся праз слёзы. Уся ты, з усім, стала нада мной — як святло нябёс… як радзіма…

Усё жыццё… як рака, над якой ніколі не бывае сонца. І вось… Мне здаецца, я ўліваюся ў цябе…» (VIII, кн. 1, 78, 79).

І такія ж словы пяшчоты адрасаваны Кастусём сваёй каханай у апошнюю перадсмяротную ноч:

«Ты — бессмяротная… Лепшая… Сапраўдная… Ты — зямля мая…» (VIII, кн. 1, 95).

У нагаданых намі «Заўвагах для акцёраў» У. Караткевіч так выказваецца пра Кастуся: «Я казаў ужо, што ён ваявода, герой, талент, але ніяк не правадыр, не манумент. Проста чалавек, страсны, гарачы, нястрыманы чалавек, любоў якога да народа (абстрактная спачатку) запаліла ўрэшце невялікую, найбольш чуткую да праўды, частку гэтага народа і стала ў канцы асэнсаванай любоўю. Ён чалавек жывы і разнастайны, але недзе, падтэкстам, мы павінны ўвесь час адчуваць, што гэта пра такіх, як ён, сказаў паэт: «Твой сын живет, чтоб пасть в неравном бою, всю горечь мук принять без воскресенья» (VIII, кн. 1, 575).

Сёння ёсць усе падставы, каб зрабіць вывад: Карткевічаў вобраз К. Каліноўскага — гэта, бадай што, вяршыня ў яго распрацоўцы беларускай і нават савецкай літаратурай. У Караткевіча для Каліноўскага знаходзіцца месца на розных узроўнях творчасці — у прозе і паэзіі, драме і чарнавых накідах і запісах. Вобраз кіраўніка беларускіх паўстанцаў у Караткевіча атрымаўся цэласным, шматгранным, запамінальным. Праўда, гэты вобраз зазіхаціць новымі адценнямі, калі чытач пазнаёміцца з лібрэта балета «Кастусь Каліноўскі» (на жаль, гэты твор пры жыцці У. Караткевіча чамусьці не друкаваўся), галоўны сэнс якога ў сцвярджэнні велічы і бессмяроцця К. Каліноўскага — Чалавека-Змагара, Чалавека-Дабра, Чалавека-Святла.

Неадрыўнасць Кастуся Каліноўскага ад Беларусі, ад роднага краю У. Караткевіч падкрэслівае праз такі драматургічны прыём, як увядзенне ў канву трагедыі сімвалічнага вобраза Беларусі.

З яе нацыянальнага, глыбокага патрыятычнага маналога:

Я — Беларусь… Я — чорная зямля…
Я — маці ўсіх дзяцей маіх.
І ўсіх гасцей, што прыйдуць з добрым словам
На берагі маіх празрыстых рэк.
Нямнога, пэўна, знойдзецца такіх,
Што злом мяне ўспомняць. Толькі тыя,
Што смерць прыносілі ў мае палі
І зараз спяць на дне маіх курганаў.
Я — перад вамі… Паглядзіце… Рукі…
Стагоддзі працы — шрамамі на іх.
Я — у чорным. Але быць бы мне ў барвяным
Ад рэк крыві, што пацяклі па мне…
…І уявіце, што якраз сягоння
Рассыпаліся вёскі і палацы
Чырвоным жарам. Шыбеніцы страшна
На раздарожжах стогнуць па начах…
Па жылах рук маіх ідуць салдаты
І валяць родны лес наўсцяж дарог,
І паляць пушчы, каб ніхто не здолеў
Схавацца там са зброяй і страляць
Па карніках. Яны ж паўсталі, дзеці,
Не вытрымалі рабства і цяпер
Ляжаць, забітыя рукой варожай,
Між зрынутых калон маіх лясоў.
…І ўявіце, што сягоння, зараз,
Выходзяць лепшыя сыны змагацца.
І рог гучыць. І раўкаюць гарматы.
І мужыкі, што верылі спачатку
Ў цара, цяпер за лепшымі ідуць.
Узняўшы вілы ў зарыва… І гэта
Зрабіў адзін з сыноў маіх… Кастусь.
Сын той зямлі, што несла крыж пакуты…
(VIII, кн. 1, 6 — 7)

Пачынаецца таргедыя, яна нябачна прысутнічае і праходзіць праз усе падзеі і лёс герояў, зноў жа яна, родная Беларусь, пяе Кастусю апошнюю калыханку, у якой побач са словамі пяшчоты і цеплыні да лепшага з сваіх сыноў гучаць гнеўныя, жалобныя словы:

Зямля маўчыць. Яна ў пажары ўся.
Парваліся на ліры сонца струны,
Застрашлівай не даспяваўшы руны
Пра смерць і неўміручасць Кастуся…
О, мой народ, зачаты для бяссмерця
Так, як і ўсе народы на зямлі.
Мужайся, ў кулаку зацісні сэрца
І рабства ў ім навекі спапялі.
…Бо сонца шчасця немінуча ўстане,
Калі яго чакаць і зваць, як мы,
Сярод цямноцця і сярод рыданняў,
Сярод безлітаснай, як смерць, зімы.
(VIII, кн. 1, 92-93)

Так, яно ўстане, Сонца для Беларусі… А пакуль што народу трэба перажыць трагедыю паражэння ў барацьбе з царызмам, пагібель тысяч людзей, усе тыя здзекі, прыніжэнні і пакуты, што вызначаны для пераможанага краю царскай міласцю і Мураўёвым-вешальнікам. Дарэчы, вобразамі «усмирителя» паўстання 1863 — 1864 гадоў Мураўёва, «добрага» цара Аляксандра і іх паплечнікаў у драматургіі У. Караткевіча завяршаецца галерэя душыцеляў беларускага народа, якая пачалася з Кунцэвіча, Сапегі і папы рымскага ў «Званах Віцебска». І калі Сапега вырашыў, што для застрашэння віцяблян хопіць нямногім больш за сотню пакараных смерцю, а князь Радзівіл для таго, «каб нашчадкі іхнія (крычаўскіх паўстанцаў. — А. Р.) пра-пра-праз трыста год здрыгнуліся» («Маці ўрагану». VIII, кн. 1, 300), скалечыў 677 лёсаў, то дваранін Мураўёў са спасылкай на вернасць цару і Айчыне дакладвае Аляксандру, што толькі вешаць ён пачаў трэцюю тысячу, што трыццаць тысяч ужо выслаў у Сібір, што беларусаў «мала знішчыць. Іх трэба яшчэ і прынізіць». І «добры» Аляксандр, які хацеў праславіцца гуманістам на ўсю Еўропу, не толькі пагаджаецца з такімі жорсткасцямі і рэпрэсіямі, але і ўхваляе іх: «Трэба ўгноіць Заходні край для будучага пасеву… Задайце… задайце ім» (Кастусь Каліноўскі. VIII, кн. 1, 56).

У «Кастусю Каліноўскім», як і ў «Званах Віцебска» і «Маці ўрагану», аўтар не паказвае ўсё «як у жыцці»: дзень за днём, падзея за падзеяй, чалавека ва ўсіх сферах яго жыцця, уважліва прасочваючы яго паводзіны як непарыўную нітку. Наадварот, ён уважлівы да дэталей толькі тады, калі яны маюць нейкі абагульняльны сэнс. Часцей за ўсё ён бярэ факты, выпадкі, падзеі адзінкавыя, разавыя, якія ў той час нясуць прыкметы агульнага, тыпічнага. Можна сказаць, што пісьменнік паказвае кавалкі жыцця, але так, каб яны ў спалучэнні далі ўяўленне аб руху і гістарычным развіцці.

Як і ў папярэдніх драматычных творах, у трагедыі «Кастусь Каліноўскі» пісьменнік стварыў шэраг запамінальных вобразаў другарадных герояў, якія, можна без перабольшання сказаць, сталі набыткам не толькі Караткевічавай, але і ўсёй беларускай драматургіі. У першую чаргу — гэта жмудзін-кінжальшчык Бронюс Марцявічус, беларускія сяляне Яўхім Барданос і Пархвен Бабаед па мянушцы Чортаў Бацька, полька Юзэфа Яневіч, якая па заданні паўстанцкага камітэта стала ўладальніцай моднага салона, беларускі дваранін Заруба, шляхціц Вітаўт Парафіяновіч. Гэта прадстаўнікі амаль што ўсіх тых разнапланавых і супярэчлівых сіл, што ўдзельнічалі ў паўстанні 1863 — 1864 гадоў. Адны з іх сумленна служылі да канца абранай справе, незалежна ад сялянскага ці дваранскага паходжання (той жа пан Заруба ці селянін Яўхім, закапаныя жыўцом), другія з-за таго, што не былі задаволены асабістыя амбіцыі, сталі на шлях прадажніцтва і здрады (Парафіяновіч, Марыя Грэгаровіч), трэція — няма сумнення, што пасля смерці Каліноўскага, — працягвалі барацьбу з царскімі прыслужнікамі (Арсень Станевіч, Бронюс Марцявічус). Усе гэтыя героі часцей за ўсё не сутыкаюцца ў галоўным канфлікце і нібыта не вырашаюць галоўнай лініі сюжэта, але на самой справе раскрываюць сапраўдны сэнс падзей, робяць больш запамінальнымі галоўных герояў трагедыі. Мастацкае спасціжэнне матываў і мэты кожнага з азначаных удзельнікаў народнай барацьбы з царызмам дазволілі У. Караткевічу стварыць эмацыянальныя, глыбока патрыятычныя і высокамастацкія драматычныя выбразы К. Каліноўскага і яго паплечнікаў, якія атрымалі сваё яркае сцэнічнае вырашэнне ў спектаклі коласаўскага тэатра ў Віцебску.

Тры п’есы У. Краткевіча — «Званы Віцебска», «Маці ўрагану», «Кастусь Каліноўскі» — гэта не проста тры мастацкія старонкі з амаль двухсотпяцідзесяцігадовай (з 1623-га па 1864 год) гісторыі жыцця і змагання беларусаў за сваё свабоднае сацыяльные, нацыянальнае, і духоўнае развіццё. Яны даюць сучасніку разуменне працэсаў, якія вялі да станаўлення беларускай дзяржаўнасці і пра якія пакуль што не прачытаеш у грунтоўных навукова-гістарычных працах у падручніках па гісторыі Беларусі. Гэта яшчэ і багаты матэрыял для пранікнення ў этнаграфію, вусную народную творчасць, абрады і звычкі беларусаў. Гэта таксама добры дапаможнік як для вывучэння народнай, нацыянальнай псіхалогіі, так і для фарміравання ў наш час нацыяльнай самасвядомасці ў маладога пакалення.

Тым больш што сам У. Караткевіч даў нам пераканаўчы прыклад выкарыстання гістарыных твораў для абуджэння ў маладых беларусаў цікавасці да гісторыі і культуры роднага краю, гордасці за яе слаўнае гераічнае мінулае, за тых людзей, якія стаялі ля вытокаў нацыянальна-вызваленчай барацьбы. Размова ідзе перш за ўсё аб драме «Калыска чатырох чараўніц», прысвечанай станаўленню маладога Янкі Луцэвіча (будучага Янкі Купалы), складванню яго грамадзянскай і эстэтычнай пазіцый.

Тры галоўныя настаўнікі былі на пачатку жыццёвага шляху Янкі Луцэвіча — навакольная рэчаіснасць, стары лірнік ды былы паўстанец, сябра К. Каліноўскага, Зыгмунд Чаховіч. Кожны з іх даваў юнаку свае, адмысловыя ўрокі. Лірнік, напрыклад, раіць «ісці па праўду. Жывая яна недзе ў Госпада Бога»… і трэба за ёй ісці «за ўсімі, за моцнымі…» (VIII, кн. 1, 181). Чаховіч расказвае юнаку, як спрабавалі здабыць гэту праўду сорак гадоў назад паўстанцы на чале з Кастусём Каліноўскім, чытае яму радкі з пракламацый, з якімі Каліноўскі звяртаўся да народа: «Забыці там трэба, што ёсць у нас наша бацькаўшчына… і аддаць жыццё не за дабро і шчасце ўсіх, а за ліха і вечную няволю нашых братоў» (VIII, кн. 1, 172). Былы паўстанец таксама лічыць, што Янка павінен шукаць сваё Слова.

Але былі і іншыя ўрокі, жорсткія, тыя, што надавала юнаку рэчаіснасць беларускай вёскі пачатку XX стагоддзя, арандатарскае жыццё яго роднай сям’і. Штодзённа бачыў Янка бяспраўе, поўную залежнасць ад панскай волі ды здзекі мясцовых улад. «Мядзведзі разумныя, — выказаўся аднойчы ў сямейнай гутарцы бацька Дамінік Луцэвіч. — Мы — дурныя. Увесь век арандатары за палову ўраджая. Увесь век за чужога дзядзьку. Мядзведзя нельга есці — нас можна жэрці. З мядзведзя нельга дзерці шкуру — з нас хоць сем…» (VIII, кн. 1, 162). Сваімі гутаркамі бацька клікаў сына да памяці, каб не забываў, што жыве ў краіне галечы і бяспраўя. Тут «…справядлівасць з торбай ходзіць. Хлеба чалавек хоча — страляюць у яго. Кожнае падла самавольнічае, як ашалелае, кожны сабе грабе. Пра паноў і не кажы» (VIII, кн. 1, 165).

Як і іншым арандатарам, сям’і Луцэвічаў даводзілася вельмі часта мяняць фальваркі, маёнткі, жыць у беднасці і нягодах. У свае дваццаць два гады Янка паспеў пахаваць бацьку, брата, дзвюх сясцёр. Трохі папрацаваў хатнім настаўнікам, пісарам, малодшым прыказчыкам. Але да сапраўднага шчасця было вельмі далёка. Для сялянскага юнака не знайшлося работы нават пасля заканчэння вучылішча. І давялося зноў застацца «з сахою, бараной, касою і сякерай», з тымі бедамі, якімі жылі яго суседзі, аднагодкі, сябры. Застацца тым тутэйшым, які не мае свайго сталага гнязда, сваёй роднай мовы.

Сам Янка Луцэвіч таксама незадаволены сваім становішчам, тым больш што адчуваецца цяга, ёсць унутраная патрэбнасць выказацца перад людзьмі менавіта вершамі (увесь час над ім, як прывід, гучыць паэтычны Голас — нібы і ягоны, але пакуль што гучыць невыразна, непазнавальна). Ён спрабуе пісаць вершы, некалькі нават было надрукавана, але на польскай, а не на роднай беларускай мове.

Шукаючы адказаў на свае пытанні, сродкаў, якія дапамогуць «зняць» унутраную незадаволенасць, ён сустракаецца з рознымі людзьмі, часта гутарыць з роднай маці. Але больш за ўсіх яго цяпер прыцягвае той жа Зыгмунд Чаховіч, значна пастарэлы і цяжка, безнадзейна хворы. Менавіта Чаховіч пераконвае Янку ў неабходнасці ажыццявіць пробу паэтычнага пяра не на польскай, а на сваёй тутэйшай, роднай мове. Прачытаў яму юнак некалькі ўзвышаных радкоў па-польску, і стары «інсургент» выказаўся рашуча і адназначна: «Кепска. Злоўжыванне высокімі словамі і сто разоў паўтораным. Для Сыракомлі, можа, й добра было б. Але калі ён пісаў? Дый ён спрабаваў па-іншаму» (VIII, кн. 1, 198). І не толькі Сыракомля, — працягваў Чаховіч. — Пушкін пісаў на рускай мове, хоць добра «ведаў французкую». На тутэйшай (чыстай беларускай) пісаў К. Каліноўскі.

І раптам стары паўстанец, дастаўшы невялічкую кніжку, прачытаў Янку некалькі радкоў: «Братцы мілыя, дзеці зямлі-маткі маёй… Наша мова для нас святая, бо яна нам ад Бога даная… Не вялікая, не малая, не чырвоная, не чорная яна была, а белая, чыстая… Шмат было такіх народаў, што страцілі наперш мову сваю, так, як той чалавек, перад скананнем катораму мову займе, а потым і зусім замёрлі. Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!.. Язык і ёсць адзёжа душы» (VIII, кн. 1, 198).

Кніжка гэта была, бадай што, адзінай рэччу ў доме Чаховіча, што нагадвала яму пра гады змагання, пра юнацкую дружбу з К. Каліноўскім, і вось цяпер, зразумеўшы, што трапіць яна ў надзейныя рукі, стары паўстанец перадае яе будучаму народнаму песняру, нібы замацоўваючы нябачную сувязь паміж пакаленнямі беларусаў — ад тых, хто ў шасцідзесятыя гады ХІХ стагоддзя змагаўся за волю і шчасце народа са зброяй у руках, да тых, хто сваёй зброяй у ХХ стагоддзі выбера яшчэ больш магутную — родная Слова. «На, — сказаў на развітанне Чаховіч. — Астатняе здабудзеш сам. А тое, што пісаў дасюль? Не такімі вершамі сплочваюць доўг…» (VIII, кн. 1, 198).

Не мог юнак, атрымаўшы такі наказ, заставацца далей у духоўнай бяздзейнасці. Як ні цяжка было пакідаць маці, але Янка рашаецца на гэта: «Я вас не кіну. Кожны кавал раздзялю напалам. Але я ўжо тут не магу… Ветру няма. Душыць… Не плач, маці. Нас гоняць, як ланяў, але мы не памрэм. Нас па пальцах можна пералічыць, але з намі наш край. З намі яна, вялікая Маці-праўда» (VIII, кн. 1, 200, 202). Ён пераконвае маці, што не цураецца роднай зямлі, не кідае яе: «Я кідаю, каб прыйсці да яе. Я іду да гэтай зямлі… Сплочваць доўг… Нязмерныя нашы даўгі. Усіх, хто ўмее пісаць і думаць» (VIII, кн. 1, 205).

Упэўненасць пераходзіць у перакананасць: «Так, пайсці. Імя змяніць нават. Каб нічога ад шляхты, нічога ад мяшчан, нічога ад раба… я — Янук. Народжаны на Купалле, Купала. Ян Купала» (VIII, кн. 1, 204). З гэтым псеўданімам пакіне Янка Луцэвіч сядзібу пад Лагойскам — месца свайго апошняга арандатарства; пад гэтым псеўданімам у газеце «Северо-Западный край» будуць надрукаваны яго першыя вершы на роднай мове; пад гэтым псеўданімам будзе гарэць яго зорка на небасхіле беларускай і сусветнаяй паэзіі і літаратуры.

Для таго каб надаць п’есе цэласнасць і кампазіцыйную завершанасць, У. Караткевіч, як і ў іншых сваіх драматургічных творах, выкарыстоўвае сімвалічныя вобразы. На гэты раз вобразы чатырох чараўніц (залатой, белай, блакітнай і цёмнай), якія, паводле народнага падання, спадарожнічаюць кажнаму сумленнаму чалавеку на ўсім яго жыццёвым шляху — ад нараджэння і да самай смерці. Па ходу п’есы прарочаць лёс чараўніцы і пры нараджэнні Янкі Луцэвіча, і пры выхадзе ў свет цэлы Янкі Купалы. Прароцтвы іх процілеглыя і нават узаемавыключальныя. Калі залатая, белая і блакітная прарочаць юнаку вялікі і слаўны лёс, які дазволіць не толькі выйсці на свет самому, але і вывесці на яго іншых, скінуць «ланцугі з душы простых», стварыць «з пустэчы і папёлаў, з занядбання» новую Беларусь, то цёмная сцвярджае, што «ён будзе гадамі блукаць упоцемку» і «памрэ далёка ад роднай зямлі», «загіне, калі зямлю ягоную будзе таптаць, пляваць на яе, зневажаць яе самы бязлітасны, самы хлуслівы, самы крывадушны вораг». Але ўрэшце яны не выключаюць адно адное, а зліваюцца ў адзінае, непарыўнае цэлае — біяграфію Чалавека, Творцы, Паэта.

На шчасце і на жаль, на жыццёвым і літаратурным шляху Янкі Купалы ўсё будзе так, як напрарочаць чараўніцы. Пройдуць з ім па жыцці побач радасць і засмучэнне, шчасце і нягоды, народнае прызнанне і загадкавая смерць. Усё будзе перажыта ў імя вернасці Слову, Народу, Беларусі.

Храналагічна «Калыска чатырох чараўніц» вянчае драматургічную тэтралогію У. Караткевіча, выводзячы чытача на разуменне шматпланавасці інтарэсаў пісьменніка ў спасціжэнні гістарычнага працэсу. Не толькі дэталёвае апісванне кульмінацыйных момантаў у жыцці і барацьбе галоўных герояў, не толькі фіксацыя адметных падзей у прасторы і часе, калі ісціна здабывалася пры дапамозе сілы, але і пошук такой зброі, якая здолела б аб’яднаць людзей у адзіным парыве і ўжо ў такім маналітным выглядзе весці іх на змаганне за нацыянальнае абуджэнне. Заглыбленне У. Караткевіча ў духоўную сферу развіцця грамадства і асобы, іх дыялектыктычную ўзаемасувязь, якія ён рэалізаваў у «Калысцы чатырох чараўніц», на наш погляд, можна лічыць удалым. Працэс духоўнага ўзмужання Янкі Луцэвіча, абумоўленасць яго свядомасці сацыяльнымі ўмовамі тагачаснага грамадства, гістарычнай памяццю — усё гэта надае драме важкае сацыяльна-філасофскае гучанне. «Калыска чатырох чараўніц» — гэта таксама значны ўклад у стварэнне поўнай «купаліяны», мастацкай біяграфіі і хронікі жыцця і дзейнасці народнага паэта Беларусі.

Гераічная драма «Млын на Сініх Вірах» займае адметнае месца ў драматургічнай спадчыне У. Караткевіча. З яе пачалося асваенне пісьменнікам новай галіны літаратурнай творчасці. Яна прынесла У. Караткевічу першае лаўрэацкае званне — атрымала першую прэмію на рэспубліканскім конкурсе, прысвечаным саракагоддзю камсамола. У аўтабіяграфіі «Дарога, якую прайшоў» У. Караткевіч зазначае: «За два гады, што (пасля вёскі) працаваў у Оршы, я падрыхтаваў першы зборнік „Матчына душа“ і атрымаў прэмію за п’есу „Млын на Сініх Вірах“ (паставіла яе беларускае тэлебачанне)».

Гераічная драма «Млын на Сініх Вірах» напісана ў добрых традыцыях савецкага мастацтва на тэму Вялікай Айчыннай вайны. Як і партабавалася, галоўныя ролі ў п’есе адведзены станоўчым героям, арганізатарам і кіраўнікам партызанскай барацьбы з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Сярод іх старшыня гарвыканкама, пісьменнік Каляда, прадстаўнік з вобласці Лаўрановіч, дырэктар музея Дзюбка, млынар Цымкун Асінскі і яго сваячка Тэкля Каваль, камсамольцы Андрэй і Марыся. А калі ёсць станоўчыя, то павінны быць і адмоўныя героі. Зразумела, што імі з’яўляюцца акупанты і іх прыслужнікі, такія, як былы шляхціц Трубайла і здраднік — былы камсамольскі работнік Віктар Сміхальскі. На наш погляд, менавіта ад Сміхальскага — высакароднага дэмагога, калі размова ідзе аб неабходнасці барацьбы, і звычайнага баязліўца і здрадніка, калі на справе трэба вырашыць мэты барацьбы, — у Караткевіча распрацоўваецца лінія здрадніка. Найбольш яскрава яна будзе вырашана ў вобразе Вітаўта Парафіяновіча, аднаго з герояў трагедыі «Кастусь Каліноўскі».

У п’есе адведзена месца Высакароднасці і Здрадзе, Мужнасці і Прадажніству, Абавязку і Пазіцыі асабістага самавыжывання. Яна цікавая для нас тым, што ў ёй мы знаходзім задумы, праблемы, сітуацыі, тых канкрэтных герояў, якія потым стануць дзейнымі асобамі драматургічных твораў У. Караткевіча. Некалькі прыкладаў.

Горад займаюць фашысты, людзі панікуюць. Але раптам з рэпрадуктараў гучыць голас дыктара (раней нічым не прыкметнага) Веткі: «Калісьці вашы продкі не пусцілі за гарадскія муры Іасафата Кунцэвіча, драпежнага ваўка, навялі на яго гарматы і наказалі пайсці прэч. Будзьце вартымі іхняй славы…» (VIII, кн. 1, 311).

«Камерсант» Дзюбка, пакінуты кіраўніком гарадскога падполля, разважае: "Семсот год таму ты быў ятвягам, еў дзічыну, хадзіў у шкурах і размаўляў незразумелай гаворкаю. Але цяпер ты такі самы беларус, як і я, ты разам са мною выпакутаваў Каліноўскага і Купалу… Стагоддзямі мы раслі, мацнелі, пісалі дзівосныя кнігі, плылі да нас ятвяжскія, чарнарускія, татарскія, дэйноўскія рэкі, каб адліцца ў адно, у дзесяцьмільёнаў,у мой народ"( VIII, кн. 1, 355, 356). (Выдзелена аўтарам. — А. Р.)

Стары лірнік пяе песню, якая неаднойчы будзе потым выкарыстоўвацца У. Караткевічам:

А Дарота, Дарота
Лепша перлаў і злота.
Як забачыў круль-цыган,
Дык Дароту спадабаў і г.д.
Вялю дробна шкла набіць
І Дароту босу вадзіць.
(VIII, кн. 1, 360)

Бачна, што ўжо ў тыя гады, задоўга да напісання «Званоў Віцебска», «Кастуся Каліноўскага», «Маці ўрагану», аўтар вызначыў для сябе літаратурныя, драматургічныя арыенціры творчасці. А цяпер давайце паразважаем: колькі настойлівасці, упартасці, працаздольнасці было патрэбна праявіць У. Караткевічу — гэтаму Чалавеку з вялікай літары — каб задуму 1957 года рэалізаваць амаль што праз дваццаць гадоў, стварыўшы ўнікальныя для беларускай драматургіі творы, што цяпер складаюць залаты набытак роднай літаратуры (шкада толькі, што да апошняга часу яны не занялі належнага месца ў беларускім сцэнічным мастацтве). Не будзе перабольшаннем, калі выказаць такую прапанову: драматычная тэтралогія У. Караткевіча, як школа фармавання гістарычнага мыслення беларусаў, іх цягі да вывучэння роднай гісторыі, на наш погляд, павінна быць у рэпертуары кожнага прафесійнага і народнага драматычнага калектыву.

Нельга не згадаць у нашай гаворцы і пра запаветную, вельмі асабістую, але, на жаль, няздзейсненую задуму — напісаць п’есу, прысвечаную Максіму Багдановічу (аб гэтых задумах расказала аматарам творчасці У. Караткевіча Л. Мазанік у «Каментарыях» да восьмага тому «Збору твораў»). Вось урывак з той «Запіскі» аб задуме п’есы «Максім, Магдалена і Лебедзь», рукапіс якой захоўваецца ў асабістым архіве У. Караткевіча і якая раней не друкавалася.

«…Размова ідзе, вядома, не пра інсцэніраваную біяграфію, а пра арыгінальны спектакль, глыбокі па змесце і думцы, рамантычны па настроі, жыццесцвярджальны, нягледзячы на трагізм.

Рэальнае жыццё Багдановіча дае шмат магчымасцей для стварэння такога спектакля. Паэт, які памёр у дваццаць шэсць год, не паспеўшы сказаць і сотай часткі таго, што мог, але паспеў стаць любоўю народнай: знічкай, якая прарэзала на імгненне неба, апаўшы на зямлю, запаліла зніч. Паэт, які задыхаўся ў атмасферы тагачаснай дзейнасці, але ўсё ж здолеў пакінуць нам песні гневу і пяшчоты, болю і радасці, творы грыбока лірычныя, змрочныя або светлыя, улюблёныя ў жыццё і чалавека, незвычайныя, яскравыя, дзеці магутнага розуму і шчодралюбівага сэрца.

Гісторыю гэтага незвычайнага жыцця і павінна перадаць п’еса. Нянавісць паэта да няпраўды і рабства, вечная яго вайна з імі, у якой паэт нягледзячы на смерць, перамог коршакі, якія ўсё жыццё шматавалі яго, павуцінне, у якім ён біўся, гісторыя яго нязмернай і трагічнай любові — будуць сюжэтам п’есы.

Гэта будзе п’еса-паэма, п’еса-балада, п’еса-легенда. І таму ў тканіну звачайнага апавядання аб апошніх пяцёх гадах жыцця Багдановіча мною будзе ўплецена некалькі найбольш славутых ягоных балад і легенд, напружаных і драматычных па дзеянні, разнастайных па месцы і часу дзеяння, шматкаляровых па страсцях і адзеннях («Максім і Магдалена», «Слуцкія ткачыхі», «Агота», «Страцім-лебедзь» і іншыя).

Паколькі ў кожным творы паэт расткрывае сябе і час, гэтыя ўстаўкі будуць своеасаблівым раскрыццём рэальных падзей жыцця. У іх будуць удзельнічаць тыя самыя героі, што і ў бытавых сцэнах, толькі ў іншых касцюмах. У іх будзе самы канфлікт, толькі вырашаны больш рамантычна. Напрыклад, крах кахання Багдановіча да Веранікі бедзе вырашаны праз славутую баладу «Максім і Магдалена», дзе герояў будуць іграць тыя ж акцёры. Гэта дасць магчымасць паказаць больш яскрава тое, што (на самой справе) звычайная жыццёвая гісторыя была для паэта эшафотам.

Неабходнасць гэтага тлумачыцца тым, што не заўсёды мы можам меркаваць аб паэце па абставінах яго жыцця. (Магутны разум Гётэ хаваўся за лічынай царадворца, Шэкспір быў акцёрам, які так і не ўзняўся вышэй «ценю бацькі Гамлета»).

За вонкавасцю Багдановіча, вонкавасцю смяротна хворага, зусім маладога, вельмі мяккага і добрага чалавека хаваўся леў, тытан, які ўзрывае ўсе і ўсялякія нормы, грувасціць Пелеон на Осу, гару на гару, правадыр магутнай коннай арміі, лебедзь, які кінуў выклік самому богу.

І таму вось так, праз ягоныя творы, спалучаныя з абствінамі яго жыцця, мы толькі і можам вырашыць вобраз паэта" (VIII, кн. 1, 571 — 572).

Якое багацце думак і падыходаў! Які тонкі псіхалагізм у разуменні лёсу Чалавека і Паэта! І які вялікі жаль, што такая задума не была рэалізавана?!

Падводзячы вынікі разгляду драматургіі У. Караткевіча, будзе мэтазгодна падкрэсліць некаторыя асаблівасці гэтага радзела яго творчасці. У гэтым выпадку як драматургу (у адрозненне, скажам, ад празаіка ці лірыка, калі размова з чытачом вядзецца непасрэдна, адкрыта, як кажуць, сам-насам — хоць гэта ўсё У. Караткевічу давялося паспытаць) яму даводзіцца кантактаваць з чытачом з дапамогай герояў сваіх трагедый і драм. І павінна быць сапраўднае майстэрства аўтара, каб яго герой не завёў і яго самога і чытача ў бок ад галоўнай лініі твора, асноўнага напрамку ў развіцці падзей і характараў. Малюючы карціны іх жыцця, спацігаючы сутнасць іх паводзін і псіхалогіі, маральна-этычную праблематыку часу, У. Караткевіч падпарадкоўвае падзеі, дзеянні, учынкі герояў галоўнай гуманістычнай ідэі — барацьбе Чалавека, за рэалізацыю яго чалавечай сутнасці, за імкненне і да асабістай Волі, і арнанізацыі вольнага жыцця яго супляменнікаў. Галоўным экспертам для У. Караткевіча выступае час. Аўтар у гісторыі бачыць галоўныя рысы, асноўныя тэндэнцыі, хоць апісаныя падзеі значна аддаленыя ў часе. Мабыць, таму тагачасныя падрабязнасці крыху пабляклі, аўтар у такіх выпадках больш вольны ў выбары магчымасцей для адлюстравання канкрэтнага дзеяння ў канкрэтных часавых і прасторавых параметрах. Таму некаторыя гістарычныя факты пісьменнікам або абыходзяцца зусім, або трансфармуюцца, як таго патрабуе цячэнне гастарычнага працэсу. Адначасова з гэтым ён знаходзіць магчымасць для сцвярджэння асабістых адносін да гісторыі роднага народа, яго гераічных і трагічных старонак, вытокаў нацыянальнай самасвядомасці. Менавіта таму для драматурга на першым плане характары герояў. І менавіта для раскрыцця іх аўтар умела выкарыстоўвае галоўныя правілы драматычнага мастацтва — адзінства ідэі, характараў і дзеяння, праблему праўдзівасці і мастацкага домыслу, дыялектыку адзінства індывідуальнага і агульнага, зместу і формы. Пры гэтым з кантэксту гістарычнага развіцця апускаюцца выпадковасці і выбіраецца самае пераканальнае ў гісторыі, культуры, побыце, падзеях часу з асэнсаваннем таго, што ўсе гэтыя рэаліі не толькі адкрываюцца людзям упершыню, але праз іх галоўныя героі становяцца яшчэ больш уражлівымі і запамінальнымі.

Драматургія У. Караткевіча па глыбіні адлюстравання рэальнасці, па сваёй ідэйнай глыбіні і па вастрыні пастаноўкі грамадскіх праблем, нарэшце нават па часавых і прасторавых параметрах не толькі не ўступае яго прозе, а, наадварот, дапаўняе яе, дае сучаснаму чытачу дастаткова шырокую панараму беларускай гісторыі, даносіць да яго складанасці барацьбы грамадскай думкі, удзел у гэтай барацьбе лепшых прадстаўнікоў у пэўную гістарычную эпоху. Сваімі творамі, на наш поглад, У. Караткевіч даказаў магчымасць стварэння дзейнай гісторыка-драматычнай хронікі, якая пераадольвае статычнасць яе мастацкай формы. І ў гэтым яе набытак для беларускай літаратуры, значнасць і непрамінальная каштоўнасць.

Яндекс.Метрика