Пасцігаць дыялектыку жыцця — Аркадзь Русецкі
У адкрытым пісьме чытачам часопіса «Молодая гвардия» У. Караткевіч адзначыў: «Цяпер пра яркае і надзвычай прыгожае. У некаторых пісьмах гаварылася нават пра рамантыку. Глупства гэта. Усё гэта ў мяне звычайная рэальнасць. Толькі трэба пачуць гэту рэальнасць дзіўнай, выключнай».
Цяпер ёсць усе падставы зрабіць выснову, што пісьменнік не проста спазнаў «рэальнасць дзіўнай, выключнай». З выразных грамадзянскіх, маральна-этычных і творчых пазіцый ён увасобіў яе ў вобразах, што сталі набыткам беларускай літаратуры. Такое спазнанне для У. Караткевіча —працэс, які працякае ў розных часавых і прасторавых вымярэннях і ў якім ёсць месца і рэальнай асобе, і гістарычнаму факту, і мастацкаму домыслу. У адзінае цэлае зліваюцца талент і накіраванасць творчых пошукаў. Для рэалізацыі сваіх шматпланавых інтарэсаў пісьменнік актыўна выкарыстоўвае, з аднаго боку, такія розныя літаратурные жанры —раман, аповесць, апавяданне, эсэ, нават казку і, з другога, не жанравы, але ўражлівы прыём —аддаленне сваіх герояў ад родных мясцін, роднай бацькаўшчыны. Але ўсе яны пранізваюцца адзіным стрыжнёвым пачаткам —гуманізацыяй чылывечых узаемаадносін.
Менавіта апяванне чалавечнасці і чалавекалюбства, пошук і адкрыцце ў звычайных людзях «незвычайных» рысаў характару, рамантычна-пачуццёвае ўспрыманне навакольнага свету надаюць творам У. Караткевіча вялікаю прыцягальную сілу.
Больш вядомыя, як кажуць, «заўсёды на слыху» буйныя празаічныя творы У. Караткевіча. Але ж сам ён вельмі зацікаўлена, апантана і адказна адносіўся да жанру апавядання. Яно «не можа жыць без псіхалагічнай глыбіні. І яе неабходна шукаць таму, што апавяданне —гэта і ёсць адна замкнутая глыбіня. Не ўся рака з яе перакатамі на каменьчыках, дзе можна і ўброд пацягнуцца, і адпачыць, з яе пясчанымі падводнымі косамі і астраўкамі, як раман, а адно прадонне, адзін-адзіны вір гэтай ракі, а віру без глыбіні нельга». Канкрэтызуючы сваю метафарычную вобразнасць, празаік зазначае: «На сваім не вельмі вялікім вопыце скажу: пісаў я і раманы, і аповесці, але зведаў поўнае шчасце толькі тады, калі адчуваў: апавяданне ўдаецца».
Апавяданне «Як звяргаюцца ідалы» добра вядома не толькі беларускаму чытачу —яно перакладзена на ўкраінскую і польскую мовы. Яго гераіні Алёнцы толькі год і дзевяць месяцаў. «…варта каму-небудзь зрабіць выгляд, што ён замахваецца на ката, сабаку альбо чалавека, —і адразу гучыць адчайдушна-ўмольны віск:
—І цеба.
Гэта азначае «не трэба». Значыць, галоўнае, з чаго складаецца чалавек, ужо ёсць (II,177). Ужо на пачатку жыцця для маленькага чалавечка не трэба гвалту, не трэба абману, крывадушша, насілля, ён сам у нейкі момант здолеў пераадолець жах і атрымаць першую жыццёвую перамогу.
Усёй сваёй творчасцю пісьменнік шукае падыходы да ўдасканалення адносінаў паміж людзьмі, імкнецца зберагчы чалавечую душу ад духоўнай эрозіі, по-мастацку даследуе шляхі маральнага самаўдасканалення асобы. Творчыя пошукі вядуць яго ў пасляваенны Кіеў і на Далёкі Усход, беларускую вёску і шматаблічную Маскву. Ён любіў беларускую прыроду, рэчкі і лясныя азёры, пушчы і звычайныя пералескі, старыя і новыя гарады, любіў закінутыя архітэктурныя помнікі, даследаваў, апісваў іх, ведаў, як кажуць, у твар дзесяткі і сотні помнікаў беларускага дойлідства, вандраваў па краіне, спасцігаючы ўсё новыя і новыя далі, людзей, грамадскія працэсы. А калі звярнуцца да літаратурных герояў, то ўжо адзін пералік іх зойме даволі многа месца. Тут і дзеці, і студэнты, і вучоныя, і палешукі, і цыганскі табар, і людзі мастацтва. І ў кожнага свой характар, сваё светаразуменне, свае адносіны да жыцця, абавязку, другіх людзей. І ў той жа час у кожнага ёсць свая адметная рыса, якая раскрывае сутнасць характару, часцей за ўсё ў незвычайных абставінах, у хвіліны найвышэйшага напружання духоўных і маральных сіл. І тады зусім яскрава праступае звязанасць і неадрыўнасць лёсу героя ад лёсу народа, іх дыялектычная ўзаемасувязь, выходзячая на агульначалавечыя каштоўнасці. Вось, напрыклад, галоўны герой апавядання «Карней —мышыная смерць». Пацукалоў Карней «быў худы, з сухім і доўгім тварам, на тонкіх вуснах якого заўжды сядзела з’едлівая і таемная ўсмешка. І пахла ад яго неяк дзіўна: так пахнуць камяністыя мясціны, што зараслі пустазеллем» (II, 209).
Гэта быў варты жалю, некалькі дзікаваты чалавек, непрыкметны, непрыстасаваны да жыцця, жорсткі вораг пацукоў, які, аднак, не мог бы пакрыўдзіць і мухі. Уяўленне Карнея пра шчасце, напрыклад, нельга назваць недасягальным —яно ў тым, «каб сесці пад дрэва і піць смачны чай» (ІІ, 213).
І вось гэты чалавек, у якога самога і не было сапраўднага жыцця, вырашае дапамагчы беднай удаве Стучэўскай вывесці «ў людзі» сына Янку. «Прабачце мне за тое, што я скажу, —звярнуўся Карней да гаспадыні. —Але мне здаецца, хлопчык павінен вучыцца. У яго светлая галоўка. Вы ведаеце, ходзяць плёткі, у якія я, вядома, ні сном ні духам не вінен. Жанчыны —гэта глупства, прабачце.
Але рота людзям не замажаш. І я неяк палюбіў хлопца. Няхай здае экзамены, мне хочацца, каб ён быў інжынерам… Стыпендыя ж, кажуць, невялікая, дык няхай ён вучыцца і клопату не мае. …У мяне ёсць такія-сякія грошы» (II, 212).
Працаваў Карней як пчала, не шкадуючы ні часу, ні здароўя. І, напэўна, задума яго б ажыццявілася, калі б не пачалася вайна.
На жаль, менавіта яна рэльефна высвеціла душэўныя якасці Карнея. Аказаўшыся сведкам пакарання смерцю маладой жанчыны, Карней спрабуе ўгаварыць нямецкага афіцэра адмяніць павешанне: «Яна ж чалавек, як і вы…» У адказ раздалося: «Марш, дурань!» Пацукалоў глянуў назад. Жанчына ўжо вісела, а адзін салдат, абхапіўшы яе ногі, цягнуў уніз. Карней жаласна застагнаў і пайшоў прэч. Сэрца яго аблілося крывёй. Ён зразумеў, што фашыстаў угаворамі не доймеш, іх трэба знішчаць, як тых самых пацукоў, з якімі Карней змагаўся ўсё жыццё.
Ён мініруе свой дом, свой лепшы не свеце дом, у які было ўкладзена так многа працы і клопатаў і ў якім на гулянку сабраліся нямецкія афіцэры. Усё гэта для Карнея адступае на задні план, калі трэба пакараць зло. У прызначаны час міна ўзарвалася. Дом палаў як свечка. Карней спачатку заплакаў, а потым, выціраючы вочы лапленым рукавом, вымавіў: «Пацукі! Дальбог, пацукі. Я яшчэ ніколі не бачыў такіх тлустых» (II, 219).
Які глыбокі сэнс у гэтых словах. Фашысты —гэта тыя ж самыя пацукі, ад якіх трэба ачысціць зямлю, каб забяспечыць людзям спакойнае і радаснае жыццё. І зусім справядліва адзначае В. Шынкарэнка, што маральныя якасці героя ставяць яго ў адну шарэнгу з шолахаўскім Андрэем Сакаловым, талстоўскім Іванам Сідаравым, лынькоўскім Астапам і інш.
Чалавечнасць з вялікай літары чытач знойдзе і ў герояў апавядання «Вока тайфуна» мінёра Анатоля Кані і мічмана Дубаўца, якія, рызыкуючы жыццём, адводзяць плывучую міну з-пад карабля (заўважым, што знешняй драматычнай сітуацыі папярэднічала рэзкая спрэчка герояў, дзе яны займалі супрацьлеглыя маральныя пазіцыі), і ў сына старога кніганошы Тураўца (апавяданне «Кніганошы»), які ведаў пра небяспеку, што яго чакае за пранос беларускай кнігі з Прусіі у «Паўночна-Заходні край», тым не менш ішоў і выконваў цяжкую і небяспечную работу. «…Амаль як святы Кірала Тураўскі… Толькі таго за кнігі хвалілі» (ІІ, 271).
Не ведаю, ці назваць гэта «маральнасцю», або «духоўнасцю», але «стары дуб Крывашапкі» надзелены пісьменнікам гэтымі якасцямі ў самым вялікім аб’ёме (апавяданне «Дрэва вечнасці»). Вядома, тут выкарыстана алегорыя: дуб —і валодае нейкімі чалавечымі якасцямі.
Але ёсць і глыбокі філасофска-этычны сэнс —тут, на беларускай зямлі, існуюць тыя векавыя, непрамінальныя каштоўнасці, без якіх цяжка ўявіць вытокі народнай гісторыі, трываласць народа ў барацьбе з прыгнятальнікамі, аснову тых ідэй, якія і сёння выхоўваюць у людзей патрыятызм, павагу да гісторыі, іх гістарычную і нацыянальную свядомасць.
Дазволім чытачу самому разабрацца ў такіх алегарычна-сімвалічных разважаннях: «Але вось ён стаіць і яшчэ расце. А перад ім у маўчанні стаім мы. Неўміручая мозгам і справамі мятуліца-аднадзёнка. А ён стаіць. Галава ягоная ў небе.
…І наўрад ці быў намнога меншы, калі чалавек з вачыма хітруна і аматара пагуляць, з сэрцам, у якім жыла, аднак, гарачая любоў да сваёй беларускай зямлі, Крывашапка, стаяў пад ім і клікаў на паўстанне беларускіх сялян, сваіх братоў. Палалі вогнішчы. Полымя іхняе адбівалася на лёзах кос, на вострых іглах вілаў, у глыбокіх вачах, чырванела на кары Вечнага Дрэва…
Не ведаю, ці адпавядае дрэву імя „цар-дуб“. Назва „дуб Крывашапкі“ адпавядае больш, хаця і яна не з лепшых. Усякае імя будзе вартым жалю перад гэтай велічнай, перад гэтай мудрай вечнасцю» (II, 308 —309).
Мабыць дзякуючы такім вось «дубам Крывашапкі», блакітнаму і залатому, залатому і блакітнаму, «без канца, без краю, без мяжы» прыроднаму прастору («Блакіт і золата дня»), вясёлцы, налітай «колерамі такой першапачатковай яснасці і чысціні —як сама радасць…» («Бярвяны шчыт»), існуе найлепшая, найпрыгажэйшая ў свеце зямля Беларусі, апетая ўзнёслым словам У. Караткевіча.
Хараство роднай прыроды… Адна з найвышэйшых для творчасці пісьменніка тэма. І ўсё ж яна не ператвараецца ў самамэту. Родная прырода —гэта той лірычны фон, дзякуючы якому вобразы герояў апавяданняў, аповесцей, іншых літаратурных жанраў набываюць большую прыцягальнасць, становяцца больш жыццёвымі і запамінальнымі. Як, напрыклад, у апавяданні «Блакіт і золата дня» (яно, дарэчы, уключана ў двухтомную «Анталогію беларускага апавядання (1967). Хараство чалавечых адносін, юнацкага кахання Юркі і Наталі ў спалучэнні з аўтарскімі адступленнямі, паэтызацыяй роднай прыроды набываюць яшчэ большую чысціню і высакароднасць. «Азораная ззяннем паходняў, абкружаная шматкаляровымі карагодамі чаўноў згасала і танула ў водах адразу за імі імгненная праява. Дрэвы закрылі яе, паглынулі воды і цемру, і адразу стала ясна, што тая праява чужая, што на шмат кіламетраў няма нічога, акрамя воднай роўнядзі, вычварнай вязі плыняў, пены ў вірах, пагружаных у ваду лясоў і цішыні.
І па гэтых водах, па залітай вадою зямлі імчаў толькі адзін іхні човен, іхні каўчэг. Недзе, напэўна, былі іншыя чаўны, але для гэтых двух нікога не існавала» (II, 207).
Уражанне ўзвышанасці, нейкай незямной узнёсласці і трапятлівасці ўзнікае, дзякуючы імкненню пісьменніка «апаэтызаваць перш за ўсё «першабытныя формы жыцця, дзікую, адвечную прыгажосць зямлі, такія ўзаемаадносіны паміж людзьмі, дзе пануюць законы простай жыццёвай неабходнасці, вызначаныя самой прыродай чалавека».
Знаходзіць пісьменнік такія ж адметныя словы, каб апісаць «краіну Цыганію», чалавечыя адносіны да мядзведзяў, непадзеленае каханне. Вось «песенная» (В. Быкаў), «калядная рапсодыя», у якой толькі выпадак не даў жыцця чалавечаму шчасцю. Але герой апавядання Мікола Ласевіч —аматар даўніны, знаўца і збіральнік помнікаў традыцыйнага мастацтва —гэты выпадак, а разам з тым і сваю нерашучасць, сваё няўменне пастаяць за каханне судзіць па самай высокай маральнай шкале. «І вяртання ўжо не магло быць. Якімі пасля гэтага сабачымі вачамі ён паглядзіць у гэтыя адданыя вочы, якія жывуць толькі дзеля яго, яшчэ раз жорстка, да смяротнай абразы, а можа, і да смерці падмануць яе, добрую, мілую, якая спачатку проста хацела адпомсціць, а пасля зразумела, што з гэтага атрымалася нешта зусім не тое, і прыпала да яго, як да апошняга мура, і даверылася яму» («Калядная рапсодыя». II, 463).
У. Караткевіч імкнецца паказаць чытату, што ўсюды вакол яго, у людзях, прыродных з’явах ёсць месца прыгожаму. І гэта прыгожае павінна быць апаэтызавана, прыўзнята над звычайнай рэальнасцю, рамантызавана. Згаджаючыся з такім меркаваннем, патрэбна, аднак, адзначыць, што не заўсёды раматызацыя паводзін чалавека, абставін, у якіх ён жыве і дзейнічае, надае твору дынамізм. Наадварот, здараецца і так, што гэты прыём выглядае штучным, надуманым. Як у апавяданні «Лятучы Галандзец» у адносінах да якога ёсць супярэчлівыя думкі. Маўляў, тут і элементы прыгодніцтва, і легенды, і баладнае гучанне, і, нарэшце, паэзія. Але яно —гэта караткевічаўская цэласнасць, арыгінальны завершаны твор. Пісьменнік Касачэўскі —рамантык з высокімі жыццёвымі ідэаламі і перакананнямі застаўся адзін —яго каханая выйшла замуж за другога чалавека. Каб забыцца, ён кідае сталіцу, едзе ў невялікі прыбалтыйскі гарадок, дзе яго ніхто не ведае, гоіць сваю сардэчную рану. І вось аднойчы ў гарадку, у піўным бары ён становіцца сведкам непрыемнай размовы суайчыннікаў пра ягонае няўдалае каханне, пра яго самога, яго звычкі і захапленні.
Не даслухаўшы размову да канца, ён ідзе на марскі бераг, бярэ човен і вырашае трохі паплаваць па начным моры. (Дарэчы, і тут лірычнае адступленне пра мора, напісанае на высокім мастацкім узроўні, спрыяе раскрыццю душэўнага стану героя, разуменню яго чытачом.) Раптам перад ім праплывае сілуэт карабля з таго далёкага семнаццатага стагоддзя. Гучаць незразумелыя словы пра нявесту, каханку, называецца імя «Марыя», нарэшце з карабля выкідваюць бутэльку. Касачэўскі ловіць яе, адкрывае, знаходзіць шматок жоўтай паперы, на якой напісаны адрас і імя той Марыі, якая была калісьці пакінута няўдачлівым мараком.
Касачэўскі едзе ў той горад, знаходзіць вуліцу, старэнькі дамок, сустракае актрысу Марыю. І… аказваецца —гэта і ёсць яго сапраўднае каханне. Згадзіцеся, што нават у пераказе адчуваецца фрагментарнасць. Тым больш у самім апавяданні. Не, яго не назавеш мудрагельным. Яно напісана той цудоўнай мовай У. Караткевіча, якая робіць прывабнай нават самую банальную рэч. У спалучэнні з рамантычнымі прыгодамі Касачэўскага мова надае твору займальнасць і… перакананасць. Але навошта ж «Лятучы Галандзец», які ў рэшце рэшт аказаўся старой пасудзінай, прыстасаванай да кіназдымкаў ды выкарыстанай тымі ж зласлівымі суайчыннікамі для розыгрышу Касачэўскага?
У пачатку 1988 г. беларускі чытач змог пазнаёміцца з апавяданнем У. Караткевіча «Маленькая балерына», якое чакала сваёй публікацыі амаль трыццаць гадоў (напісана ў 1961 г.). Нетрадыцыйнае яно для пісьменніка, але калі ўспомніць аповесць «У снягах драмае вясна», то, разам узятыя, яны маглі б быць цікавым накірункам празаічнага апавядальніцтва. Прысвечана апавяданне маральна-эстэтычным праблемам савецкага жыцця ў 30-я гады (праўда, асэнсаванне іх адбываецца ў пасляхрушчоўскую адлігу). Але і тут пісьменнік ідзе сваім адметным шляхам. (Гэту адметнасць адзін з даследчыкаў творчасці У. Караткевіча Л. Прашковіч з Мозыра назваў, як пісанне «навырост», з улікам патрэб заўтрашняга дня«).
У даным выпадку пісьменнік не становіцца ў позу гнеўнага абвінаваўцы і раскрывальніка жорсткасцей і бесчалавечнасці сталінізму. Для разумення ўсёй агіднасці і бяздушнасці сістэмы таго часу, у якой духоўнае жыццё грамадства, асобы, творчыя працэсы мастака былі безаглядна падпарадкаваны волі аднаго чалавека. У. Караткевіч даносіць да чытача нешта іншае. Ён прапануе прасачыць, як адбывалася творчая і, галоўным чынам, маральная эвалюцыя маленькай балерыны, выхаванай на сляпой веры ў бязгрэшнасць «бацькі народаў». Спачатку гэта юная асоба, якая не сумняваецца ў дзейнасці Сталіна і якая як бы стаіць па-за жыццём, застаецца безуважнай да людскіх трагедый. Яе не кранаюць ні паведамленне сябра па працы, акцёра Віктара Клявіна аб арышце і смерці ў турме яго дзядзькі Івана —старога бальшавіка, байца Першай Коннай; ні арышт суседа па кватэры Антона Набатава, ні нават тое, што сябры па працы сталі адносіцца да яе «больш уважліва і насцярожана, з падкрэсленай ласкавасцю». А пасля асабістага знаёмства з правадыром яна стала «такой шчаслівай, што, здавалася, яшчэ хвіліна —і сэрца разарвецца, не ў змозе вытрымаць гэтага».
Але ж жыццё ідзе побач з актрысай. Яе асабістыя ўражанні, гутаркі з акружаючымі людзьмі (з бацькам, з уяўным сябрам-дэмагогам) параджаюць у васемнаццацігадовай Ніны сумненні. Сумненні, якія дасягаюць свайго псіхалагічнага апагея ў час драматычнай сцэны ў тэатры, калі яна ўбачыла нешта такое… Яе любімы Сталін не толькі не заступіўся за людзей, якія віталі і славілі яго, а, наадварот, раўнадушна паназіраўшы за расправай з імі сваіх ахоўнікаў, грэбліва ўсміхнуўся, а затым і зусім знік з тэатральнай ложы. Адбылося нешта накшталт арыстоцелеўскага катарсіса: «…увесь яе маленькі свет любові да гэтага чалавека даў трэшчыну… памёр у яе сэрцы». Перакананасць у сабе, потым сумненні, у рэшце рэшт псіхалагічны зрух, трагедыя завяршаюцца з’яўленнем новага чалавека з новым разуменнем і ўспрыманнем, здавалася б, раней назаўсёды вечных ісцін.
Але колькі такіх людзей вытрымалі, выжылі? Ведае, бадай што, толькі гісторыя і… статыстыка. Але калі вярнуцца да Караткевіча, то ўбачым: шчырыя пачуцці, сапраўднае мастацтва не патрабуюць сляпой веры ў аўтарытэты і правадыроў, яны ім не падуладныя, яны выражэнне сілы Дабра, Мудрасці і Прыгажосці.
Колькі слоў аб апавяданні У. Караткевіча «Вялікі Шан Ян». Прысвечанае кітайскай гісторыі V —VІІІ стст. да н. э., яно з’яўляецца яшчэ адным сведчаннем шматграннасці таленту пісьменніка. Зварот да гісторыі далёкага Кітая можа паказацца нечаканым і выпадковым. Але гэта не так, таму што пазнанне гісторыі (у даным выпадку кітайскай) не было для У. Караткевіча самамэтай. Гістарычныя падзеі —гэта вызначальная аснова, што дазваляла пісьменніку пранікнуць у сутнасць чалавечых характараў, спасцігнуць месца і ролю Чалавека ў гістарычным працэсе. Кітайская дзяржава таго далёкага часу, у якой цесна пераплецены грамадства і дзяржава, філасофія і палітыка, чалавек і соцыум, і стала для Караткевіча такім зыходным матэрыялам.
Шан Ян —вялікі Канцлер адной з кітайскіх дзяржаў Ціньскай дынастыі, які стаў заснавальнікам у гісторыі Кітая вучэння аб легізму —адной з самых жорсткіх і дэспатычных сістэм кіравання дзяржавай. Яго погляды выкладзены ў трактаце «Шан цзюн цу», а ў апавяданні падаюцца ў дыялогу-спрэчцы Шан Яна з філосафам Жан Лунам. Калі для апошняга ў разуменні чалавека вызначальнай лініяй паводзін выступае дабрачыннасць (Жан Лун адвяргае ўсялякі гвалт над асобай), то Шан Ян лічыць, што чалавек не мае ўласнай волі і думкі і павінен толькі падпарадкоўвацца і выконваць загады. Годнасць чалавека, па Шан Яну, у сіле, уладарніцтве, уменні падпарадкоўваць сабе іншых людзей. Таму натуральным станам грамадства з’яўляецца рабства, у якім уладараць і культывіруюцца горшыя якасці чалавека —хлуслівасць, хцівасць, прага да ўлады. Асноўным сродкам уздзеяння на такі народ Шан Ян лічыць сістэму ўзнагарод і пакаранняў, прычым апошнія адыгрываюць галоўную ролю. Натуральным станам такога грамадства з’яўляецца вайна: «Ніякіх… нацыянальных традыцый. Бо ад іх адусюль пракрадзецца нараканне… Застаецца толькі адно рабскае земляробства, і тупыя тысячнікі, … і чыноўнікі армій, і вайна. Зямля і вайна». У грамадстве павінны быць знішчаны, як паразіты, усялякая дабрачыннасць і дабрадзейнасць, павага да бацькоў і іх традыцый, паэзія, музыка, мастацтва.
Памылковасць такой пазіцыі Вялікага Канцлера відавочная. І не толькі таму, што яго праўленне прывяло народ да збяднення і галечы і ўсталявання ў краіне недаверу і ўсеагульнай падазронасці. Загана —у атручванні чалавечага розуму і сумлення, у разбурэнні станоўчых якасцей асобы, вынішчэнні годнасці і гонару чалавека. Як прароцтва для Шан Яна гучаць словы Жан Луна: «…твая радзіма тупасцю насмерць зраніць цябе». У рэшце рэшт так і атрымаецца: створаная Шан Янам сістэма дэспатызму знішчыць яго не толькі фізічна, але менавіта як свайго стваральніка. Самы апошні ўдар ён атрымае ад Хуэй-вана, сына чалавека, «…які любіў і шанаваў Шан Яна вышэй за ўсякую меру, слухаў яго як самога духа Неба…» І заб’е Хуэй-ван свайго настаўніка не за тое, што не падзяляе яго поглядаў, ён знішчае сведку «свайго другараднага пры бацьку становішча». Стваральнік сістэмы, ён сам ад яе і гіне. «Якога ж я выпусціў звера! І хто, калі, калі загоніць яго назад, у клетку?!» Шкада толькі, што вялікі чалавек зразумее гэта позна, перад самай смерцю. Шан Ян спасцігнуў, што сапраўдная веліч не ў тым, каб «патрасаць царствамі», а ў годнасці чалавека «праўдзівага, добрага і сумленнага, таленавітага ў сваёй справе…»
У сваім апавяданні У. Караткевіч пераканана развенчвае славалюбівасць людзей, якія ў пагоні за ўласным дабрабытам, славай і ўладай забываюцца пра чалавека або ігнаруюць яго думкі, пачуцці і інтарэсы. Сапраўдная веліч не ў тым, каб узвысіцца над іншымі людзьмі, сцвярджае У. Караткевіч, а каб свядома, выкарыстоўваючы ўсю моц чалавечага розуму, служыць людзям, рабіць іх жыццё цікавым і прыгожым. «Вялікі Шан Ян» —яшчэ адно пацверджанне таму, што вызначальнымі ў этычна-эстэтычнай сістэме У. Караткевіча выступаюць «сцвярджэнне высокай годнасці асобы чалавека, аб’ектыўнай каштоўнасці быцця кожнага».
Дарэчы, у пісьменніка ёсць апавяданні (напрыклад, «У шалашы», «Ідылія ў духу Вато», «Палеская рапсодыя»), у якіх апяванне кахання робіцца без алегарычнай напоўненнасці і залішняй складанасці, а як натуральны і творчы, і жыццёвы працэс. Асаблівую прыцягальнасць такім апавяданням надае адметная манера пісьменніка —насычанасць твораў паэтычным пачаткам або дыялог герояў, часцей за ўсе скупы, сціслы, але які перабіваецца лірычнымі адступленнямі і каментарыямі аўтара, таксама сціслымі, толькі па-філасофску заглыбленымі, якія нібы канцэнтруюць згустак духоўных і душэўных сіл герояў у момант найбольшага напружання іх эмоцый і праяўлення іх душэўнай сілы…
Неяк В. Каваленка даволі трапна зазначыў: «Героі яго рамантычна прыўзняты над побытам, але ў асобных эпізодах гэта рамантычная прыўзнятасць нібы не знаходзіць сабе дастатковага мастацкага самавыяўлення ў празаічнай апавядальнасці. І тады з’яўляецца ўстаўны верш, які адкрывае шырэйшыя жанравыя магчымасці для абагульнення ўзнёслых ідэй».
Яшчэ адна адметнасць лірычных адступленняў У. Караткевіча, якіх мноства ў яго апавяданнях і казках, —гэта іх маральна-эстэтычная насычанасць, разуменне пісьменнікам эмацыянальнай сілы мастацтва. «Кніг тады не было, мой сынок і мая дачухна, —пачынае ён так сваю казку „Скрыпка дрыгвы й верасовых пустэчаў“. —Кгігі былі забароненыя, укінутыя пад запор, спаленыя. А вольнасці —не было. Замест кніг вольная была толькі песня, якую не так лёгка пасадзіць у папяровую клетку. (А калі і пасадзіш —застаюцца толькі літары, бяссільны водгук магутных гукаў.) Так што самай сільнай зброі ўсемагутныя магнаты не маглі нас пазбавіць, сынок. І як цяпер харошую кнігу рвуць з рук у рукі, так тады рвалі з зубоў у зубы і з глоткі ў глотку песню. А пясняр быў самай паважанай асобай» (II,482).
Яшчэ адно апісанне песні, спеваў, больш трагічнае, чым у казцы: «Ясюкевіч даўно ўжо, з вялікай трывогай, чуў недзе далёка, за змрочным чырвоным гарызонтам, а потым бліжэй і бліжэй нейкія дзіўныя гукі, спявучыя, перарывістыя, нібы залатое пілавінне падала на срэбны шчыт. Нябачны хор маленькіх, з пясчынку, чалавечкаў цягнуў сваё „а-а-а-а“. Спачатку весела, потым сумна, да болю, потым нібы з адчаем і галашэннем.
Што гэта было? Звінелі званочкі на дняпроўскім поплаве? Спявалі сірэны між падводных губак ля камяністых, амытых сіняй вадою скал?
І раптам ён з жахам, ад якога ўпала сэрца, зразумеў. Спявалі пяскі. Спявала сваю песню, летучы на крылах пясчанай навальніцы, Смерць » («Сіняя-сіняя …» II, 290).
«Ядро рамантычнай ідэі ў мастацтве, —пісаў вядомы беларускі літаратуразнаўца У. Калеснік, —вызваленне творчай асобы ад рэгламентуючага канона, догмаў. Перакананне, што геній не мае патрэбы ў правілах, бо сам ён дае правілы мастацтву (Кант), прывяло прагрэсіўных рамантыкаў да адраджэння ідэалу народнага барда, песняра, паэта-прарока, што спалучае мастацкую творчасць з місіяй нацыянальнага героя, важака, нават военачальніка…»
Блізкую да адзначанай думкі задачу, як нам здаецца, паставіў перад сабою і У. Караткевіч у празаічных творах (іх няшмат, усяго каля дзесятка), якія сам пісьменнік адзначыў як казачныя. Праўда, тут няма канкрэтнага раскладу, для каго яны прызначаюцца —для самых маленькіх чытачоў, для сярэдняга ўзросту ці для дарослых. Яны названы проста «казкі», і, на наш погляд, пісьменнік не памыліўся ў вызначэнні жанру гэтых твораў. Паводле Уладзіміра Даля —"казка, выдуманае апавяданне, небывалая і нават не могучая адбыцца аповесць, паданне«. Як у такім выпадку ацэньваць, напрыклад, «Лебядзіны скіт»? Вядома, якія пакуты несла славянскім народам татара-мангольскае нашэсце: «Наперадзе яны сустракалі зялёныя палі, хаты ў садах і стракатыя гарады, а ззаду пакідалі толькі чорную пустэчу, па якой як жадаў хадзіў вецер, узнімаючы сталбы попелу. І болей нічога не заставалася на калісьці зялёнай зямлі» («Лебядзіны скіт». II, 465). Ушчэнт была абдзёрта і зямля балотнай Русі. Усё гэта было, і ўсё стала не толькі набыткам легенд, паданняў, сказаў, але, галоўнае, стала гісторыяй народа, гісторыяй яго змагання за сваю незалежнасць. Значыць, першая пасылка казкі далёка не казачная, а рэальная, гістарычная. Возьмем другую. Ці мог хан Бату сустрэць у славянскай зямлі мудрага старца, які згадзіўся б аддаць сваё жыццё ўзамен жыцця маладых палонных людзей? Безумоўна, мог. І гісторыя ведае шмат прыкладаў (успомнім Яўпація Калаўрата з Разані), калі рускія багатыры, не шкадуючы свайго жыцця, помсцілі манголам за ўчынены разбой. Зноў жа —не казка, а гісторыя? Нарэшце, трэцяя. Адразу заўважым —легендарна-казачная: хан Бату выказаўся, што на волю адпусціць столькі людзей, колькі іх памесціцца ў скіце старца. Адзін нукер хана зазначыў, што ў ім змесціцца не больш дваццаці чалавек, другі сказаў —трыццаць пяць, трэці —пяцьдзесят. І людзі пайшлі ў скіт —прайшло і сто, і дзвесце чалавек, «прабрылі полацкія людзі, людзі з Крычава, аршанскія паланянкі і паланянкі з берагоў Адрова, вось пацягнуліся палонныя з Менеска і Ноўгарадка і з Задзвінскай зямлі, нёманскія рыбары і пінскія лучнікі і выўкавыскія бортнікі, якіх скруцілі іхнімі ўласнымі «лезівамі»… Людзі знікалі і знікалі ў скіце, «а на небе праяснялася і знікалі хмары, і праз палы пачала прабівацца зялёная маладая трава, а дрэвы зашумелі новым лісцём» (II. 469).
А над усім гэтым кружылі лебядзіныя стаі, якія ляцелі ў розныя бакі, цягнуліся на родныя гняздоўі. Людзі сталі лебядзямі, тымі казачнымі птушкамі, што заўсёды прыносяць шчасце людзям.
Адступіліся, зніклі татары. Кажуць, з таго часу Белая Русь і называецца «белай». Ад лебядзінага апярэння стала белай вопратка ў яе людзей. А кажуць і другое: быццам таму яна «белая», што пад татарамі не пабыла.
Такая вось яна, казка «Лебядзіны скіт» паводле У. Караткевіча.
Казка, якая без залішняга маралізатарства вучыць гісторыі, вучыць любіць Радзіму, развівае грамадзянскае і гістарычнае мысленне сучаснікаў, дае ім разуменне непарыўнасці славянскай еднасці, у якой суіснуюць дзень гібелі Разані і бітва пад Крутагор’ем, паўстанне ў Магілёўскай вобласці і Аршанскае падполле: «… і Цяпінскі, і Вячка, і Міхал Крычаўскі —усе яны былі ў ім. А ён быў —усе тыя людзі, што будуць Усё» (ІІ, 355).
Блізкія да «Лебядзінага скіта» сваёй філасофска-маральнай напоўненасцю казкі-навелы, казкі-роздумы «Нямоглы бацька», «Скрыпка дрыгвы й верасовых пустэчаў», «Чортаў скарб».
Слушную заўвагу ў адносінах да казак У. Караткевіча выказвае Вольга Шынкарэнка. Яна лічыць, што праз філасофскае разуменне часу і прасторы, звязанае з высокай духоўнасцю, пісьменнік змог зрабіць казку нетрадыцыйнай (хоць яна прытрымліваецца ўсіх канонаў традыцыйнай казкі), непаўторнай, прыцягваючай увагу чытача сваімі жанрава-стылёвымі асаблівасцямі. Абагульненне заключаецца ў тым, што У. Караткевіч у сваіх творах, з аднаго боку, шырока выкарыстоўвае стэрэатыпныя казачныя формулы —уступныя, знешнія і ўнутрана-медыяльныя, фінальныя, а таксама сюжэтна-кампазіцыйныя адметнасці, паэтычную гіпербалізацыю і г. д., з другога —актыўна, як аўтар, удзельнічае ў трансфармацыі распаўсюджаных сюжэтаў і матываў. Як адзначае В. Шынкарэнка, «аўтарскае ўмяшанне ў дзеянне досыць адчувальнае. Яно бачна і ў «Нямоглым бацьку», і ў «Катле з каменьчыкамі, іншых творах. Наогул, ва ўсіх тых, дзе пісьменнік вывучае і перадае праўду жыцця ў той час, калі «кожан баяўся сказаць слова».
Ведучы размову аб апавядальніцкай творчасці У. Караткевіча, нельга абысці ўвагай тыя творы, якія з’явіліся ў друку пасля яго смерці. Гэта, у першую чаргу, апавяданні «Завеі», «Белае полымя», «Пасмяротная гісторыя аднаго цецерука», «Лісты не спазняюцца ніколі». І хоць яны не дацягваюць па сваіх мастацкіх якасцях, скажам, да «Маленькай балерыны» ці «Блакіту і золаку дня», чытач знойдзе ў іх, адчуе непадробную радасць ад спаткання з караткевічаўскімі самабытнымі словамі, вобразамі, іншымі выявамі яго светабачання, зіхоткімі знаходкамі стылёвага выражэння, інтрыгуючымі элементамі сюжэтатворчасці.
Казкі, як і апавяданні У. Караткевіча, —гэта, на наш погляд, важны сродак спасціжэння аўтарам духоўнай чысціні людзей, душэўнай ураўнаважанасці розных пакаленняў беларусаў, іх традыцый, вытокаў іх патрыятызму і чалавечнасці, дабрыні і дабрачыннасці.
А для самога пісьменніка гэта яшчэ адна магчымасць паказаць чалавеку яго гістарычныя карані, растлумачыць яму, хто ж ён ёсць, навучыць яго разумець, што мінулае не толькі аплятае сваімі каранямі сучаснае, але і надае свае парасткі будучым з’явам і працэсам.
У творах малога жанру —і тут нельга не пагадзіцца з В. Шынкарэнка —Караткевіч “са скрупулёзнасцю даследчыка-аналітыка і эмацыянальнасцю лірычнага суб’екта змог перадаць самыя тонкія адценні настрояў і перажыванняў герояў, іх унутраны свет, увасобіць арыгінальныя мастацкія задумы”.
Зразумела, што такія жанры празаічнай творчасці, як апавяданне, казка, не маглі выразіць ва ўсім багацці маральна-эстэтычную, этычную і філасофскую праблематыку жыцця, асабліва ў караткевічаўскім светаўспрыманні. Яго ўменне выхапіць з жыцця «жыццёвы» момант, убачыць у звычайным, напрыклад, чалавечым каханні, найвышэйшы ўзлёт чалавечага духу, нават перадаць духоўны подых эпохі праз сваё разуменне яе найбольш кульмінацыйных момантаў патрабавала іншых форм. Менавіта побач з апавяданнямі, нават першымі псіхалагічнымі эцюдамі, рапсодыямі, навеламі з іх узаемапераходамі, нараджаюцца аповесці «У снягах драмае вясна», «Чазенія», «Лісце каштанаў», раман «Нельга забыць».
Больш чым дваццаць пяць гадоў прайшло ад з’яўлення ў друку рамана «Нельга забыць» (упершыню быў надрукаваны пад назвай «Леаніды не вернуцца на зямлю»). Легендарныя Леаніды —гэта таямнічыя фасфарычныя знічкі, што апускаюцца на зямлю праз кожныя 33 гады (зноў жа сімвалічная лічба). Пра твор даволі многа пісалі крытыкі, аматары творчасці У. Караткевіча. Водгукі былі не толькі станоўчыя. Літаратурны крытык Я. Герцовіч, напрыклад, «ничтоже сумняшеся» перанёс сучаснікаў пісьменніка ў сярэдневяковую эпоху, дзе ўсе імкненні розуму былі толькі падуладны сляпому разгулу эмацыянальных страсцей. Не ўбачыў своеасаблівых падыходаў пісьменніка да спасціжэння філасофскіх асноў чалавечага існавання і крытык Чалмаеў. Ён чамусьці лічыў, што каханне, часам цяжкае, многім незразумелае —гэта «вельмі старая і памылковая канцэпцыя —гаруе, змагаецца, шукае чалавек, каб у канцы шляху прадстаць перад вышэйшым існаваннем з поўным разуменнем свайго бяссілля».
Не акцэнтуючы ўвагу на станоўчых рэцэнзіях, зазначым адну адметную акалічнасць: раман «Нельга забыць» быў той дабратворнай глебай, з якой, у рэшце рэшт, прарастуць і «Каласы пад сярпом тваім», і «Дзікае паляванне караля Стаха», і паэтычныя зборнікі «Мая Іліяда» і «Быў. Ёсць. Буду». У гэтым, здавалася б, наскрозь асабістым рамане знітавана такое багацце агульначалавечых праблем, асэнсаванне якіх на працягу многіх гадоў будзе весці пісьменніка да новых і новых творчых знаходак і адкрыццяў.
Задуму рамана, у якім бы спалучаліся ў адно сучаснасць і гісторыя (маецца на ўвазе гістарычны пралог), тлумачаць прызнанні маладога Караткевіча. «Ах, як хочацца рабіць. Яшчэ б напісаць дзесятак аповесцей, у якіх ахапіць гісторыю Беларусі з 1863 па 1963»; «…мне б вельмі хацелася, каб людзі раптам адкрылі мора паэзіі ў беларускай гісторыі, як калісьці адкрылі ў шатландскай».
Рамантычная «паромная» гісторыя, што пачалася амаль сто гадоў назад (кахаючая камандзіра паўстанцаў Усяслава Гранкевіча жанчына, спяшаецца давесці да катаў загад аб яго памілаванні і ўсё ж не паспявае да яго расстрэлу), не дала магчымасці разгарэцца вялікаму пачуццю. Але перажытае не праходзіць бясследна, памяць сэрца не гіне, яна знаходзіць свой працяг у жыцці, учынках і чалавечых адносінах нашых сучаснікаў, людзей другой паловы ХХ стагоддзя.
Так, у цэнтры рамана каханне паэта Андрэя Грынкевіча і мастака, выкладчыцы Ірыны Горавай. І не простае, не звычайнае, не юнацкае і, як часта бывае ў літаратурных творах, нават не першае. Але гэтыя абставіны чамусьці выпалі з поля ўвагі крытыкаў.
І Андрэй, і Ірына —людзі, якія на сваім жыццёвым шляху зведалі шмат трагічных нягод. Чаго варты, напрыклад, выпадак, калі на руках Андрэя напярэдадні вяселля памірае пасля аўтамабільнай катастрофы яго каханая Алена Століч. Ці яшчэ. Ірына Горава, знаходзячыся ў радах апалчэнцаў пры абароне Масквы, раптам убачыла, што на тое месца, дзе стаяў яе каханы, упала нямецкая міна, —"яшчэ паспела ўбачыць: высокі такі, чорны, маслісты слуп дыму і зямлі… І потым цемра…" («Нельга забыць». ІІІ, 160).
Аднак і ў першым, і ў другім выпадку жыццё не спыніла свой рух. Мабыць, не зусім лагічна, што Ірына выйшла замуж і жыве з чалавекам, якога не кахае, мабыць, не трэба Андрэю Грынкевічу «дурманіць» галаву, будучы студэнтам, Марыі Крат, мабыць, яшчэ што-небудзь не так трэба было рабіць галоўным героям рамана… Але пісьменнік выбраў менавіта такі сюжэт і, на наш погляд, даволі паспяхова распрацаваў яго. І больш чым праз дваццаць пяць гадоў пасля з’яўлення ў друку раман абуджае багатыя думкі, выхоўвае культуру пачуццяў, выклікае роздум пра сэнс жыцця, пранікае ў дыялектыку эмацыянальнага і рацыянальнага.
Гэта не зусім дрэнна, калі пісьменнік аддае перавагу эмацыянальнаму пачатку. У наш рэактыўна-атамны век пра чалавечыя пачуцці, душэўныя хваляванні, эмацыянальны настрой даволі часта забываюцца. «Рацыо»-розум —вось што рухае прагрэс. І тады з’яўляюцца развагі, як у Стаўрова —аднаго з герояў рамана «Нельга забыць»: «Каханне, соплі лірычныя распусцілі. У нас, брат, атамны век. Людзям няма часу ні на чытанне доўгіх кніг, ні на шпацыр пад ліпамі. У вашага цнатлівага кахання белая сукня. А час не той. Вакол не ліпы. Вакол машыны і мазут» (ІІІ, 273).
«Дзякуючы» такім вось «рацыяналістам» стаўровым грамадства дайшло да таго стану, калі трэба абараняць не каханне, а гэтыя вось ліпы, якія, як адзінокія астраўкі, зелянеюць сярод мазутнага акіяна.
Час пераканаўча сцвердзіў думку У. Караткевіча, што ў жыцці павінна быць месца і прыгожаму, і лірычнаму, і каханню ў белай сукні. Чалавек з усімі яго дабрачыннасцямі і заганамі, бедамі і радасцямі, марамі і побытавай заглыбленасцю —вось і мэта і сутнасць нашага сучаснага грамадства. І зусім не дрэнна, калі яму спадарожнічае каханне, напаўняючы штодзённае жыццё ўзвышанасцю і ўзнёсласцю. Хоць бы такое, як пра яго піша У. Караткевіч: «Гэта былі дзіўныя адносіны, якіх пакуль што амаль не бывае на зямлі. Быццам сама душа каханай перайшла ў душу каханага. Напэўна, калісь, калі на зямлі пакінуць крыўдзіць, калі не будзе моцных і слабых, калі знікнуць хлусня і непаразуменні і брыдкая гульня ў хітрыкі, калі змагацца за жынчыну будуць толькі з ёю самой —менавіта такімі будуць адносіны тых, хто захоча быць адзін з адным.
Ні ценю непаразуменняў, дабрыня да кожнага выгіба думкі другога, добразычлівае імкненне ўсё аддаць для яго, нічога не патрабуючы ўзамен, вера ў тое, што ён таксама зробіць гэта» («Нельга забыць». ІІІ, 265). Пачуццё Андрэя «вечнае, магутнае, нязменнае» («Нельга забыць». ІІІ, 242), якое і бывае раз у стагоддзе на зямлі, адмаўляе эгаістычнае «я», робіць яго верным, адданым і неабходным той адзінай, без якой немагчыма жыць на зямлі.
Узвышана, нават рамантычна, як палёт матылька да далёкай зоркі, разумее каханне да Андрэя і сама Ірына Горава: «Рана ці позна, а яна злітуецца з вечнага імкнення, сама пачне набліжацца да матыля. І астатнія зразумеюць: яны дарэмна ляцелі на ліхтары» (ІІІ, 150). Каханне для яе ўсё: і шчасце, і радасць, і боль, і пакута, і адчайнасць, і рашучасць ва ўчынках і рашэннях.
Станоўчым у рамане з’яўляецца і тое, што пісьменнік не паказвае кахання Адрэя і Ірыны бясхмарным, як адну цэласную ідылію —на шляху дастаткова складанасцей, пераадольванне якіх толькі ўмацоўвае веру ў адкрытасць і сапраўднасць пачуцця, высокую маральнасць герояў. Можна, вядома, запярэчыць: «Якая там маральнасць, калі адрываюць жонку ад жывога мужа?» Але такім жа можа быць і адваротнае пытанне: «Наколькі маральна жыць з тым, каго не кахаеш? І ці патрэбна такое сужыццё?» Не адзін раз жыццё давала пераканаўчыя адказы на такія пытанні. Таму і ў рамане сітуацыя з каханнем да замужняй жанчыны не выглядае надуманай ці штучнай.
Другое больш цяжкае выпрабаванне чакала герояў рамана —цяжкая хвароба сэрца Ірыны. Жыць, пакутуючы, ці рашыцца на хірургічную аперацыю (успомнім, на якім узроўні была ў 60-я гады ў нашай краіне сардэчная хірургія!), ведаючы, што яна можа закончыцца трагічна. Каханне ў гэтым выпадку аказалася бяссільным. Перамагала, на жаль, смерць. Можна было Андрэю разгубіцца, замкнуцца ў сабе, страціць веру ў жыццё. Напэўна, так бы ўсё і адбылося, калі б падзеі развіваліся паводле логікі крытычнага артыкула Я.Герцовіча —маўляў, сярэдневяковыя героі маюць куды больш шырокія інтарэсы, чым героі рамана «Нельга забыць».
А якія яны ў галоўнага героя? Няхай чытач сам зробіць выснову: менавіта ў гэты трагічны для яго час у Андрэя нараджаюцца радкі аб Рагнарадзі (паводле скандынаўскага падання, Рагнарадзі —гэта поле, на якім адбудзецца страшэнная сеча, аж да вынішчэння ўсіх людзей, пасля чаго адбудзецца ўсеагульнае забыццё). Андрэй Грынкевіч Рагнарадзі чалавецтва разумее некалькі інакш: няма смерці для таго, хто прасякнуты ўзвышанасцю кахання, хто робіць людзям дабро і змагаецца з іх прыніжэннем: «Загінуць усе, хто не хоча або не можа ўвайсці ў новае. Туды ўвойдуць добрыя і жывыя. Туды ўвойдзе Яна, зусім жывая, і ён застанецца з ёй у памяці жывых… Каханнем, любоўю, якія заўсёды патрэбны на зямлі…» (ІІІ, 331).
Пачуцці Андрэя, яго Рагнарадзі выльюцца ў такія паэтычныя радкі:
Гэта будзе, напэўна,
Раніцай яснага мая,
Тады не з крывёю паэты
Параўноўваць будуць зару.
Зброя не будзе патрэбнай -
І людзі яе зламаюць,
Героі не будуць патрэбны -
І ў бітве апошняй памруць.
І лёсам нашчадкаў будуць
Толькі кахання раны,
І толькі аднойчы мужчына
Пралье жыватворную кроў,
І шчасце будзе нясцерпным,
Бы ад зліцця з каханай,
Толькі не два імгненні,
А тысячы тысяч вякоў.
Пралескі спакойна будуць
Квітнець на светлым прадвесні,
А дзеці —гуляць жалудамі
Пасаджаных намі дубоў… .
(ІІІ, 333 —334)
Як бачна, у гэтых радках няма трагізму, няўпэўненасці і разгубленасці перад жыццём. Наадварот, думкі Андрэя Грынкевіча накіраваны ў будучыню, у якой ёсць месца і яго каханню, і яго сяброўству з Янісам
Вайвадсам, і яго мастацкай творчасці. «Гэты шлях, —разважае Андрэй, —толькі пачынаўся. На ім не было радасці. Была толькі праца, вайна, радкі… якім не было звароту да ранейшага.
Але на ім не было і хлусні, і абыякавасці, і боязі (ІІІ, 335).
Дарэчы, тэма мужчынскага сяброўства, як і тэма мастацкай творчасці раскрыты ў рамане даволі пераканальна. Андрэя Грынкевіча і Яніса Вайвадса звязвае адзінства ідэй, літаратурных і жыццёвых захапленняў, гатоўнасць заўсёды прыйсці на дапамогу адзін аднаму (між іншым, менавіта Яніс стаяў ля вытокаў знаёмства Андрэя з Горавай). Мы бачым непадробную радасць Андрэя, калі ён даведваецца, што ў Яніса нарадзіўся сын. Таксама як і імкненне Яніса дапамагчы сябру згладзіць канфлікт, хутчэй, не канфлікт, а непаразуменне паміж Андрэем і Ірынай, якое ўзнікла на пачатку іх знаёмства. Гэта ўзаемаадносіны людзей, якія давяраюць адзін аднаму, ацэньваючы жыццё і адносіны паміж людзьмі па самай высокай маральнай шкале.
Пераканальнасць вобразу Андрэя Грынкевіча надае, на наш погляд, яшчэ адна акалічнасць, пра якую размова вялася значна радзей, чым пра іншыя. Гэта супадзенне жыццёвага шляху героя, цеснае перапляценне яго жыццядзейнасці з біяграфічнымі старонкамі жыцця самога У. Караткевіча. Невыпадковай таму з’яўляецца ўвага пісьменніка да творчай лабараторыі Грынкевіча. Гэта не толькі надае раману больш важкае паэтычнае гучанне, але і робіць больш натуральнымі ўключэнні ў тканку рамана вершаў і паэм, павышае яго інтэлектуальную насычанасць. Лірычны герой паэтычных твораў, уключаных у раман «Нельга забыць», блізкі па светапогляду Андрэю Грынкевічу, таксама як і вобраз Грынкевіча быў блізкі і дарагі У. Караткевічу. Па сутнасці, гэта першы ў беларускай літаратуры паўнакроўны вобраз патомнага інтэлігента, інтэлігента ад дзеда і прадзеда.
Раман «Нельга забыць» значна выйграе ад насычанасці яго шматлікімі фальклорнымі элементамі, казачнымі сюжэтамі, разважаннямі аб гісторыі антычнага і сярэдневяковага мастацтва, міфамі і г. д. Паэтычныя, лірычныя, гісторыка-мастацкія адступленні аўтара якраз і з’яўляюцца «ў самых высокіх і напружаных момантах мастацкага апавядання, калі звычайная проза ўжо не можа выявіць глыбінны план быцця і перадаць стан чалавечай душы ў імгненне яе найвышэйшага ўзлёту».
Вядома, не ўсё ў рамане «Нельга забыць» гладка і станоўча адназначна. І меў рацыю А. Лойка, калі як недахоп рамана вызначыў яго вузкаінтымны план. Можна адзначыць і недастатковую сувязь з тагачасным жыццём, некаторыя мастацкія хібы. Але ўсё ж галоўная думка У. Караткевіча, галоўная ідэя рамана азначана надзвычай пераканальна —нельга забыць пра тое, што ў жыцці ўсё ўзаемазвязана, што непарыўна ўчарашняе, сённяшняе і заўтрашняе, што за ўсё ў жыцці чалавеку, калі забываецца мінулае, даводзіцца плаціць, прычым даволі часта самымі дарагімі для яго каштоўнасцямі.
Сам У. Караткевіч так выказаўся пра раман «Нельга забыць»: «Твор гэты шматпланавы, у пэўнай меры эксперыментальны. Гісторыя тут суседнічае з сучаснасцю, проза з паэзіяй, лірыка —з жыццёвым сухім разлікам. Такое спалучэнне было тады навіной у нашай літаратуры, дый цяпер яшчэ рэдка сустракаецца. Мабыць, у гэтым адна з прычын таго, што раман чытаецца… Адна з прычын, але не галоўная, бо акрамя чыстых літаратурных прыёмаў і формаў чалавек у творы заўсёды знаходзіць яшчэ штосьці сваё, глыбока асабістае…»
Асэнсаванню маральных праблем пасляваеннага жыцця пісьменнік прысвяціў аповесці «Лісце каштанаў» і «У снягах драмае вясна». Першая больш вядома чытачам. Яна была надрукавана ў «Маладосці» яшчэ ў 1973 годзе. Другая менш, хоць і напісана больш трыццаці гадоў назад, упершыню з’явілася ў друку ў 1988 годзе («Полымя», 1988, № 4, 5). Аповесць «У снягах драмае вясна», як гэта адзначана ў невялічкай часопіснай прадмове, «вызначаецца грамадзянскай страснасцю, гуманістычнай скіраванасцю, маладым запалам, рамантычнай прыўзнятасцю, у ёй дакладна перададзены рух таго часу, шчырыя спадзяванні на доўгачаканыя перамены ў жыцці нашага грамадства, на незваротнасць працэсу дэмакратызацыі».
Аўтары прадмовы даюць тлумачэнне і таму, чаму такі актуальны твор не з’явіўся ў друку адразу ж пасля напісання: «…надзеям не суджана было збыцца. Старая бюракратычная сістэма не дала разгарнення парасткам новага. Пісьменнік усё гэта бачыў і вельмі балюча перажываў, Ён выдатна разумеў, што твор не будзе надрукаваны, і нават не рабіў для гэтага ніякіх спроб і захадаў».
Абедзве гэтыя аповесці ў значнай ступені аўтабіяграфічныя. Пры гэтым «У снягах драмае вясна» не проста дапаўняе «Лісце каштанаў», працягвае і развівае распавед пра жыццё моладзі ў розныя гады аднаўленчага перыяду, але, у значнай меры, пашырае нашы веды аб юнацкіх гадах пісьменніка, асяроддзі, у якім фарміраваліся яго ідэйныя, маральныя, эстэтычныя пазіцыі, жыццёвыя і творчыя прынцыпы.
«Лісце каштанаў» —аповесць аб не ваенным, але наскрозь насычаным вайной кіеўскім леце 1944 года, якое звсталося ў памяці пісьменніка на ўсё жыццё. Вось якім убачыў Кіеў беларускі падлетак: «Нібы вялікая рака ў страшэнным разліве панішчыла не толькі свае берагі, але і берагі ў вусцях тых рэк, што ўпадалі ў яе. …Дамы, падобныя да выветраных скалаў у пустэльні, страшныя, нямыя, як пачварныя старажытныя замкі. Бетонныя брылы хістаюцца на арматуры, ледзь наляціць вецер. Патокі друзу, жвіру і пяску сплываюць між іх. Дамы, разбітыя ўшчэнт, і дамы, разрэзаныя, як пірог, і таму яшчэ больш страшныя, з рэшткамі шпалераў на сценах, з перакінутым, разбітым раялем. Дамы, яшчэ зусім нядаўна жывыя і цёплыя, а цяпер —мёртвыя шкілеты былога дабрабыту…» (ІІІ. 339, 352).
Усё гэта было страшна, але не настолькі, каб утрымаць ад гойсання па Кіеве ў пошуках прыгод купку падлеткаў, з якімі пасябраваў герой аповесці. То яны паб’юць рэкламы тыпу «Пополнеть скорее чтобы, надо есть побольше сдобы» (патрэбна было камусьці прыдумаць такое, каб менавіта такая рэклама з’явілася ў тагачасным галодным Кіеве) у хлебным магазіне, то праедуць без білета ў трамваі з аднаго канца горада ў другі, то адлупцуюць «мамчыных сынкоў» за іх «ваенныя» гульні ў расстрэл яўрэяў, пакаранне палонных і г. д. І ўсё дзеля галоўнай мэты —знайсці зброю, стварыць атрад і ўцячы з горада ў Чырвоную Армію біць фашыстаў. «А помсціць? Помсціць хто будзе? —выкрыкнуў Ролік. —За сябе яны расплацяцца! А за нас расплаціцца хто? За тваіх братоў? За майго? За соль на ранах? За тое, што Кіеў недаядае і ўвесь унь які? За твае мясціны? За тое, што яны нам лепшыя гады знявечылі, нас знявечылі?!» (ІІІ, 389 —390).
Было ўсё: і хлапчуковае сяброўства, і каханне шаснаццацігадовых, і першы боль, і першая здрада. Але найстрашнейшае было ў тым, што за гэтымі падлеткамі, якія ўжо, здавалася б, перажылі вайну, яна ішла за імі след у след. І знайшла, заспела іх у пясчаным яры, дзе яны намерваліся знайсці так неабходную зброю. Не думалі і не чакалі сябрукі, што на сваёй, вольнай зямлі нарвуцца на нямецкую смерць. Пясчаны касагор аказаўся не проста замініраваным. Як вызначылі спецыялісты —гэта была «сець і некалькі такіх сабе невялічкіх складзікаў з мінамі ды снарадамі». Сканцэнтруюцца тут нашы салдаты , меркавалі фашысты, а потым ірвануць можна. Аднак не салдаты, а бяззбройныя падлеткі сталі ахвярай фашысцкага злачынства і «загінулі толькі таму, што —хай сабе па-дзіцячы —збіраліся на вайну з ёю, каб яна хаця на хвіліну хутчэй знікла з зямлі» (ІІІ, 417).
Галоўны герой, на шчасце, застаўся жывы. Аднак такія псіхалагічныя ўзрушэнні не праходзяць без следу. Што яно значыла для Васілька? Усе мы захапляемся хараством кіеўскіх каштанаў, і вясной, асабліва восенню, калі яны апранаюць увесь горад у пазалоту, —замілаванне такое, што глянь на ўсё гэта —і памры, бо сэрца разрываецца ад прыгажосці ўвядання«.
Васілю ж такое замілаванне заўсёды нагадвае знявечанае вайной юнацтва, надзвычай добрых хлопцаў, якія загінулі пад шэлест залатых кіеўскіх каштанаў у тую памятную пасляваенную восень. І таму восенню яму хочацца з’ехаць ад такога сляпуча-блакітнага агню ў лес, «дзе жаўцеюць бярозы і ліпы, дзе чырванеюць асіны» і «дзе няма каштанаў».
Але так ужо атрымалася, што праз некалькі гадоў жыццёвыя шляхі зноў прывялі героя ў Кіеў. У востраканфліктнай аповесці «У снягах драмае вясна» ён паўстае перад чытачом у лютым 1952 года ў вобразе студэнта чацвёртага курса універсітэта Уладзіслава Берасневіча. Чалавеку дваццаць два гады. Ён шукае адказы на тыя назразумеласці, што бачны вакол яго, і не толькі ў студэнцкіх аудыторыях. «І вось я думаю, —выказваецца Уладзіслаў у гутарцы з сваім аднапакаёўцам у інтэрнаце, Паўлюком. —Нашто гэта нас трымаюць за руку, даюць кнігі „адсюль-дасюль“, каб крый божа не сапсаваліся, не адкусілі мы ад гэтага Бадлера, ад Андрэева. Толькі і чуеш: „рэакцыянер Дастаеўскі“, „буржуа Гамсун“. Я чытаў Гамсуна, і ён нічога, апрача агіды, у мяне не выклікаў. Скажыце, якая тонкасць —пайсці на клады, каб адшукаць ногаць мерцвяка для люлькі. І таму, калі зараз мне кажуць, што Гамсун —дрэнь я с в я д о м а згаджаюся, с в я д о м а , а не як папугай. (Выдзелена аўтарам. —А.Р.) Дакажыце і іншым гэта на прыкладах, на творчасці, а не голым словам. Голае слова мала важыць».
Могуць запярэчыць: «Занадта смела! Гэта ж яшчэ быў 1952 год!» Яно так. Але і ў той час, асабліва ў студэнцкім асяроддзі, былі пярэчанні супраць фармалізму і заарганізаванасці ў вышэйшай школе. Грамадская думка паціху абуджалася. Аб тым, якой была жыццёвая пазіцыя маладога Караткевіча ў тыя гады, сведчыць яго сакурсніца па філалагічным факультэце Кіеўскага універсітэта Муза Сняжко (Залеўская) —цяпер галоўны бібліятэкар парламенцкай бібліятэкі Украіны: «…бескампраміснасць Валодзі і была яго мужнасцю. …Караткевіч ужо ў 1949 годзе, яшчэ зялёным юнаком, меў свой пункт гледжання. Адстойваў яго. Яго каралі, але ён усё роўна не мяняў сваіх прынцыпаў і перакананняў. З гадамі гэта не прайшло, а, наадварот, замацавалася. Магчыма, калі б ён быў іншым —раней бы пачалі друкаваць і больш друкавалі б. Не інкрымінавалі б яму ў 1963 годзе «фармалістычныя выверты», «абстрактны гуманізм» і інш.
Смелае выступленне Берасневіча не толькі не зразумелі, але нават выкарысталі яго для абвінавачвання студэнта на зборы камсамольскай арганізацыі ў ніцшэанстве і ганьбаванні ганаровага звання члена ВКЛСМ. Асабліва шчыраваў у абвінавачваннях камсорг Маркіч (здаецца, спроба стварыць тыповы вобраз прыстасаванца ад камсамола У. Караткевічу ўдалася паспяхова). Чалавек, які павінен больш за іншых быць аб’ектыўным і прынцыповым, разменьвае гэтыя якасці на падлог, падтасоўку фактаў, ціск на няўстойлівых і беспрынцыповых студэнтаў з адной толькі мэтай —скапраметаваць чалавека лепшага за сябе: «нефармальнага лідэра студэнцкай групы», прынізіць яго ў вачах Алёнкі, якая кахае Берасневіча, але якая і яму самому падабаецца. "Ты подла зрабіў, Маркіч, —кідае яму у твар член партыі Галавень. —Чаму? Можа, жадаў адвесці ўвагу ад сябе, улезці па трупах іншых у царства нябеснае? Не ведаю. Але ведай ты, у нас заўсёды знойдзецца чалавечая літасць, каб падумаць у такіх выпадках, як твой, нягледзячы на тое, што там было з тваім бацькам (бацька Маркіча быў арыштаваны ў 1937 годзе і памёр у 1938-м, хоць сам Маркіч прыхаваў гэты факт, напісаўшы ў асабовай справе, што яго бацька, былы партыйны работнік, памёр у 1934 годзе —А.Р.), быў ён вінаваты ці не:
—Няшчасная маці! Няшчасныя дзеці!
А калі гэтыя дзеці забываюць на ўласны боль, забываюцца на ўласнае сумленне, забываюць усё —і топяць сапраўдных людзей, сваіх сяброў, топяць з карыслівай мэтай, забыўшыся, што чалавеку можа быць балюча, —такіх «дзяцей» шкадаваць нельга. Гэта ўжо не людзі, а бруд«.
Не змог галоўны герой аповесці давесці сваю рацыю, нягледзячы на пераканальнасць сваіх доказаў і падтрымку сяброў. Чалавек сумлення, улюбёны ў жыццё рамантык аказваецца бездапаможным перад подласцю, хлуснёй, дэмагогіяй. І самым жахлівым для Берасневіча было тое, што ўсё гэта рабілася вонкава зусім прыстойна і натуральна, з удзелам камсамольцаў і ад іх імя. Ад імя камсамола рабілася тое, за што трэба было выганяць з камсамола. Аб якой сацыяльнай справядлівасці мог думаць Уладзік Берасневіч, калі быў той час, у якім панавалі ханжанства, падхалімаж (значна пазней з’явяцца «рашыдаўшчына», «кунаеўшчына» —вытокі ў іх адны і тыя ж). «Маркічаўшчына» —так ахарактарызуе гэту з’яву Берасневіч. Яе вельмі цяжка схапіць за руку таму, што яна, як хамелеон, умее мяняць колер у залежнасці ад абставін, «Яна ніколі, —разважаў Уладзік, —не ўступіць у камсамол, калі гэта небяспечна, яна пад час варожай навалы закапае білет у зямлю, але яна будзе галосней за ўсіх лямантаваць на зборах, калі небяспека міне!.
Не давёў рацыю, але і не захацеў адступіць ад сваіх прынцыпаў —пакінуў універсітэт і паехаў настаўнічаць, нібы адчуваючы, што незваротны час расставіць над усім свае акцэнты.Так адбылося ўжо праз чатыры гады: наступілі вялізныя змены ў дзяржаве, і з кожнай такой зменай галоўны герой усё больш адчуваў, што надыходзіць час справядлівых рашэнняў, што маркічаў становіцца ўсё менш і менш, нарэшце, што знойдзецца вырашэнне той адзінай справы, ад якой увесь гэты час было неспакойна ў душы і на сэрцы —знойдзецца Алёнка, тая каханая дзяўчына, якая не змагла самастойна разабрацца ў сфабрыкаванай у студэнцкія гады справе Берасневіча.
Мабыць, нежаданне пакідаць свайго героя на раздарожжы, мабыць працэс грамадскага абнаўлення, які нёс людзям надзею на шчаслівае жыццё, мабыць, сама ўнутраная логіка літаратурнага твора (цяпер цяжка вызначыць, чаму пісьменнік выбраў менавіта такое рашэнне) прывялі Уладзіслава Берасневіча да яго шчасця. У эпілогу твора чытач становіцца сведкам яго сустрэчы з каханай Алёнкай. Усё вяртаецца «на кругі свае».
«Не затопіць, не знішчыць нішто сапраўднага кахання. Якая цёплая зіма, якая бадзёрасць у грудзях! Колькі светлага абяцаюць снягі! Мо таму, што сэрца пасля доўгай, чатырохгадовай зімы аддтайвае, пускае парасткі новага кахання, знішчае апошні на зямлі след старога?
…Коні беглі шпарка! Рукі былі моцнымі, грудзі вольна дыхалі, і ўсё-ўсё жыццё яшчэ было ў будучым. У снягах драмала вясна».
Аповесць «У снягах драмае вясна» была напісана У. Караткевічам на пачатку яго творчага шляху —за плячыма ў аўтара быў шэраг вершаў, якія выклікалі шумную кампанію ў аршанскай раённай газеце супраць маладога пісьменніка. Праўда, у гэты час у яго абарону выступілі Пятрусь Броўка і Яўген Лецка. Адбылося, як кажуць, неверагоднае. «Аглабельшчыкі» пацярпелі фіяска, а малады аўтар атрымаў не толькі вельмі неабходную ў такім выпадку маральную падтрымку, але і поўную ўпэўненасць, што творчасць яго патрэбная, што яго вершаў, паэм, аповесцей чакаюць чытачы. Аднак пісьменнік разумеў і тое, што калі супраць яго так рэзка выступілі за нізку першых вершаў, дык рэакцыя на аповесць можа быць яшчэ больш негатыўная.
Крытык Таіса Грамадчанка ў артыкуле, змешчаным у жніўні 1988 года ў газеце «Літаратура і мастацтва» неаднойчы падкрэслівае, што гэты твор напісаны зусім маладым Караткевічам. Нельга не пагадзіцца. I па сваім узросце, і па пісьменніцкім вопыце У. Караткевіч быў у той час малады. З характэрным для аўтараў —пачаткоўцаў абвостраным пачуццём праўды, непасрэднасцю, смеласцю і бескампраміснасцю ў падыходзе да людзей і жыцця. Для яго тэма аповесці была сваёй, не прыдуманай, узятай з рэальнага жыцця. Ён пісаў пра тое, што ведаў і чаго пакуль не ведала беларуская літаратура.
Галоўнае, аднак, не ў гэтым. Каштоўнасць твора, яго сацыяльная значнасць, на наш погляд, у тым, што аўтар прадчуў, нібы спрагназаваў непазбежнасць дэмакратызацыі, прадказаў некаторыя працэсы, што ахапілі наша грамадства, хай і праз трыццаць гадоў пасля напісанага. Напрыклад, абуджэнне нацыянальнай самасвядомасці, фармаванне культуры міжнацыянальных адносін актуалізацыю патрыятычнага і інтэрнацыянальнага выхавання. «Скажам, былі здраднікі (сярод інгушоў. —А.Р.), —гаворыць Берасневіч Паўлюку, —але як жа можа адзін народ быць горшым за другі, што яго бяруць за шкірку, як шчанюка, і вывозяць з месца, дзе ён жыў, дзе нарадзіліся яго дзеці, дзе ён прызвычаіўся, дзе капцы бацькоў? Я не памятаю, здаецца, гэта Маркс сказаў: „Адносіны да яўрэяў —пробны камень цывілізацыі народа“. Але няхай і не ён, усё адно —гэта праўда. Я не жадаю, каб нас, авангард чалавецтва, называлі дзікунамі. Сёння, выходзіць, іх, а заўтра мяне, беларуса».
I зусім справядліва аўтары прадмовы да часопіснага варыянта аповесці адзначылі: «Створаная сумленным, мудрым і высакародным талентам, прасякнутая мужнай верай у перамогу праўды і справядлівасці, аповесць „У снягах драмае вясна“ асабліва актуальна гучыць сёння, у час перабудовы». Ужо само з’яўленне аповесці ў друку выступае пераканаўчым сведчаннем дэмакратызацыі нашага грамадскага жыцця, дэмакратызацыі мастацкай культуры, творчага працэсу. Урэшце, адкрыццё аповесці «У снягах драмае вясна» для шырокага кола чытачоў —гэта яшчэ адзін важны крок да стварэння больш поўнага, больш аб’ектыўнага творчага партрэта У. Карткевіча, вызначэння яго сыцыяльнай пазіцыі, станаўлення і развіцця яго пісьменніцкага почырку. Нездарма А. Мальдзісу аповесць уяўляецца «маладым і свежым парасткам, з якога потым вырасла ўся проза У. Караткевіча. Парасткам, у якім ужо былі многія вызначальныя рысы. І ўменне бачыць у звычайным, будзённым узнёслае і рамантычнае. І незвычайнасць, неардынарнасць учынкаў. І яркая вобразнасць, спалучэнне неспалучальнага. І непаўторная, насычаная новаўтварэннямі лексіка».
Аналізуючы творчасць У. Караткевіча, выдомы беларускі крытык С. Андраюк зазначыў: «У яго яркія характары, выключныя жыццёвыя факты, рамантычныя абставіны, надта завостраныя канфлікты, барацьба страсцей, метафарычнасць, багатая вобразнасць, уменне стварыць настрой эмацыянальнай напружанасці». Усе гэтыя азначэнні, як у люстэрку знайшлі сваё адлюстраванне ў аповесці «Чазенія», аповесці рамантызаванай, паэтычнай, дынамічнай (дарэчы, «Чазенія» перакладзена на рускую, украінскую, латышскую, славацкую, балгарскую мовы), якую В. Быкаў вызначыў як «своеасаблівы гімн жыццю», у якім гарманічна спалучаюцца каханне паміж людзьмі і іх любоў да прыроды, уласначалавечыя праблемы і клопат пра Чалавецтва. Па сутнасці, гэта паэма ў прозе, дзе спалучаны лірыка-рамантычны пачатак з эпічным дзеяннем і «б’ецца неспакойная трывожная думка нашага сучасніка пра будучае чалавецтва, пра адказнасць за асобу, за кожнага чалавека, за грамадства і цывілізацыю». Таму і набліжаецца «Чазенія» да празаічных твораў М. Прышвіна, К. Паўстоўскага, У. Салаухіна, Я. Брыля, М. Стральцова.
Рыгор Барадулін аб тым, як стваралася «Чазенія», выказаўся наступным чынам: «Гэта быў першы твор (У. Караткевіча. —А. Р.), на які адгукнуліся мяшкамі лістоў падзякі і захаплення з усіх куткоў Саюза. Дапамагла руская мова.
…Караткевіч падчас нашых паездак па Прымор’і толькі не выпускай з рота цыгарэту, абавязкова чытаў нейкую кніжку і як бы драмаў. А пасля мы ахнулі, што ён убачыў. Праўда, шмат пісаў лістоў. Тросся над чыстай паперай да скупечага. На нейкі тыдзень з кайстраю за плячыма некуды знік. Вярнуўся, казаў пра Кедравую падзь, пра запаведнік. Нам прывёз у падарунак кедравых шышак. А пасля ўсім пра гэта распавёў у „Чазеніі“. Як заўсёды, фантазія бушавала і тут вышэй за дзесяцібальны шторм. А некалі ж Крапіва параіў яму біць камяні на дарозе, а не займацца літаратурай».
Сваю назву твор атрымаў ад назвы далёкаўсходняга дрэва чазенія, якое, як дрэва-піянер, першым з’яўляецца на галькавых косах, нават на скамянелай лаве яе ручаёў —там, дзе нішто не можа расці. Прабіваючы сваімі каранямі цвёрдыя грунты, яно дае магчымасць для жыцця іншым раслінам, хоць само і гіне. Гэта абагульняючы філасофскі фобраз-сімвал, «жаласніца аб слабых і аб моцных, аб усіх жывых, аб тых, хто прыйдзе за ёю на гэтую зямлю, калі яна, споўніўшы ўсё на свеце, упадзе на ёю ж створаны бераг» (ІІІ, 352). У аповесці гэта дрэва выступае як сімвал адданасці навуцы, смеласці пошукаў вучоных, што пракладваюць шляхі ў будучыню. Але не навуковыя праблемы самі па сабе цікавілі У. Караткевіча. Яго цікавіў духоўны свет герояў, іх узаемаадносіны паміж сабой, іх погляды на прыроду. У сутыкненні жыцця натуральнага (далёкаўсходняя прырода) і навуковага (НТР), розных падыходаў да гэтых праблем (батанік Гражына Арсайла выступае за тое, каб захаваць і памножыць жыццёвы патэнцыял зямлі. Фізік Севярын Будрыс, якога Гражына называе «эксперыментатарам над жывым» —за поўнае выкарыстанне пазнаных сіл прыроды для яшчэ большага яе росквіту) фарміруецця галоўная ідэя аповесці: гуманістычныя адносіны павінны быць вызначальнымі не толькі ў кантактах паміж людзьмі, але і ў іх адносінах да жывой прыроды, той флоры і фауны, што акружае ўсіх нас. Пры гэтым У. Караткевіч імкнецца маральна-этычныя, экалагічныя праблемы вырашаць не проста на аснове асабістых узаемаадносін персанажаў, але, галоўным чынам, праз іх адносіны да вострых праблем часу. Пісьменнік сцвярджае, што ў абярэжлівых, нават любоўных адносінах да прыроды тоіцца бясконцы запас эмацыянальнай энергіі, без якой само жыццё губляе эстэтычны, а часам і інтэлектуальны сэнс. У далучэнні чалавека да прыроды, як і ў далучэнні да мінулага, да гістарычных каранёў (да таго ж Бахайскага царства, якое існавала калісьці на месцы Кедровай падзі) бачыць У. Караткевіч выток і аснову цэласнасці асобы, яе гуманізму і патрыятызму, яе натуральнасці , духоўнасці і чысціні.
Другая лінія аповесці —каханне галоўных герояў. Каханне, да якога кожны з іх ставіцца па-свойму.
Гражына, бачачы разыходжанне іх характараў і баючыся, што гэта можа стаць прычынай згубы кахання, лічыць , што шчаслівым можна быць і на адлегласці. Трэба толькі заставацца верным адно аднаму.
«Ты павінен зразумець, —напіша яна ў пісьме Севярыну, —што гэта не здрада, што я ніколі, ні з кім не здраджу табе і што прашу я прабачэння не за тое, што здрадзіла табе, а толькі за тое, што прычыніла табе боль… Падчас развітання ты нечакана даў мне і сілу для майго ўчынку. Я ўбачыла тое, што магло б пасля перарасці ў смерць нашага кахання, у маю смерць.
Мы ва ўсім розныя. Што рабіць мне там (у горадзе. —А.Р.)? I што табе —тут (у тайзе. —А.Р.)? Мы розныя ва ўсім, акрамя нашага кахання.
Ты ўпамянуў пра здраду сябрам, і „каб яшчэ толькі жывым“, ты ўпамянуў імя Генуся (сябар Севярына, які памёр ад вялікай дозы радыеактыўнасці, атрыманай пры правядзенні доследаў на сінхрафазатроне. —А.Р.), з якім… Я зразумела: нават падсвядома ты не даруеш сабе таго, што ты называеш „здрадай“. I, рана ці позна, сыдзе на нішто тваё каханне, самае вялікае, якое ў мяне было, якое ў мяне будзе. Адзінае…
Ты стаў моцны. Досыць з мяне. Зразумей. Даруй. Не шукай » («Чазенія». III, 527, 529, 530).
Не мог чалавек, які пазнаў сваё каханне, адчуў дзесьці ў глыбінях сваёй душы, што яго ранейшая рацыянальнасць, яго «ratio» усё ж далёка недасканалыя. I аднабокія , і збедненыя, і, скажам, антыгуманныя. I не ўсё, аднак, заключаецца ў формулах і высновах, напрыклад, яго тэарэтычнай фізікі. Ёсць яшчэ і «сардэчнае» светаразуменне, светаўспрыманне, ёсць «чазенія». Нарэшце, ёсць «tioemotio»… застацца абыякавым пасля такога шчырага раскрыцця душы. I таму зусім зразумелыя яго думкі пра жыццё, каханне, чалавечыя прызнанні:
«Ты дала мне гэтую моц. I дазволь ужо мне трымаць гэтае маё каханне, каб яно не памерла. У цвёрдых руках. Я не разаб’ю яго і не дам разбіць табе. Я не дапушчу, каб яно памерла ў маім сэрцы, і не дазволю, каб яно памерла ў тваім. Не дазволю мудрасцю, бязмежным цярпеннем, сілай свайго кахання…
Я зрабіў у папярэднім жыцці ўсё, што мог. Я перарос тое, што рабіў. Мне па плячы большае. I я хачу жыць гэтым большым.
Укараніцца на камяністым, неўладкаваным беразе жыцця, мудра, уладна, пяшчотна свідраваць каранямі зямлю. Араць яе для будучыні, для сваіх нашчадкаў.
Жыць, як усе яны. Як людзі, што цяжка здабываюць свой лясны хлеб, але не згубілі дабрыні, а прымножылі яе. Як тыя, у каго хапае дабрыні на ўсіх…
I як кедры, як лозы вінаграду —і беларускі хмель; як ізюбры, што крычаць уначы, —і як белавежскія алені.
Як чазенія…» (III, 530 —531).
Думкі гэтыя даюць надзею, што героі аповесці знойдуць сваё шчасце. I не толькі для сябе, а і для сваіх дзяцей, унукаў, для іншых людзей, што жывуць і працуюць побач з імі.
Здавалася б, дыялог жыцця і кахання, у якім пасрэднікам выступае хараство прыроды, гэта для пісьменніка «звычайная рэальнасць». Аднак, напэўна, толькі У. Караткевіч мог так убачыць і апісаць яе, што яна становіцца «незвычайнай», рамантычнай. У «Чазеніі», напрыклад, для гэтага выкарыстоўваюцца самыя розныя мастацкія формы —песня, ода, саната, элегія, накцюрн, балада, псалом.
Меладычна гучыць назва кожнага раздзела. Вось толькі некаторыя з іх: «Песня аб марскіх зорках, жанчыне і ракетах», «Сіняя песня, якую спявалі людзі і якой падпявалі рыбы і васьміног», «Вячэрняя песня кедра», «Саната тайгі (скерца)», «Ода сонцу», «Песня Чазеніі» і г.д. Шырока выкарыстаны прыём дысананснага гучання музыкальных інструментаў —старажытны белы сабор успрымаецца як элегія; злая сіла з’яўляецца пад рэзкі стук барабана; кедравая падзь уплятаецца ў пералівістае гучанне ўсёй тайгі; чорнагаловы гіваль флейтай пяе сваю песню і г. д.
«Уёс гэта, —адзначае В. Шынкарэнка, —дазваляе гаварыць пра шматгалоссе „Чазеніі“, пра тое, што перад намі поліфанічная паэма-сімфонія з выражанай галоўнай партыяй, рознахарактарнымі эпізодамі, пераходнай інтанацыяй, дзе асабліва вылучаюцца элегійная, драматычная і нават скерца, з частай, іншы раз нечаканай зменай тэмпу і жыццесцвярджальным фіналам».
У творах на сучасную тэму (а менавіта на вяршыні сучаснасці падымае іх аўтарскі погляд на рэчы, эстэтычнае першаадкрыццё пісьменнікам звычайнага жыццёвага матэрыялу) У. Караткевіч закрануў шмат якія праблемы нашага супярэчлівага часу: суадносіны паміж адвечным і часовым, экалагічныя праблемы часу і іх пераадоленне, высокі прафесіяналізм у вузкай вобласці навукі (скажам, атамная энергетыка) і агульную адказнасць грамадства за памылкі ў ёй. Спадарожнікам пры іх даследаванні даволі часта выступае філасофская, інтэлектуальтная залыбленасць герояў, эмацыянальная насычанасць твораў, высокая моўная культура аўтара. А па-іншаму і не павінна было быць! Калі пісьменнік хоча быць хоць трохі наперадзе чытача, ён павінен і зместам і формай сваіх твораў будзіць яго ўяўленне, прымушаць яго працаваць над прачытаным, асэнсоўваць не толькі змест, але і сэнс твора. Толькі ў такім выпадку мастацкі твор будзе выконваць ролю падручніка жыцця, фарміраваць у асобы Чалавечнасць, Праўдзівасць, Нацыянальную Годнасць і Самасвядомасць. Мяркую, што ёсць усе падставы зрабіць выснову, што творы У. Караткевіча адпавядаюць такім патрабаванням. Менавіта ў гэтым іх аўтарытэт і прыцягальная сіла.