Нарыс спярша пісаўся для ўкраінскіх вучняў старэйшых класаў і быў выдадзены на ўкраінскай мове ў Кіеве ў 1972 годзе («Зямля пад белымі крыламі (Мая Беларусь)» (з рукапісу пераклалі В. Іскра, Г. Ткачэнка, К. Скрыпчанка, Н. Цішчанка). Гэта звязана з тым, што лёс У. Караткевіча быў цесна звязаны з Украінай. Ён правёў у Кіеве некалькі месяцаў пасля яго вызвалення ў 1944 годзе, потым вучыўся ў Кіеўскім дзяржаўным універсітэце імя Т. Р. Шаўчэнкі і працаваў настаўнікам у школе вёскі Лесавічы Тарашчанскага раёна Кіеўскай вобласці. Невыпадкова гэты варыянт кнігі пабудаваны на паралелях двух братніх народаў.
Беларускае выданне кнігі — гэта новая яе рэдакцыя. Адрозніваецца больш грунтоўным даследаваннем гісторыі беларускай зямлі, яе культуры, мовы, літаратуры. І тым, што значна скарочаны экскурсы ў гісторыю Украіны.
Рукапіс першага варыянта нарыса захоўваецца ў ЦНБ НАН РБ, ф. 11, воп. 1, адз. зах. 108, з указаннем даты заканчэння працы: 12 ліпеня 1971 года.
Аўтарызаваны машынапіс захоўваецца ЦНБ НАН РБ, ф. 11, воп. 1, адз. зах. 113. На папцы, у якой знаходзіцца тэкст, зроблены надпіс: «Зямля пад белымі крыламі» (вельмі моцна — на патрабаванне розных там — праўлены экземпляр)”.
Першае кніжнае выданне — Караткевіч У. Зямля пад белымі крыламі. — Мн.: Маст. літ., 1977.
У Зборы твораў У.Караткевіча складальнікі аднавілі праўкі з указанага машынапісу.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 8. Кн. 1. П’есы. Нарыс. — Мн.: Маст. літ., 1990. — С. 385 — 570.