Сацыяльна-філасофская накіраванасць паэзіі Ў.Караткевіча — Аркадзь Русецкі

Так ужо атрымалася, што ўсім — і аматарам паэтычнай творчасці, і даследчыкам літаратуры, і проста чытачам — у якасці паэтычнай спадчыны Уладзіміра Караткевіча засталіся чатыры паэтычныя зборнікі: «Матчына душа», «Вячэрнія ветразі», «Мая Іліяда», «Быў. Ёсць. Буду». Толькі чатыры… Нават з пункту гледжання фармальнага, колькаснага падыходу гэта да крыўднага мала.

Праўда, тут ёсць адметная акалічнасць. Мастацкая культура — гэта тая галіна чалавечай дзейнасці, дзе не заўсёды колькасць пераходзіць у якасць. Вельмі часта тут бывае так, што ў адным мастацкім творы, адным паэтычным зборніку, у адной паэме ці баладзе, радзей — у адным вершы скандэнсаваны такія «колькасныя» ідэйныя, маральныя, эстэтычныя вартасці, якія дазваляюць ацаніць мастацкі твор па самай высокай якаснай шкале.

На шчасце, так здарылася і з паэзіяй У. Караткевіча. Яго чатыры зборнікі — гэта сапраўдны літаратурны скарб, адметны набытак усёй беларускай літаратуры. Змешчаныя ў іх вершы, паэмы, балады, рамансы, прысвячэнні, песні, прытчы, оды, рэквіемы ў значнай меры кампенсуюць відавочны, на першы погляд, «колькасны» недахоп. На ўсім літаратурным шляху паэта — ад першага ў рэспубліканскім друку верша «Машэка» да ўжо пасмяротнага зборніка «Быў. Ёсць. Буду» — бадай што не было ніводнай рэцэнзіі, артыкула (дзеля справядлівасці трэба адзначыць, што на пачатку творчага шляху У. Караткевіча быў выпадак, калі землякі, аршанскія журналісты, не змаглі адчуць і зразумець неардынарнасці падыходаў паэта да асэнсавання праблем сучаснага жыцця, яго разумення гістарычнага працэсу. Аўтара абвінавацілі ў пропаведзі меланхоліі, кашчунства, адсутнасці ў творах літаратурна-мастацкіх якасцей), дзе б не адзначаліся рамантычная ўзнёсласць, гуманізм, незвычайная (сімвалічная, нават гіпербалічная) вобразнасць, інтэлектуальнасць яго твораў. На наш погляд, сведчаннем паэтычнага майстэрства У. Караткевіча выступае і тая акалічнасць, што ўсе літаратурныя жанры, у якіх ён выступаў, наскрозь прасякнуты паэтычным пачаткам (аповесць «Чазенія» і літаратурныя эсэ «Блакіт і золата дня», напрыклад, многія даследчыкі называюць паэзіяй у прозе). Можна назваць шмат іншых ацэнак, эпітэтаў, але наўрад ці будуць знойдзены ўсе тыя словы, якія змогуць даць усебаковую, усеабдымную ацэнку паэтычнай спадчыны У. Караткевіча.

У чым жа тут сакрэт? Што ўсё ж ляжыць у аснове высокага майстэрства паэта? Чаму аматары паэтычнага слова, аднойчы пазнаёміўшыся з яго творамі, назаўсёды заставаліся ў палоне «паэтычнай дзяржавы» У. Караткевіча?

Адны з аўтараў (А. Сідарэвіч) лічаць, што галоўнае заключаецца ў духоўнай узнёсласці герояў, узнёсласці манеры апавядання, узнёсласці паэтычнага выказвання У. Караткевіча. Другія (Я. Брыль) тлумачаць караткевічаўскі паэтычны феномен «раскошнай раскаванасцю, буйствам фантазіі, здольнасцю пранікаць у далёкае ў часе, ажыўляць яго ў людзях». Трэція (Я. Сіпакоў) — адданасцю, улюбёнасцю ў родную Беларусь — з аднаго боку, і гістарызмам мыслення — з другога. І яшчэ адзін пункт гледжання — А. Вераб’я — аўтара манаграфіі аб творчасці У. Караткевіча «Жывая повязь часоў». «Характэрнай асаблівасцю паэзіі У.Караткевіча — адзначае даследчык, — з’яўляецца яе сувязь з кніжнай, літаратурнай традыцыяй. Як і ў ранніх, так і ў пазнейшых яго вершах можна знайсці рэмінісцэнцыі, матывы, вобразы і нават ідэі прадстаўнікоў літаратуры і культуры самых розных часоў і народаў».

Па-свойму разважае (праўда, як нам здаецца, тут больш філасофіі, чым прафесійнай ацэнкі, але пазнаёміцца з выказваннем цікава) прафесар Фл. Неўважны: «Я думаю, што ўсё-такі ёсць адзін — паэт Караткевіч. Хоць я аддаю перадувагу яго прозе. Чаму? Я вельмі сапсаваны чытач паэзіі і люблю паэзію з усякімі, як казалі раней, фармалістычнымі вывертамі, аб якіх, дарэчы, у свой час пісалася і ў дачыненні да Уладзіміра Караткевіча. Але я думаю, што ён і ў паэзіі, і ў прозе — паэт. Гэта адно. Па-другое, у паэзіі ён і рэаліст, і празаік таксама. Хаця, мабыць, гэта тычыцца ў асноўным не зборніка „Вячэрнія ветразі“, тут нават назва кажа аб рамантычным характары, з апошняй кнігі „Быў. Ёсць. Буду“. Там перапляценне прозы і паэзіі асабліва адчувальна».

Не адмаўляючы ўжо напісанага, паспрабуем выказаць асабісты пункт гледжання на стрыжнявую, вызначальную аснову паэзіі У. Караткевіча. Яна, на наш погляд, заключаецца ў глыбокім спасціжэнні паэтам дыялектыкі ўсеагульнага і адзінкавага, непарыўнасці і ўзаемаабумоўленасці грамадства і асобы, агульначалавечага, інтэрнацыянальнага, роднага беларускага і асабістага, часта нават глыбока інтымнага. Дзякуючы спалучэнню з майстэрскім спасціжэннем гісторыі, прасторава-часавых параметраў жыцця і культуры розных эпох і народаў, а таксама выкарыстанню казачна прыгожай беларускай мовы, быў дасягнуты той узровень паэтычнага майстэрства, які зрабіў імя Уладзіміра Караткевіча добра вядомым не толькі на Беларусі, але і далёка за яе межамі.

Менавіта такі, па нашым разуменні, падыход вытлумачвае папулярнасць паэтычнай творчасці У. Караткевіча, робіць зразумелым заглыблены інтарэс паэта да буйнейшых падзей, што адбываюцца ў працэсе гістарычнага развіцця славянскіх народаў, асабліва беларускага, развіцця яго духоўнага, маральнага, мастацкага патэнцыялу. Успрымаючы гісторыю як аб’ектыўны працэс, у якім, аднак, ёсць месца выпадковасцям, нечаканасцям, рознага роду катаклізмам, У. Караткевіч менавіта ў ёй знаходзіў тыя першакаштоўнасці (матэрыяльныя і асабліва духоўныя), якія з’яўляюцца рухаючай сілай усіх перамен, асновай сучаснага грамадскага існавання і развіцця, фармавання гістарычнага мыслення народа. Адметна і тое, што паэтычнае даследаванне гістарычнага працэсу вядзецца з пераканаўчых навуковых пазіцый, нібы праходзячы ступень за ступенню — ад спасціжэння легендарна-фальклорнай спадчыны праз яе сінтэз з гісторыяй сярэднявечча да асэнсавання шматаблічнага сучаснага жыцця беларускага народа. Пры гэтым скразным матывам выступае ідэя пераемнасці пакаленняў, духоўнага адзінства народа. Аднак трэба заўважыць, што У. Караткевіч не капіруе з навуковай дакладнасцю гістарычныя падзеі і факты. Гістарычны працэс для яго цікавы ў тым плане, які ўплыў ён зрабіў на духоўнае жыццё народа, станаўленне яго гістарычнай памяці, яго грамадскай і нацыянальнай свядомасці.

У. Караткевіч — далёкі ад ідэалізацыі сівой мінуўшчыны (праўда, пры яе асэнсаванні пераважае сказава-баладная форма і ўзнёсла-рамантычны стыль). Для яго асноўнае — праз духоўнае засваенне мінуўшчыны як мага паўней аднавіць гераічныя і трагічныя старонкі жыцця беларусаў, даследаваць вытокі іх мастацкай свядомасці, калектывізму, патрыятызму, інтэрнацыяналізму, убачыць узаемаабумоўленасць сацыяльнага і нацыянальнага жыцця народа, прасачыць глыбінную сувязь мінулага з сённяшнімі праблемамі. Галоўнымі сферамі даследавання пры гэтым выступаюць тры ўзаемазвязаныя стыхіі — людзі, гісторыя і прырода. Бадай што не будзе перабольшаннем, калі выказацца наступным чынам: вызначаючы задачы і напрамак сваёй творчай дзейнасці, У. Караткевіч нібы падсвядома кіраваўся вядомым сцвярджэннем гісторыка В. Ключэўскага, які лічыў, што «кожны з нас павінен быць хоць трохі гісторыкам, каб стаць свядомым і добрасумленна дзейнічаючым грамадзянінам».

Сам У. Караткевіч сваю цікаўнасць да гістарычнай тэматыкі тлумачыў так: «Быўшы філолагам, нельга не быць гісторыкам». Кімсьці справядліва заўважана: «Хто забывае мінулае, той павінен будзе перажыць яго яшчэ раз». Гісторыя — метад мыслення чалавека. Ён і дае магчымасць роздуму над мінулым, сучаснасцю і будучым, бо гісторыя мадэліруе грамадскія працэсы«. Пазней гэтыя меркаванні ў «Запісных кніжках» сфармулююцца ў асабісты філасофска-творчы прынцып: «Для тых, хто адбірае гісторыю, адмаўляючы яе.

Памяць — гэта веды (і на 90% веды аб тым, што і як было, гісторыя). Памяць без ведаў немагчымая, бо немагчымыя веды, веданне без памяці. Памяць плюс пабудаваная, заснаваная на ёй Свабода Волі, свабода асабістага выбару ёсць ўжо свядомасць, усведамленне. Памяць, гісторыя, веды, плюс Свабода Волі ёсць Свядомасць. Яшчэ прасцей: Памяць плюс Свабода Выбару ёсць Свядомасць. Як асабістая, так і грамадская.

Гуляючы словам, можна сказаць, што, калі ў Свядомасці адняць Свабоду Выбару, застанецца памяць, гісторыя, у якой мы ўсё, многае разумеем, але ўжо нічога не можам змяніць». Заўважым, што ў творчасці паэта адбылося шчаслівае яднанне аб’ектыўнага запатрабавання мастацкага спасціжэння гісторыі Беларусі і асабістай схільнасці паэта да гэтай тэмы. Сваімі творамі на гістарычныя тэмы У. Караткевіч нібы суадносіць мінулае з сённяшнім, прасочвае непарыўную сувязь часоў, дае чытачу магчымасць адчуць гістарычны маштаб і гістарычную перспектыву.

Паэтычнае выяўленне філасофскай канцэпцыі балад, паэм, вершаў У. Караткевіча мы знаходзім у многіх яго творах. Але сваё канцэнтраванае выражэнне яна знайшла перш за ўсё ў вершах «Быў. Ёсць. Буду», «Беларуская песня», «Дзяўчына пад дажджом», «Балада плахі», «Балада аб трыццаць першым сярэбраніку», «Пры смерці», «Апошняя песня Дантэ», «Песня колаў», у шэрагу вершаў з цыкла «Таўрыда» (паэтычны зборнік «Мая Іліяда»), у паэме «Бацькава сэрца», вершах «Баявыя вазы», «Трагедыі не знікнуць пры Камуне», «Гусі-лебедзі ў лугах зялёных», «Буслы вучаць дзяцей», «Балада аб арганаўтах», «Прарок Геронім Босх», «Трызненне мужыцкага Брэйгеля», паэме «Слова пра чалавечнасць» (зборнік «Вячэрнія ветразі»), вершах «Паўлюк Багрым», «Матчына душа» (зборнік «Матчына душа») і іншых творах. Паэтычным творам У. Караткевіча, зазначае Н. Гілевіч, «не быў чужы лірызм, і ўсё ж у іх выразна адчувалася сіла і размах стылю эпічнага».

Вось, напрыклад, верш «Быў. Ёсць. Буду». Здавалася б, размова ідзе пра глыбока асабістыя перажыванні і стаўленне да навакольнага свету толькі самога У. Караткевіча. Твор надзвычай асабісты. А праблемы, пра якія ў ім гаворыцца? Праблемы — усеагульныя, філасофскія, тыя, што складаюць сутнасць чалавечага існавання. І першая з іх пакладзена ў назву твора. Тут і разуменне вечнасці сусвету, і дыялектыка грамадскага развіцця, і вечная каштоўнасць літаратуры і мастацтва (паэт добра разумее, што, як асоба, як звычайны зямны жыхар, як і ўсё жывое на зямлі, ён мае свой пачатак і канец. Але ж тое, што ён творыць для людзей, застаецца ў памяці пакаленняў, надаючы ім звесткі пра наш час і нашы здзяйсненні). Наступная адметнасць звязана з адказнасцю кожнага чалавека за лёс іншых людзей і лёс усяго чалавецтва. Паэт даверліва прызнаецца, што яго жыццё — гэта бяздонная трывога. Не, не толькі за сябе і сваіх родных і блізкіх. Паэту баліць сэрца «за ўсе мільярды двухногіх», за ўсіх «жывых і за тых, што сканалі». Трэба быць сапраўдным грамадзянінам, Чалавекам з вялікай літары, каб так рашуча і адназначна выказацца, што ён не пашкадуе нават апошняй кроплі крыві з свайго сэрца, каб запісаць не толькі імёны змагароў за народнае шчасце, тых,

…хто крывёю піша
У нязгодзе
З рабства подлай дарогай,
Хто за Край Свой Родны, за ўсе Народы
Паўстане нават на Бога…
Хто…
Узводзіць — нясцерпна далёкі -
Храм наш агульны і светлы.
(«Быў. Ёсць. Буду». І, 239)

І тых, хто згарэў у полымі Вялікай Айчыннай вайны, усіх, хто ратаваў і ратуе краіну ад небяспекі.

Тэма чалавечай свабоды, непарыўнасці і ўзаемаабумоўленасці сувязі грамадства і асобы, адданага служэння інтарэсам народа, змагання за яго шчаслівае жыццё распрацоўвалася У. Караткевічам на працягу ўсяго літаратурнага шляху. І распрацоўвалася вельмі паспяхова, ужо на пачатку творчасці. У вершы «Матчына душа» паэт так выказвае свае адносіны да гісторыі:

Успамінаю косы, і вілы,
І над замкамі жаркі агонь,
Безымянныя ў лесе магілы,
І няволі цяжкі палон,
Волі нашай крывавыя роды,
Катаванні і здзек варагоў,
Барацьбу і пакуты народа,
Неўміручую душу яго,
І паўстанні, паўстанні бясконцыя,
І замучаных кроў на раллі.
(І, 53)

На кожным гістарычным этапе, у вялікіх ці малых падзеях заўсёды былі канкрэтныя асобы, якія прыцягвалі ўвагу паэта. Вось тры вершы з першага паэтычнага зборніка «Матчына душа» — «Машэка», «Балада пра паўстанца Ваўкалаку» і «Паўлюк Багрым», аснову якіх складае гістарычная фабула. Галоўныя героі першых двух — стварэнне самога паэта, вобразы рамантызаваныя, зборныя, якім шмат месца адводзіцца ў беларускім фальклоры. Паўлюк Багрым — асоба рэальная, адзін з гераічных удзельнікаў Крошынскага паўстання ў 1828 годзе, пясняр народнага жыцця, які замест таго, каб «славай грымець сярод годных паэтаў Еўропы», дваццаць пяць гадоў адбыў у салдатчыне і дажываў свой век у адзіноце. Мяркую, што для сённяшняга чытача важна не тое, што адрознівае герояў гэтых твораў (гістарычная эпоха, рэальнасць ці прыдуманасць вобразаў, узнёсла-рамантычныя іх характарыстыкі ці рэалістычны падыход). Галоўнае — духоўнае падабенства іх характараў, глыбокая чалавечнасць, непрыманне ўсякага прыгнёту, здзекаў над працоўным чалавекам. Усё сваё жыццё — «Годы стаялі, быццам белы снег. Горы панскіх цел мой Дняпро панёс» — змагаецца супраць панскага прыгнёту бунтар Машэка.

Нішчу я паноў, замкі іх палю,
Я ламаю іх векавы бізун,
Помшчу за маю бедную зямлю,
За яе жальбу, за яе слязу,
За тваю красу, за маю любоў,
Што ў пакоях іх кветкай адцвіла…"
(«Машэка». I, 40)

Як бачна, сваё асабістае тут на другім плане. Першае і найгалоўнейшае для народнага заступніка — барацьба за шчасце роднай зямлі, за яе радасны і свабодны дзень. Адметна ў гэтай сувязі і тое, што сілы свае Машэка набірае ад роднай прыроды, непарыўнасцю з якой прасякнуты ўвесь твор У. Караткевіча. Беларуская пушча для Машэкі і надзейная схова, і родная хата, і верная сяброўка, — усё, што надае рашучасці ў барацьбе з прыгнятальнікамі. Бадай не будзе перабольшваннем, калі сказаць, што вобраз Машэкі — адзін з цікавых рамантычных вобразаў беларускай паэзіі. Ён першы ў галерэі змагароў за народнае шчасце, створаных У. Караткевічам у паэзіі, прозе, драматургіі. Потым будуць Ваўкалака, Гаркуша, Вашчыла, Ракутовіч, Багрым, Каліноўскі, простыя беларускія людзі, што не скарыліся фашысцкім захопнікам, але першым сярод іх усё ж будзе Машэка.

А цяпер звернемся да вобраза Ваўкалакі з «Матчынай душы». Сам У. Караткевіч у лісце Максіму Танку ад 27 мая 1956 года так тлумачыць ідэю сваёй балады (першапачатковая назва верша «Якуб Ваўкалака»): «Легенду пра гэта я чуў у аколіцах Дуброўны, якая, здаецца, належала раней Любамірскім. Ваўкалака адбіў у пана дзяўчыну, якую пан хацеў выдаць замуж, каб потым застасаваць jus primae noctis. Ваўкалака яе кахаў, але яна ўчыніла вельмі няўдзячную штуку: выйшла замуж за іншага. Ваўкалака забіў пана, каб яны маглі жыць спакойна, а сам стаў разбойнікам, які наводзіў жах. Казалі, што ён можа, кульнуўшыся пад нажамі, зрабіцца ваўком і што ніякая куля, акрым срэбнай, яго не бярэ.

Пяць служак пана падпільнавалі яго, калі ён ішоў на Радуніцу на магілу маці, якая памерла на Вялікдзень (каб не з’явіўся, гэта ж быў бы жахлівы грэх), і ўсадзілі яму срэбную кулю ў грудзі. Падысці яны баяліся, пакінулі яго так. Ваўкалака памёр амаль ля самай хаты, можна было б бачыць, каб не кусты…».

Паэтычнае ўвасабленне гэта апавяданне знайшло ў «Баладзе пра паўстанца Ваўкалаку» — творы адметным, уражлівым, запамінальным. Усяго толькі каля васьмідзесяці радкоў, а ў іх скандэнсавана ўсё багацце чалавечай душы — каханне, шчасце, пераемнасць традыцый, патрыятызм.

Тут з’яднаны аўтарская паэтызацыя гісторыі і традыцый вуснай народнай творчасці, характарызуецца высакароднасць змагара за народнае шчасце і імкненне да ўладкавання ціхенькага сямейнага вясковага шчасця з сваім канём і каровай, лірызм і драматызм жыцця.

У апошнюю для Ваўкалакі ноч («Куляю срэбнаю ў грудзі звалілі мяне паюкі») перад ім праходзіць усё яго жыццё — шчаслівае і трагічнае. І зноў на першым месцы клопат аб людскіх справах, мары і думкі пра вызваленне людзей ад панскага прыгнёту:

На ўсіх наганяючы жах,
Часамі — і без кінжала,
Біўся з панамі нямала,
З адною злосцю ў руках.
(І, 38)

Паміраючы, паўстанец не шкадуе аб пражытым і перажытым. Было ўсё — і нераздзеленае каханне, і смерць маці, якая не дачакалася з пушчы сынка, і пякельная адзінота. Цяжка было бачыць, адчуваць, што дзесьці недалёка ад яго самога жыве дзяўчына, якую ён адбіў у пана дзеля асабістага шчасця. Але… «у сэрца другі ёй убіўся, пакорлівы, добры, святы»… Якім вялікім сэрцам, якой цвёрдасцю характару і вытрымкай (а гэтым мог валодаць толькі сапраўдны Чалавек, чалавек-змагар, чалавек-ахвярнік) павінен быў валодаць Ваўкалака, каб, не адчуваючы ўзаемнасці ад каханай жанчыны, жыць побач з ёй, дапамагаць ёй і нават у сваю перадсмяротную ноч памятаць пра яе: «Больш солі, больш хлеба, больш неба патрэбна яна была». Але было ў паўстанца нешта сваё, такое асабіста-адметнае, што ён не аддаў бы і дзеля кахання і свайго шчасця. Гэта была воля, а разам з ёй і магчымасць далейшай барацьбы супраць прыгнятальнікаў.

Побач з Ваўкалакам (часавыя параметры тут не галоўныя) у галерэі народных заступнікаў стаіць яшчэ адзін бунтар — Гаркуша, якому паэт прысвяціў адмысловую баладу. У ёй, праўда, няма тых ці іншых характарыстык змагара, тым не менш яго фігура атрымлівае асаблівую значнасць і сімвалічнасць, праз якія становіцца зразумела, што свой жыццёвы шлях ён аддаў народнай справе. І хоць апошнія дні Гаркуша

Пажыццёва ў цэлі сядзеў пад зямлёй…
Пажыццёва.
Без іскры святла, -
(І, 160)

у памяці яго засталіся барвы зарніц і макавае поле пажараў над сядзібамі феадалаў, цівуноў і іншых прыгнятальнікаў.

Рэалістычная героіка-эпічная аснова ў спалучэнні з аналітычным падыходам да асэнсавання гістарычнага мінулага дазволілі У. Караткевічу зразумець, што надалей весці размову пра спасціжэнне патрыятычнага пачуцця ў бунтароў, накшталт Машэкі ці Ваўкалака, будзе цяжка. Патрэбен выхад на больш высокія ступені грамадскага развіцця, больш глыбокае пранікненне ў вытокі і сутнасць рухаючай сілы барацьбы народа супраць прыгнятальнікаў. Паэт дае ўражлівую карціну прыгнёту беларускага сялянства на пачатку дзевятнаццатага стагоддзя:

Абжыраюць удоў,
П’юць з гарэлкай сірочыя слёзы,
Тлустым задам расселіся
На паднявольнай зямлі,
На шлагбаумы мёртвыя
Пассякалі жывыя бярозы,
На шпіцрутэны гнуткія
Запаветныя вербы звялі.
(I, 29)

Крошынскае паўстанне ў 1828 годзе было адказам на жорсткія рэпрэсіі царскіх улад. Зразумела, што процістаяць рэгулярнай арміі было немагчыма. І паўстанне ў Крошыне, як і іншыя сялянскія выступленні, было бязлітасна задушана:

Мы чакалі свабоды,
І касілі нас кулямі роты,
Ў ланцугі нас кавалі,
Каб пад палкай нам быў карачун.
(I, 29)

Вялікую цану плацілі людзі за сваё імкненне да волі. Але набыткі былі, бадай, яшчэ большымі. Яны пачыналі ўсведамляць, што волю ім ніхто не даруе, «ні бог, ні цар і не герой». Цяга да волі ачышчае ад рэлігійнага дурману: узнікаюць радкі, што клічуць да барацьбы, барацьбы жорсткай, трагічнай, крывавай:

«Устаньце, хлопы, да зброі!
Ліце кроў для вялікай любові,
Каб на гэтай крыві
Небывалыя кветкі ўзраслі!»
(I, 30)

Трагічнасць паўстання, асабісты драматычны лёс Паўлюка Багрыма ўсё ж не зламалі яго волі да свабоды. Ужо на фінале жыцця — «пройдзе некалькі месяцаў — прах самотны старога салдата хапатліва знясуць на глухія, старыя клады» — паўстанец выказвае сваю ўпэўненасць у перамозе праўды і справядлівасці. Ён не толькі заклікае: «Беларусь, прачынайся!» і папярэджвае, каб родная старонка не праспала «сваё шчасце ўначы…», але і ўпэўнены, што яно так і будзе:

Паміраю і веру:
Калісьці над светлымі водамі,
Над свабоднай зямлёю
І над Белаю Руссю маёй
Шчасце сонцам заззяе,
І слова нашчадка свабоднага
Мае раны загоіць
Гаючай жывою вадой.
(І, 31)

Такія словы мог выказаць толькі чалавек, занепакоены лёсам сваіх землякоў, свайго народа, іх турботамі і надзеямі. А што можа ў чалавечым лёсе быць больш шчаслівым, чым неадрыўнасць ад лёсу Радзімы. Яшчэ адна асаблівасць верша — яго лірычны план, дзякуючы якому дасягаецца натуральнасць грамадзянскага гучання, а лірычныя перажыванні героя сугучны ўзвышанаму гімну нацыянальнага адраджэння.

О, як хочацца волі!
Жаданая воля, ты чуеш?
Асвяці мне ўсмешкай
Апошнія дні ў жыцці.
Ты маўчыш?
Ты не чуеш?
Можа, ў дзень, калі ты запануеш,
Верас будзе стагоддзі
З разбітага сэрца расці.
Беларусь,
прачынайся!
Я цябе абуджаю!
Ты павінна прачнуцца,
Не праспі сваё шчасце ўначы,
Я гукаю цябе
Дарагая, святая!
Адкажы, мая родная,
Не маўчы!..
(І, 30)

Гэтыя радкі як бы асвятляюць гісторыю светлым чалавечым пачуццём, абагачаюць грамадскую думку верай у заўтрашні дзень.

Патрыятычныя якасці народных заступнікаў, людзей гераічных, выключных, хоць і аддаленых у часе ад сённяшніх чытачоў, знаходзяць свой працяг і сваё развіццё ў вобразе лірычнага героя, сучасніка паэта. Пры гэтым як сама іх гама, так і межы праяўлення значна насычаюцца і пашыраюцца. Паэт вядзе размову пра адносіны героя да родных мясцін і пра яго гатоўнасць да самаахвярнасці ў імя дабрабыту і шчасця роднай Беларусі, пра паэтычнае ўслаўленне прыгажосці беларускага краю і пра еднасць беларускага народа з іншымі народамі, пра нескаронасць і мужнасць беларусаў у барацьбе за свабоду і незалежнасць.

Без залішняй паэтызацыі У. Караткевіч піша пра Оршу, горад, у якім ён нарадзіўся і вырас:

Яна не блішчыць красою…
Хаткі, што да абрыву,
Як ластавак гнёзды, туляцца -
Родныя і дарагія,
Як поціск сяброўскай рукі;
Брук, размыты дажджамі,
Пыльныя ўскраін вуліцы,
Куродым на сценах будынкаў,
Дальнія цягнікі.
(I, 19)

Паэт шукае і знаходзіць тыя пераканаўчыя, шматзначныя, часта нечаканыя эпітэты, якія характарызуюць менавіта яго адносіны да роднай зямлі, да Беларусі, той радзімы, якая выводзіць кожнага з нас на разуменне патрыятызму як дыялектычнай узаемасувязі паміж радзімай «малой» і радзімай «вялікай». Асаблівасць гучання гэтай сувязі не толькі ў апяванні хараства родных мясцін, «дзе дрэмлюць хаты і дзе раса на травах спее, дзе ў росных шатах чуцен гівала пяшчотны свіст і дзе наўсцяж канавы мокрай пышны кураслеп жаўцее, і купае тлусты лопух у вадзе мясісты ліст» («Мокрыя травы». I, 68). Нават «гнілым» летам на Аршаншчыне для паэта

Яблыкі, як лёд вільготны,
агрэст змрочны, нібы гном,
Сотняй мокрых парасонаў правісае вінаград.
(I, 295)

Ну, а пагоднай ноччу (тут не толькі прызнанне начнога рыбалова) над родным краем «шалёнства зіхоткае зор» і (патрэбна гэта ўявіць!) рыбацкі сак «ловіць зоры і іх апускае на дно… Вышніх знічак імгненна-агністыя стрэлы да світання спадаюць у сэрца маё» («Начная песня». I, 270).

Яскрава бачна імкненне паэта да спасціжэння гісторыі развіцця беларусаў, вытокаў іх культуры, эстэтычнай і маральнай свядомасці. Паэт з гордасцю піша, што, калі б мы забыліся пра родную мову, пра кнігі, мы б «не былі ні народам, ні нацыяй, а дзярмом, гноем, хімерай». Шчасце ў тым, што людзі цяпер прыходзяць да нас з-за далёкіх чужых межаў і здзіўляюцца:

«Што вы за нацыя,
Хай вас халера,
Што ні дом — сотні кніг!»
(I, 216)

І беларус, які цяпер выпраўляецца ў дарогу, не-не дый захопіць з сабой «Багдановіча, Танка, Купалу, і Коласа, і Панчанку…». Мова, — піша У. Караткевіч у вершы «Мова», — гэта адна з тых «святынь неаджыўшых», якая дадзена чалавеку на вякі і аб якой ён заўсёды павінен памятаць і якую павінен берагчы. Так, як гэта рабіў герой верша «Гусі-лебедзі ў лугах зялёных…», які не толькі «званіў у шчыт …граміў татар пад Крутагор’ем …крышыў крыжацкія мячы», але заўсёды гатовы «да крыві апошняй» быць разам са сваім мужным, адвечным народам.

Абяцаюць нам новы раскошны дом,
Але т у т нам жыць і канаць,
Тут пад кожным навекі здабытым бугром
Нашы продкі забітыя спяць.
Яны аддалі нам меч і касу,
Словы з вуснаў, цяпер нямых…
(I, 247 — 248)

Так менавіта жывое слова Скарыны і Багдановіча, Каліноўскага і Буйніцкага — а кожнаму з іх У. Караткевіч прысвячае нямала паэтычных радкоў — у розныя гістарычныя перыяды гучала з адзінай мэтай: ажывіць мёртвы камяк народнай гліны ў «свой родны народ».

Чамусьці з-пад увагі даследчыкаў выпаў верш «У тую ноч», змешчаны ў зборніку «Матчына душа». А ён жа, як справядліва адзначае Алена Яскевіч, «дзівосны па сіле паэтычнага ўражання». Па сутнасці, у вершы, прысвечаным пачатку творчага шляху Я. Купалы, сфармулявана сутнасць гістарычнага мыслення самога Караткевіча, яго адносіны да роднай мовы, народнай духоўнай спадчыны:

Вы, што маці душу забылі,
Без яе пажадалі пражыць,
Што вы варты без гэтай магілы,
Без каліны на роднай мяжы?
Без дубоў, што ў тумане млеюць
Без расы на роднай траве?
Павяртайцеся! Вецер мацнее!
Маці кліча! Кветка заве!
Для яе я павінен, я мушу
Неўміручыя гукі схапіць,
Узяць у рукі «матчыну душу»
І на вершы яе пераліць
(ІІІ, 53)

Сваё канцэнтраванае выяўленне патрыятызм У. Караткевіча, на наш погляд, знайшоў у вершы «Беларуская песня», змешчаным у зборніку «Мая Іліяда»:

Дзе мой край? Там, дзе вечную песню пяе Белавежа,
Там, дзе Нёман на захадзе помніць варожую кроў,
Дзе на ўзвышшах Наваградскіх дрэмлюць суровыя вежы
І вішнёвыя хаты глядзяцца ў шырокі Дняпро.
Ты ляжыш там, дзе сіняя Прыпяць ласкава віецца,
Дзе Сафія плыве над Дзвіною, нібы карабель…
Там, дзе сэрца маё з першым крокам, як молат, заб’ецца,
Калі б нават сляпым і глухім я прыйшоў да цябе.
Што сляпым? Нават мёртвым успомню высокія зоры,
Над ракою чырвонай і цьмянай палёт кажаноў,
Белы ветразь на сініх, на гордых, як мора, азёрах,
І бары-акіяны, і неба — разлівы ільноў.
Дзе мой край? Там, дзе людзі ніколі не будуць рабамі,
Што за поліўку носяць ярмо ў безнадзейнай турме,
Дзе асілкі-хлапцы маладымі ўзрастаюць дубамі,
А мужчыны, як скалы, — ударыш, і зломіцца меч.
Дзе мой край? Там, дзе мудрыя продкі ў хвоях паснулі,
Дзе жанчыны, як радасны сон у стагах на зары,
А дзяўчаты, як дождж залаты. А сівыя матулі,
Як жніўё з павуціннем і добрае сонца ўгары.
Там звіняць неўміручыя песні на поўныя грудзі,
Там спрадвеку гучыць мая мова, булатны клінок.
Тая гордая мова, якую й тады не забудзем,
Калі сонца з зямлёю ў апошні заглыбяцца змрок.
Ты — наш край. Ты — чырвоная груша над дзедаўскім домам,
Лістападаўскіх знічак густых фасфарычная раць,
Ты — наш сцяг, што нікому, нікому на свеце, нікому
Не дамо абсмяяць, апаганіць, забыць ці мячом зваяваць.
Мы клянёмся табе баразной сваёй першай на полі
І апошняй раллёй, на якую ўпадзём у журбе,
Мы клянёмся табе, што ніколі,
Ніколі,
Ніколі,
Так,
Ніколі не кінем,
Не кінем,
Не кінем цябе.
(І, 136 — 137)

Верш гэты — своеасаблівае грамадзянскае і эстэтычнае крэда паэта. Яго можна тлумачыць, каменціраваць, крытычна аналізаваць, але наўрад ці ўдасца зрабіць яго больш пераканальным, больш ідэйна і эмацыянальна насычаным, чым гэта зрабіў сам аўтар. Таму ён і падаецца тут поўнасцю, без скарачэнняў і каментарыяў.

Патрыятызм паэта не толькі ў асабістым захапленні, паэтызацыі гісторыі Беларусі, апяванні хараства яе блізкіх і далёкіх мясцін. Яго сацыяльнае, грамадскае гучанне ў імкненні паэта выхаваць у маладога пакалення пачуццё годнасці за слаўнае гераічнае мінулае і сённяшняе беларусаў, гатоўнасць прадоўжыць багатыя традыцыі народа.

Геаграфія паэтычных вандраванняў У. Караткевіча даволі шырокая: ад вершаў, прысвечаных Каўказу і Украіне ў першым паэтычным зборніку «Матчына душа», ад палымяных радкоў аб Рызе і рускіх Багалюбаўскіх промнях і Тарусе на рацэ Ака да вершаванага цыкла, прысвечанага старажытнай Таўрыдзе ў зборніку «Мая Іліяда» і Арменіі ў апошняй кнізе «Быў. Ёсць. Буду». Пры гэтым у кожным выпадку знаходзяцца тыя адметныя словы, што ствараюць найбольш запамінальны вобраз апісаных мясцін. Вось у вершы «Размова з Кіева-Пячэрскім сланом» — горад юнацтва і першага кахання — Кіеў, дзе «любімы раён, што завецца «Пячэрск» і «каштаны ў імжацы дажджоў». Менавіта ў Кіеве былі тыя сустрэчы і расставанні, засмучэнні і радасці, напоўненае эмацыянальнасцю юнацтва, якія на ўсё жыццё захавалі «памяць дзён такіх…». Што гэта так, сведчаць вершы «Мой век», «Юнацтва маё», іншыя творы, якія былі напісаны праз шмат гадоў пасля таго, як У. Караткевіч пакінуў сталіцу Украіны.

Вершы пра Кіеў, Рыгу, Вільнюс, старажытную Таўрыду напоўнены асаблівым гучаннем — хараство дарагіх паэту гарадоў, іншых мясцін краіны, гісторыя таўраў, знітаваны ў адзінае цэлае з суб’ектыўнымі перажываннямі і пачуццямі аўтара. Праз асабістыя адносіны да іншых мясцін і народаў У. Караткевіч імкнецца спасцігнуць працэс грамадскага развіцця, неадрыўнасць мінулага народаў, як і беларускага народа, ад сённяшняга і будучыні. Ён разумеў, што талерантнасць — гэта моцная рыса ў моцных. У слабых яна ператвараецца ў абыякавасць і пакорлівасць. Ён баяўся за беларусаў. Таму верш «Таўры» — гэта перасцярога нам і сёння:

…Дрэмлюць таўраў руіны.
Я стаю і ўяўляю,
Што я не ізгой,
Не паэт з беларускіх узгоркаў сініх,
А апошні таўр
Народа свайго.
О, якая ганебнасць у гэтых згадках!
О, які атрутны бяспамяцтва дым!..
Крый нас божа, калі і на нас
Нашчадкі
Паглядзяць,
Як мы
На таўраў
Глядзім.
(І, 205)

Прыгожая і шматпакутная зямля старажытнай Таўрыды. Здавалася б, лёс зніклага народа, яго гераічная і трагічная гісторыя маглі да канца захапіць творчае ўяўленне паэта. Але Караткевіч не быў бы Караткевічам, калі б у паэтычным асэнсаванні і зніклага народа, і сённяшняга Крыма не знайшлося месца роднай Беларусі. І таму невыпадкова побач з бахчысарайскім Чуфут-Кале суседнічаюць «наш Нёман, Дняпро, Белавежа», а крымскі Карадаг вартуе не толькі зямлю таўраў, але і беларускія мясціны.

Паэт не чакаў, што хтосьці зробіць беларусаў шчаслівымі. Ён імкнуўся быць разам з народам, дзяліць усе яго нягоды і радасці. Патрыятызм У. Караткевіча актыўны, дзейсны, страсны. У ім вельмі адчувальнай з’яўляецца такая рыса, якую Л. Талстой калісьці назваў «прыхаванай цеплынёй патрыятызму». Паэт ніколі не выстаўляў сябе крыклівым, прэтэнцыёзным патрыётам. Ён проста зрабіў усё магчымае, каб яго любоў да роднае зямлі перадалася новым пакаленням беларусаў. А што датычыць асабістай пазіцыі, дык У. Караткевіч сфармуляваў яе адназначна ў вершы «На роднай магіле»:

Хай канец, хай атлантаў цяжар на маю несагнутую выю,
Толькі б вечнае шчасце каханай старонцы маёй.
(І, 215)

Асабліва паказальна тое, што паэт не проста дэкларуе свае адносіны да бацькаўшчыны, яе гісторыі і лёсу. Яшчэ ў зборніку «Вячэрнія ветразі» ён выказаў сваю гатоўнасць, калі спатрэбіцца, ісці за родны народ «на самы страшны бой».

Цяга У. Караткевіча да паэтычнага асэнсавання гісторыі народаў, іх культуры будзе асабліва зразумелая, калі выпісаць з яго паэтычных твораў два рады «сусветных вобразаў». Першы — з дзяржаўных дзеячаў розных эпох і народаў: Патрокл, Петроній, Цэзар, Крэз, Флавій, Катул, Гус, Уладзімір Кіеўскі, Давід Гарадзенскі… Другі — ён будзе значна даўжэйшы за першы — з дзеячаў сусветнай мастацкай культуры: Дантэ, Петрарка, Батычэлі, Босх, Брэйгель, Гоя, Дэга, Курбэ, Манэ, Чурлёніс, Пікасо, Гуно, Бетховен, Шуберт, Шаляпін, Міцкевіч, Станіслаўскі, Хемінгуэй, цэлы шэраг вядомых імён з беларускай літаратуры і мастацтва. Вядомы рускі літаратуразнавец П. Беркаў у гэтай сувязі адзначае, што «ў такіх харошых беларускіх паэтаў, як Максім Танк і асабліва Уладзімір Караткевіч, сустракаюцца спецыяльна ці адначасова ўключаныя ў тэкст вершаў вобразы, якія сведчаць пра тое, што беларуская паэзія пачынае ўключацца ў распрацоўку не толькі нацыянальных сюжэтаў і тэм і што мы маем права спадзявацца і чакаць ад беларускіх пісьменнікаў іх укладу ў спецыяльную галіну інтэрпрэтацыі вялікіх «сусветных вобразаў».

Грамадскія дзеячы старажытнасці, военачальнікі, вучоныя-гісторыкі паэтам, як правіла, выкарыстоўваюцца для ўзмацнення канкрэтнасці таго ці іншага твора і сведчаць аб грунтоўнасці ведаў У. Караткевічам гісторыі народаў свету. Але размова не аб гэтых аспектах творчасці паэта. Значна большы інтарэс, безумоўна, уяўляюць асобы, адзначаныя ў нашым другім радзе. І ў першую чаргу адносіны У. Караткевіча да творчасці Героніма Босха, Пітэра Брэйгеля, Франсіска Гоі, Дантэ Аліг’еры, Ігната Буйніцкага, Максіма Багдановіча, якія сталі героямі яго паэтычных твораў і адметнасць творчасці якіх У. Караткевіч бачыў у інтэлектуальнасці, эстэтычнай напоўненасці, філасофскай заглыбленасці, часта алегарычнасці. Паэта хвалюе галоўная праблема літаратуры і мастацтва — наколькі іх ідэйны і эстэтычны ўзровень спрыяе духоўнаму развіццю чалавека, станаўленню гарманічнай асобы і грамадства, наколькі ўсебакова мастак разумее народнае жыццё і ўплывае сваёй творчасцю на духоўнае абуджэнне людзей.

Здавалася б, што яшчэ патрэбна каморніку Ігнату Буйніцкаму? Жыве спакойным, размераным жыццём, ёсць нядрэнныя прыбыткі, спакой ды павага мясцовых улад. Але не, не гэта, аказваецца, было патрэбна чалавеку. Ён паставіў перад сабой вялікую мэту — «мову людзям вярнуць і зямлю бацькоў».

Незразумелай была яна для мяшчан і абывацеляў:

Пан каморнік! Куды?
Каму гэта трэба?
Што звычайным хлопам гэтых краёў,
Ім, якія жывуць без імя і неба, -
Тыя песні твае, тое слова тваё?!
Што ім тая забытая дзіўная вера?
Лепш бы ты, як раней, межаваў палі
І стараўся даць ім — судом і мерай -
Хоць валоку якую панскай зямлі.
Што ім іхні лёс,
Вялікі й суровы?
Што ім, — мо ўжо адкажаш нарэшце ты, -
Да загнанай, забітай, задушанай мовы,
Іх вялікасць першы вандроўны артыст?..
(I, 252)

Нягледзячы на кпіны і неразуменне сваіх калег, Буйніцкі вёў актыўную асветніцкую дзейнасць: стварыў самадзейны тэатр, збіраў для яго беларускія танцы, песні, фальклорныя творы, народныя строі, падтрымліваў тэатр асабістымі сродкамі. Па сутнасці, Ігнат Буйніцкі стаў стваральнікам нацыянальнага прафесійнага тэатра. Слава першаадкрывальніка прыйдзе потым, пазней, а цяпер бясконцыя паездкі

Па пясчаных дарогах, па гразкіх дарогах,
Па дарогах, якім канца не відаць…
Зверху хмараў чароды.
Знізу — хвалі разлогаў.
Зверху хвошча вада.
Знізу плешча вада.
(I, 252)

Жыццё Буйніцкага — прыклад адданага служэння роднаму народу. I, безумоўна, яно не магло не зацікавіць У. Караткевіча. Напоўнены высокім грамадзянскім гучаннем, гордасцю за шчаслівы лёс свайго суайчынніка, верш «Шляхі Ігната Буйніцкага» — гэта і гімн Першым, якія дзеля свайго народа не шкадавалі ні свайго сэрца, душы, нават жыцця. Гэта і выказванне аўтарскіх адносін да культурнай спадчыны беларусаў. Гэта, нарэшце, ключ да раскрыцця паэтычнага разумення філасофска-эстэтычнай сутнасці мастацкай культуры, яе месца і ролі ў духоўным прагрэсе чалавецтва.

У адным са сваіх артыкулаў народны пісьменнік Беларусі В. Быкаў пісаў: «…існуе вялікае падабенства творчых манер беларускага пісьменніка У. Караткевіча і фламандскага мастака Брэйгеля. У іх аналагічнае бачанне свету і блізкія мастакоўскія адносіны да жыцця; чытаць гістарычную прозу Караткевіча таксама цікава, як і разглядваць палотны „мужыцкага Брэйгеля“, — пераход ад аднаго да другога не патрабуе ніякай душэўнай перабудовы. Можна нават сказаць, што той, каму падабаецца Брэйгель, з не меншым задавальненнем прачытае і Караткевіча…». Так В. Быкаў адзначае сувязь выяўленчага мастацтва фламандскага мастака і гістарычнай п р о з ы У. Караткевіча. Можа ўзнікнуць пытанне: «А пры чым жа тут тэма нашай размовы?» Каб не памыліцца, што гэта выказванне В. Быкава было дарэчы і што яно мае непасрэднае дачыненне да нашай тэмы, звернемся да верша «Трызненне мужыцкага Брэйгеля». Першае, што больш за ўсё ўражвае, — гэта майстэрства, з якім У. Караткевіч выпісвае норавы і быт фламандцаў: «Краіна ўся, нагандляваўшы грошай, да хрыпу накрычаўшыся на біржы, набегаўшыся па ўсіх прычалах, абед ператраўляе, як пітон» (I, 91). З’едлівы гумар, нават сарказм, пранізваюць радкі, дзе аўтар дае паэтычную ацэнку бытавым сцэнам. Вось стаіць шынкарка, «узяўшы рукі ў бокі. Здаецца, не на ганку — на дзяржаве ўцвярдзіла ногі, тоўстыя, як шынкі». Вось танец, у якім «трасуцца грудзі. Дол гнецца пад слановаю хадою. Варочаюць магутнымі мясамі і задам дрыгаюць». Здавалася б, што ў такой краіне і мастацтва «павінна лашчыць вочы сытых, высакароднымі рабіць іх твары, і мышцамі рабіць на шыях тлушч, і апяваць іх цёплыя пакоі, іх коўдры, начнікі і іхніх жонак, спакойных, як галандскія каровы…» (I, 93). Але ёсць сярод сытага, мяшчанскага жыцця вялікі Брэйгель, які ўжо тады ў XVI стагоддзі шпурляў у свінскія твары «горкія палотны», дражніў бюргераў, як бугаёў, «чырвонай хусткай» мастацкай праўды, будзіў ад спячкі сытых і сляпых.

На наш погляд, існуе нябачная сувязь паміж сляпымі ў Брэйгеля і валамі У. Караткевіча з верша «Ворыва на валах». І там, і там абыякавая пасіўнасць, зміранасць са сваім лёсам, непраціўленне навакольнай рэчаіснасці. У Брэйгеля сляпыя ідуць, «паклаўшы рукі на плячо пярэдніх, і іх вядзе сляпы. І проста ў яму ён падае. А заднія не бачаць, і, як раней, застыў на іхніх тварах самаздаволены па-свінску гонар» (I, 94). Таксама і валы «з нябачнае лагчыны йдуць… да сонца, ветру, хмараў і разлогаў» і «як старажытныя князі, маю радзіму на кавалкі крояць» («Ворыва на валах». I, 278).

І ўжо зусім прамая сувязь паміж мінулым і сучасным у алегарычным вершы «Прарок Геронім Босх». Па сутнасці, тут знітаваны:

— жудаснае, апакаліптычнае бачанне свету мастаком XVI стагоддзя («…Лётаюць мёртвыя птушкі, палаюць жывыя кусты, пачвары з галовамі грыфаў рэжуць сабе жываты. У адных галовы без ног, у другіх пад задам калені. Кідаюцца ў пажарах маўклівыя голыя цені. Праз дымнае і чырвонае, праз попельнае святло танкі ідуць магутныя, якіх тады не было» (I, 90);

— падзеі першай паловы XX стагоддзя, калі міжнародным імперыялізмам гадавалася яго крыважэрнае дзіця — фашызм («Вы, васковыя душы, з ланцугоў кашмары спусцілі, вы над роснай зямлёю смерці грыбы ўзрасцілі…» (I, 90);

— нарэшце, нашы дні, калі штодзённа ідзе ўпартая і цяжкая барацьба за бяз’ядзерны свет і выжыванне чалавецтва. Упэўнены ў поўнай перамозе міралюбівых сіл паэт аптымістычна сцвярджае:

Увага! Увага! Увага!
Выбухаў больш не будзе!
Выносьце скульптуры і кнігі,
Спявайце і смейцеся, людзі!
Выносьце дзяцей заспаных
Пад сонечных гукаў прыбой!
(I, 91)

І тая фантастычная карціна Босха — «Выносьце карціны Босха», — піша У. Караткевіч, — пачвар няма чаго баяцца — гэта не толькі эпізод з гісторыі выяўленчага мастацтва, пададзены для сучасніка ў паэтычнай форме. Тут прасочваецца глыбокая філасофская думка: як вялікі мастак заўсёды дзіця свайго часу, так і для сапраўднага мастацтва няма другасных тэм. Яно заўсёды незалежна ад часу, віду і жанру знаходзіць і адлюстроўвае тыя балючыя праблемы чалавецтва, якія не толькі хвалююць перадавых людзей кожнай эпохі, але і з’яўляюцца рухаючай сілай прагрэсіўнага развіцця, клічуць да барацьбы за свабоду і чалавечую годнасць. Вось, напрыклад, радкі з верша «Багдановічу»:

…Спіць народ, нібы зерне ў раллі.
………
Ты прыйшоў
І гарачым словам
Рунь узняў на роднай зямлі.
Ты сказаў нам:
«Унукі Скарыны,
Дзе ваш гонар, моц і краса?
Ёсць і ў вас, як у іншых, святыня.
Не давайце святыні псам!
Не давайце з яе глуміцца,
Бо праспіць яна ясну зару,
Бо святы ізумруд заімгліцца
У пярсцёнку тваім, Беларусь».
(І, 227 — 228)

У. Караткевіч падкрэслівае, што не толькі літаратурныя праблемы хвалююць паэта Максіма Багдановіча. Яго галоўны клопат пра лёс, пра будучыню роднай Беларусі. Ахопліваючы паэтычным поглядам гістарычны шлях беларусаў ад скарынаўскага часу да пачатку XX стагоддзя, М. Багдановіч з сыноўняй заклапочанасцю, эмацыянальнай узрушанасцю заклікае новыя пакаленні беларусаў да актыўнай барацьбы за свабоду і нацыянальную незалежнасць. Заклік «унукаў Скарыны» да барацьбы за народнае шчасце зліваецца ў Караткевіча з падкрэсліваннем ролі самога Максіма Багдановіча ў абуджэнні самасвядомасці народа, яго нацыянальнай годнасці: «…устаў на лютую сечу, бітву вечную сонца і хмар, узваліўшы на юныя плечы Святагораў народны цяжар». Слова Багдановіча не прапала дарма. «Вечным глаголам» яно будзе запальваць сэрцы беларусаў. А гэта найлепшы помнік для паэта — моц, сіла і вера людзей у яго паэтычнае слова.

Як тут не ўспомніць радкі з верша «Новая Атлантыда»:

Каб плыў судоў уратавальны дым, -
А родны край знікаў на векі ў хвалях, -
Я б лепей згінуў з ім, з яго апошнім жалем,
Як жыў і мучыўся бязмерна, — з ім.

Родны край не згінуў. Ён перажывае сваё Адраджэнне. І падмурак гэтаму працэсу заклаў У. Караткевіч сваімі сацыяльна напоўненымі творамі, сваімі адносінамі да роднай гісторыі і культуры, сваёй бязмежнай любоўю да Беларусі, па якой нястомна вандраваў усё сваё жыццё.

Чалавек ідзе дарогамі Гісторыі. Для яго галоўнае — далучанасць да людскіх спраў, клопатаў, трывог. Месца і час дзеяння ў гэтым выпадку маюць другасную ролю. Таму сустракаемся мы са змагаром за Справядлівасць і ў часіну першабытнай арды, і ў пачатку новай эры, і ў сярэднявеччы, і ў нашы дні. Розны лёс у Чалавека, розныя шляхі змагання за гонар і шчасце людзей, але вызначальнай яго сутнасцю з’яўляецца адно — чалавечнасць. Менавіта чалавечае ў чалавеку — і мэта, і сэнс існавання Чалавека.

І менавіта такому Чалавеку прысвячае паэт рэквіем з паэмы «Грубае і ласкавае»:

Знічка ўпала — памёр чалавек,
Камень свой катаржны знёс пад гару.
Вечны спакой і святло навек
Сыну свайму, зямля, падаруй.
Не баяўся ён спяваць і любіць,
Жыццё ў няроўнай паліў барацьбе,
Быў такім, якім трэба быць,
Калі завуць чалавекам цябе.
Сонцам пяшчотным быў для дзяўчат,
Другам адданым для добрых сяброў.
Страшным для ворага, як набат,
Літасці богам — для бедных звяроў.
Што яму смерць і што яму змрок?
Смерці няма для людзей на зямлі.

Свае разважанні пра сацыяльную накіраванасць паэтычнай творчасці У. Караткевіча, яе філасофскую насычанасць хацелася б завяршыць выказваннем вядомага беларускага крытыка В. Палтаран, якая добра ведала паэта, зацікаўлена адносілася да яго твораў. «Якраз у паэзіі, — піша В. Палтаран, — і ўвасобілася з найбольшай сілай ідэя, з якой У. Караткевіч прыйшоў у літаратуру, у паэзіі з найбольшай поўнасцю ён здзейсніўся як мастак». Аб’ектыўная і трапная ацэнка.

Яндекс.Метрика